сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. І. ФЕДАРЭНКА, настаўніца кармянскай СШ № 1 Гомельскай вобласці. Пачатковая школа 9/1995

Пакарміце птушак

Сцэнарый ранішніка

Праводзячы ранішнік “Пакарміце птушак", настаўнік ставіць мэту выхоўваць у дзяцей беражлівыя адносіны да прыроды, выклікаць у іх жаданне дапамагчы птушкам у зімовую бяскорміцу. Папярэдне праводзіцца вялікая падрыхтоўчая работа:
1. Гутарка “Птушкі, якія ў нас зімуюць".
2. Збор насення траў і іншага корму для зімуючых птушак.
3. Выраб кармушак і развешванне іх.
4. Назіранні за птушкамі ў час кармлення.
5. Складанне невялічкіх апавяданняў на тэму “Я кармлю птушак".
6. Завучванне вершаў.

Ранішнік пачынаецца ўступным словам настаўніка:
— Сёння, дзеці, мы пагаворым аб тым, якую карысць нам прыносяць птушкі, як прывабіць іх у нашы сады, лясы і агароды, як трэба ахоўваць птушак і дапамагаць ім зімой.
Шмат розных птушак жыве на зямлі беларускай.
Ў нашым краі — Беларусі —
Ёсць буслы, сарокі, гусі,
Качкі, чыбісы, саколкі,
Чаплі, совы, перапёлкі,
Каршуны, сіваваронкі,
Жаўранкі, шчыглы і слонкі,
Галкі, крумкачы, вароны,
Галубочкі нахахлёны,
Дзятлы, чыжыкі, зязюлі,
Кулікі, сяўцы, жаўнулі,
Шпакі, зяблікі, цяцеры,
Курапаткі з пер'ем шэрым,
Ластаўкі і верабейкі
І сініцы, салавейкі,
Каля рэчак, на лужайках,
Ёсць глушцы, стрыжы і чайкі,
I вядуцца на балотах
Жураўлі ў густых чаротах...
Так пісаў паэт Алесь Гурло.
Якія птушкі жывуць у нашай мясцовасці? Хто з іх адлятае ў вырай, а хто застаецца зімаваць? (Адказы дзяцей.) Дык вось, гэтым птушкам, якія зімуюць разам з намі, цяжка даводзіцца ў зімовую сцюжу, калі снег пакрывае ўсю зямлю белай коўдрай, свішча вецер, трашчыць мароз.
Чаму такі час лічыцца для птушак самым цяжкім? (Адказы дзяцей.)
Правільна, дзеці, таму што птушкам няма дзе здабываць сабе корм. Вось тут якраз і патрэбна ім наша дапамога.
Як мы можам дапамагчы птушкам? Што трэба мець для зімовай падкормкі птушак? (Ягады журавін, насенне гарбуза і сланечніка, сырое несалёнае сала — добры корм для сініц. Снегіры любяць частавацца ягадамі брусніц, рабіны, каліны, двухкрылаткамі клёну, насеннем лебяды і крапівы. Проса вельмі любяць аўсянкі. Крылаткамі ясеню, ягадамі рабіны, каліны падкормліваюць драздоў. Варонам, галкам, галубам даюць рэшткі ежы, крошкі белага хлеба. Чорны хлеб шкодны для птушак.)
Вясной і летам, калі свеціць сонейка, а на зямлі і ў паветры шмат розных жучкоў, чарвячкоў, вусеняў і мошак, птушкі радуюцца жыццю. Яны выводзяць сваіх маленькіх птушанят, спяваюць вясёлыя песні. У гэты чао яны знішчаюць вялікую колькасць шкоднікаў на нашых палях, агародах і ў садах.
Маленькія птушаняты вельмі многа ядуць, таму хутка растуць. Неўзабаве яны вырастаюць, пакрываюцца пер’ем і набіраюць вагу дарослай птушкі.
Вучоныя, якія вядуць назіранні за жыццём птушак, падлічылі, што за адно лета сям’я ластавак з’ядае каля 1 000 000 розных шкодных насякомых; сям’я шпакоў за дзень — каля 350 вусеняў, жукоў і чарвякоў. Зязюля за гадзіну знішчае каля 100 вусеняў, сава за адну ноч — 7 — 8 палявых мышэй. Мухалоўка за два месяцы з’ядае каля 50 000 мух, а мухі — нашы ворагі, таму што яны пераносчыкі розных заразных хвароб...
Гэтыя лічбы гавораць аб тым, якую карысць прыносяць птушкі людзям. Нездарма існуе прымаўка: “Пакармі птушак зімой, яны адплацяць табе вясной”.
Пасля ўступнага слова настаўніка можна правесці гульню “Паляванне з фотаапаратам". Вучням па чарзе прапануецца нібыта прайсці па зімовым лесе і з кожным крокам “фатаграфаваць” новую птушку, называючы яе. Пераможа той, хто “сфатаграфуе” больш птушак.
Затым дзеці адгадваюць загадкі і чытаюць вершы ў парадку, прапанаваным настаўнікам.
Загадкі
Адгадайце, што за лекар
У лясах жыве спрадвеку,
Лечыць летам і зімой
Дрэвы дзюбаю сваёй.
(Дзяцел.)

Шустранькі, маленькі,
Сам у шэрай світцы,
Шукае канапелькі,
Каб трошкі пажывіцца.
(Верабей.)

Удзень адпачывае,
Забіўшыся дзе ў хвойнік,
А ноччу выгукае,
Нібы які разбойнік.
Папаляваць ён любіць,
Калі ўсім іншым спіцца,
Яго баяцца людзі,
А ён людзей баіцца.
(Сыч.)

Хто ў чырвоных ботах
Ходзіць па балотах?
(Бусел.)

Дом без печы, без акон,
Толькі дзверы на балкон,
Дом на дрэве... Угары.
Весяляцца жыхары.
Прыход вясны заўжды вітаюць
I песні голасна спяваюць.
(Шпакі.)

Першым да нас ён вясной прылятае,
Радасна, весела ўсіх нас вітае.
Белая дзюба, чорны фрак,
А называецца птушка...
(грак).

Не на дрэве, не ў кустах
Пасяліўся шэры птах —
Ён жыве у полі,
Дзе прастору болей,
К сонцу падымаецца,
Песняй заліваецца.
(Жаваранак.)

Чапу-лапу па вадзе
Птушка шэрая ідзе.
Хай там спёка, хай там слота —
Жыць не можа без балота.
(Журавель.)

Хапаткія ў мяне крылы,
Хвосцік востры, нібы вілы,
3 гліны я гняздо ляплю,
Мошак на ляту лаўлю.
(Ластаўка.)

Прыляцела да кармушкі
Размалёваная птушка,
Паспытала дзюбай сала
I сябровачак пазвала.
(Сінічка.)

Па дарожцы скок ды скок
Чорны хвост і белы бок.
Ляскаюць ляшчоткі
Ў гаварлівай цёткі.
(Сарока.)

Вершы

Лясная сталовая
Цяжка птушкам і звяркам
У зіму суровую.
Я кажу сваім сябрам:
— Зробім ім сталовую!

Хутка з пнёў змялі сняжынкі
I кладзём на іх скарынкі;
Сыплем ягады рабіны,
А яшчэ і журавіны,
Шышачкі яловыя —
Сапраўды сталовая!
П. Прануза.

Снегіры
Як агеньчыкі, ў двары
Скачуць, скачуць снегіры.
Запытала ў брата Таня:
— Можа, снег ад іх растане?
П. Прануза.


Прыляцелі госці
Прыляцелі госці,
Селі на памосце,
Сталі сакатаці,
Просяць есці даці.
Вазьму ў сенцах сіта,
Вынесу ім жыта.
3 рукаўца-мяшэчка
Пачастую грэчкай.
Дам паўрукавіцы
Ярыцы-пшаніцы.
Кіну ўсім патроху
Бобу і гароху.
На закуску жменю
Сыпану ячменю.
В. Вітка.


Зімовая сініца
На месцы не сядзіцца
і ў снег, і ў золкі вецер —
шчаслівая сініца
гайдаецца на вецці.
Ніхто не заспявае
званчэй каля дарогі...
Адзін снягір, бывае,
пасвіствае патрохі
ды дзяцел доўгай дзюбай
б'е так, што шышка трэсне...
Паслухаць яго люба,
ды хіба гэта песня?
М. Дукса.


Верабейка
Верабейка ўвесь дрыжыць:
Як тут жыць? Як пражыць?
Набліжаецца зіма —
Цёплай вопраткі няма.
Чык-чырык! Чык-чырык!
Я ад холаду адвык,
І азяб, і прамок,
Слаба грэе мой пушок.
Вецер. Холад. Дождж імжыць...
Як тут жыць? Як пражыць?
Чык-чырык! Чык-чырык!
Я ад холаду адвык.
С. Шушкевіч.


Пісьмо птушак
Лёг сняжок пушысты,
Белы, як папера,
А на снезе птушкі
Ў каляровым пер’і.
Снегіры, сініцы,
Галкі-забіякі
На паперы гэтай
Пакідаюць знакі.
Цэлую гадзіну
Дзеці прастаялі,
Што гэта за знакі?
Не, не адгадалі.
Падышоў дзядуля,
Акуляры ў рукі:
— Зараз адгадаем,
Дарагія ўнукі.
Гэта пішуць птушкі:
Ў іх няма кармушкі,
Просяць хоць бы трошкі
Зерня, хлебных крошак.
А. Пысін.


Дрозд
—Адкажы, чаму ты, дрозд,
Гэтак здорава падрос?
— Шмат заўсёды ем рабіны.
Ну, а гэта ж вітаміны,
В. Вітка.


Верабей
Холад цісне ўсё мацней,
Стынуць дрэвы ў шэрані.
Прабірае да касцей
Верабейку шэрага.
Скача, скача па двары,
Пырхае, чырыкае.
Гора, што ні гавары,
Гора, дый вялікае.
Абляцеў усё сяло,
Гумны ўсе і сметнікі, —
Ні крупінкай, як назло,
Не разжыўся, бедненькі.
Прахапіўся верабей,
Зірк: ажно за студняю
У кармушцы на вярбе
Снегіры палуднуюць!
Ён туды — чырык, чырык!
Узляцеў на дошчачкі:
— Расступіцеся, сябры,
Дайце мне хоць трошачкі.
Н. Гілевіч.


Мухалоўка
Мухалоў і мухалоўка
ловяць мух і мушак лоўка,
але самі не ядуць —
да гняздзечка іх нясуць.
А ў гняздзечку — пяць галовак.
Гэта дзеткі мухаловак.
Мухалоўкам з імі гора —
незвычайныя абжоры.
Што хвілінна ў бацькі й маткі
просяць есці птушаняткі
і пішчаць, пішчаць што духу:
—Дайце муху! Дайце муху!
А. Вольскі.


Дзяцел
— Ты скажы мне, браце,
што за перастрэлка?
— Гэта доктар-дзяцел
аглядае елку.
Кожную галінку
пільна правярае,
шкодныя лічынкі
пад карой шукае.
Стук пачуўшы ў лесе,
прыгадай з падзякай:
гэта ўмела лечыць
дрэвы доктар-дзяцел.
В. Пчолка.


Нашы сябры
Снегіры, сінічкі,
Сыплю вам пшанічкі,
Крупак, крошак хлеба!
Вам жа мала трэба!
Ешце, любыя сябры,
Не ляціце ў лес, бары,
А жывіце у двары
Да вясенняе пары.
Вось для вас кармушкі,
Птушкі-шчабятушкі,
Нашы весялушкі.
С. Шушкевіч.