сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына КАШЫНСКАЯ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці,
Наталля АКАЛОВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі першай катэгорыі, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Дзяржынска Мінскай вобласці. Пралеска 04/2018

Свята беларускай народнай цацкі

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: замацоўваць уяўленні дзяцей пра беларускія народныя цацкі, далучаць да багацця беларускай мовы; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць патрыятызм.
Матэрыял і абсталяванне: касцюм Дзеда-барадзеда для дарослага, 7 дзіцячых народных строяў, прэзентацыя «Беларускія народныя цацкі», куфар, цацкі з дрэва: «Пільшчыкі», «Кавалі», 10 свістулек і бразготка з гліны, конь з саломы, лялька з ільну, 10 лялек з тканіны, 7 драўляных коней-скакалак, 3 снапы, аўдыязапісы: беларускай народнай музыкі, песень: «Калыханка» (сл. Г. Бураўкіна, муз. В. Раінчыка) у выкананні I. Дарафеевай, «Дзед-барадзед» (сл. А. Вольскага, муз. Л. Захлеўнага).

Ход мерапрыемства

Зала ўпрыгожана ў беларускім стылі. Гучыць урывак з песні «Дзед-барадзед», у залу ўваходзіць Дзед-барадзед.
Дзед-барадзед. Добры дзень, мае сябры! Ці пазналі мяне? Ці чакалі? (Адказы дзяцей.) Сёння я прынёс вам у падарунак сапраўдныя цуды. Якія? Адгадайце! Без чаго дзіця гуляць не зможа? (Без цацак.) Так, я прынёс цацкі. Якія вам падабаюцца больш за ўсё? (Адказы дзяцей.) Мае цацкі іншыя, не такія, як вашы, але іх ведае ўвесь свет.

Дзед-барадзед падыходзіць да куфра, адчыняе яго. На мультымедыйным экране дэманструецца прэзентацыя «Беларускія народныя цацкі».

Дзед-барадзед.
Чароўны куфар, адчыніся,
Што ў куфры ляжыць — пакажыся!
На сярэдзіну залы выбягаюць дзеці.

1-е дзіця.
Так карцела нам дазнацца,-
Як раней стваралі цацкі?
3 мамай, з татам вечарамі
Мы адказ шукалі самі.

2-е дзіця.
Кнігі мудрыя гарталі
I малюнкі разглядалі,
А старэйшы брацік
Пеця Шчыраваў у інтэрнэце.

3-е дзіця.
Спакваля і паступова
Мы дазналіся нанова,
Што рабілі нашы продкі,
Каб парадаваць салодкім —
Каб адмысловымі былі
Цацкі роднае зямлі.

4-е дзіця.
Выраблялі з дрэва, гліны,
Ільну, саломкі і тканіны,
На дабро іх замаўлялі
I узорам аздаблялі.

5-е дзіця.
Дзякуй вялікі маме і тату,
Ну і, вядома ж, старэйшаму брату
За тое, што зведалі вельмі багата
Пра цацкі, якімі ўпрыгожана хата.

Дзед-барадзед.
Дзівіцеся на вырабы старажытныя,
Такія прывабныя і самабытныя!

(Дастае з куфра свістульку.)
Гліняная птушачка,
Свістулечка-пяюшачка.
Дзьмеш — салоўкай заспявае,
Ласкай душу атуляе.

Ансамбль свістулек

(пад бел. нар. песню «Мікіта»)
Дзед-барадзед. 3 чаго зроблены свістулькі? (3 гліны, гліняныя.) Іх рабілі ў выглядзе розных істот: птушак, конікаў, качак, баранчыкаў. Іх мілагучнае гучанне адганяла ад дзіцяці ліха і хваробы, весяліла, дапамагала бавіць час.
(Дастае гліняную бразготку, трасе.)
Чуеце вы, дзеці, гром?
Так грымяць бразготкі —
Гліняныя трашчоткі.

Гэта пустацелы гліняны шарык, куды насыпалі пясок ці маленькія каменчыкі. Калі нараджалася немаўлятка, бразготка была, бадай што, першай яго цацкай. Зараз давайце пагуляем.

Беларуская народная гульня «Гарлачык»

Дзед-барадзед (дастае з куфра саламянага каня, дэманструе яго прысутным).
Конь чароўны, саламяны,
Прамяніста-палымяны —
Я вазьму яго ў далоні,
Хай ніхто нас не дагоніць!
Конь зроблены з... (Саломы.) Правільна, а адкуль яна ўзялася? (3 жыта, пшаніцы.) Так, а жыта і пшаніца чаму выраслі? (Людзі пасеялі.) Для чаго пасеялі? (Каб хлеб быў.) Як жыта і пшаніцу выбіралі? (Жалі, на полі снапы ставілі.)

Песня «Жала, жала я пшаніцу»

(сл. народныя, муз. А. Рэмізоўскай)
Дзед-барадзед. Жнейкі пшаніцы нажалі, у полі снапы пакінулі. Гайда гуляць!

Гульня «Снапы»

У зале ставяць 3 снапы, вакол іх групамі становяцца дзеці, узяўшыся за рукі. Пад беларускія народныя мелодыі ўсе разбягаюцца па зале і выконваюць танцавальныя рухі адпаведна характару музыкі. Па заканчэнні мелодыі трэба хуценька сабрацца ля свайго снапа. Пераможцамі з’яўляюцца тыя, хто выканаюць заданне першымі.
Дзед-барадзед (дастае з куфра драўляныя цацкі «Пільшчыкі» і «Кавалі», дэманструе дзецям).
Піляць пільшчыкі бясконца
Невялічкае бярвёнца,
Па кавадле б’юць старанна
Кавалі драўляныя.
У даўніну хлопчыкі любілі яшчэ адну забаву.
Хлопчык (падыходзіць да Дзеда-барадзеда з драўляным канём-скакалкай).
У мяне ёсць конь драўляны,
Ён вясёлы і рахманы,
Цэлы дзень мяне ён возіць
I зусім аўса не просіць!
3. Марозаў
Гэй, хлопчыкі, бяжыце да мяне!
Выходзяць хлопчыкі з канямі-скакалкамі.

Песня-танец «Мае забавы»

(сл. 3. Бядулі, муз. А. Рэмізоўскай)
Дзед-барадзед (дастае з куфра ляльку з ільну, дэманструе дзецям).
Паглядзіце, якія ў маім куфры незвычайныя лялькі схаваліся! Гэтая пацеха — для дзяўчынак.
1-я дзяўчынка (падыходзіць да Дзеда- барадзеда, бярэ ляльку, калыша).
3 ільнянога валакна
Лялька зроблена мая.
Я ёй вельмі ганаруся:
Мы абедзьве беларускі.

Беларуская народная гульня «Лянок»

Дзед-барадзед.
3 пярэстых абрэзкаў зацята
Шылі старанна дзяўчаты
Дываны, бялізну, коўдры,
Абрусы тагачаснай моды.
А з маленькіх акрайчыкаў
Стваралі лялек і зайчыкаў.

(Дастае з куфра і дэманструе ляльку з тканіны.)
2-я дзяўчынка (падыходзіць да Дзеда-барадзеда, бярэ ляльку, закалыхвае).
Ляльку я сваю люблю,
Ёй сукеначку зраблю,
Пачастую цёплым чаем,
Як дачку, закалыхаю.
Дзед-барадзед. Выходзьце, дзяўчынкі, з лялькамі гуляць!
Выходзяць дзяўчынкі з лялькамі з тканіны.

Танец дзяўчынак з лялькамі

(пад песню «Калыханка»)
Дзед-барадзед. Ці спадабалася гуляць з маімі цацкамі? (Так.)
Бразготкі, лялькі, павукі,
Мядзведзі, пеўнікі, быкі,
Птушкі шчасця — ўсе яны
Адметнасць роднае зямлі.

Песня «Куточак зямлі»

(сл. і муз. Я. Жабко)
Дзед-барадзед.
Цацкі нашай даўніны
Дабром і цеплынёй заўжды
Напоўняць нашы сэрцы.
Шчыра ў лепшае ўсе верце!
ЛюбіЦе іх, гуляйце з імі
, 3 цуда-цацкамі маімі!
Але час развітвацца, да новых сустрэч!

Гучыць урывак з песні «Дзед-барадзед», Дзед-барадзед выходзіць з залы.

Літаратура:

1. Знаткевіч, I. Як раней стваралі цацкі? / I. Знаткевіч, Т. Краско // Пралеска. — 2017. — № 10. - С. 8-9.
2. Старжынская, Н. С. Народная цацка — люстэрка культуры (ад 3 да 7 гадоў) : дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з бел. і рус. мовамі навучання : з электрон. дад. / Н. С. Старжынская, Д. М. Дубініна. — Мінск : Выш. шк., 2014.