сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старшы выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа 7.2002

Па Беларусі з Дзедам Барадзедам

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Задачы: знаёміць дзяцей з гісторыяй беларускага народа і краіны; выхоўваць цікавасць да здабыткаў беларускіх гісторыкаў, літаратараў і інш.

Падрыхтоўчая работа. Класу даецца заданне: знайсці з дапамогай бацькоў у кнігах Я. Коласа, Я. Купалы, Н. Гілевіча, 3. Бядулі вершы аб Беларусі, беларусах, сабраць легенды пра родныя мясціны; успомніць прыказкі і прымаўкі пра родны край, яго людзей і інш.

Прыкладныя этапы падарожжа:

Першы этап.

"Песенька ДзедаБарадзеда". Гучыць фанаграма — "Песенька Дзеда Барадзеда" на музыку Л. Захлеўнага, словы А. Вольскага. Пад музы­ку выходзіць Дзед Барадзед і прыгаворвае:

Я хаджу па белым свеце
I гляджу, як вы жывеце.
Калі трэба, памагу,
Бо усё рабіць магу.
Хто я?Дзед Барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у ціхі час
Завітаў да вас.

Дзед звяртаецца да дзяцей з пытаннем:

— Хто ведае, чаму нашу Беларусь так называюць?
Пасля адказаў дзяцей настаўнік прапануе паслухаць легенду пра гісторыю роднага краю:

Бог дзяліў між народамі землі. Адным — адно, другім — другое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану Богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: "Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці нешта іншае. А яшчэ звяры і дзічына ў пугачах — чародамі, рыбы ў рэках — касякамі, пчолы ў борцях — мільёнамі. А травы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы здатныя. На дойлідства — таксама. I будзеце вы жыць ды жыць...".

(3 кнігі: Караткевіч У. Зямля пад белым! крыламі. — Мн., 1990.)

Дзед Барадзед шчыра дзякуе за легенду. Звяртаецца да дзяцей:
— Хто з вас ведае паданні ці легенды пра нашы родныя мясціны? (Дзеці расказваюць пра свой горад, вёску і г. д.)
Дзед Барадзед адзначае, што, куды ні зойдзеш, усюды існуюць свае легенды пра паходжанне назваў вёсак, гарадоў, рэк, азёр. I ўсе вельмі цікавыя.

Другі этап.

 "Інсцэніроўка казкі". Настаўнік гаворыць, што беларуская казка лічыцца непараўнальна больш паэтычнай, чым казкі іншых народаў. Ён прапануе паглядзець інсцэніроўку беларускай казкі "Лёгкі хлеб", падрыхтаваную вучнямі.
Пасля прагляду мініспектакля, дзеці дзеляцца сваімі ўражаннямі.

Трэці этап.

 "Гульні". Дзед Барадзед запрашае пагуляць у беларускія гульні. Высвятляе, ці ведаюць іх дзеці, прапануе, напрыклад, гульню "Золата".
Усе вучні садзяцца ў рад. Адзін гулец, які лічыцца вядучым, дзеліць "золата" — непрыкметна хавае "залатую" манетку ў руках каго-небудзь з дзяцей. Потым вядучы адыходзіць і крычыць:
— Золата, да мяне!
Той, у каго схавана "золата", павінен падбегчы да вядучага. Але кожны пільна сочыць за сваімі суседзямі і стараецца затрымаць гульца з "золатам". Калі таму не ўдаецца выскачыць з рада, гульня пачынаецца спачатку, усе застаюцца на сваіх месцах. Калі ж гульцу з "золатам" удаецца вырвацца, ён становіцца вяду­чым, а вядучы займае яго месца. Гульня працягваецца.

(3 кнігі: Беларускі дзіцячы фальклор: Традыцыйныя запісы, апрацоўкі і аўтарскія творы.  Мн., 1994.  С. 187.)

Чацвёрты этап.

"Прымаўкі і прыказкі". Дзед Барадзед прапануе правесці конкурс "Знаўца". 3 "рассыпаных" слоў трэба скласці прымаўкі, прыказкі ці "знайсці пару" (даецца палова прымаўкі, а другую трэба адшукаць). Напрыклад:

Няма смачнейшай вадзіцы... (як з роднай крыніцы).
Хто працуе... (тому і шанцуе).
Дарагая тая хатка... (дзе нарадзіла мяне матка).
Лепш сто сяброў... (чым сто рублёў).
Новых сяброў нажывай... (але старых не забывай).
Родная зямля маці... (чужая старонка мачыха).

Пяты этап.

 "Парадуемся". Дзед Барадзед запрашае дзяцей паспяваць, пачытаць вершы пра родную старонку. (Гучыць песня "Спадчына" на верш Я. Купалы.) Падрыхтаваны вучань чытае верш Н. Гілевіча "Беларус":

Я — беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.

Я — беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма!

Я — беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля.

Дзед Барадзед дадае:
— Якія цудоўныя радкі прызнання, любові да сваёй Радзімы! Хочацца нагадаць, што ў кожнага беларускага паэта ці празаіка можна знай­сці цудоўныя творы пра нашу бацькаўшчыну.

Парады арганізатарам:

бацькаўшчына — Радзіма, Айчына, родная краіна, месца, дзе чалавек нарадзіўся;
спадчына (культурная) — з'явы культурнага жыцця, побыту, укладу, якія ўнаследаваны ад людзей, што жылі ў мінулыя эпохі.