сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ГАЛАМБОЎСКАЯ, метадыст ясляў-сада № 2 Іўя Юрый УМРЭЙКА, інструктар па фізічнай культуры ясляў-сада № 1 Іўя. Пралеска ?/?

Добры дзень, восень

Спартыўна-музычнае свята для дзяцей старэйшай групы

Дзеці пад музыку заходзяць у залу, садзяцца на крэслы і спяваюць песню "Восень" (муз. А. Рэмізоўскай, сл. С. Шушкевіча).

Вядучая.
На сустрэчы з восенню
Залатой, багатай
Пачынаем сёння
Спартыўнае свята.
Няхай плывуць хмары,
Сыпле дождж пануры,
Будзем мы ўсе дружна
Займацца фізкультурай.
Каб расці здаровымі
I моцнымі стаць,
Трэба з фізкультурай
Заўсёды сябраваць.
Вось і скончылася вясёлае, звонкае лета. Сёння мы з вамі будзем вітаць залатую восень. Пакажам ёй, што і ў дажджлівыя дні мы не сумуем, гуляем у розныя спартыўныя гульні, спаборнічаем у спрытнасці, сіле, хуткасці, танцуем, спяваем.
1-е дзіця.
Надыходзіць восень,
I дажджы цярушаць,
Вецер хмары гоніць,
Адлятаюць гусі.
Пакідаць ім трэба
Родныя палеткі,
Дзе пад родным небам
Выраслі іх дзеткі.
2-е дзіця.
Сівер злы паўночны
Гоніць іх пагрозна.
Следам за ім крочаць
Халады, марозы.
Сёння на дасвецці
Адляцеў наш бусел.
Не сумуйце, дзеці,
Я да вас вярнуся!
(М Хведаровіч. "Развітанне з летам")

(Уваходзіць Несцерка).
Несцерка. Добры дзень, дзеці! Якое ў вас сёння свята?
Дзеці. Свята восені.
Несцерка. Вось і добра, а я зараз толькі што з лесу. Як там прыгожа! А колькі грыбоў ды залацістых лісточкаў! Давайце разам са мной зробім падарожжа ў восеньскі лес, але хачу вас папярэдзіць, што дарога туды вельмі складаная: мы будзем пераступаць цераз лужы, скакаць з купіны на купіну, ісці па кладачцы.
Вядучая. Дзеці, ці пойдзем у восеньскі лес?
Дзеці. Пойдзем.
(Дзеці разам з Несцеркам пераадольваюць перашкоды на шляху да лесу, становяцца ў калону па аднаму і ідуць шырокім крокам (цераз лужы) цераз кладачку (па лаўцы), з купіны на купіну (скачуць з абруча ў абруч).

Несцерка. Ну вось, дзеці, прывёў я вас на лужок, паглядзіце як тут прыгожа! (Малышы разам з Несцеркам выконваюць практыкаванні.)

I. "Дрэвы хістаюцца". З.с. — ногі на шырыні плячэй.
1 — рукі ўверх; 2 — нахіліцца ўлева, паварушыць рукамі, прамовіць “ш-ш-ш”; 3 — нахіліцца ўправа, яшчэ раз паварушыць рукамі, прамовіць "ш-ш-ш"; 4 — з.с. (6-8 разоў).

II. "Кусты варушацца". З.с. — асн. стойка, рукі на поясе.
1-2 — паварот улева, паўпрысяд, з.с.; 3-4 — паварот управа, з.с. (6-8 разоў).

III. "Вецер”. З.с. — ногі паасобку, рукі на поясе.
1-2 — рукі ў бокі, уздых; 3 — паднесці рукі да рота, дзьмухнуць, 4 — з.с. (6-8 разоў).

IV. "Ліст падае". З.с. — асн. стойка рукі ўверх.
1-2 — пакружыцца ўлева, варушачы кісцямі рук; 3 — павольна прысесці; 4 — з.с.; тое ж самае ў правы бок (8 разоў).

V. Грыб расце”. З.с. — сед, рукі, счэпленыя ў замок, падняць, дакрануцца да галавы.
1-2-3 — павольна падняцца. 4 — з.с. (6-8 разоў).

VI. "Зайчаняты скачуць". З.с. — рукі сагнутыя ў лакцях перад сабой, 12 скачкоў у левы бок, столькі ж — у правы.

(Уваходзіць Восень.)
Восень.
Добры дзень усім вам!
Вы мяне пазналі?!
Чула я, як дзеткі
Восень тут шукалі.
Доўга я блукала
Вялікімі барамі
I прыйшла нарэшце,
Буду цяпер з вамі.
Вам прынесла многа
Я дароў багатых,
Іх цяпер разношу
Ад хаты да хаты.
Бульбу, моркву смачную,
Яблыкі крамяныя
Ешце на здароўе,
Будзьце паслухмянымі,
Моцнымі і дужымі,
Дзеткі, вы расціце,
3 спортам сябруйце,
Жывіце — не тужыце.
Я хачу пабачыць
Гульні, песні, танцы.
Вось у падарунак
Залатое лісце.
Не трэба журыцца,
Будзем весяліцца!
(3 дапамогай Несцеркі і вядучай Восень раздае дзецям лісце. Малышы танцуюць з лісцікамі.)
Танцавалі вы прыгожа, але адкажыце, ці дапамагалі вы дарослым збіраць ураджай? А зараз мы паслухаем, хто лепш раскажа аб тым, як дапамагаў дарослым працаваць.
(Дзеці чытаюць вершы Я. Пушчы "Залатая пара", А. Дзеружынскага "Памідоры", "Мы сеялі моркву", Ю. Марцінкявічуса "Конка бульбы”. Восень і Несцерка выбіраюць лепшага дэкламатара і даюць яму падарунак.)
Вось якія працавітыя дзеці! Несцерка, дапамажы мне, калі ласка, я хачу паглядзець, як дзеці на самай справе працуюць.
(Гульня "Збор ураджаю". Малююцца два-тры кругі, у кожны з іх кладзецца аднолькавая колькасць гародніны. 6-8 дзяцей становяцца вакол круга на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго. У цэнтры — кошык, які малыя па камандзе павінны класці гародніну. Перамагае тая каманда, якая хутчэй збярэ ўраджай. Пераможцы атрымліваюць падарунак Восені. Дзеці спяваюць песню пра восень па выбару музычнага кіраўніка.)

Несцерка. Дзеці, сядзем на пянькі, крышку адпачнём.
(Малыя выконваюць практыкаванні на крэслах.)
I. "Рукі весяляцца". 3,с. — седзячы на крэсле, ногі паасобку.
1-2 — плясканне ў далоні з левага боку, 3-4 — з правага (6-8 разоў).

II. "Ногі весяляцца". З.с. — седзячы на крэсле, ногі паасобку, трымацца за сядушку крэсла.
1 — падняць прамыя ногі, 2-3 стукнуць імі адна аб адну, 4 — з.с. (6-8 разоў).

III. "Рукі і ногі сябруюць". З.с. — седзячы на крэсле, ногі паасобку, рукі на поясе.
1 — нахіліцца ўперад, дакрануцца дзвюма рукамі да левай нагі, 2 — з.с., 3 — нахіліцца ўперад, дакрануцца дзвюма рукамі да правай нагі, 4 — з.с. (6-8 разоў).

IV. "Рукі гуляюць" З.с. — седзячы на крэсле.
1 — нахіліцца ўперад, апусціць рукі на падлогу, 2-4 — перастаўляючы рукі, рухацца па падлозе да прамых ног (упор лежачы), 5-8 — прыняць зыходнае становішча (6-8 разоў).

V. "Ногі гуляюць”. З.с. — седзячы на крэсле, трымаючыся за сядушку (бліжэй да краю).
1-4 — перастаўляючы ногі, рухацца ўперад, не адымаючы рук ад крэсла, 5-8 — з.с.

VI. "Адпачнём" — скачкі вакол крэсла ўлева, управа.

Восень. Добра чыталі, добра і ўраджай збіралі. Усё дзеці ўмеюць, давай паглядзім, Несцерка, якія яны кемлівыя.
(Восень і Несцерка загадваюць дзецям загадкі.)
Закаціўся пад плот,
Лёг у баразёнцы,
Паласаты жывот
Грэючы на сонцы.
(Гарбуз)
Распрануўся мал-малышык
І саскочыў голы з вышак.
Пакаціўся па руках,
Апынуўся на зубах
.
(Арэх)
Што за загадка, прашу адгадаць:
Пад латкаю латка
I швоў не відаць.
(Капуста)
Нарадзіўся сярод градкі,
Быў шурпаты, вырас гладкі
I ляжыць пад кустом
Дагары крывым хвастом.
(Агурок)
Рыжая дзяўчынка
Залезла ноччу ў двор.
Курэй пералічыла
I ўсіх панесла ў бор.
(Ліса)
Праз усю зямлю прайшоў,
Шапку чорную знайшоў.
Стаў ля сцежкі якраз,
Выстаўляе напаказ.
Ой, дзівак, няхай бы лез
У гушчар пад лапкі!
Сёння ж прыйдуць дзеці ў лес
Па такія шапкі.
(Грыб)

Несцерка. А цяпер пагуляем у гульню-эстафету. Вось, дзеці, накапалі вы гародніны, трэба яе перанесці.
(Дзеці строяцца ў дзве калоны. Перад кожнай на . адлегласці 8-10 м ад лініі старту і фінішу стаіць паваротная стойка. Капітаны каманд трымаюць кошык з агароднінай. Па сігналу яны павінны хутка рухацца ўперад з кошыкам, аббегчы паваротную стойку і перадаць кошык другому. Гульня лічыцца закончанай, калі ўсе дзеці пранясуць кошык. Перамагае тая каманда, якая хутчэй закончыць эстафету. Сачыць за тым, каб малыя не беглі да таго часу, пакуль не атрымаюць кошык.)
Восень. Дзеці, мы цудоўна адпачылі і пагулялі. Добра мне было з вамі і весела. А зараз мне трэба ісці далей, агледзець свае ўладанні. Прыміце ад мяне падарунак. (Перадае вядучай кошык з яблыкамі. Восень развітваецца з дзецьмі.)
Несцерка. Хутка дзень прайшоў, а восенню ён кароткі, вам трэба хуценька вяртацца дамоў.
(Пад музыку дзеці ідуць у групы.)

Яшчэ на гэту тэму:

Дары восені     Народнае свята «Кузьмінкі»