сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. I. КЛІМЕНЯ, настаўніца сярэдняй школы № 11. г. Салігорск. Пачатковая школа 11/1996

Мы школьнікамі сталі

Сцэнарый ранішніка для першакласнікаў

(На свята запрашаюцца бацькі. Ранішнік вядзе настаўнік. Пажадана, каб у ім удзельнічала як мага больш дзяцей, таму мы не будзем пісаць перад вершамі 1-ы вучань, 2-1 вучань, а проста паставім працяжнікі ў пачатку некаторых радкоў. Калі стаіць працяжнік — значыць, пачынае гаварыць наступны вучань.)
Дзеці.
— Я схаваю дацкі ў шафу —
I мядзведзя, і жырафу,
I акулу, і зубра.
На паліцу вам пара!
Адпачніце ў цішыні,
Мне цяпер не да гульні.
Вось ён, новы мой набытак:
Карандаш, буквар і сшытак.
— Ты, лялька, не глядзі
Так сумна на мяне,
Я сёння не вазьму
Цябе з сабою, не...
Іду я ў першы клас,
Ты ж ведаеш сама,
I з лялькамі гуляць
Мне часу ўжо няма.
Але ты не сумуй,
Кладзіся, лялька, спаць.
Дамоў вярнуся я —
Зноў будзем сябраваць.
— Кляновы ліст упаў на брук,
Цярушыць дожджык рэдкі.
Куцы спяшаецца хлапчук?
Чаму ён важны гэткі?
Дарма крычыць яму услед
Малодшы брат-свавольнік...
Адкрыўся хлопцу новы свет,
Ён зараз ужо — школьнік.
— Гордыя, святочныя,
Мы ідзём па вуліцы,
3 добрымі усмешкамі
Ўсе на нас любуюцца.
— Рана ў школу мы ідзём,
На світанні ўсталі.
Ранцы з кніжкамі нясём,
Школьнікамі сталі!

Школьнікі

Настаўнік. Дарагія бацькі! Сёння вашы дзеці падрыхтавалі ранішнік, які называецца “Мы школьнікамі сталі”. Зараз вы ўбачыце, чаму яны навучыліся ў школе, як яны чытаюць, як лічаць.

(Настаўнік паказвае класу словы для чытання на падрыхтаванай загадзя табліцы, потым прапануе задачы.)

Да вароны на урок
Прыляцела сем сарок,
Але толькі тры сарокі
Добра вывучылі ўрокі.
Колькі гультаёў-сарок
Прыляцела на урок?

У адной машыны
Чатыры шыны.
Колькі шын
У дзвюх машын?

Вожык-тата ў лес пайшоў
Для сям’і сабраць грыбоў.
Два знайшоў ён пад рабінкай
I чатыры пад асінкай.
Дык колькі тата-вожык
Паклаў грыбоў у кошык?

А цяпер паспрабуем адгадаць загадкі.

Кніжкамі набітыя,
На замкі закрытыя,
Паселі на плечы
Школьнай малечы.
(Ранцы.)
Знаю ўсё і ўсіх вучу,
А сама заўжды маўчу.
(Кніга.)
Ў школьным ранцы я ляжу,
Як ты вучышся, скажу.
(Сшытак.)
Па чорным полі зайчык
Скакаў туды-сюды,
Пасля сябе пакінуў
Бялюткія сляды.
(Крэйда.)
Хто навучыўся добра вымаўляць скорагаворкі, якія мы чыталі на мінулым уроку?
Дзеці.
— Зубраня зубрыла ўрок,
Вызубрыла назубок.
— Шпачанят вучылі ў школе:
“Ўсе шпакі жывуць на волі”.
— Стракаталі тры сарокі:
“Савяня праспала ўрокі”.
— Чмель чытаў чытанку так:
“Чаравік, чарот, чарвяк”.

(Настаўнік прапануе ўсім адпачыць і праводзіць гульні “Гусі ляцяць ” “Сонейка і дожджык ” ці іншыя.)

Настаўнік. Паважаныя бацькі! Вашы дзеці не толькі добра вучацца, але і добра сябе паводзяць, яны ветлівыя і працавітыя.
Дзеці (двое хлопчыкаў).
— Вартаўнік пытае ў нас;
“Вы чаго так рана ў клас?”
— Мы ў адказ: “Дзяжурым мы
Ў першым класе першы раз".
— Парты выцерлі, сталы
I падлогу падмялі.
Сталі дошку выціраць,
Ды да верху не дастаць.
Сябра мой павесіў нос:
“Рос сем год і не дарос”.
—Ды не кінулі мы справу,
Падцягнулі к дошцы лаву.
Азірнуліся на клас —
Як прыгожа стала ў нас!
Настаўнік. А цяпер давайце крыху пажартуем. Хто вывучыў вясёлыя вершы да сённяшняга свята?
Дзеці.
— Прыпусціўся зайка ў танец,
Бо купілі яму ранец,
Сшыткі, кніжкі і гуаш —
Пойдзе ў школу зайка наш.
— У чырвоны колер зайку
Фарбаваў Ігнатка.
“Ён чырвоны не бывае”, —
Заўважае Натка.
Хлопчык глянуў на сястру
Ды крыху сумеўся.
I знайшоўся: “Гэты зайчык
Моркаўкай аб’еўся".
— Квактуха рупная Чубатка
Буквар купіла кураняткам.
Чытаць іх вучыць па складах:
“Ко-ко-ко-ко, ку-дах-тах-тах”.
— Старанна гартае варона буквар,
А вымавіць можа адно толькі: “Карр!”
— Раззлаваўся я на сцірку:
Мне працёрла ў сшытку дзірку.
Буду так цяпер пісаць,
Каб нічога не сціраць.
Настаўнік. Вось і канчаецца наш ранішнік. Не сумуйце, дзеці, яшчэ шмат будзе цікавых свят за доўгія гады вашага школьнага жыцця.
Дзеці.
— Задаюць пытанні дзеці,
Ім цікава ўсё на свеце.
— Чаму сонейка пячэ?
— Ручаёк куды цячэ?
— Куды воблачка плыве?
— Дзе зімою рак жыве?
— Кажуць дзецям ўсе наўкола:
“Вам пра ўсё раскажа школа”. —
Адкрывае школа цуды
Мне і ўсім маім сябрам.
Калі-небудзь, можа, буду
Я настаўнікам і сам.
— Адкрывае школа цуды,
Цікавей за іх няма.
Калі-небудзь, можа, буду
Я настаўніцай сама.
Настаўнік. Дарагія першакласнікі! Усе нашы госці і я, ваша настаўніца, пераканаліся, што вы сталі сапраўднымі школьнікамі. Вы ўжо шмат чаму навучыліся і гатовы далей крочыць па краіне Ведаў. Мне маленькія сябры, няхай шлях у гэтую цудоўную краіну будзе для вас цікавым і шчаслівым!
(У канцы ранішніка вучні могуць хорам праспяваць сваю любімую песню.)


Яшчэ на гэту тэму:

Свята першага званка     Свята першага званка