сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ЛОБІНА, музычны кіраўнік першай катэгорыі, Ала ЛЯВОНЦЬЕВА, музычны кіраўнік першай катэгорыі. Пралеска Люты 2012 г.

Масленіца

Фальклорнае свята у старэйшай групе

Беларуская хата...
Гаспадары, прыбраныя па-святочнаму, завіхаюцца ля стала, на якім бліны ды аладкі, сыр, масла, розныя ласункі. Госці коцяць вялізную калодку, стукаюць у дзверы, вітаюцца, заходзяць, спяваючы песню:

У нас сёння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Сядзела на тыну, на калу,
Кідала масла па каму,
А хто ўхопіць — так таму.
Маладая дзяўчына схапіла
Ды ў чаропачку стапіла...
У нас сёння Масленіца...

1-шы госць. Мы ў вашу хату не толькі песню прынеслі, але і загадкі. Што на двары гарою, а ў хаце вадою? (Снег.)
2-гі госць. Лезе праз акно сівае сукно. Што гэта? (Мароз.)
3-ці госць. Што зімою камлём угору расце? (Лядзяш.)
4-ты госць. Усе яго любяць, а як паглядзяць — моршчацца. (Сонца.)
5-ты госць. Свеціць і грэе, весяліць і ззяе, усю зямлю ажыўляе. (Сонца.)
Вядучы (В.). Усе мы сумуем па сонейку, чакаем цяпла, лета. Усцешылі нас вашы загадкі, ды мы іх не толькі адгадваць, але і загадваць умеем.
1-шы гаспадар. Пасярод двара стаіць гара, спераду вілы, ззаду мятла. (Карова.)
2-гі гаспадар. Хто двума бадаецца, чатырма ходзіць, адным мух ганяе? (Карова.)
3-ці гаспадар. I сваё дзіця не забыла, і чужых накарміла. (Карова.)
В. Так, гэта наша карміцелька — карова. У масленічны тыдзень яе будзеш успамінаць, аб ёй добрыя словы казаць.
1-шы госць. Пахне ў вас як! Блінцамі! 3 маслам! Я бліны б уплятаў ды галавою матляў!
2-гі госць. Дзіва што! Кажуць жа, што на мазаны блін і кот інакш глядзіць!
3-ці госць. А колькі ласункаў на стале! Відаць, гаспадары чакалі нас з раніцы!
В. Так, чакалі ды на стол збіралі. Дзяўчаткі нашы для вас пастараліся.
1-я гаспадыня. Дзе справа, там і слава.
2-я гаспадыня. Хто працуе, той не сумуе.
3-я гаспадыня. Хто з сонцам устае на работу, працуе ў ахвоту.
4-я гаспадыня. Ранняя птушка дзюбу цярэбіць, а позняя — вочы працірае.

1-я гаспадыня.
Калі рана ўстанеш разам з сонцам яркім, што ўсплывае над зыбкім вогнішчам зары —
колькі ты пабачыш з’яў жыцця дзівосных, колькі цудаў розных зглядзіш на двары.
Калі рана ўстанеш разам з сонцам яркім, разам з ветрам шпаркім, разам з белым днём —
сам тады, мой дружа, разумець ты будзеш, для чаго мы, людзі, на зямлі жывём.
Якуб Колас

1-шы госць. Хлопцы, каціце хутчэй сюды калодку! Зараз пабачым, ці ж гэтая гаспадынька ўмее гатаваць, гасцей частаваць. Можа, яна з тых, пра якіх гавораць: «I шыла, і мыла, і прала, і мяла — а ўсё языком»?

Госці і гаспадары ўтвараюць кола. Хлопцы прыкацілі да ног гаспадыні калодку і загадваюць загадку.


1-шы госць. Што расцілі, збіралі, ткалі і на стол заслалі? (Абрус.)
Гаспадыня адгадвае загадку, сцеле на калодку сурвэтку, ставіць прыгатаваныя ёю стравы. Лічыцца, што яна ад хлопцаў-гасцей «адкупілася». Госці спрытна коцяцъ калодку да ног другой гаспадыні; пачастунак першай хуценька перастаўляюць на стол, жартоўная гульня працягваецца.

2-гі госць. Новая пасудзіна, а ўся ў дзірах. Што гэта? (Рэшата.)
Другая дзяўчынка «адкупляецца» ад хлопчыкаў.

Загадкі для гасцей:

  1. Белая кабыла ўвесь лес з’ела. (Печ.)
  2. У бабіных руках бакашы трах-трах. (Рэшата.)
  3. Без кліноў, без капытоў, само падыходзіць, ніхто яго не трывожыць. (Цеста.)
  4. Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако.)
  5. Сівая карова праз дарогу пройдзе, а белая засядзе. (Сыроватка, цадзілка, тварог.)
  6. У сарочцы радзіўся, а голы ходзіць. (Клінковы сыр.)
  7. На плеш капнеш, уставіш, папарыш, дастанеш, паправіш. (Патэльня, блін.)

Госці адгадваюць загадкі, хваляць дзяўчатак за гаспадарлівасць.
В.    Дарагія госцейкі, а давайце зараз гульню якую-небудзь
наладзім? (Прапануецца гульня «Што робіш?» з кнігі «Беларускія народныя гульні» Я.Р. Вількіна.)

Дзеці выбіраюць «гаспадыню» («гаспадара») і, сеўшы ў кола, крэсляць перад сабой кружкі. «Гаспадыня» абыходзіць удзельнікаў і задае кожнаму работу, напрыклад, пячы хлеб, варыць абед, пілаваць дровы, касіць сена, рамантаваць крэсла, насіць ваду і г.д. Дзеці пастукваюць палачкай па сваім кружку і ўвесь час гавораць пра працу, якую яны выконваюць. Даўшы некалькі заданняў, «гаспадыня» паказвае па аднаго з удзельнікаў і нечакана пытаецца: «Што робіш?». Ён павінен адразу ж назваць працу, якую яму даручылі на пачатку гульні. Той, хто памыліцца, выбывае з гульні, пасля чаго «гаспадыня» дае ўсім новае заданне. Перамагае той, хто ні разу не памыліўся. Ён і выбіраецца «гаспадыняй» («гаспадаром»).
В. Ну-ка, дзеткі, усе ў круг, патанцуем мы не ўдвух! Танцавалі мы гапак, танцавалі рускую, паглядзіце зараз, як скачам беларускую.
Прыпеў:
Тук-тук, чаравік,
Не ляніся,
Туды-сюды, чаравік,
Павярніся!
Дзяўчынка Надзейка,
У круг ідзі хутчэй-ка!
Патанцуй жа на памосце —
Будуць рады нашы госці.
Хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць «Беларускую польку».

В. Ну, добра, госцейкі, сядайце за сталы, частуйцеся блінамі, маслам ды сырамі.
1-шы гаспадар. Блін не клін, жывот не распора!
2-гі гаспадар. Сядзіце, госці, да вечара — вам бліноў напечана!
Усе займаюць свае месцы за сталамі.
В. Ой, добра спявалі, танцавалі, частаваліся, але ж вельмі хочацца пакатацца, пагушкацца!

Дзеці (спяваюць).
Мы на горачцы пабывалі, пабывалі,
Ай-люлі, пабывалі.
Масленіцу сустракалі, сустракалі,
Ай-люлі, сустракалі.
Сырам гору набівалі, набівалі,
Маслам гору палівалі, палівалі.
Наша горачка катліва, ай катліва,
А матулька буркліва, буркліва:
Яна на нас бурчала, ой, бурчала,
На горачку не пускала, не пускала.
А нам дамоў не хочацца, не хочацца.
А пакатацца хочацца, хочацца.
Мы думалі — масленкі
сем нядзелек, сем нядзелек,
Ажно масленкі сем дзянёчкаў, сем дзянёчкаў.
Нас масленка абманіла, абманіла,
На сем нядзель паста
пасадзіла, пасадзіла.
На белую капусту, капусту,
На горкую рэдзьку, рэдзьку,
Ай-люлі, на рэдзьку.

Усе выходзяць на вуліцу. Там дзяўчаткі знаходзяць высокую мясціну з праталінкай, спяваюць вяснянку.

Мы вясну чакаем,
Мы вясну чакаем!
Прыходзь, вясна!
3 ручайком бурлівым,
3 рэчкай гаманлівай!
Прыходзь, вясна!
3 песняй-вяснянкай,
3 сонейкам уранку!
Прыходзь вясна!

Вясновыя гульні
Распальваецца вогнішча, на якім паляць чучала зімы, дзеці водзяць вакол агню карагоды, гушкаюцца, катаюцца на санках. Можна правесці гульню «Падхват» (Я.Р. Вількін. «Беларускія народныя гульні»).
Гульня праводзіцца на заснежаным схіле гары. Для гульні неабходна мець сані, шышкі або іншыя невялікія прадметы.
На схіле ўздоўж накатанай каляіны раскладваюцца шышкі. З’язджаючы з гары, удзельнік на хаду падхоплівае іх. Па колькасці сабраных шышак выяўляюць пераможцаў.


Яшчэ на гэту тэму:

Гукайце, дзеці, Масленіцу!     Масленіца