сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алесь ЗАЙКА, педагог, ДУА «Запалянскі дзіцячы сад — сярэдняя агульнаадукацыйная школа», Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць Пралеска 2011 г.

Навагодняе запрашэнне

П’еса-казка

Карціна першая

Лясная палянка, на якой дзе-нідзе растуць маленькія ялінкі. Збоку — стол, за сталом сядзіць Дзяцел, нешта друкуе на камп’ютары. Вісіць шыльда «Лясная пошта». На палянку залятае імклівая Сарока.

Сарока (торба на баку, у руках тэлеграма, трашчыць на ўсё горла). Паважаны Дзятлік! Ура, ура, ура! Нас запрасілі, нас запрасілі! На Новы год!
Дзяцел (спакойна). Сарока Белабокаўна, калі ласка, вельмі цябе прашу, не трашчы. Што там у цябе за тэлеграма?
Сарока. Ой, паважаны Дзятлік, нас запрасілі на Новы год. Хутчэй чытай.
Дзяцел (бярэ і чытае тэлеграму). «Дарагія лясныя жыхары! Сябры! Вельмі просім вас прыйсці на нашу навагоднюю ёлку. Нам будзе без вас сумна. Запрашаем усіх, усіх, усіх. Выхаванцы дзіцячага сада».
Сарока (зноў стракоча, ляскае ў ладкі). Без нас сумна, вельмі просяць, вельмі просяць. Усіх, усіх, усіх!
Дзяцел. Адну хвіліначку памаўчы, шаноўная Сарока. Лепей давай падумаем, што цяпер рабіць.
Сарока. Я думаю, я думаю, што трэба ўсім расказаць пра запрашэнне. Хай ведаюць, хай ведаюць, хай ведаюць!
Дзяцел. Я згодны. Тады давай пашлём жыхарам лесу тэлеграмы.
Сарока. А я сама, сама ўсім раскажу. (Паляцела.)
Дзяцел. Паляцела балаболка. (Садзіцца і выстуквае тэлеграму. Чытае.) «Увага! Увага! Увага! Усім! Усім! Усім жыхарам нашага лесу. Толькі што стала вядома, што дзеці запрасілі нас на навагоднюю ёлку. Збіраемся ўсе ў 11 гадзінаў раніцы (у тэксце прамаўляецца той дакладны час збору, калі п’еса будзе ставіцца) каля Лясной пошты, каб тады ісці на ёлку. Подпіс — Дзяцел, які загадвае поштай (указвае на сябе пальцам)». Гэта значыць — Я.

Карціна другая

Дэкарацыі тыя самыя, няма толькі стала з шыльдачкай. Сарока лятае па палянцы, крычыць, а з-за елкі за ёю назірае Воўк.

Сарока. Нас на ёлку запрасілі, нас на ёлку запрасілі!..
Воўк (выскаквае з-за куста і ловіць Сароку). Дык каго куды запрасілі?! Трашчыш так, ажно вушы пазакладала.
Сарока (моцна спалохалася). Ой, як ты напалохаў мяне, шаноўны Воўк.
Воўк (задаволена смяецца). О-о-о, я люблю папужаць. Ха-ха-ха. Дык на якую ёлку цябе запрасілі?
Сарока. Не адну мяне, а ўсіх нас, лясных жыхароў. I запрасілі дзеці на сваю навагоднюю ёлку. Збор у Дзятліка, збор у Дзятліка. Ой, даражэнькі Воўк, няма калі мне стаяць, трэба ўсім-усім расказаць. (Паляцела.)
Воўк (ходзіць па палянцы, думае пра нешта, гаворыць сам з сабой, усё больш уздыхаючы). Эх, як хочацца пабыць на гэтай навагодняй ёлцы. Скакаць і спяваць я мастак. (Танцуе, падвываючы; супыніўся, чэша за вухам.) Але боязна. I не пусцяць. Зайца ганяў? Ганяў. Сабак вясковых пужаў? Пужаў. Барана на лузе ўкраў? Украў. Эх, каб даравалі, ніколі ўжо шкоды не рабіў бы. (Садзіцца на пянёк, думае.)

Карціна трэцяя

Воўк сядзіць на пяньку, думае нешта свае, час ад часу ўздыхае. Ідзе Заяц, хрумстае моркву. Убачыўшы Воўка, падыходзіць да яго, б’е па плячы. Той ад перапуду аж нахіліўся да зямлі.

Заяц. Здароў быў, Воўк. 3 надыходзячым Новым годам цябе! Што? Напалохаў?
Воўк. Каго? Мяне? Я ж гэта проста гімнастыкай займаюся. Раз-два, раз-два (пад каманду то прысядае, то ўстае). А ты куды?
Заяц. Дык вось на ёлку сабраўся, іду да Дзятліка.
Воўк. То, кажаш, на ёлку? А цябе не пусцяць туды!
Заяц (здзіўлена). Чаму гэта не пусцяць?
Воўк. А моркву вось гэту дзе ўзяў? Ну, адкажы. Украў? Ага!
Заяц (зніякавеў). Але ж я маленькую... Якая засталася...
Воўк (смяецца). Так табе і паверылі. ...Не пусцяць.
Заяц (задумаўся). Няўжо не пусцяць мяне дзеці да сябе на ёлачку?.. Пайду параюся з Дзятлікам. (Выходзіць.)

Карціна чацвёртая

Воўк адзін. Дзік спяшаецца некуды.

Воўк. Куды спяшаешся, Дзік?
Дзік (прыпыніўся, убачыўшы Воўка). А, гэта ты, Воўк. На ёлку, куды яшчэ. Новы год жа хутка. Ты што — забыўся?
Воўк. Ды я не забыўся. Але не пусцяць нас на ёлку.
Дзік (здзіўлена). Ну, цябе, вядома, не пусцяць, а мяне чаго?
Воўк. Ах, які добранькі. Яго пусцяць, а мяне адразу і не. А ты ў людзей бульбу краў, вось. Ага, папаўся?! Краў. Вось і не пусцяць, вось і не пусцяць!
Дзік. Але я ж самую маленькую...
Воўк. А я, думаеш, вялікага бара­на з’еў? Адны рогі, лоб шырокі ды косці. А не пусцяць, відаць...
Дзік (хвіліну думае). Пайду ўжо, назад вяртацца не буду, што Дзятлік там скажа... (На твары задуменне, выходзіць.)

Карціна пятая

Воўк надта невясёлы. Уваходзіць Ліса.
Ліса. Добрага здароўечка, кумок мой даражэнькі! 3 надыходзячым Новенькім гадочкам цябе!
Воўк (нявесела). Добры дзень, кумка. I цябе таксама віншую з Новым годам!
Ліса. Дзякуй, але нешта сумненькі ты. Можа, зубок баліць? А я дык вось на ёлку іду да дзетак.
Воўк. Ідзі-ідзі. Яны там за гэты хвост пацягаюць цябе!
Ліса. А чаго ж яны будуць за мой хвосцік цягаць? Я там буду з імі ў карагодзе танцаваць.
Воўк. Патанцуеш, як паймаюць. Курэй крала? Крала.
Ліса. Во, мае слова гонару, адну-аднюсенькую ў гэтым годзе. I то яна папрасіла, каб я з’ела яе. Не, пайду я. Бывай, кумок. (Выходзіць.)

Карціна шостая

Уваходзіць Мядзведзь.
Мядзведзь. Здароў, брат Воўк! Чаго такі хмуры? Пойдзем на ёлку карагоды вадзіць, песні пець. Ты ж вялікі аматар спяваць.
Воўк. Я то люблю паспяваць, і добра спяваю (спявае: «У-у-у»), але баюся ісці.
Мядзведзь. А чаго баяцца. Запрашальная тэлеграма прыйшла. Усіх запрасілі.
Воўк. Не ведаеш ты гэтай Сарокі. Можа, выдумала. А як калоду з пчоламі ты краў, сам бачыў!
Мядзведзь. Ды я толькі на язык таго мёду і ўзяў: пчолы прагналі, каб на іх дождж. (Здагадаўшыся, павесялеў.) А я вось пайду і скажу, што больш ніколі так рабіць не буду. Вельмі ж хочацца на ёлку. Слухай, пойдзем разам. (Цягне за сабой Воўка, той вырываецца.)
Воўк. Баюся, ідзі адзін...
Мядзведзь выходзіць.

Карціна сёмая

Воўк, дзве вавёрачкі-сястрычкі.
1-я Вавёрачка. Добры дзень, дзядзечка Воўк!
2-я Вавёрачка. 3 Новым годам Вас, з новым шчасцем!
Воўк. Дзякуй, вавёрачкі. Бежаце на ёлачку?
1-я Вавёрачка. На ёлачку, дзядзька Воўк.
2-я Вавёрачка. Карагоды вадзіць, песні пець.
1-я Вавёрачка. Хадзем з намі!
2-я Вавёрачка. Хадзем з намі!
Воўк. Дзякуй, добрыя вавёрачкі. Але я баюся, што мяне не пусцяць. Гавораць, злы і нядобры я. Але ж выпраўлюся, і стану харошы-харошы.
1-я Вавёрачка. А я, як шкоды нараблю, хутчэй бягу ў мамы прабачэння прасіць, і яна адразу мне ўсё даруе.
2-я Вавёрачка. А яшчэ гаворыць: «Ах, якая разумніца, ах, якое вучонае дзіця. I шкоды нарабіла і прабачэнне папрасіла».
1-я Вавёрачка. I ты папрасі. (Выбягае.)
2-я Вавёрачка. I ты папрасі. (Выбягае.)

Карціна восьмая

Тыя ж дэкарацыі, што і ў карціне першай. За сталом сядзіць Дзяцел, побач з ім Сарока-паштальн. Перад імі на палянцы ўсе лясныя жыхары, акрамя Воўка. Шум, гоман.усе стараюцца нешта сказаць. Галасы: «А нам Воўк сказаў!», «А мы не ведаем!» і інш. Дзяцел звоніць у званочак.

Дзяцел. Лясное спадарства, цішэй, калі ласка. Пытанні задавайце па адным. Заяц, што там у цябе?
Заяц. А Воўк сказаў, што мяне не пусцяць на ёлачку. Быццам я ўкраў вось гэтую моркву (паказвае ўсім), а я ўспомніў: мне прыслалі яе самі дзеці ў падарунак.
Мядзведзь. I ён гаворыць, што ніякай тэлеграмы не было, а ўсё гэта Сарока напляла.
Сарока. Хто? Я? Сумленная Сарока/ (Плача.)
Дзік. Прачытай, Дзяцел, тэлеграму яшчэ раз.
1-я Вавёрачка. Калі ласка, прачытайце!
2-я Вавёрачка. Вельмі просім, дзядзечка Дзяцел!
Дзяцел (зноў чытае ўвесь тэкст тэлеграмы). Як чулі, дзеці рады будуць нам. А таму — усе ідзем на ёлку!
Усе. На ёлку, на ёлку, на ёлку! (Выходзяць.)

Карціна дзявятая

Воўк паказваецца з-за ялінкі, глядзіць услед звярам. Адзін.
Воўк. Пайшлі (азіраецца). Адзін я застаўся. Адзін на ўвесь лес. I сумна як стала. (Вые: «У-у-у».) А, можа, і праўда пайсці і сказаць, што Зайца больш лавіць не буду — раз, сабак пужаць — два, і бараны тыя шыракалобыя мне не трэба — тры. У новым годзе пайду працаваць трактарыстам, вось. Вазьмуся за розум, як мяне мой дзядуля прасіў.
Чутны галасы. Воўк зноў хаваецца за ялінку.

Карціна дзясятая

На палянку ўваходзяць Дзед Мароз і Снягурка. У Дзеда Мароза за плячыма мех з падарункамі. Снягурка ззаду падтрымлівае мех. Відаць, што Дзед Мароз стаміўся, бо выцірае пот з ілба.

Дзед Мароз. Стаміўся я, Снягурачка. (Убачыў пянёк.) Давай адпачнем трошкі. (Садзіцца.) Няхай дзеткі пачакаюць.
Снягурка. Дзедка, і лес нейкі пусты. I дзе ж гэта нашы сябры, лясныя жыхары, падзеліся? Няма каму памагчы табе падарункі дзецям занесці, а мех вунь які цяжкі.
Дзед Мароз. Так, так, Снягурачка. А хто яго ведае, дзе падзеліся
лясныя жыхары. Вось адпачнем трошкі і пойдзем да дзяцей. Як-небудзь і самі данясем.
Воўк (выскаквае з-за ялінкі). Я ведаю. Яны атрымалі тэлеграму з запрашэннем ад дзяцей і пайшлі ўжо на ёлку.
Снягурка. А ты чаго, Воўк, з імі не пайшоў?
Воўк. А я несці мяшок застаўся, памагчы вам трэба. Я ж ведаю: Новы год без Дзеда Мароза і Снягурачкі — не свята.
Дзед Мароз. Ну, вялікі дзякуй, даражэнькі Воўк! Які ты малайчына! Тады — пайшлі.
Дзед Мароз устае. Воўк, радасны, задаволены тым, што яго пахвалілі, бярэ мех з падарункамі. Ён цяжкі. Воўк хістаецца, але нясе. Выходзяць.

Карціна адзінаццатая

Праз колькі часу ў залу ўваходзяць лясныя жыхары.
Дзяцел. Добры дзень, дарагія дзеці. Ці рады вы нам?
Галасы. Заходзьце, рады, вельмі рады!
Ліса. Віншуем вас з надыходзячым Новым годам!
Усе звяры (разам). 3 Новым годам!
Падбягаюць дзеці, працягваюць лясным жыхарам рукі, гучыць музыка, усе становяцца ў карагод.

Карціна дванаццатая

Праз некаторы час ўваходзяць Дзед Мароз, Снягурка і Воўк з мяшком за плячыма. Дзед Мароз і Снягурка віншуюць дзяцей з Новым годам, раздаюць падарункі.
Дзед Мароз. Дзеці, давайце падзякуем Ваўку, бо гэта ён дапамог нам прынесці падарункі.
Воўк. Я — харошы, я больш не буду злым, я хачу гуляць з вамі.
Дзеці запрашаюць Дзеда Мароза, Снягурку і Воўка ў карагод. Агульнае святкаванне — гучыць музыка, дзеці водзяць карагоды, наладжваюць гульні, спяваюць.