сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ЯЎСЕЕНКА, музычны кіраўнік другой катэгорыі "Пралеска" Снежань 2013 г.

Запрашаем на калядкі

Фальклорнае свята для дзяцей старшай групы

Мэта: далучаць дзяцей да народных традыцый, працягваць знаёміць з фальклорным святам Калядкі.
Абсталяванне: стол з вышытай сурвэткай, гліняныя гарлачыкі і міскі з ежай, лаўка, падушачка, дзіцячыя музычныя інструменты, мех.
Дзейныя асобы: Гаспадыня, Гаспадар, Мядзведзь, Цыганка, Каза (дарослы), калядоўшчыкі — дзеці.

Ход свята

Калядоўшчыкі стаяць ля дзвярэй залы. Частка залы прыбрана пад сялянскую хату. Гаспадыня завіхаецца ў хаце, напяваючы песню «Чаму ж мне не пець», за дзвярыма чуюцца галасы калядоўшчыкаў.
Калядоўшчыкі.
На каляды мы прыйшлі, Мех вялізны прыняслі, Каб вам нас пачаставаць, Шмат чаго падараваць (стукаюць у дзверы).
Гаспадыня. Калі ласка, заходзьце, госці дарагія!
Калядоўшчыкі.
Добры вечар, шчодры вечар!
Ходзім, ходзім грамадой,
Усіх віншуем с Калядой!
Дзеда з бабай, бацьку з маці,
Яшчэ малага дзіцяці.
Гаспадыня, не пужай,
Лепш каўбаскі смачнай дай!
Як дасі яшчэ аладкі,
Будзем добра пляскаць ў ладкі.
Гаспадар. Адкуль вы, госці дарагія?
Калядоўшчыкі.
Па свеце хадзілі, усюды бывалі,
Дзівы-дзіўныя сустракалі.
Як ішлі па льду, дык злавілі Каляду.
Дазвольце запытацца,
Ці будзе Каляда ў гэтай хатцы?
Гаспадыня.
Перш чым вам калядаваць,
Прыйдзецца папрацаваць,
Трошкі нас павесяліць,
Каб гасцінцы зарабіць.
А хто ж гэта з вамі прыйшоў (паказвае на Мядзведзя)?
Калядоўшчык.
А зараз Мядзведзя я вяду,
Ён вельмі любіць Каляду.
Як пачуе ён мядок,
Усе лапы ідуць ў скок.
Мядзведзь (спявае і прыплясвае). Дзеці, а вы дапамажыце мне!
Дзеці танцуюць разам з Мядзведзем.
Навучу вас танцаваць
Трошкі касалапа,
Потым буду зноў спяваць
Ды смактаці лапу.
Пятку ставім на насок,
Потым — зноўна пятку.
Той, хто малы і хто высок,
Пачынай прысядку.
Пахістаем галавой,
Лапамі памашам
Ды патопаем нагой
То адной, а то другой
На Калядах нашых.

Калядоўшчык. А ну-ка, пакажы, Мядзведзь, як гаспадыня цеста ў дзяжы месіць (паказвае).
Як дзед табаку нюхае? (Апчхі.)
Як дзіця зацірку есць? (На галаву накладвае.)
Як дзяўчаты перад люстэркам упрыгожваюцца? (Прыхарошваецца.)
Ці заслужыў Мядзведзь гасцінцаў?
Гаспадары. Заслужыў! Ён і артыст, і спявак, і танцор.
Калядоўшчык. Тады дайце нам грошай на мядок! (Гаспадар дае грошы, Мядзведзь кланяецца і садзіцца.)
Гаспадыня. Нашы дзеці таксама артысты. Яны зараз пакажуць, як умеюць іграць на музычных інструментах.

Ансамбль музычных інструментаў.

З’яўляецца цыганка.
Цыганка.
Я цыганка маладая,
Я цыганка непрастая,
Умею варажыць.
(Падыходзіць да гаспадыні.)
Пакажы-ка, дзеўка, ручку,
Пакладзі-ка грошай кучку.
Усю праўдачку скажу, усю ісціну.
Ляжаш ты спаць
на мяккую канапу,
I прысніцца табе агурок,
I прысніцца табе бочка,
I нарадзіцца ў цябе сынок,
А потым дочка.

(Гадае дзецям — у збаночку ляжаць прадметы).
Нажніцы — будзе цырульнікам, кніжка — пісьменнікам, градуснік — лекарам, ніткі — швачкай, грошы — бухгалтарам.
Гаспадыня. А я таксама варажыць умею. У народзе існуе звычай: накрываюць стол сенам, а зверху — абрусам. Затым выцягваюць па саломінцы. Хто маленькую выцягне — у таго ўвесь год будзе добрым, а хто выцягне доўгую — у таго шчаслівым. (Гадае дзецям і сама тлумачыць, у каго што.)
Цыганка. А ў мяне ёсць падушачка, я ўсюды з ёй хаджу, людзям шчасце прыношу. Пагуляем з вамі?

Беларуская народная гульня «Падушачка».

Дзеці становяцца ў круг, вядучы выбірае аднаго з іх, дае падушачку, ён бярэ і кладзе яго перад тым, з кім сябруе, і яны абдымаюцца.

Гаспадыня. Госцейкі дарагія! Здаецца, вы з казою ішлі, дзе яна? Козачка, пакажыся, добрым людзям пакланіся. (Козачка выходзіць у цэнтр, кланяецца.)

Каза.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шзра!
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць (тупае нагамі).
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам (выстаўляе рожкі).
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом (махае хвастом).

Гаспадыня. А няхай ваша Козачка паскача, усіх у хаце павесяліць, а вы, дзеткі, дапамажыце ёй.
Песня «Калядачкі» (сл. Л. Пр’анчака, муз. Л, Захлеўнага).
Пасля песні Каза падае.

Гаспадыня. А што ж гэта з вашай Козачкай зрабілася? Можа, яна занядужала?
1  дзіця. Устань, Козачка, расхадзіся!
Гаспадыня. Не ўстае!
2 дзіця. Гаспадыня, нясі сала, каб Каза ўстала. (Нясе сала.)
Гаспадыня. Не ўстае!
3 дзіця. Ідзе шэранькі ваўчок, схопіць цябе за бачок. (Каза ўстае.)
Гаспадыня.
Давай, Каза, папрыгаем
Ды ножкамі падрыгаем!

Гульня з Казой.

Дзеці ідуць па крузе, Каза ў цэнтры, і кажуць: «Ой, козачка белая, ой, козачка шэрая, па лясочку гуляла ды ў танец запрашала». Каза бярэ дзіця, выходзіць у круг, і яны танцуюць.

Каза. Ой, як я замарылася! Трэба адпачыць. (Ідзе ў куток.)
Гаспадыня. А хіба ж ты забыла, Каза, чаго ад цябе чакаюць дзеці? Ты павінна зрабіць надыходзячы год шчаслівым, ураджайным!
Каза. Добра, калі так, дам трошкі жыта для дабрабыту. (Ходзіць па зале, прыгаворвае і рассыпае жыта.)
Святкуем Калядкі — лавіце зярняткі,
I вы, госцейкі, майце ўсяго даволі,
А бяды — ніколі.
Нікога не хвалюйце,
Усім цяпло даруйце!
Гаспадыня. Якая разумніца! Ідзі, цяпер пачастую. (Дае качан капусты, Каза кладзе ў мех і дзякуе.)
Дзеці, а вы хочаце ведаць, ці будзеце ў згодзе ў гэтым годзе? (Так.) Ну тады хадзіце сюды, зараз праверым.

Беларуская народная гульня «Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе».

Дзеці парамі садзяцца на крэсельцы ці стаяць спіна да спіны.
Па сігнале яны паварочваюць галовы адзін да аднаго: калі павярнулі ў адзін бок — жыць будуць у згодзе, калі не — тады не будуць

Гаспадыня. Добра пелі і скакалі, варажылі і гулялі, а заспявайце нам зараз, калі ласка, вясёлую калядную песню.
Песня «Едуць калядачкі» (сл. і муз. Я. Жабко).
Калядоўшчыкі. А ці будзе нам якія прысмакі?
Гаспадыня (выносіць мех). Вось вам мех адзін на ўсіх, ешце, спажывайце ды дабра нажывайце!
Калядоўшчыкі.
Шчасце гэтаму дому!
Каб нажалі сто капоў жыта,
Каб сям’я была сыта,
Каб скаціна вадзілася,
Каб пшаніца радзілася!
Жадаем вам здароўя, шчасця,
Каб не было нянасця,
Каб ваша хата была
заўсёды багата!

Калядоўшчыкі пад вясёлую музыку адпраўляюцца далей.

ЛІТАРАТУРА:


Яшчэ на гэту тэму:

Каляды      Каляда-калядзіца