сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. У. ПАРНЕВІЧ, настаўніца Круляўшчызненскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна. Беларуская мова і літаратура 1/2008

Экалогія душы

Сцэнар пазакласнага мерапрыемства (VIII—XII класы)

Вучаніца.
Высякаюць лясы,
I няшчадна вытоптваюць боты
За дзялянкай дзялянку —
Верасы, і багун, і чарот,
На мяжы растапталі
Жывую яшчэ берасцянку,
Што будзіла над полем світанні
Штогод.
Вучань.
Паміраюць званочкі,
Зязюлі, чабор, журавіны,
I не ў вырай, а некуды так
Адляцяць журавы.
Мы сябе абкрадаем,
А множыць здабыткі павінны
I ўзвышаць абавязкі свае I правы.
Вучаніца.
Вынішчаем лясы,
I пачуцці, і светлыя словы,
Што, як матчына песня,
За сэрца бяруць,
Падсякаем бяздумна
Карэнні свае і асновы
I не бачым, што хутка
Лісты адамруць.
Вучань.
Нашы песні і мова знікаюць паціху.
Пачакайце!
Звяртаюся з просьбаю я:
Занясіце хутчэй у Чырвоную кнігу
Верасы і чабор, наша слова і наша імя.
С. Грахоўскі. «Экалогія душы»

Настаўнік. Дарагія госці, шаноўныя калегі, паважаныя сябры! Рады вітаць вас на мерапрыемстве «Экалогія душы».

Мы, людзі XXI стагоддзя, шчаслівыя тым, што пераступілі парог трэцяга тысячагоддзя. Таму ўзнікае пытанне, якая будучыня чакае нас і наступнае пакаленне. Як мне здаецца, маем усялякія магчымасці для развіцця і ўмовы для лепшага жыцця, невядомага нашым прадзедам, маем машыны, камп’ютэры — усё, каб палегчыць і ўдасканаліць нашу працу, але пры гэтым не маем ні часу, ні спакою. Таму ў сэрцах многіх людзей узнікае сум па мінулым часе, калі чалавек баяўся толькі злога сабаку, людзей жа ніколі, калі не трэба было зачыняць дзверы і словы «госць у доме — Бог у доме» былі праўдзівымі. Калі чалавек схіляў галаву, мінаючы Божы храм і сустракаючы падарожнага. 3 павагаю і вялікаю пашанаю адносіліся да бацькоў, а перайманне хрысціянскіх традыцый прыносіла найвялікшы плён.

Што з гэтага сталася сёння? Куды ідзеш ты, чалавек? Хочацца звярнуцца вуснамі літаратурнага героя: «Людзі добрыя ўсе, мо толькі забыліся пра гэта. Бягуць, едуць, ляцяць. Ці ўцякаем ці то даганяем...».
Нехта з мудрых слушна сказаў: ад хваляванняў, няўдач і штодзённай мітусні нас выратуе Вера ў Бога і высокая духоўнасць грамадства. А дапаможа нам узмацніць дух, глыбей зазірнуць у сябе мастацкая літаратура.
Першы вядучы. Даўным-даўно, калі беларусы не мелі яшчэ пісьменнасці, яны добра ўсведамлялі Божую волю. Народная мудрасць выказала гэта ў такіх прыказках: «Калі трывога, тады да Бога, а як па трывозе, дык і па Бозе»; «Людзей ашукаеш, а Бога — не»; «Махлярствам да Бога не дойдзеш»; «Грэх не схаваеш у мех, Бог далёка бачыць».
Другі вядучы. У гісторыі хрысціянскай літаратуры нямала твораў, якія расказваюць пра паходжанне свету. Аказваецца, беларусы таксама былі «ў нябеснай канторы» ў якасці пакрыўджаных. Паслухайце народнае паданне «Бог і беларусы»:
Мо праз які месяц пасля стварэння свету і ўсякай жыўнасці Бог вырашыў зверыць зробленае са сваімі планамі. Пачаў звяраць: якому народу якую зямлю даў. Вось тут і ўбачыў, што абдзяліў беларусаў. Не наканаваў ім месца, каб жылі, пладзіліся і множыліся. Што зробіш? Трэба выпраўляць памылку.
Паклікаў ён да сябе ў нябесную кантору беларусаў і такую прамову пачаў: «Пакрыўдзіў я вас. Але прыму ўсе меры, каб выправіцца. Дык вось, абяцаю вам такую зямлю, дзе не будзе пякельнай гарачыні і лютых маразоў. Не народзіць азіміна — шчодрасцю аддасць ярына. Не пракорміць поле — дапаможа пражыць лес сваімі шчадротамі, дадуць харчаванне і рэкі, і азёры.
Пры размове прысутнічаў і Маісей. I пакрыўдзіўся на Бога. Як жа так атрымліваецца! Ёсць Богам абраны народ, а яму Усявышні такіх дабротаў не адзначыў, як нейкім там беларусам! Пра гэта і выказаў Богу ў вочы.
— Свайго слова я не звык мяняць, — строга зазначыў Бог. — Усё будзе так, як я сказаў. I будуць беларусы жыць ды жыць!
Трэці вядучы. Міналі стагоддзі. На змену аднаму пакаленню прыходзіла другое. Пашыралася пісьменнасць. У 989 годзе беларусы прынялі хрысціянства. Нашы продкі далі нам урокі святла, асветы, духоўнасці, шчырасці і гасціннасці.
Кірыла Тураўскага ў старажытнасці называлі «Златоустом, паче всех воссиявшим на Руси». Яго пяру належаць прытчы, павучанні, словы, малітвы, каноны. Многія стагоддзі аддзяляюць нас ад эпохі святога, які стаяў ля вытокаў культуры беларусаў. I мы ўдзячны яму за гэта.
Вучань (на памяць чытае верш Т. Мельчанкі «Прарочая сцяга Кірылы Тураўскага»).
Праз звон стагоддзяў твой, Кірыле, голас
Зноў вернікаў вяртае у царкву.
Надзею спеліць, як зямелька колас,
Слязой змывае грэшнасці жарству.
О Златавусце, душ кранаеш струны,
І кожны ззяе верай, як свяча.
Прамоваў палкіх зноўку сэнс разумны
Спыняе ўзмах варожага мяча.
Бо дабрачыннасць, як любові плод,
Не мірыцца са здрадай і хлуснёю.
Святы Кірыле, моліцца народ,
Ідзе тваёй прарочаю сцягою.
Вясны прырода адраджае веру,
Зноў зарунелі парасткі твае.
Гасцінна Тураў расчыняе дзверы.
Зірні, Кірыле! Тут усе свае.

Чацвёрты вядучы. Быў час, калі «свет нас прымаў як народ па адной палачанцы». Гэтая святая з’яўляецца заступніцай беларускага народа і нашага краю.
Вучаніца, апранутая ў адзенне манашкі, чытае на памяць верш Л. Тарасюк «Ефрасіння. XII ст.».
Вучаніца.
Забыць сваё імя, дзе корань роду слаўны?..
Няпраўда! Я твая унучка, Усяславе!
Ды годнасці маёй давеку не дакажуць,
Што найслаўнейшы — той, хто мае тытул княжы.
Чакаюць: бацькаў двор і мне пасадам стане,
I кроку не ступіць за пышнымі сватамі.
Гандлюючы сабой з уласнай чэсцю згодна,
Няўжо мне быць рабой для памнажэння роду?..
Жаніліся дасюль, ішлі далёка замуж.
А справы іх — каму? а дзе сягоння самі?
I гіне першы той, хто ўзніме меч на брата
Рукою здрады злой, не толькі ў полі ратным.
На іхняй славе — тлен, нарошчаны вякамі.
Імя іх не ўзнясе і надмагільны камень.
.......................................
Я знаю, што зраблю перад судом суровым:
Я славу зберагу, я прынясу ім Слова!

Чацвёрты вядучы (працягвае). Так, Еўфрасіння Полацкая несла людзям Слова: «старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню, юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснай бясстрашнасці, пашчэнню чэснаму, хаджэнню рахманаму, пры старэйшых маўчаць, мудрых слухаць. Была яна памочніцай пакрыўджаным, зажураным суцяшэннем, распранутым адзеннем, хворым наведваннем, ці, проста кажучы, для ўсіх была ўсім».
Гучыць арганная музыка.
Першы вядучы. 3 далёкага XVI стагоддзя даносіцца да нас магутны голас прадаўжальніка высакародных традыцый Еўфрасінні Полацкай — Францыска Скарыны. Як запавет нашчадкам гучаць яго словы: «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы. Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. Любіце бацькоўскую зямлю, дзе вы былі ўскормлены і ўзгадаваны, і не шкадуйце сваіх сіл, каб дзейна і годна паслужыць свайму народу, бо вера без спраў мёртвая».
Другі вядучы. Закон Божы вучыць людзей змагацца за сваё высокае маральнае аблічча. Заклік прыслухацца да хрысціянскіх запаведзяў гучыць у вершы Т. Ляшонка:
Не крытыкуй памерлых за памылкі,
Не праклінай мінулыя гады,
Умей заўжды стрымаць свой нораў пылкі,
Каб не наклікаць на сябе бяды.
Лічы за грэх з нямоглага смяяцца,
Не расчыняй душу на кірмашы,
Яшчэ умей малым задавальняцца,
А зайздрасць — у зародку задушы.
Згаджайся лепш на кайстру за плячыма,
Чым камяні за пазухай трымаць...
Сябрам памылкі дараваць магчыма
I толькі здраду нельга дараваць.
Заўжды цані ў каханні пастаянства,
Жыццё — не дзень адчыненых дзвярэй,
Пераканай сябе, што донжуанства
Ёсць заляцанні пеўня да курэй.
Магіла дзеда хай заўжды квітнее,
На могілкі прыходзь з усёй сям'ёй,
Каб і твая, як сумны час прыспее,
Не зарастала забыцця травой.
Так сталася, што сёння маральнасць і духоўнасць — гэта адно цэлае нашай рэчаіснасці. Якраз тое, што ўжо было, але на нейкім адрэзку часу згубілася, страцілася. Вярнуць усё адразу складана. Вырасла цэлае пакаленне атэістаў, бязбожнікаў. Следам пайшлі іх дзеці, якія не ўвабралі ў сябе той мудрасці, што вякамі складвалася ў душах вернікаў, а яна — у пакорлівасці, цярплівасці, павазе, любові.
Трэці вядучы. Хачу прывесці цікавы факт з біяграфіі паэта Пімена Панчанкі. Калі Пімен вучыўся ў чацвёртым класе, у Бягомлі пачалася антырэлігійная кампанія: барацьба са святарамі, з рэлігійнымі святамі, з іконамі. Збіралі некалькі разоў сходы, і на адным з іх вырашылі закрыць царкву. Галасілі жанчыны, пракліналі бязбожнікаў. Пімен бачыў, як усё рабілася. Каля дрэў стаялі заплаканыя маці, а хлопцы, знайшоўшы ў царкве скрыню «керанак», залезлі на званіцу і пачалі скідваць іх адтуль разам з маленькімі абразамі. Калі яны выправіліся з царквы дадому, на іх пасыпалася каменне, палкі. Адной з іх Пімену добра агрэлі спіну. А дома яшчэ і маці дадала. I, відаць, гэта быў добры жыццёвы ўрок: нельга ганьбіць святое.
Чацвёрты вядучы. Напрыканцы XX стагоддзя П. Панчанка напісаў радкі, сугучныя дню сённяшняму:
Ад заклікаў паветра зноў трасецца...
Але, каб выбраць лепшую з дарог,
Патрэбны мудрасць працы,
Нашых сэрцаў;
Патрэбны маці, бацька, педагог.

«Педагог, настаўнік павінен здзяйсняць у сабе чалавечы ідэал», — пісаў В. Сухамлінскі. Такім настаўнік і павінен быць, як некалі ідэалам для сваіх вучняў быў Ісус Хрыстос.
Першы вядучы. Душа памерлага чалавека сустрэлася з Богам. Бог запытаў:
— Хочаш убачыць свой жыццёвы шлях?
— Так, — адказала душа.
— Тады глядзі!
I душа ўбачыла марскі бераг, толькі што абмыты хваляй. Уздоўж мокрага берага былі бачны сляды босых ног чалавека.
— Вось гэта і ёсць твая дарога жыцця, — сказаў Бог. — Як бачыш, тут не толькі твае сляды — побач з табой заўсёды быў Я і дапамагаў табе.
Душа яшчэ раз уважліва паглядзела.
— Але чаму ў момант цяжкасцей, калі мне было асабліва цяжка, Ты пакідаў мяне? Я тут бачу толькі свае сляды!
— Гэта не твае, а мае сляды. Калі табе было зусім цяжка, Я нёс цябе на руках.
Другі вядучы. Так, чалавек слабы. Часам фізічны боль бывае невыносны, часам крык душы нясцерпны. Але ў любой жыццёвай сітуацыі памятайце словы Ісуса Хрыста: «Любіце, паважайце, беражыце адзін аднаго».
Трэці вядучы. Кожную раніцу, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, успомніце: Я — чалавек. Заўсёды гатоў устаць побач ці наперадзе. Працягнуць руку дапамогі. Лёгка нахіліцца да малога ці слабага. Падставіць плечы пад груз трывог і клопатаў. Павярнуцца да тых, хто адстаў. Дацягнуцца да мары.
Чацвёрты вядучы. Выбіраць паміж жаданнямі і магчымасцямі. Пераскочыць праз стомленасць і боль. Апусціўшыся, падняцца пасля няўдачы. Пранесці праз усё сваё жыццё дружбу і любоў. Змагацца з уласным ценем. Глыбока ўздыхнуць аб тым, што не збылося, і ўсміхнуцца таму, што збудзецца абавязкова.
Настаўнік. Сёння ў Беларусі не існуе супрацьстаяння царквы і дзяржавы, царквы і школы. Рост рэлігійнай свядомасці людзей нават заахвочваецца, і тэлебачанне вядзе трансляцыі падЧас вялікіх царкоўных свят з хрысціянскіх храмаў. Слова «рэлігія» ў сваім літаральным сэнсе азначае «сувязь са святлом». Рэлігійны — не абавязкова моцна набожны. Бог сапраўднага чалавека жыве ў сэрцы, ён з ім побач, як і ва ўсёй жывой і нежывой прыродзе.
Вучань (на памяць чытае верш Ірыны Навуменкі «Пакуль жывы»).
Усе мы з хат.
Усе мы з цішыні.
Усе мы з цёплых матчыных далоняў.
Балюча стане —
Рукі працягні,
Да воч прыцісні
Каласок зялёны.
Адчуеш зноўку
Цішыню палёў.
Убачыш свет
Дзівосны і чароўны.
Ты ачуняеш
Ад нягоды зноў
I зразумееш —
Ты з прыродай роўны.
Пакуль жывы —
Змагайся і твары.
Спявай у шчасці
I тужы у горы.
Спяваць не можаш —
Дык загавары,
Каб кожны чуў,
Што сэрцам ты гаворыш.

Настаўнік.
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека, —
I Бог вам дасць
Спагадны лёс.