сцэнарыі святаў на беларускай мове

Сяргей ЧЫГРЫН - супрацоўнік Слонімскай раённай газеты «Слонімскі веснік». Роднае слова 1996 г.?

«Вечна юны, як наша зямля...»

Сцэнарый сустрэчы-гутаркі для вучняў старэйшых класаў

Пакой абсталяваны выявамі Максіма Багдановіча, «Пагоні» і віленскай Вострай Брамы, плакатам са словамі Ул. Караткевіча:

Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся — і плачам,
Мы нясем цябе ц сэрцы праз дым.

Сустрэчу вядзе настаўнік (прамоўца):
— Што такое для нас, беларусаў, імя Максіма Багдановіча? Мы прызвычаіліся чуць: нашы класікі — гэта Янка Купала і Якуб Колас. Але імя Багдановіча стаіць поруч з імі, бо ён — адзін з трох волатаў новай беларускай літаратуры.
Свядомае імкненне да адраджэння сусветнай славы беларускага прыгожага пісьменства кіравала паэтам. На працягу двух апошніх стагоддзяў наш народ фактычна быў пазбаўлены ўласнай інтэлігенцыі, гістарычнай памяці.
«Тутэйшымі» звалі сябе нашыя сяляне. «Грубай і мужыцкай» польскія і рускія эксплуататары называлі нашую беларускую, нашую родную мову...
(Чытаецца верш «Народ, Беларускі Народ! » )

— Максім Багдановіч нарадзіўся ў Мінску, дом гэты стаяў каля цяперашняга сувораўскага вучылішча, у Траецкім прадмесці. Бацька, Адам Ягоравіч, тады працаваў у вучэльні і займаўся старажытным беларускім фальклорам, вывучаў язычніцкія міфы.

У пяць гадоў Максім церпіць гора: памірае маці, горача любімая сынам. Бацька пераязджае ў Расію, у Ніжні Ноўгарад. Якія ж таемныя струны душы павінны былі стала гучаць, каб вырас з адарванага фізічна і духоўна ад Беларусі хлопчыка вялікі беларускі паэт!? Бо нават бацька казаў юнаму Максіму: «Нашто табе гэтая беларусіка? Правінцыялізм». Але зборнікі беларускіх песень і казак, бацькавы зборнікі, супярэчылі ягоным словам. I Максім вывучаў па іх родную мову... Першыя беларускія вершы ён піша ў адзінаццацігадовым узросце. Рвецца на Радзіму, але бацька пасылае яго лячыцца ў Башкірыю. Толькі ў 1911. г. пашчасціла Максіму ступіць на родную зямлю,-' пачуць жывую беларускую мову. Тут ён быў вельмі лагодна сустрэты змагарамі за беларускую справу і сябрамі, бо яго ўжо добра ведалі па вершах, што ўжо друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Імкнучыся ўявіць сабе Радзіму, Багдановіч малюе краявіды, беларускую прыроду, выліваючы ў вершах тугу.

(Адзін з вучняў чытае верш «Краю мой родны, як выкляты богам».)

— Народ без гістарычнай памяці перастае быць народам. Максім, жывучы на чужыне, добра гэта разумеў. Ён чытаў пра нашу гісторыю вельмі шмат. I, натуральна, марыў пра той час, калі Грунвальдская перамога, мужныя беларускія рыцары, колішняя магутная Беларуска-Літоўская дзяржава будуць клікаць сучаснікаў на здзяйсненні ў імя Айчыны.

А шмат у каго з сучаснікаў складвалася ўражанне, што беларускае — гэта толькі вясковае. За два стагоддзі чужаземных уплываў вышэйшыя класы здрадзілі Радзіме, парабіўшыся палякамі або рускімі. Толькі просты, сярмяжны народ рупна захаваў сваю еднасць і мудрасць — у постаці мовы з яе прыказкамі, фальклору з яго легендамі. Таму і былі нашы новыя песняры — Францішак Багушэвіч і Янка Купала— паэтамі «вясковымі». Але ж горад, гарадская культура — неад’емная частка нармальнага жыцця нацыі. Максім упершыню ў новай беларускай літаратуры піша нізку вершаў пра беларускі горад.

(Чытаецца верш «Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!..»)

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людскі скрозь заліў паясы тратуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ў гары зіхгацяць,
I гараць аганьком вочы змучаных твараў!
А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасвецкіх будынкаў;
Між каменнямі — мох і сцяблінкі травы,
I на вежы, як круглае вока савы,
Цыферблат — пільны сведка мінулых учынкаў.
Ціша тут. Маўчаліва ўсталі — і сняць
У небе купалы, брамы, байніцы і шпіцы;
Гук хады адзінокай здалёку чуваць,
Часам мерныя ўдары звана задрыжаць
I замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.
Успамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усё, як належа,
Зачынілі ўжо вокны; загасілі агні...
Варта вулкай прайшла... I не спім мы адны —
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.

Прамоўца:
— Вільня — сталіца Вялікага княства Літоўскага, сведка былой магутнасці — натхняла нашага паэта на стварэнне вершаў пра гісторыю. Ад Усяслава і Ізяслава, герояў «Слова», да прыгожага Слуцка — такі дыяпазон мінуўшчыны ў цыкле «Старая Беларусь» Максіма Багдановіча.
(Адзін з вучняў чытае верш «Песня пра князя Ізяслава Полацкага».)

Ізяслаў, сын Васількоў,
Даўнымі часамі
Аб літоўскія шаломы
Пазваніў мячамі;
Адняў славу ў свайго
Дзеда, у Ізяслава,
I улёгСя нерухома
На траве крывавай
Пад чырвонымі сваімі
Роднымі шчытамі,
Увесь іссечаны, ізбіты
Ворагаў мячамі.
Усхапіў ён тую славу
I прад смерцю кажа:
«Скрыдлы птах тваю дружыну
Прыадзелі, княжа,
I звяры кроў палізалі...»
У баі крывавым
Не было ні Усевалода,
Ані Брачыслава.
Ураніў самотна з цела
Ён душу ўдалую
Цераз пацерку на шыі,
Цераз залатую.
Засмуцілася вясёласць,
Песні замаўкаюць,
I жалобна, сумна трубы
У Гародні граюць.

Прамоўца:
— Францішак Скарына першы ў свеце пераклаў Біблію на нацыянальную мову і выдаў яе. Пісьмовых дакументаў беларускай старажытнасці не менш, чым у якога іншага славянскага народа. Выдатны знаўца чалавечага характару, Багдановіч умеў ужывацца ў вобраз прадстаўніка кожнай эпохі, перадаваць подых часу. Асабліва балюча ўспрымаў паэт разрыў паміж патрыятычным ідэалам мінуўшчыны і ягонай сучаснасцю. Заклік, крык душы адданага патрыёта гучыць, ірвецца, б’ецца новым рытмам у адным з лепшых вершаў «Пагоня».

(Чытаецца верш «Пагоня».)

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,—
Успомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,-
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Паказваюцца выявы старажытнага сімвала Беларусі XII—XVIII стст.— , герб «Пагоня» і Вострая Брама. Даюцца неабходныя вытлумачэнні.
Прамоўца:
— Верш «Слуцкія ткачыхі» Максім Багдановіч напісаў пад уражаннем пабачаных у музеі Івана Луцкевіча слаўных расшытых слуцкіх паясоў, у выраб якіх была ўкладзена старанная праца людзей.

(Гучыць песня «Слуцкія ткачыхі», пажадана ў выкананні Міхася Забэйды-Суміцкага.)
Пасля настаўніку (прамоўцу) можна : крыху расказаць пра гэтага спевака. Прапаную некалькі выданняў, дзе можна прачытаць пра М. Забэйду-Суміцкага:


Сяргей Панізнік. Міхал Забэйда-Суміцкі / / Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990. М 6.— С. 65.
Барыс Сачанка. Сняцца сны аб Беларусі.— Мн., 1990.— С. 14—21.
Дзіяна Чаркасава. Заставаўся беларусам / / Голас Радзімы. 1989. М 6, 7.
Сяргей Грахоўскі. Поклонитесь родной земле / / Знамя юности. 1989. 22 лют.
Мікола Плавінскі. Беларускі салавей / / Віцебскі рабочы. 1988. 11 чэрв.
Зоська Верас. Песняй нёс радасць / / Зара камунізму (Пружаны). 1988. 14 чэрв.


Прамоўца:
— Што датычыць лірыкі кахання, то яна ў Максіма Багдановіча самая' светлая, дасканалая, прыгожая і непераўзыдзеная.
(Гучыць песня «Вераніка» ў выкананні ансамбля «Песняры». Можна праслухаць і песню «Маладыя гады» ў выкананні М. Забэйды-Суміцкага.)
Прамоўца:
— Максім Багдановіч вырашыў для сябе, што жыццё ён прысвеціць павышэнню аўтарытэту беларускай літаратуры. Яго вершам, дзе кожнае слоўца выверана, уласцівая надзвычайная музыкальнасць. I дагэтуль найпрыгажэйшым застаецца яго раманс «Зорка Венера» (музыка С. Рак-Міхайлоўскага).

(Гучыць песня «Зорка Венера» ў выкананні Данчыка. Пасля песні - невялікі расповед пра спевака):

— У 1989 г. у Беларусі ўпершыню гасцяваў Данчык — амерыканскі спявак беларускага паходжання Багдан Андрусішын. Ягоныя бацькі падчас апошняй вайны былі вывезены ў Германію. Багдан нарадзіўся ў ЗША, жыве ў Ню-Ерку. Яму 33 гады. 3 маленства гаворыць па-беларуску, спявае народныя песні і песні сучасных беларускіх кампазітараў. У Амерыцы выйшла некалькі ягоных пласцінак з запісамі беларускіх песень і песень іншых на- родаў свету.

(Пасля расповеду пра Данчыка чытаецца верш «Эмігранцкая песня».)

Есць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.

I няма ім каго тут пакінуць,
Бо нікога на свеце не маюць.
Усё ім роўна: ці жыць, ці загінуць,—
Аднаго яны моцна жадаюць:

Пабываць у краёх незнаёмых,
Ды зазнаць там і шчасце і гора,
I загінуць у хвалях салёных
Белапеннага сіняга мора.

Але мы — не таго мы шукаем,
Не таго на чужыне нам трэба.
Не рассталіся б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у ім хлеба.

I на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруціўся рухавы,
Нам маячыцца вёсачка, Нёман
I агні партавыя Лібавы.

Прамоўца:
— Зусім маладым памёр вялікі паэт Максім Багдановіч. Ён пакінуў пасля сябе адзіную кніжку вершаў «Вянок», якая нібы асвятляла яго апошнія дні на чужыне.

Гучыць верш «У краіне светлай...»:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.

Зачытваюцца і каменціруюцца радкі Уладзіміра Караткевіча пра Максіма Багдановіча.

Яшчэ на гэту тэму:

“І свеціцца зорнае слова Максіма”     «...Вечна юны, як наша зямля»