сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. М. МЯЦЁЛКІНА, I. М. КЛІМЧУК, настаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Беларуская мова і літаратура 2/2008

Беларускі дудар

Літаратурна-музычная кампазіцыя па творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча (IX клас)

Літаратурна-музычная кампазіцыя «Беларускі Дудар» прымеркавана да 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага песняра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яна дазваляе не толькі пашырыць веды пра В. Дуніна-Марцінкевіча, але і садзейнічае выяўленню багатага ўнутранага свету, творчага патэнцыялу, індывідуальных схільнасцей вучняў. Пры абмеркаванні сцэнарыя нашы ліцэісты праявілі ініцыятыву — прапанавалі ўключыць у кампазіцыю музычныя элементы: народны танец, песню «Купалінка», эцюд на цымбалах, якія яны могуць выканаць самі.

Пры правядзенні мерапрыемства былі задзейнічаны міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, геаграфіяй, сусветнай мастацкай культурай. Пасля яго заканчэння настаўнікі і вучні падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі.


Мэты: пашырыць веды вучняў пра асобу В. Дуніна-Марцінкевіча і яго творчасць; фарміраваць уяўленне пра беларусаў як народ, надзелены лепшымі чалавечымі якасцямі; развіваць камунікатыўныя навыкі, лагічнае, творчае мысленне, садзейнічаць узбагачэнню эмацыянальнай сферы вучняў, развіццю іх моўнай і эстэтычнай культуры; спрыяць выхаванню ў школьнікаў пачуцця гонару за Беларусь, яе лепшых прадстаўнікоў.
Абсталяванне: партрэт В. Дуніна-Марцінкевіча; матэрыялы пра бацькоў пісьменніка, пра сям’ю, радаводнае дрэва, герб; мультымедыйны праект «Беларускі Дудар», мультымедыйная ўстаноўка; кнігі і зборнікі В. Дуніна-Марцінкевіча і пра яго; цымбалы, магнітафон, запісы народнай музыкі; касцюмы, кветкі і кошык для інсцэніровак; літаратурныя газеты з матэрыяламі па творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, крыжаванка.

Гучыць музыка.
Настаўнік. Шчыра вітаем вас, паважаныя сябры беларускай культуры, на нашай літаратурна-музычнай кампазіцыі «Беларускі Дудар», прысвечанай жыццёваму і творчаму шляху выдатнага беларускага песняра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На працягу нашага мерапрыемства на дэманстрацыйным стэндзе вы зможаце ўбачыць фотаздымкі з жыцця пісьменніка, а таксама ўзгадаць вывучаны ўжо матэрыял. Мы пачынаем...
Першы вядучы. «Назва “Беларусь” ёсць геаграфічны тэрмін і не мае асаблівага этнаграфічнага значэння, бо ні асобнай народнасці, ні нават асобнага племя беларускага не існавала» — так адзначалася ў цыркулярах царскага ўрада. I патрэбна была вялікая смеласць, каб у такіх неспрыяльных умовах заявіць, што «наша мова для нас святая». 1 не толькі заявіць, але і пісаць на гэтай забароненай афіцыйна мове.
Першы чытальнік.
Я — кажуць — здзяцінеў праз старасць і вершы
I стаў вершаплётам у воласці першым.
Не будуць жа знаўцы французскае мовы
Мужыцкай гаворкай засмечваць галовы...
........................................
Для вас, паны, шкода халопскай мне мовы,
Для вас, чые мудрыя надта галовы,
Манеры салонаў засвоіўшы ўмела,
Смяюцца з таго, крытыкуючы смела,
Што тут адраджаецца на родных глебах,
Чужое ж, хай кепскае, ўзносяць да неба.
Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча
У будцы сабака, увагі на пса не звярну я.
Як раіць пясняр Сыракомля, пішу я
Цяпер, як заўсёды, на мове мужычай.
В. Дунін-Марцінкевіч. Хіба я стары?
Другі вядучы. Так вытлумачваў прычыну свайго звароту да беларускай мовы адзін з першых прафесійных беларускіх пісьменнікаў В. Дунін-Марцінкевіч. Гэта яму належаць і такія радкі: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, марачы аб долі гэтага братняга народа, занямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў я для заахвочвання яго асветы пісаць на яго ўласнай гаворцы».
Першы вядучы. Паходзіў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з небагатай беларускай шляхты. Недалёка ад Бабруйска быў фальварак Панюшкавічы, дзе яго бацька арандаваў зямлю. Там і нарадзіўся будучы пісьменнік 23 студзеня (4 лютага па новым стылі) 1808 года, там прайшло яго дзяцінства — на беразе Бярэзіны, сярод прыроды, у гульнях з сялянскімі дзецьмі.
Другі вядучы. У жыцці Дуніна-Марцінкевіча яшчэ многае не высветлена. Лічыцца, што ў 1824 годзе ён скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча і працягваў вучобу ў Вільні або Пецярбургу. Ды нядоўга давялося навучацца там Марцінкевічу. Ён захварэў, пакінуў вучобу і паступіў на службу сакратаром у прыватнае бюро Бараноўскага ў Вільні.
Трэці вядучы. Тут пісьменнік пазнаёміўся з шаснаццацігадовай дачкой Бараноўскага — Юзэфай. Не атрымаўшы дазволу на шлюб, Вінцэнт тайком звёў дзяўчыну і ажаніўся з ёю. Хаваючыся ад бацькоўскага гневу, маладыя пераехалі ў Мінск, дзе Марцінкевіч уладкоўваецца чыноўнікам кансісторыі*, затым пэўны час працуе ў крымінальным судзе.
Чацвёрты вядучы. У 32 гады пісьменнік пакідае дзяржаўную і царкоўную службу. Улезшы ў даўгі, Марцінкевічы набываюць невялікі маёнтак Люцінку (Люцынку), што недалёка ад Івянца. Пісьменнік надзвычай любіў гэты куток роднай зямлі на ўскраі Налібокаў, развілцы дзвюх рэчак Люцінак — Малой і Вялікай. Люцінка і яе ваколіцы апеты пісьменнікам у паэмах.
Другі чытальнік.
Дамок мой любы! — бачу з кожнаю хвілінай,
Што нашы дні жыцця ідуць к зямлі няспынна.
Мы разам пастарэлі, час той недалёкі,
Калі ахопяць нас з табой нябыту змрокі.
Як той марак, які з надзеяй на нябёсы
Стыхіям здрадным часта давярае лёсы,
Сваім гандлёвым справам поўнасцю адданы,
I смела сустракае буры й ураганы, —
Так мы з табой тут розныя сустрэлі часы,
Былі ў нас буры і дні майскае акрасы,
А ўсё мінулае, як быццам воч імгненне,
Як сноў прыемных ці нядобрых летуценне.
Так любы мне тут кожны кут між сцен пахілых,
Бо шмат ён памятак гадуе сэрцу мілых.
Першы вядучы. У саракавыя гады Дунін-Марцінкевіч пачынае сур’ёзна займацца літаратурнай працай. Ён выступаў спярша як лібрэтыст. Пісаў лібрэта на беларускай і польскай мовах, перавагу, аднак, аддаваў апошняй. 3 самых ранніх твораў захаваліся толькі назвы некалькіх лібрэта: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Рэкруцкі яўрэйскі набор». У гэты ж час Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч стварыў свой першы буйны твор, лібрэта камічнай оперы «Ідылія», выдадзенай у 1846 годзе ў Вільні асобным выданнем. Чаго гэта каштавала пісьменніку, сведчыць той факт, што яму прыйшлося на- ват закласці маёнтак Люцінку. За атрыманую пад вялікія працэнты пазыку ў 700 рублёў і быў выдадзены гэты твор В. Дуніным- Марцінкевічам.
Другі вядучы. У «Ідыліі» падаюцца праўдзівыя замалёўкі з жыцця беларускай вёскі ў час прыгону, асуджаецца касмапалітызм шляхты, якая бавіла час за мяжой, бо свая радзіма была для іх чужая, дзікунская, лічыла, што ў ёй няма нічога, што б выклікала цікавасць, а сяляне ўяўляліся «скацінай і больш нічым». Такім у пачатку твора паказваецца Кароль Лятальскі. Але пад уплывам кахання да пераапранутай у сялянскія строі паненкі Юліі Лятальскі на вачах мяняецца.
Трэці вядучы. А цяпер папросім нашых маладых артыстаў паказаць нам эпізод з «Ідыліі».
Інсцэніроўка
Дзейныя асобы: Кароль Лятальскі, яго сябар Ян, Юлія.
Кароль, Ян уваходзяць не спяшаючыся, абняўшыся за плечы. Становяцца па цэнтры.
Кароль. Жан!
Ян. А.
Кароль. Прыехалі.
Ян. Прыехалі.
Кароль. Сапраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцця, то аж сэрца сціскаецца. О, чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якою адзначаецца Францыя? Тут усё так панура! так глуха!
Ян. А карчмы, карчмы, пане дабрадзею, то чыстыя хлявы! У Францыі кожная аўстэрыя, як палац! У кожнай чалавек, як у раі! Віна па вушы! А тут, даруй Божа, ніякай выгады! Не шукаючы далёка, глянь толькі, пане, на нашую карчму.
Вось для выгады карчма вам!
Вокны чуць відаць з гразішчы;
Мілы вецер свістам жвавым
Цераз шчэліны скрозь свішча;
Брудны выгляд у шынкаркі;
На стале бутэлькі, чаркі;
Жыжка з іх на стол сцякае;
Шабасоўка чуць міргае;
Жыды сноўдаюць, як здані;
Стары рэбе штось мямляне;
Селянін ляжыць пад лаўкай,
П'яны, рваны, нерухавы;
Яго жонка, чуць жывая,
Каля печы спачывае,
Дзіцё ядам з грудзі пое!
Вось абраз галытні тое.
I мы ж тут, пане, прыгожыя дні нашай маладосці змарнаваць маем? От лепей прадай, пан, сваю фартуну, а далей уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжа!
Кароль. O, калі б можна было гэта зрабіць! Калі б мне акалічнасці дазволілі! А тым часам буду старацца: бо гэта праўда, паміж нашых мядзведзяў не выжыву! I што за прыемнасць, проша пана, з мужыкамі? Гэта ж быдла, і нічога болей.
Ян. А дзяўчаты, пане, чыстыя каты: падсядзь да якой, то табе зараз без цырымоніі вочы гатова выдрапаць.
Выходзіць Юлія з кошыкам кветак. Кароль. Праўду кажаш. Няма нідзе, як у Францыі!.. Там кожная хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О Францыя! Францыя!
Ян падтаквае. Ян. Пане, глянь: да нас ступае вельмі пекная дзяўчына!
Кароль. Хто ты, мілая дзяўчына?
Юлія. Сялянка, пане!
Кароль. Я гэта бачу, але як завешся?
Юлія. Дзяўчына.
Ян. Усё гэта можа быць; але пан пытае, чыя ты? Ці з гэтай вёскі падданка?
Юлія. I так, і не.
Кароль. Як гэта трэба разумець?
Юлія. Вот, пане, Югася маё імя, а сама я дачка Шчырэцкага. Нябожчык бацька цяперашняга дзедзіча гэтага маёнтка даў вольнасць майму бацьку і ўсёй яго сям'і, за што пастаянна яго ў малітвах нашых успамінаем.
Кароль. Але, як я ўважаю, дык ты добра гаворыш па-польску і нават няблага тлумачыш. Адкуль жа ты навучылася?
Юлія. Я з дзяцінства гадавалася пры дачцэ пана Дабровіча; была болей яе дружкаю, як служкаю; разам мы выраслі і разам хадзілі ў пансіён.
Ян (убок). Ого! Дык гэта не простага выхавання ластавачка! Трэба да яе пазаляцацца. Яна, мусібыць, і парыжаніну закруціць галаву можа.
Кароль. Але скажы мне, нашто табе прыдалося тое выхаванне, што ў пансіёне атрымала?
Юлія. Чаму ж, пане? Хіба ж не на тое мы вучымся, абы лепш хваліць Бога ды вярней спаўняць тыя абавязкі, якія наш стан на нас накладае?
Кароль. Сапраўды, ты аднолькава чаруеш як сваім павабным тварыкам, так і сваёю водпаведдзю. Дадушы, з такім укладам ты б магла нават і ў салёнах Парыжа стаць на барацьбу не з адной прыгажуняй моднага там свету.
Юлія. Пан волен жартаваць. Дзе там, каб бедная сялянка магла раўняцца з панямі, каторыя ад маладых лет да сталага веку пастаянна вучацца салённым манерам?
Кароль. Прысягаю табе, што кажу праўду. Але думаю, мая дарагая, што ты добрая хітруха і сваёю скромнай мінкаю не аднаго ўжо каханка злавіць патрапіла. Прызнайся шчыра, шмат іх мела? (Бярэ яе за руку.)
Юлія. Пане!.. Каханка ніводнага не мела, а скажу шчыра, што мы, сялянкі, тым рознімся ад вялікіх пань, што ніякай не маем хітрасці. Што чуе сэрца, тое без страху гавораць нашыя вусны. Але пусці, пане! Трэба спяшацца ў двор. Там грамада сялян нецярпліва чакае, каб выказаць пачуцці свае прывязанасці да таго, хто будзе ім замест айца.
Кароль. Ніколі не спадзяваўся знайсці ў простай сялянцы столькі думак і такіх высокіх! Але скажы мне, мой анёл, для каго ты нарвала гэтых кветак? Ці не дасі хоць адну кветачку і мне на памяць.
Юлія. Гэтыя кветкі прызначыла я ў падарунак таму, каго любіць лічу сваім абавязкам: палажу іх пад ногі сына дабрачынца нашага пры павіншаванні яго з шчаслівым паваротам на родную зямлю.
Кароль. Хіба толькі ты даеш свае падарункі тым, каторымі сэрца тваё занята?
Юлія. Але, мой пане! Хіба ж я не казала, што мы, сялянкі, заўсёды шчырыя? Што вусны нашыя толькі тое паўтараюць, што ім гаворыць сэрца?
Кароль. Аднак жа зважай, прыгожая дзяўчына, што той падарунак з твае рукі, якога я прашу, найчысцейшую і наймілейшую прынясе для сэрца майго радасць. Але... як жа, дасі мне хоць адну кветачку?
Юлія. А чаму ж не? Няхай пану будзе гэтая польная ружачка.
Ян. О-хо-хо!
Кароль. Дзіўная дзяўчына! Не магу апомніцца ад здзіўлення з самога сябе! Мімаволі закахаўся ў нейкую сялянку... я, каторы дагэтуль лічыў іх за быдла, цёмнае, нічым неўлагоджанае! О цуда! Што ж бы на гэта сказалі парыжскія прыгажуні?
Народны танец у выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак.
Трэці чытальнік.
Магутна ўлада кахання!
Яно пануе ў прыродзе;
У кожным будзіць жаданні,
Ў ім шчасце жыцця знаходзе.

У моднай вучаны школе,
Я жыў, як і жыць не варта.
Каханнем сходаны сёння,
Змяніў я сэрца не жартам.
Чацвёрты чытальнік.
Вы, што заўладалі людам,
А заняты ўцехі шумам,
I аддалі злым прыблудам,
Мейце ж тое ў вашых думах:

Што мужык ці пан з-над пана,
Роўна Бог на небе дбае.
I ў яго той паважаны,
Хто сам іншых паважае.
Чацвёрты вядучы. На пастаноўку «Ідыліі» была накладзена забарона. Тым не менш на свой страх і рызыку Вінцэнт Дунін- Марцінкевіч ставіў оперу ў Глуску, Бабруйску, паўторна ў Мінску. Ролю акцёрскага гуртка Дуніна-Марцінкевіча цяжка пераацаніць. Ён абуджаў грамадскую думку, фарміраваў нацыянальную свядомасць, спрыяў развіццю беларускай культуры.
На падмостках сцэны выступалі і дзеці пісьменніка, яго дочкі Каміла і Мальвіна і сын Міраслаў, музыканты-віртуозы, якія былі надзейнай апорай бацькі ў культурна- асветніцкай дзейнасці. Выступленнямі дзяцей пісьменніка захапляліся не толькі на Радзіме, але і ў Польшчы, на Украіне.
Першы вядучы. У пачатку 1840-х гадоў аб Марцінкевічах загаварылі як аб музыкантах. I пачалося ўсё з таго, што чатырохгадовая дачка пісьменніка Каміла стала наадрэз адмаўляцца ісці спаць у тыя вечары, калі ў дом прыходзілі музыканты, акцёры, літаратары. Болып таго, нягледзячы на пратэст маці, яна ўпрасіла бацьку растлумачыць ёй асновы нотнай граматы і фартэпіяннай ігры. Вынік перасягнуў усе чаканні: у небывала кароткі час дзяўчынка навучылася даволі бегла іграць на фартэпіяна і неўзабаве зрабілася паўнапраўнай удзельніцай музычных вечароў.
У васьмігадовым узросце Каміла ўпершыню выступіла з публічнымі канцэртамі ў Мінску.
Брат яе, дзевяцігадовы Міраслаў, таксама вельмі добра акампаніраваў.
А выступленне Марцінкевічаў у Кіеве ў 1849 годзе немагчыма назваць інакш як трыумфам. Вопытны музычны рэцэнзент «Киевских губернских ведомостей» Іван Караноўскі пісаў: «12-гадовая дзяўчынка Каміла і 11-гадовы Міраслаў Марцінкевічы належаць да прыемных і выдатных з’яў. Па крайняй меры, мяркуючы па першым канцэрце іх, пры спрыяльных абставінах развіцця, яны здзейсняць самыя добрыя на іх надзеі. Іх слухаеш ужо не як дзяцей, а як умелых выканаўцаў. Ад пачатку да канца ўсюды вытрыманасць. Дзяўчынка Каміла іграе нават болей, чым з дзіцячым пачуццём. Гукі яе адрозніваюцца асаблівай мяккасцю і выразнасцю: слухаючы яе, нібы паглыбляешся ў абсяг нейкага прыемнага пачуцця... Гэтыя дзеці сапраўды ўжо лепшыя шмат за каго».
Другі вядучы. У нас таксама шмат таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Давайце паслухаем музычны экспромт на цымбалах.
Музычны экспромт. Дзяўчынка іграе на цымбалах.
Трэці вядучы. Досыць плённымі для пісьменніка былі 1850-я гады. Адна за адной выходзілі кнігі Беларускага Дудара з творамі на роднай мове. Пазней у сваім паэтычным прысвячэнні «Памяці Вінцука Марцінкевіча» Янка Купала трапна заўважыў:
I песню за песняй парадкам
Пусціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста, як з неба,
«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы».
Чацвёрты вядучы. Рэцэнзенты, якія адгукнуліся на выхад кніг В. Дуніна-Марцінкевіча, гаварылі не проста пра яго, асобнага пісьменніка, поспех, а і ўсёй беларускай літаратуры, засведчылі здольнасць нашай мовы як першаасновы прыгожага пісьменства.
Сваёй творчай практыкай Дунін-Марцінкевіч сцвярджаў мажлівасці роднай мовы. Ён узяўся за пераклад аднаго з выдатных твораў Адама Міцкевіча — паэмы «Пан Тадэвуш». Гэта была першая буйная спроба мастацкага перакладу ад часоў Скарыны.
Першы вядучы. У сваіх творах В. Дунін-Марцінкевіч удзяляе вялікую ўвагу фальклору. Беларускія прыказкі, народныя песні, звычаі, абрады — усё гэта надае паэмам, камедыям пісьменніка нацыянальны каларыт. Напрыклад, у паэме «Гапон» паказваецца, як праводзіць вольны час моладзь. Маладыя людзі танцуюць, спяваюць, весяляцца.
У выкананні дзяўчыны ў народным строі гучыць песня «Купалінка».
Другі вядучы. А цяпер давайце звернемся да другога перыяду творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча. Блізкі па сваіх поглядах да шляхецкіх рэвалюцыянераў, пісьменнік не мог не мець дачынення да нацыянальна-вызваленчага руху пачатку 1860-х гадоў. У паўстанні 1863—1864 гадоў прыпяла ўдзел уся сям’я Марцінкевічаў.
Трэці вядучы. Натура актыўная, Дунін-Марцінкевіч не застаўся ў баку і ад рэвалюцыйных падзей, якія выспявалі ў краіне. Але аб рэальным удзеле пісьменніка ў паўстанні амаль нічога невядома: Дунін-Марцінкевіч не даў у рукі жандараў ніводнага доказу. Ды і не мяшчанская баязлівасць кіравала ім, а спрактыкаванасць канспіратара, калі ён ездзіў па справах падрыхтоўкі паўстання па Беларусі, Літве, Польшчы.
Чацвёрты вядучы. Пісьменнік змог даказаць следству, што паездкі звязаны з чыста асабістымі справамі. Цяжка было следчым паверыць і ў тое, што дачка Дуніна-Марцінкевіча Каміла была зачыншчыцай «беспарадкаў» у Мінску і яго ваколіцах, адпраўлена ў Сібір, а ён, бацька, як бы ні пры чым.
Першы вядучы. Не ўдалося таксама шпікам і следству даказаць, што «Гутарка старога дзеда» (адно з антыўрадавых выданняў) напісана Дуніным-Марцінкевічам. Больш года трымалі пісьменніка ў Мінскай турме. 3 астрога ён быў адпраўлены ў Люцінку пад нагляд паліцыі з забаронай выезду. Забарона была знята толькі ў 1870 годзе.
Другі вядучы. Вярнуўшыся ў Люцінку, пісьменнік некалькі дзён хадзіў па хаце ў глыбокай задуме. Часам ён браў у рукі якую-небудзь рэч са старой камоды, але позірк яго блукаў дзесьці далёка. Потым папрасіў запаліць у грубцы, узяў гусінае пяро і на белым аркушы вывеў буйнымі літарамі: «“Пінская шляхта”. Фарс-вадэвіль у адной дзеі».
Інсцэніроўка
Марыся і Куторга.
Куторга (салодка пасміхаючыся, заляцаецца). Дабрыдзень, панна Мар'яна!
Марыся (сарамліва). Дабрыдзень, пан Куторга!
Куторга. А як панна Мар'яна прыгожа выглядае, які свежы тварык, моў ружачка толькі што з пучка! 3 якой нецярпячкай я ждаў шчаслівага моманту, каб пацалаваць беленькую ручку панны. (Падыходзіць з камічнай зграбнасцю і цалуе руку Марысі. Тая, адступіўшы назад, абцірае руку хвартушком.) Панна Мар'яна! Вы не чуеце, вы не ведаеце, як вас крэпка люблю, як па вас ныю.
Раманс
Рвецца маё сэрца да красненькай розы,
Быццам пры колах атоса із лозы.
Па панне Мар'яне душа ўся сумуе,
Быццам бы зязюля жалосна кукуе.
Як не бачу панны, жыццё мне — магіла,
Галоўцы цяжэнька, уцякае сіла.
Ой, высах я, высах, як лапаць у печы!
Горка ж мая доля, хто мяне ўлечы?
Як цетраў у лясочку жаласна балбоча,
Так мае сэрцайка да панны сакоча.
Ні верашчака, каўбасы дзялянка, —
Нішто не смакуе без цябе, каханка.
Дам табе зэгар вялікі, як рэпа,
Няхай ён пры сэрцы крэпка тваім клепа
Ды напамінае, як цяжка я ною
I ні ўдзень, ні ўночы не маю спакою...
Марыся (перабіваючы). А ведаеце, ад чаго гэта, пане Куторга? — Ад старасці. Ды ты ўжо нямала пажыў, — пара аб дзяўчатах перастаць думаць, а маліцца Богу, каб даў спасенне.
Куторга. Стары, стары!! (У гневе.)
Заходзяць станавы з Пісулькіным і хаваюцца па баках, каб падслухаць іх размову.
Куторга. Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, да нічога з таго не будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкай проціў Цюхая-Ліпскага. Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалабе Цюхая на твайго бацьку што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды паказаць на следстве, што бацька твой не біў Цюхая; а калі маё не ў лад, то я з сваім назад. Заспрачайся толькі, дык я зараз буду сведкам проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат — ні ўзад ні ўперад. Папаўся юрысту ў кіпці — выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну.
А калі б яму і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе — адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, — адцураецца і сваіх.
Марыся. Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкам паклонімся ў пояс найяснейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказанне дасць харошую гонку.
Куторга. Што?! Ты думаеш, я баюся асэсара? Да я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладам яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў.
Трэці вядучы. На свет з’явіўся новы твор. Хоць і пазначыў яго аўтар як фарс-вадэвіль, але выйшла з-пад яго пяра з’едлівая сатыра на царскіх чыноўнікаў. Паслухаем яшчэ адзін урывак з «Пінскай шляхты».
Вучань (выразна зачытвае словы Кручкова). Вось пачаўся разгляд справы. Шляхта і апамятавацца не паспявае, як на яе сыплюцца розныя штрафы. «Обжалованный Протосовицкий имеет зараз же уплотить пошлин 20, прогонных 16 і на канцелярию 10 рублёв. Жалующийся Липский в половине того , сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі , — по 9-ці рублев, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, — па 3 рублі».
Гэта яшчэ да абвяшчэння «дэкрэта» — прысуду. А на прысудзе — зноў: «а) Тнхону Протосавицкому, как уголовному преступніку, назначается: 1-е) 25 лоз на голай земле без дывана и 2-е) штраф 25 руб. в пользу временного присутствия; б) Ивану Тюхаю- Липскому, как нанесшему личное оскорбленіе Протосавицкому, назначается: 1-е) 15 лоз на дыване і 2-е) 15 руб. штрафа в пользу временного присутствия; в) свидетели, которые видели драку и не разняли дерущихся, — 1-е) по 10 лоз на дыване і 2-е) по 10 руб. штрафа в пользу временного присутствия; д) всей прочэй шляхте, которая не видела, а тем самым не могла и разнять дерущихся, назначаецца: 1-е) по пять лоз на дыване і 2-е) по пять руб. штрафа в пользу того же присутствия».
Чацвёрты вядучы. «Пінская шляхта» — значнае дасягненне беларускай літаратуры. Высокае майстэрства Дуніна-Марцінкевіча-драматурга, якое выявілася ў цікавым, займальным сюжэце, жывых характарах, умелым выкарыстанні багаццяў народнай мовы, вызначыла гэтаму твору доўгае жыццё. «Пінская шляхта» і цяпер з поспехам ставіцца на сцэне, карыстаецца папулярнасцю ў гледача.
Першы вядучы. Жывучы ў час, калі ў паслярэформеннай Расіі даволі інтэнсіўна развіваўся капіталізм, набірала сілу буржуазія, Дунін-Марцінкевіч не мог не выказаць сваіх адносін да гэтых сацыяльных працэсаў. Так узнікла камедыя «Залёты», галоўны пафас якой — выкрыццё Сабковіча (прадстаўніка буржуазіі) як чалавека амаральнага, хцівага, драпежнага.
Другі вядучы. П’еса «Залёты» ўдала завяршыла ўвесь творчы шлях пісьменніка — чалавека вялікай душы і шчодрага сэрца.
Трэці вядучы. У Вінцэнта Дуніна- Марцінкевіча была яшчэ адна радасць — невялікая школка, у якой навучаліся тры дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Найменшы з іх Антон Лявіцкі, будучы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш.
Чацвёрты вядучы. Вось што ўспамінаў Ядвігін Ш. пазней: «Дзіўлюся я цяпер, як ён мог столькі працаваць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці гаманілі, чыталі ўслых кніжкі, а часам і проста дурэлі. Але ён з пісаннем сваім, з думкамі сваімі ад усіх запіраўся ў каморку... Памятаю і вялікі куфар, куды хаваў ён сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адтуль у свет: па смерці Марцінкевіча стары дом згарэў, пайшла з дымам і большая палова працы гэтага заслужанага для нашай бацькаўшчыны чалавека».
Першы вядучы. Нягледзячы на небяспеку зноў апынуцца ў руках жандараў, В. Дунін-Марцінкевіч настойліва працягваў пісаць, хоць друкаваць творы пасля 1864 года было немагчыма. Пісаў з надзеяй, што хоць калі-небудзь яны дойдуць да чытача, паслужаць роднаму народу. Апошнія дні свайго жыцця ён бязвыезна правёў у сваёй хатцы.
Гучыць элегічная музыка.
Другі вядучы. Можна толькі здагадвацца, што перажываў выдатны сын Беларусі, якому ўлады падрэзалі крылы, забаранілі рабіць тое, што складала сэнс жыцця. Можна здзіўляцца яго духоўнай моцы, калі ў такіх умовах ён пісаў.
Трэці вядучы. 17 снежня 1884 года перастала біцца збалелае за народную долю сэрца Беларускага Дудара, першага буйнога сяўца на ніве новай беларускай літаратуры. Нашчадкі па-належнаму ацанілі яго ўклад у гісторыю беларускай культуры.
Чацвёрты вядучы. Імем В. Дуніна- Марцінкевіча названы вуліцы ў Мінску, Маладзечне, Івянцы, Пяршаях. Пастаўлены помнік на месцы яго пахавання. У гонар пісьменніка названы Магілёўскі абласны драматычны тэатр у Бабруйску, на радзіме В. Дуніна-Марцінкевіча, у вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Прагляд мультымедыйнага праекта «Беларускі Дудар».
Для замацавання ведаў па жыцці і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча настаўнік прапануе разгадаць крыжаванку, пасля запаўнення якой адзначае лепшых вучняў.
Крыжаванка «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч»
Крыжаванка пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Па гарызанталі: 4. Мястэчка, дзе прайшло дзяцінства В. Дуніна-Марцінкевіча. 5. Жанр драматычнага твора. 6. Літаратурны напрамак XIX стагоддзя. 7. Пасада, якую займаў В. Дунін- Марцінкевіч у 1831 годзе. 11. Як паказвае жыццё беларускай вёскі В. Дунін-Марцінкевіч у дарэформенны перыяд творчасці? 13. Сацыяльная праслойка ў вёсцы, якая мела прывілеі. 14. Гераіня п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта». 15. Фальварак, які набыў пісьменнік. 16. Адзін з герояў п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча, што ў сталым узросце хацеў ажаніцца з маладой дзяўчынай. 17. Герой п’есы «Пінская шляхта», які ўмее складаць грошы ў сваю кішэню. 18. Мова, на якой пісаў В. Дунін-Марцінкевіч.
Па вертыкалі: 1. Гераіня паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзенай у 1855 годзе. 2. Паэма, лёс герояў якой вырашае добрая пані. 3. Першы буйны твор В. Дуніна-Марцінкевіча. 5. Адзін з твораў пісьменніка, што можна чытаць або слухаць вечарам. 8. Кіраўнік паўстання, якое адбылося ў сярэдзіне XIX стагоддзя. 9. Населены пункт, каля якога размяшчаўся любімы фальварак драматурга. 10. Горад, дзе знаходзіцца тэатр імя В. Дуніна-Марцінкевіча. 12. П’еса В. Дуніна-Марцінкевіча. 14. Імя дачкі пісьменніка, якая за ўдзел у паўстанні трапіла ў Сібір.

Адказы
Па гарызанталі: 4. Панюшкавічы. 5. Вадэвіль. 6. Сентыменталізм. 7. Чыноўнік. 11. Ідэалізавана. 13. Шляхта. 14. Куліна. 15. Люцінка. 16. Куторга. 17. Кручкоў. 18. Беларуская.
Па вертыкалі: 1. Кацярына 2. «Гапон». 3. «Ідылія». 5. «Вечарніцы». 8. Каліноўскі. 9. Івянец. 10. Бабруйск. 12. «Залёты». 14. Каміла.

Напрыканцы выконваецца верш А. Лойкі «На магіле Дуніна-Марцінкевіча».

Пяты чытальнік.
Пад соснамі на кургане капліца,
А ля яе ў зямліцы спіць паэт.
Дубкоў чародка па-над ім журыцца,
Язмін схіляе белы чысты квет.
Ды не слязою горкаю, празрыстай,
У сыпістых, пясчаных берагах
Плюскоча Іслач ля шляху вірыста,
Збіраецца да Нёмна ў дальні шлях.
Яе вітаем мы ў задуме яснай
I прыгаршчамі п’ем. Глыток. Глыток.
I сонца па-над намі непагасна,
I невычэрпны Іслачы выток.