сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. В. ДЗЯМЕНЦЕВА, загадчык аддзела абслугоўвання школьнікаў малодшых класаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна. Пачатковая школа 12.2012

Ты з кнігай дружы

Сцэнарый кніжнага свята

Колькі цікавага могуць расказаць нам кнігі! Мы разгортваем кнігу — і нібы прымаем яе запрашэнне ў займальную і непрадказальную вандроўку па бязмежным свеце фантазіі. 3 кожнай перагорнутай старонкай мы становімся больш разумнымі, чулымі, разважлівымі. Таму прывіваць любоў да кнігі варта з ранняга дзяцінства. У навучальных установах нярэдка ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя чытанню і знаёмству з друкарскай справай. У Год кнігі іх правядзенне набывае яшчэ большую актуальнасць. Прапануем адзін са сцэнарыяў кніжнага свята для малодшых школьнікаў.


Мэта: пашыраць веды пра кнігі і кнігавыдавецкую дзейнасць; развіваць навыкі выразнага чытання; выхоўваць паважлівыя адносіны да кнігі, любоў да роднай мовы, мастацкі густ.
Абсталяванне: вясёлыя сонейкі з паперы.

Ход мерапрыемства


Чытальнік.
Да позняга вечара
Кнігу вучу,
За новай чытанкаю
Спаць не хачу.
Мне бацька гаворыць:
— Ты з кнігай дружы,
Ты роднае слова,
Сынок, беражы.
I слова, і песню,
Што ў полі пяюць,
Шануй, як Радзіму,
Як маці сваю.
В. Вярба.
Вядучы. Добры дзень, дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Добры дзень, паважаныя дарослыя!
Вядучая. Мы рады вітаць вас! Сёння ў нас свята роднай беларускай мовы і беларускай дзіцячай кнігі.
Конкурс “Мы героі казак — адгадай без падказак”
Вядучы. Першы наш конкурс казачны. Адгадайце герояў рускіх казак і дзіцячых твораў замежных аўтараў і знайдзіце падобных персанажаў у беларускіх народных казках.
Ступа, мятла,
Касцяная нага.
Усё гэта мае... (Баба Яга).

Вядучая. Якая ж казка без Бабы Ягі? Назавіце беларускія казкі, у якіх сустракаецца адпаведны персанаж. (“Іван Світаннік", “Мал-Малышок".)
I худы, і сквапны,
На здраду і подласць здатны.
(Кашчэй Бессмяротны.)

Вядучы. У якой беларускай казцы робіць свае зладзействы Кашчэй Бессмяротны? (“Іван Світаннік”, “Івашка Мядзведжае вушка", “Іван Падвей", “Шкляныя горы".)
Ён Бабы Ягі ахова,
Суровы і шматгаловы.
Баяцца няма прычыны,
Бо казачны... (Змей Гарыныч).

Вядучая. Шмат у якія казкі здолеў трапіць Змей Гарыныч, ды і нашу, беларускую, не мінуў. Пацвердзіце гэтую думку прыкладамі. (Змей Гарыныч сустракаецца ў казках “Удовін сын", “Як Васіль змея перамог”.)
Незвычайная дзяўчынка
Прыляцела на галінку.
Стала на лісток,
Быццам на масток.
(Дзюймовачка.)

Вядучы. Які беларускі казачны герой можа параўнацца ростам з Дзюймовачкай? (Сынок з кулачок, Мал-Малышок з аднайменных казак.)
Хвост трымае ён трубой.
Захапляецца сабой.
У паходах, у турботах
Ваш знаёмы... (Кот у ботах).

Вядучая. У якіх беларускіх народных казках кот з’яўляецца галоўным героем? (“Каток — залаты лабок", “Як Кот звяроў напалохаў", “Коцік, Пеўнік і Лісіца ”.)
Як толькі Іван трапляе ў бяду,
У рукі бярэ чараўніцу-дуду.
Прыскача на голас дуды бегунок —
Бясстрашны і верны...
(Канёк-Гарбунок).

Вядучы. “Канёк-Гарбунок" — гэта народная казка? Чаму? (Яна мае канкрэтнага аўтара.) Хто напісаў гэтую казку? (Пётр Яршоў.) Назавіце беларускія казкі з падобным сюжэтам. (“Бацькаў дар", “Тром-сын Безыменны”.)
Дужы, смелы, справядлівы,
У яго такая сіла —
На плячах панёс бы дуб.
Ён асілак... (Вярнідуб).

Вядучая. Хто напісаў казку пра Вярнідуба? (Алесь Якімовіч.) Як яна называецца? (“Каваль Вярнідуб".)
Вядучы. Вярнідуб — сапраўдны волат. Ён змагаецца за праўду і справядлівасць. Шмат асілкаў нарадзіла беларуская зямля. I моцныя яны не толькі фізічна.
Вядучая. А як вы думаеце, ці можна перамагчы ліха, калі разлічваць толькі на сілу? (Адказы дзяцей.)
Вядучы. Сапраўды, каб пераадольваць любыя цяжкасці і выходзіць пераможцам у барацьбе са злом, патрэбныя мудрасць, разважлівасць, мужнасць і дабрата.
Гульня “Розум перамагае сілу”
Вядучая. У народзе справядліва кажуць: “Перамог не сілай, а розумам”. А што вучыць чалавека розуму? (Кніга.)
Вядучы. Так, кніга — крыніца ведаў і мудрасці. Яна вучыць нас дабрыні, адважнасці, кемлівасці, любові да родных, беражлівым адносінам да прыроды. Кніга назапашвае, захоўвае і перадае наступным пакаленням жыццёвую мудрасць, якую спасціглі нашы продкі. Давайце і мы задумаемея над тымі нязломнымі правіламі, якім вучаць нас народныя прымаўкі. Даскажыце выслоўі.
Пішуць не пяром, а... (розумам).
3 кнігай сябраваць — век не... (сумаваць).
Кніга твой добры сябрук, без яе як... (без рук).
Сіла розуму... (саступае).
Золата здабываюць з зямлі, а веды — з... (кнігі).

Віктарына “Золата здабываюць з зямлі, а веды — з кнігі”
1. 3 якога металу вырабляюць лыжкі і адліваюць фігуркі салдацікаў? (З волава.)
2. Якім каштоўным каменем можна лёгка разрэзаць шкло? (Алмазам.)
3. Які метал трэба нанесці тонкім слоем на шкло, каб атрымаць люстэрка? (Срэбра.)
4. 3 дапамогай чаго можна адшукаць іголку ў стозе сена ці сабраць раскіданае металічнае пілавінне? (3 дапамогай магніта.)
5. Які прадукт жартаўліва называюць “музычнай прыправай” і дадаюць у мноства страў для смаку? (Соль.)
6. Якое рэчыва аднолькава прыдатнае і для палення ў печы, і для малявання на асфальце? (Вугаль.)
Вядучы. Малайцы! Ніводнага пытання не засталося без адказу. А ўсё дзякуючы вашай начытанасці і ўважлівасці.
Конкурс загадак “Ловім сонечныя ўсмешкі”
Вядучая. Кнігі пашыраюць нашы веды, даюць адказы на шматлікія пытанні, аднак часам і самі любяць пытацца, нібы гуляюць з чытачом у хованкі. Давайце праверым, ці здолеем мы разгадаць іхнія загадкі. Хто загадку адгадае, той сонечную ўсмешку атрымае. (Настаўнік загадзя робіць з паперы вясёлае сонейка ці смешныя тварыкі; можна падрыхтаваць у якасці прызоў аловак з усмешкай, акуляры з усмешкай.)
Круглыя, гарбаценькія,
Па краях калмаценькія,
Па баках бялюсенькія,
Пасярод цямнюсенькія.
Як прыходзіць бяда,
Дык цячэ з іх вада.
(Вочы)

Вядучы. Спадзяюся, што ніхто сёння плакаць не будзе, усе будзем збіраць толькі сонечныя ўсмешкі.
Поле белае, няворнае,
Зерне дробненькае, чорнае.
Хто ўмее — той пасее,
А хто знае — адгадае.
(Сшытак і літары)
Разумнаму Янульку
Прыдумаў чалавек
Драўляную кашульку —
Адну на цэлы век.
А той Янулька выбег
На чысты, белы выган,
Дзе носам павядзе —
Дык там і след кладзе.
(Аловак)
Ехаў коннік Пахом —
Вы не заўважалі?
Сам усеўся вярхом,
Ногі за вушамі.
(Акуляры)
Сваёй хадзе Падлік вядзе,
Не ведаючы стомы.
А не стамляецца таму
(Хоць гулка сэрца б’ецца),
Што колькі б год ні йсці яму —
Ён з месца не кранецца.
(Гадзіннік)
Белы голуб прыляцеў,
Белым крылам шалясцеў
I з усёй зямлі навіны
Расказаў за паўгадзіны.
(Газета)
Не світка, а сшыта,
Не куст, а з лістамі,
Маленькага росту,
Прыгожага стану,
Хто яе знае,
Той розум мае.
(Кніга)

Вядучы. Кніга ўваходзіць у наша жыццё з ранняга дзяцінства. А як вы думаеце, ці заўсёды існавалі кнігі? (Адказы дзяцей.)
Вядучая. Пазнаёмімся з гісторыяй кнігі.
Кніжнае дасье
Падрыхтаваны вучань пераказвае апавяданне У. Ліпскага “Як да нас прыйшла кніга".
Вучні чытаюць вершы, прысвечаныя кнігам.
Затым падрыхтаваныя вучні знаёмяць гасцей свята з цікавымі звесткамі, якія датычацца кніг; расказваюць, што такое антыкварная кніга; пералічваюць найбольш значныя рэкорды, якія ў розныя часы былі зафіксаваны ў галіне друкарства.
Гульня “Даскажы слова”
Вядучы. Спадзяюся, сённяшняе свята яшчэ больш зблізіла нас з кнігай. Давайце праверым, ці здольныя мы разумець кніжныя радкі “з паўслова” — так, як разумеем сваіх найлепшых сяброў. Зараз вы пачуеце ўрыўкі з вершаў беларускіх паэтаў. Вам неабходна падабраць у рыфму словы, якіх нестае на канцах верша- ваных радкоў.
А было аднойчы так:
3 рэчкі вынырнуў... (шчупак).
Пасядзеў крыху на сушы
I прамовіў, ... (уздыхнуўшы):
— Тут, вядома, хораша,
Толькі вельмі... (горача)!
Смачна пазяхнуў
I назад у ваду... (нырнуў).
А. Бадак.

Ляцелі дзве цяцеры,
Шукаючы... (вячэры),
Глядзелі зверху ўніз.
I раптам бачаць: ... (ліс)
Ім лапаю махае,
У госці... (запрашае).
А. Грачанікаў.

Сёння няёмка Ігнатку,
Ён атрымаў не... (дзясятку):
Пяцёрку — за тое, што кепска чытаў,
Пяцёрку — за тое, што кепска... (пісаў).
Маме ж тлумачыць Ігнатка:
Склаўшы іх — будзе... (дзясятка).
К. Жук.

Вядучая.
Кніга навучыць,
Кніга раскажа,
Кніга падкажа,
Як жыць.
Вядучы.
Значыць, нам трэба,
Вельмі ўсім трэба
Добрыя кніжкі любіць.

ЛІТАРАТУРА


Буткевич, В. В. Люби и знай родной край : уроки гражданственности в нач. шк. / В. В. Буткевич, М. А. Бесова, Т. А. Старовойтова. — Минск : Пачатковая школа, 2009. — 128 с. : нл.
Нам засталася спадчына : нарысы, вершы : для дзяцей сярэд. шк. узросту / уклад.: М. Маляўка, Т. Тарасава, У. Мазго ; маст. Л. Пастушэнка. — Мінск : ЛІМ, 2011. — 208 с. : іл.
Мая Айчына : хрэст. / уклад. В. У. Буткевіч, Н. Г. Ваніна, А. У. Талкачова. — 2-е выд., дап. і перапрац. — Мінск : Пачатковая школа, 2007. — 192 с. : іл.
Мой край завецца Беларуссю : дапам. для педагогаў / аўт.-уклад. А. I. Красіла. — Мазыр : Белы Вецер, 2004. — 160 с.


Яшчэ на гэту тэму:

Кніг запаветныя старонкі