сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна МЕЗЕНЦАВА, музычны кіраўнік. ДЦРД № 1, Першамайскі раён. г.Віцебск. Пралеска Снежань 2010 г.

Калядныя забавы

Сцэнарый свята для дзяцей малодшых груп

(Уваходзяць дзве гаспадыні.)

1-я гаспадыня. Добры дзень, госцікі даражэнькія!
2-я гаспадыня. Рады вас бачыць, праходзьце ў хату ды сядайце бліжэй.

(Дзеці садзяцца на падлогу, гаспадыні — перад шырмай на лавачцы.)

1-я гаспадыня. Вы да нас у госці прыйшлі, а мы вам калядную казку прынеслі.
2-я гаспадыня. Каляды ідуць, казку нясуць. А ў гэтай казцы шмат герояў жывуць.
1-я гаспадыня. Калі ласка, казку вітайце, да сябе ў госці запрашайце.

(Усе пляскаюць у далоні. Адна з гаспадынь ідзе за шырму.)

Гаспадыня. Ну, слухайце. Жыў-быў коцік, мякенькі жывоцік. Ой, а дзе коцік? (Шукае.) Вы не бачылі майго коціка? Кіса, кіс-кіс-кіс, ты дзе? А, ведаю, трэба, каб вы яго паклікалі. Дапамагайце мне: «Коцік, коцік, хадзі, дзеткам .казку прынясі».

(У акенцы шырмы з’яўляецца коцік.)

Коцік. Мяў-мяў, хто мяне зваў?
Гаспадыня. Гэта мы.
Коцік. Ой, якія цудоўныя дзеткі! Прывітанне, мае харошыя. На Каляды завіталі? А чаго ж песеньку пра мяне не праспявалі?
Гаспадыня. Зараз заспяваем.

Песня «Коцік» (муз. А. Рэмізоўскай, словы народныя).

Коцік. Дзякуй! Добрая песня, за гэта я да вас яшчэ каго-небудзь у госці паклічу. Слухайце загадку. (Загадваецца адна з загадак: «Не кароль, а ў кароне, не гусар, а пры шпорах, гадзінніка не мае, а час знае» ці «Кіпці не горшыя, чым у льва, каронай чырвонай упрыгожана галава».)
Гаспадыня. Так, гэта певень! А дзе ён, наш певунок? Не чуваць. Паслухайце адным вушкам... А другім... Цяпер двума...

(У вакенцы з’яўляецца певунок.)

Певунок. Ку-ка-рэ-э-ку! Я на калядкі да вас прыйшоў! Добры дзень! А чаго гэта вы так ціхенька сядзіце? Каляды — такое вясёлае свята! Да пеўніка выходзьце: як скакаць умееце, пакажыце.

Танец «Трасуха».

Певунок. Ку-ка-рэ-э-ку, чую, яшчэ хтосьці ў госці да вас ідзе. Вочкамі луп-луп, ножкамі туп-туп, а рожкамі забадаю - забадаю!
Гаспадыня. Дзеткі, хто гэта? Так, козачка! Ой, не бадай мяне, козачка.
Каза. Я — козачка шэрая, я — козачка белая, да вас прыйшла, каляду прынясла.
Гаспадыня. А ў нас і музыканцікі ёсць, так, дзеткі? Ну-ка, бярыце музычныя інструменты ды зайграйце «Весялуху».
Каза. Чую, нехта раве. Ой, баюся, баюся. (Збягае.)
Гаспадыня. Дзеткі, гэта ж Мішка. Эй, Мішка-мядзведзь, выходзь на нас паглядзець.
Мішка. Хто гэта мяне абудзіў?
Гаспадыня. Гэта мы. Пагуляць з табой жадаем.
Мішка. Ну і гуляйце сабе самі, а я спаць хачу.
Гаспадыня. Мішка, ну пагуляй з намі. Дзеці, запрашайце Мішку.

(Дзеці просяць яго пагуляць разам.)

Мішка. Добра, так і быць, пагуляю з вамі.

Гульня «У мядзведзя ва бару».

(Уваходзіць гаспадыня, якая была за шырмай.)

1-я гаспадыня. Ну, дзеткі, ці спадабалася вам наша казка? Добра гулялі, танцавалі, спявалі?
2-я гаспадыня. А хто да вас сёння прыходзіў?

(Дзеці пералічваюць герояў казкі, а гаспадыні выводзяць іх па чарзе з-за шырмы.)

1-я гаспадыня. Сёння ж Каляды, трэба казачных гасцей пачаставаць. Ці прынеслі вы пачастункі? (Дзеці частуюць гасцей. Потым усе разам весяляцца.)