сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. А. МЯЖЭВІЧ, настаўнік вышэйшай катэгорыі Смальянскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Беларуская мова і літаратура 10/2019

Спадчына роднага краю

Краязнаўча-этнаграфічныя заняткі для вучняў VIII—IX класаў

Метадычная распрацоўка заняткаў падрыхтавана згодна з праграмай аб'яднання па інтарэсах навучэнцаў гісторыка-краязнаўчага кірунку па раздзеле «Побыт беларусаў». У Смальянскай сярэдняй школе Аршанскага раёна дзейнічае этнаграфічны куток «Спадчына», у якім сабрана больш за 200 прадметаў побыту беларусаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Гэтая калекцыя дае падставы і дапамагае педагогу правесці заняткі аб'яднання па інтарэсах у этнаграфічным кутку. На раздзел . «Побыт беларусаў» адведзена 6 гадзін заняткаў, з іх 2 — на знаёмства з гісторыка-тэарэтычным матэрыялам і 4 гадзіны — на правядзенне практычных заняткаў. Прапаную вашай увазе першыя практычныя заняткі ў школьным этнаграфічным кутку. Навучэнцы выбіраюць некалькі прадметаў этнаграфіі са школьнай краязнаўчай калекцыі, яны, працуючы ў парах, збіраюць інфармацыю пра іх, а ў канцы заняткаў выступаюць з прэзентацыяй.
Навучэнцы вывучаюць канкрэтныя краязнаўчыя пытанні, назапашваюць вопыт пошукава- даследчай працы. Педагог на занятках надае ўвагу развіццю іх камунікатыўнай культуры і творчых здольнасцей (выразнае чытанне, тэатралізацыя).
Праца з этнаграфічным і краязнаўчым матэрыялам спрыяе выхаванню пачуцця любові да сваёй малой радзімы, абуджае ў школьнікаў цікавасць да гісторыі роднага краю.


Мэта: стварыць умовы для знаёмства навучэнцаў з прадметамі этнаграфіі і побыту сваёй мясцовасці.
Задачы: спрыяць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, стварыць станоўчую матывацыю да вывучэння народнай спадчыны і культуры, садзейнічаць развіццю творчых задаткаў і магчымасцей навучэнцаў, іх звязнага маўлення, умення працаваць з тэкстамі, навыкаў выразнага чытання, тэатралізацыі, выхоўваць павагу да продкаў, майстроў-умельцаў, іх таленту.
Абсталяванне: карткі з тэкстамі Алеся Разанава аб прадметах побыту беларусаў; карткі з прыказкамі, фразеалагізмамі і параўнаннямі пра этнаграфічныя прадметы; схема-памятка «Пашпарт этнаграфічнага экспаната»; зборнік загадак пра этнаграфічныя прадметы «Загадкі з роднай хаткі», падрыхтаваны ў 2019 годзе навучэнцамі ў ходзе навуковага даследавання.
Тэатралізацыя (продаж на кірмашы).
Эпіграфы:
Гэта — спадчына святая,
Непрыдуманая, тая,
Што спакон вякоў вялася,
Што ў сэрцы засталася.
Пятрусь Броўка.

Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына — гэта наша мінулае, наша памяць. Цяжка ўявіць сябе чалавекам без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй.
Спадчына — гэта народныя звычаі і культура, якія складваліся вякамі ў беларускім народзе і якія засталіся нам (Янка Сіпакоў).

Ход заняткаў


I. Арганізацыйны момант.
II. Актуалізацыя тэмы.
Першы чытальнік (выконвае верш А. Разанава «Лесвіца» ).
Па крутой, стромкай лесвіцы я ўздымаюся ўсё вышэй і вышэй, каб дасягнуць нарэшце той апошняй, той завяршальнай прыступкі, з якой можна было б рынуцца ў неабсяжнасць —
і апярэдзіць самое жыццё,
і апярэдзіць самую смерць...

Колькі прыступак я ўжо мінуў?!.
Здаецца, іх утварае сама хада, сам рух, само маё падыманне ўгору, само маё спадзяванне, што там, вышэй, я стану мацнейшы, чым быў дагэтуль, і змагу тое, чаго не магу цяпер...
Яны адна з адной вынікаюць, яны адна другую прадбачаць, яны перашкода, яны і апора, яны спыняюць, яны і вядуць.

Вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за гнёзды, вышэйшы за воблакі, вышэйшы за вышыню — я слухаючую, як мне паўтарае ўпарта мой пакінуты ўнізе двайнік:
«Вяртайся!..
Прыступка апошняя тут.
У неабсяжнасць трэба ўздымацца адгэтуль».

Настаўнік. Давайце на сённяшніх занятках паспрабуем падняцца на невялічкую прыступку ў вывучэнні спадчыны нашых продкаў, якія жылі на гэтай зямлі, працавалі, стваралі матэрыяльныя каштоўнасці, развівалі і ўзбагачалі нашу культуру, шанавалі звычаі і традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў.
III. Праца па тэме практычных заняткаў.
Задачы: пазнаёміцца з прапанаванымі
матэрыяламі, сістэматызаваць іх, правесці міні-даследаванне.
Прадукт: запоўнены пашпарт этнаграфічнага прадмета, прэзентацыя створанага даследавання, знойдзеных загадак, прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, параўнанняў, складанне крыжаванкі і сінквейна, рэкламы для продажу прадмета на смальянскім кірмашы.
1. Паведамленне тэмы заняткаў кіраўніком аб’яднання. Вызначэнне мэты і задач навучэнцамі.
Настаўнік. На практычных занятках мы будзем знаёміцца з прадметамі побыту, якімі карысталіся нашы продкі ў канцы XIX — на пачатку XX стагоддзя. Вам прапануецца выбраць некалькі экспанатаў у нашым этнаграфічным кутку і сабраць як мага больш інфармацыі пра іх. Для гэтага вы можаце карыстацца «Этнаграфіяй Беларусі», зборнікам Ф. Янкоўскага «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы», тэкстамі вершаказаў А. Разанава, зборнікам «Загадкі з роднай хаткі».

Пашпарт этнаграфічнага прадмета
1. Назва прадмета.
2. Апісанне прадмета.
3. Прызначэнне прадмета.
4. Матэрыял, з якога вырабляецца прадмет.
5. Назва прафесіі майстра па вырабе прадмета.
6. Адметнасць у літаратурным апісанні прадмета.
7. Найбольш удалая, на мой погляд, прыказка ці прымаўка пра прадмет.
8. Найбольш удалы, на мой погляд, фразеалагізм пра этнаграфічны прадмет.
9. Найбольш складаная загадка пра этнаграфічны прадмет.
10. Мая ўласная рэклама прадмета.

Прыказкі пра рэкламу тавараў

Добры тавар сам сябе хваліць.
Які тавар, такая плата.
Абы тавар, купец будзе.
Кожны купец свой тавар хваліць.

Віктарына «Народныя загадкі»

1. Якой прыладай карысталася баба, каб спячы ў печы калабок? (Лапатай.)
2. На чым лётала Баба Яга? (На ступе.)
3. Як называлі раней дзяцей, якія нарадзіліся ў полі ў час жніва без дапамогі бабкі- павітухі? (Жытнічкі.)
4. Прыгадайце назву аповесці Міхася Стральцова, у якой ёсць слова «лапаць». («Адзін лапаць, адзін чунь».)
5. Узнавіце прапушчаныя словы ва ўрыўку з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»:
Кастусь у запечку стхарыўся,
Абуцца ў ... прымудрыўся,
А ў ... вушкі скураныя
Былі ўжо досыць пажылыя.
(Лапці, лапцях.)
6. Чым я больш вярчуся, тым я больш таўсцею. (Верацяно.)
7. Сама пад страхою, а хвост мокры. (Кудзеля.)
8. Ідуць ад хаты — крычаць і скачуць, ідуць дахаты — маўчаць і плачуць. (Вёдры.)
9. Рые, капае, люстрамі ззяе. (Плуг.)
10. Трашчыць, верашчыць, а ў лес не лезе. (Барана.)
11. Адна матка дванаццаць сыноў мае і на ўсіх націскае. (Граблі.)
12. Маленькі, гарбаценькі ўсё поле абскача. (Серп.)
13. Зубы вострыя мае, дробна жуе, а не глытае. (Піла.)
14. Нос кручком, сам худ, а галава з пуд. (Бязмен.)
15. Чырыкі-панічыкі па ліпавым мосце скачуць. (Гарох у рэшаце.)
16. Нажом рэзалі, дротам вязалі, а ён не плача — па падлозе скача. (Венік.)
17. У зялёным кабаточку стаіць паненка ў куточку. (Бярозавы венік.)
18. Каля ямы з булавамі. (Міска і лыжкі.)
19. Жалезны конік, драўляны воз, малявану пані да касцёла вёз. (Вілкі і гаршчок.)
20. За лесам лясанскім, за полем палянскім плакала-рыдала голасам татарскім. (Скрыпка.)
21. Два зайцы рэжуцца — белая кроў ідзе. (Жорны.)
22. Увесь лес пад абрэз, а два дубкі вышай. (Драўлянае вядро з вушкамі.)
23. Свісне, блісне — семсот ляжа. (Каса.)
24. Чорная свінішча на ўсю хату свішча. (Патэльня.)
25. Як не есць, то ляжыць, як паесць, то стаіць. (Мяшок.)
26. На паповым полі папутаны коні, вузлы пазавязаны, хто не ўмее, той не паразвязвае. (Замкі.)
27. Брат з брата кашулю здымае. (Рукавіцы.)
28. Чатыры сястрычкі беглі ў бруснічкі, адна другую не дагоняць. (Колы ў калёсах.)
29. На той свет ідзе скачучы, а з таго свету — плачучы. (Вядро.)
30. У вясковай світцы, полымя на нітцы. (Свечка.)
31. Пазаплоццю чырвоны парсючок бегае. (Кросны і чаўнок.)
32. Стаіць мядзведзь — на два бакі валюх- валюх. (Ступа і таўкачы.)
33. Расцілі, збіралі, тапталі, ткалі і на стол заслалі. (Абрус.)
34. Новая пасудзіна, а ўся ў дзірках. (Рэшата.)
35. Нібыта фокуснік той стужкі,
Ён выкідае з рота стружкі. (Рубанак.)
36. Жоўтая вавёрачка па жэрдачцы скача. (Лучына.)
37. Кланяецца, кланяецца, гулка б’е, рукой матляе, людзям зерне на хлеб выбівае. (Цэп.)

2. Рэчы і прадметы. Зварот да вершаказаў Алеся Разанава.
Настаўнік. Вершаказ — напісаная ў форме версэта паэтычная медытацыя, у аснове якой — роздум пра сутнасць нейкай рэчы, прадмета, з’явы. Галоўны мастацкі сродак, што арганізуе вершаказ, — паэтычная этымалогія. Па сутнасці, вершаказ уяўляе сабой разгорнуты паэтычны этымалагізм, у якім выяўляюцца часам самыя нечаканыя асацыятыўныя сувязі паміж асобнымі словамі-паняццямі на аснове іх гукавога падабенства. Тэрмін уведзены ў літаратурную практыку Алесем Разанавым. Ён у дыялогу крытыка з паэтам «Паэзія ў спасціжэнні паэзіі...» дае наступнае тлумачэнне сваім вершаказам: «У іх словы (і рэаліі) расказваюць сваю біяграфію, успамінаюць свой радавод».
Вось адзін з яго вершаказаў — «Кудзеля»:
Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.
Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а — куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.

Кудзеля — работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.

Калі дзіда — удзел мужчыны, то кудзеля — жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі, «цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» — долю.
Увага! Загадка: «Чым больш я вярчуся, тым больш таўсцею». (Верацяно.)
Безумоўна, можна здагадацца, што гэта верацяно, якое з кожным паваротам становіцца таўсцейшым.
Другі чытальнік (выконвае верш А. Разанава «Верацяно» ).
Нібы яго точыць верад, верацяно шчыруе ад цямна да цямна, а калі запальваецца лучына, то ў часы вялікіх і мігатлівых ценяў, і такім чынам расце: набывае ўсё большую вагу, таўшчыню і вартасць.

Скіроўваючыся сваім верхам і нізам у два процілеглыя канцы, сумяшчаючы і ўраўнаважваючы ў сабе два процілеглыя вектары, верацяно не западае ў невараць, а ўцягвае навакольную прастору ў віртуальную сферу свайго ўплыву.

Быццам віруе вір, верацяно верціцца адно толькі наўкола самога сябе і, «перацягваючы» разбэрсанае ў спарадкаванае, няпэўнае ў пэўнае, верыць, што яно цэнтр рэчаіснасці.
I ці возьмецца хто пярэчыць, што яно не мае рацыі?!.
Паведамленне вучня
Верацяно — прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. Верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка даўжынёй 20—30 см. з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных верацёнах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні. У народзе пра верацяно гаварылі: «Завярцелася, закруцілася і выкруцілася неба, а затым пачало круціцца далей, і выкруцілася зямля».
Вострае верацяно выкарыстоўвалі ў якасці абярэга ад усялякай нечысці. Тры верацяны клалі «пад калыску дзіцяці» — каб нячыстая сіла не магла падкрасціся да дзіцяці, нашкодзіць, а калі і падыходзіла, то пасля ўколу адбягала. Паколькі верацяно было выключна «жаночай прыладай», то менавіта на ім пераразалі пупавіну дзяўчынцы, што нарадзілася — каб у будучым умела добра прасці.
Існавала строгая забарона на прадзенне ў святы. Тады верацяно не толькі не бралі ў рукі, але хавалі далей ад вачэй — як бы не наклікаць бяды на саму гаспадыню і ўсю яе сям'ю. Бытавала легенда, што змяя-вераценніца з'явілася ад таго, што нехта парушыў забарону на прадзенне ў час Каляд, а затым выкінуў верацяно, замест таго, каб спаліць яго. Існавала таксама некалькі прыкмет, звязаных з верацяном. Укалоцца ім — да «хуткага кахання»; калі верацяно часта выпадае з рук — сяброўка адбівае ў дзяўчыны кавалера.
Доўгія і няўтульныя лістападаўска-снежаньскія вечары так і называлі — «папрадушкі».
Трэці чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Скрынка» ).
Калі яе адчыняюць, яна скардзіцца, яна скрыпае.

У ёй захоўваецца скрытае — скарб: ім яна поўная, ім змястоўная, ім ацэньваецца яе вартасць.

Усе думаюць, што яна скнара, што яна «рынак», але сама скрынка ведае, што яна скрыпка, у якой няма струн.

Настаўнік. Паслухайце загадку: «Свісне, блісне — семсот ляжа». (Каса.)
Чацвёрты чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Каса» ).
Каса — косая, аднак там, дзе яна праходзіць, застаюцца чыстыя, без касмыкоў, касынкі лугоў і роўныя каснікі пакосаў.

Каса не спакушаецца славай і не выстаўляецца напаказ: яна толькі першаю, у расу, каштуе тыя «смакосы», якія пасля будуць каштаваць каровы і козы.

Каса касуе ўсё, што ўзводзілі вясна і лета: яе кранае не краса званцоў, касачоў ці каласоўнікаў, а косінусы і катангенсы стасункаў з імі.

Пасада ў касы каставая — ад Касандры: яна прадказвае ўсім аднолькавы лёс і сама ж вершыць яго.

На касу, як на смерць, касавурацца гусакі, на касу сыкае асака, яе кусаюць камяні, ад яе адкасоўваюцца кусты, але, вітаючыся з ёю, касу ксціць касец Ясь і — развітваючыся з ёю — касінер Кастусь.

Настаўнік. А цяпер чарговая загадка: «Бярвёны абчэша, палена расколе, сама не імкнецца, як іншы, да славы, стаіць сабе ціха ў куточку за лавай». (Сякера.)
Пяты чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Сякера» ).
Сякера з сакрэтам: яна адначасова сталёвая і драўляная, кароткая і доўгая, крывая і простая, вострая і тупая, яскравая і цьмяная, — у ёй з’ядноўваюцца краі, супадаюць кроці, гавораць на адной мове карысць і кара.

Сякера мае справу з дрэвам: яна абцінае на ім сукі-раскірэкі, зганяе скуру-кару, падсочвае, рассякае.
Ёй карціць знайсці ў дрэве скрытае, «sakrum», а знаходзіць яна адно толькі «аскерыкі» — трэскі- аскепкі.

Калі сякера ўвіхаецца, калі яна прыскорвае спор, тады яна акраса працы, і скруха не можа яе скарыць.

Сякера хаўрусуе з усімі прыладамі, што «ўваскрашаюць» свірны, цабэркі, крэслы, скрынкі, куфэркі, але сярод іх яна — кесар.

Настаўнік. Сякера — дбайная працаўніца і памочніца. Ёй нарыхтоўвалі дровы, вычэсвалі зрубы хат і інш. Пра сякеру існуе шмат народных загадак: «Мар’янка-курцянка пабегла ў лясочак, назбірала трасчышча, нагрэла касцішча»; «У лес ідзе — дамоў глядзіць, дамоў ідзе — у лес глядзіць».
Паслухайце некалькі загадак пра земляробчую прыладу — памочніцу ў сялянскай працы.

1) Бегла ваўкоў дваццаць пяць, ды і цяпер сляды знаць.
2) Дваццаць пяць у дрэве сядзяць. Хлеб горнуць. А хлеба не ядуць.
3) Дзіравае радно ўсё поле збегла.
4) Ішло хлопцаў дваццаць пяць, пасля зімы сляды знаць.
5) Трашчыць, верашчыць, а ў лес не лезе.
6)
Яна зубамі
Рыхліць глебу,
Каб лепш раслося
Бульбе, хлебу.
Зямлю як добра разамне —
Дадому едзе
На спіне.

• Якая прылада маецца на ўвазе? (Барана.)
Барана — земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Да канца XIX стагоддзя бароны рабіліся з дрэва. Брусковая барана была найболып пашырана ў паўночна-ўсходняй Беларусі, дзе змяніла смык- сукаватку.
Шосты чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Барана» ).
Барана — з бору: забраная адтуль, яна ўсё роўна не згаджаецца са сваёй абранай роляй і абараняецца рукамі і нагамі ад прымусовага абранніцтва.

Зацята, «па-барановаму», барана ўпарціцца руху: яе валакуць, пераадольваючы яе натуру, яе супраціўленне, але якраз дзякуючы гэтай упартасці і гэтаму супраціўленню робіцца работа.

Барана драпае, раніць, скародзіць, вярэдзіць, «бурыць» поле і такім чынам бароніць яго ад няўроду.

Усякае поле для бараны — поле барацьбы, поле «брані».

Настаўнік. I зноў загадкі. Калі ласка, паслухайце іх.
1) Адна матка дванаццаць сыноў мае і на ўсіх націскае.
2) Бацька з сажань, матка з пядзень, а дзеткі па мязінцу.
3) Зубастыя, а не кусаюцца.
4) Матка з локаць, бацька з сажань, а дзеткі па каршачку.
5) Рота няма, а зубы маюцца.
• Пра якую прыладу ідзе гаворка? (Граблі.)
Граблі — драўляная прылада для зграбання сена, саломы, скошанай канюшыны і г.д. Выкарыстоўваліся таксама ў час малацьбы, на таку для выграбання каласкоў, цёртай саломы з зерневай кучы.
Сёмы чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Граблі» ).
3 чаго б ні рабіліся граблі — з клёну, з ясеню альбо з грабу, яны габлююцца і шліфуюцца і, губляючы сваё першапачатковае — «рабое» — аблічча, набываюць бляск « адукаванасці».

Граблі не грэбуюць ніякай работай: тое, што расцярушылася, яны зганяюць у кучу, тое, што зблыталася ў закарузлыя звязы, «разрабоўваюць» на камякі, а тое, што блізка, падсоўваюць яшчэ бліжэй.

Пальцы ў грабляў нязграбы, і самі яны худыя — адно хрыбет і рэбры, аднак дзякуючы гэтай сваёй нязграбнасці, гэтай сваёй хударлявасці, граблі зграбна ўвіхаюцца на двары, на лузе, у агародзе і храбра ўграбаюцца ў бруд і ў гной.

Граблі абагаўляюцца гурбамі курэй і вераб’ёў, і пеўні таксама калі-нікалі схіляюць перад імі свае ганарлівыя грабяні.

Настаўнік. А як раней малолі зерне на муку? Даць адказ на гэтае пытанне нам дапаможа загадка: «Два кабаны б’юцца, сякуцца, праміж іх пена цячэ». (Жорны.)
Жорны — прылада для памолу зерня, ручны млын. Жорны былі драўляныя і каменныя. Складаліся жорны з двух каменных дыскаў, пастаўленых у скрынку ці станок. Стаялі яны звычайна ў сенцах, радзей у хаце або варыўні. За дзень на каменных жорнах можна было змалоць 2-3 пуды зерня. Да 1920-х гадоў значную частку зерня беларускія сяляне малолі ў жорнах, бо плата за мліва складала дзясятую частку прывезенага ў млын зерня, што для беднякоў было не пад сілу. Ва ўжытку захаваліся да 1950-х гадоў.
Восьмы чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Жорны» ).
Парожнія, жорны стаяць, але калі ў іхняе жарало ўсыпаецца хоць бы жменя зерня, яны ажываюць, яны разварушваюцца, яны «жораюць» пачастунак, варожачы, што ўрэшце з яго атрымаецца, — ці корж, ці аладак, ці піражок.

Тое, што распачынаў жняяр- серп і прадоўжваў цэп-малацьбіт, жорны даводзяць да ўзорнага завяршэння.

Жорны жорсткія: яны мажджэраць, перашароўваюць, ператрушчваюць жарству жыта, ячменю, пшаніцы.

I гэтаксама, як жорны, кружацца між сабою зямля і неба, не выпускаючы са свайго кругазвароту ні пружанца, ні ружанца, ні жупранца, пакуль кожны з іх не перамучыць сваіх шурпатасцяў, не зжыве заганаў, пакуль кожны з іх не зробіцца «зорны», пакуль кожны з іх не зведае канчатковага паражэння, а разам з тым — перамогі.

Настаўнік. Беларуская хата — цэлы космас-сусвет. Яе сэрца — печ. Покуць (чырвоны кут) — месца ў хаце, дзе стаяў стол, а зверху вісеў абраз. А што звязвала хату з навакольным светам? Паслухайце загадкі:
1.
Паміж дарог драўляных
Уздоўж і ўпоперак ляглі
I моўчкі ўдалеч пазіраюць
Шкляныя роўныя палі.
2. Поле шкляное, а межы драўляныя.
3. Побач стаяць, на вуліцу глядзяць, а сябе ніколі не бачаць.

• Дык што гэта за «поле шкляное»? (Акно.)
Акно — канструкцыйна-мастацкі элемент будынка, што служыць для асвятлення і натуральнай вентыляцыі памяшкання. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пашырана традыцыя рабіць тры акны ў доўгай (з двара) сцяне хаты. Гэта невыпадковы сімвал: ён увасобіў у сабе тры пакаленні, якія звычайна жылі пад адным дахам: бабулю з дзядулем, бацьку і маці, а таксама трое дзетак.
Дзявяты чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Акно» ).
Вока хаты, акно спакон веку ўзіраецца ў свет, і свет спакон веку ўзіраецца ў акно. I таму яно заўсёды старое, як сама хата, і новае, як сам свет.

Акно выводзіць хату ў кантэкст наваколля, пераконваючы яе, што тое «кіно», якое яно ёй паказвае, мае да яе нейкае — і мо не малое — дачыненне.

Акно акантавана каробкаю, перахрышчана рамаю, аздоблена ліштвою, абгрунтавана падаконнікам і ўзаконена аканіцай.

За акном, па двары, ходзіць конь.
На акне стаіць вазон з кветкамі.
Над акном, у куце, узвышаецца ікона.

Настаўнік. Гэта рытуальны прадмет зажынак і дажынак. Яго абвівалі перавяслам, як малое дзіця. Ён аздабляўся, упрыгожваўся, потым яго прыносілі дахаты, ставілі ў хаце на покуці пад абразамі. Паслухайце загадкі.

1) З'явіўся ў полі дом. Напоўнены дом зярном. Сцены пазалочаны.
2) Ляжыць мужычок у залатым каптане, падпяразан, ды не поясам; сам устаць не можа, а людзі падымаюць.
3) Сто братоў адным поясам падпярэзаныя.
4) Тысячы брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны.
• Што Гэта? (Сноп, снапы.)

Дзясяты чытальнік (выконвае твор А. Разанава «Сноп» ).
Калі зжынаецца на полі спелая збажына, ззаду, на пожні, нібы слупы, паўстаюць снапы — апосталы жніва.

Нібы да постаці пояс, да снапа дапасоўваецца перавясла, і тыя збажыніны-сцябліны, што паасобку калыхаліся пад ветрам, цяпер ушчымлены ў цесны натоўп.

Сноп «зноўны»: у ім сто, а можа, тысячу разоў паўтараецца адзін і той жа матыў, адна і тая ж песня, але ад гэтага яна не становіцца «сапсаванай».

Сноп «посны», але не худы, сноп поўны, але не спанелы, і самотнае поле ўспамінае сноп як свой самы лепшы — свой самы залаты — сон.

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Прадметы этнаграфіі і побыту — наша матэрыяльная спадчына, гэта сапраўдны скарб. Ручнікі, абрусы, цэбры, кублы, дзежкі, верацёны, маслабойкі, даёнкі, куфры, прылады працы, жыллё і мэбля, посуд, адзенне — усё гэта сведчыць пра лад жыцця нашых продкаў, самабытную народную культуру.
Адзінаццаты чытальнік (выконвае верш А. Разанава «Спадчына» ).
Калі яна цяжар — тады яна крылы,
калі яна вярэдзіць — тады яна гоіць,
калі яна знясільвае — тады дае сілу...
— Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба, — перасцерагае мяне першы анёл.
— А без яе зноў упадзеш у мінулае, — перасцерагае другі.

Я іх абодвух разумею.
Пісягі і апёкі на маім целе.
Віхуры клічуць мяне падужацца.
Зямля — частка мяне.
I агністыя мечы анёлаў пільна ўзіраюцца ў маю душу.

Настаўнік (чытае верш Пятра Бітэля «Унуку» ).
Любіць сваё — зусім не значыць
Чужое ганіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць —
Злачынствам будзе без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.

Выходзяць трое вучняў, па чарзе чытаюць вершаваныя радкі.
Першы вучань.
Мы жывём у прыгожым мястэчку.
I няма прыгажэй за Смальян.
Любім возера, поле і рэчку.
Тут знайшоў свой спачын Тамаш Зан.

Другі вучань.
Унікальны куточак Радзімы —
Гэта вёска Смальяны для нас.
Гэта месца, дзе кожны — любімы,
Дзе бацькі і дзе наш дружны клас.

Трэці вучань.
Ганарымся гісторыяй вёскі:
Тут мінулага подых жыве.
Хоць імчацца і зімы, і вёсны,
А цікавасць расце к даўніне.

Першы вучань.
Таямнічы наш замак, царква і касцёл...
Учора, сёння і заўтра ім быць.
У нашай школе прыйшлі да высновы
Моладзь спадчынаю захапіць.

Другі вучань.
Так гурток свой мы і назвалі.
Краязнаўцы даўно ўжо ўсе там.
Любім спадчыну і адраджаем
Усё, што продкі пакінулі нам.

Трэці вучань.
Даўніны мы прадметы збіралі.
I фальклор ёсць у родным сяле.
Этнаграфічны куток заснавалі.
Шчыра клічам і вас да сябе.

IV. Вучнёўская творчасць. Складанне сінквейнаў.

Памятка

Сінквейн — гэта верш, які складаецца з пяці радкоў. У першым радку заяўляецца прадмет (назоўнік); у другім радку даецца апісанне прадмета (два прыметнікі); у трэцім радку, які складаецца з трох дзеясловаў, характарызуецца дзеянне прадмета; у чацвёртым радку прыводзіцца фраза, якая звычайна складаецца з чатырох значных слоў; у пятым радку — сінонім, які абагульняе ці пашырае сэнс прадмета (адно слова).
Узоры

Беларусь.
Белая, міралюбівая, сінявокая.
Жыве, развіваецца, квітнее,
Беларусь — еўрапейская краіна.
Айчына.

Смальяны.
Прыгожыя, асаблівыя, любімыя.
Жывуць, працуюць, харашэюць.
Смальяны — мая малая радзіма.
Аграгарадок.
Прыклады вучнёўскай творчасці

Жорны.
Жорсткія, узорныя.
Разварушваюцца, перашароўваюць,
перацярушваюць.
Жорны робяць муку з жыта.
Мукамол.

Верацяно.
Працавітае, шчырае.
Шчыруе, верціцца, таўсцее.
Верацяно шчыруе ад цямна да цямна.
Ніткапрад.

Акно.
Светлае, перахрышчанае.
Узіраецца, асвятляе, паказвае.
Акно перахрышчана, акантавана, аздоблена.
Вока.

Сноп.
Тоўсты, хлебны.
Зжынаецца, таўсцее, напаўняецца.
Снапы на полі паўстаюць слупамі.
Каласкі.

Граблі.
Зграбныя, худыя.
Увіхаюцца, падсоўваюць, зграбаюць.
Граблі не грэбуюць ніякай працай.
Мнагазубка.

Барана.
Баравая, цяжкая.
Драпае, скародзіць, вярэдзіць.
Барана бароніць поле ад няўроду.
Шматзубка.

Сякера.
Сталёвая, вострая.
Ссякае, абкарноўвае, будуе.
3 сякерай цясляр будуе жытло.
Сякач.

Каса.
Косая, кляпаная.
Ходзіць, косіць, шчыруе.
Каса пакідае шырокія пракосы.
Травагубка.

Скрынка.
Драўляная, скрыпучая.
Захоўвае, паўнее, супакойвае.
Скрынка — паказчык дабрабыту гаспадароў.
Скарбонка.

V. Прадстаўленне навучэнцамі пашпартоў этнаграфічных экспанатаў.

Каса

1. Каса.
2. Доўгае металічнае палатно (лязо) з доўгім драўляным кассём (касільнам) з прымацаванай на сярэдзіне яго драўлянай ручкай.
3. Прызначана для скошвання травы на лузе.
4. Метал.
5. Каваль.
6. Каса смакуе пакошу.
7. 3 касою добрага надвор’я не чакаюць.
8. Роўная, як пасля касы.
9. Свісне, блісне — семсот ляжа.
Каса новая, сталёвая. Есці не просіць. Сама косіць. Перад касьбою клёпу просіць.

Скрынка

1. Скрынка (скрыня).
2. Від мэблі, тое, што і куфар.
3. Для захоўвання тканіны, адзення, бялізны і каштоўнасцей.
4. Дрэва.
5. Сталяр.
6. Скрынка — захавальніца скарбаў.
7. У добрай гаспадыні ёсць сала і масла ў скрыні.
8. Хатку зрабіць — не скрынку збіць.
9. Не знойдзена.
Скрынка дабра: прыхавае многа дабра. Збітая моцна цвікамі, многа месца не займае.

Сякера

1. Сякера.
2. Жалезная прылада з завостраным лязом.
3. Прылада служыць для апрацоўкі дрэва і іншых матэрыялаў: ссякання дрэва, для расколкі частак драўніны на дровы, для абкорвання бярвёнаў перад будоўляй, для будаўніцтва і інш.
4. Метал.
5. Каваль.
6. Сякера — акраса працы.
7. Розум не сякера — не пазычыш.
8. Ага! Знайшоў сякеру пад лаўкаю.
9. Бярвёны абчэша, палена расколе, сама не імкнецца, як іншы, да славы, стаіць сабе ціха ў куточку за лавай.
Сякера новая, сталёвая. Сама сячэ, кару здымае, сукі абсякае. Хату ўзводзіць, лазню будуе, кашы не просіць, а сама сабе і свайму гаспадару на хлеб зарабляе.

Барана

1. Барана.
2. Брусковая рашотка з драўлянымі або металічнымі зубамі.
3. Рыхліць глебу пасля пераворвання, хавае зерне ў зямлі.
4. Дрэва. Зубы могуць быць металічныя.
5. Сталяр.
6. Барана змагаецца за ўраджай.
7. Калі пыл на баране, дык і блін на рэшаце.
8. — А што? Як твой бацька?
— Палепшала: ужо не на зямлю плюе, а на барану.
9. Дваццаць пяць у дрэве сядзяць. Хлеб горнуць. А хлеба не ядуць.
Наша барана — лепшы памочнік добрага гаспадара: глебу ўзрыхліць, зерне прысыпле, вашаму ўраджаю дабра паспрыяе.

Граблі

1. Граблі.
2. Драўлянае дрэўка.
3. Для зграбання сена, саломы і інш.
4. Дрэва.
5. Сталяр.
6. Граблі не грэбуюць ніякай працай.
7. Кожныя граблі на сябе горнуць.
8. Рукі як граблі.
9. Адна матка дванаццаць сыноў мае і на ўсіх націскае.
10. Граблі драўляныя, зубастыя, учэпістыя. Да сябе горнуць, чыста зграбаюць — гаспадара з гаспадыняю пацяшаюць.

Акно

1. Акно.
2. Драўляны выраб прамавугольнай формы з крыжам у цэнтры.
3. Асвятляе хату, дае магчымасць гаспадарам, не выходзячы на вуліцу, даведацца пра надвор’е.
4. Дрэва.
5. Сталяр.
6. Акно — вока хаты.
7. У акне добра, а за акном лепей.
8. Адчыніць акно ў лепшы свет.
9. Поле шкляное, а межы драўляныя.
10. У наша акно ўсё добра відно: і вуліца, і пляцень, і нават суседа цень.

Верацяно

1. Верацяно.
2. Драўляная завостраная палачка.
3. Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі.
4. Дрэва (бяроза, ясень, груша і інш.).
5. Сталяр.
6. Верацяно лічыць сябе цэнтрам рэчаіснасці.
7. Як верацяно без пражы: куды ткнуць, там і месца.
8. Круціцца, як верацяно.
9. Чым я больш кручуся, тым я больш таўсцею.
10. Верацяно драўлянае, само прадзе, само круціцца, само таўсцее і ніколі не пацее.

Жорны

1. Жорны.
2. Два камяні на драўлянай падпоры.
3. Мелюць зерне на муку.
4. Дрэва, камяні, кавалкі чыгуну ці іншага металу.
5. Сталяр і каменячос.
6. Жорны даводзяць зерне да ўзорнага завяршэння.
7. Круці жорны пільна, то і тут будзе Вільня.
8. Не знойдзены.
9. Брат брата рэжа — белая кроў лезе.
10. Жорны моцныя, майстравітыя і працавітыя: добра круцяцца, зерне жораюць і гаспадара з гаспадыняю мукой забяспечваюць.

Сноп

1. Сноп.
2. Звязаныя каласы.
3. Прызначаны для перавозкі на ток або ў ёўню.
4. Саламяныя расліны з каласкамі або каробачкамі.
5. Жняя або жняяр.
6. Снапы — апосталы жыцця.
7. Вясну хваляць за дождж і сонца, а лета — за снапы і вазы.
8. Дзяцей, як снапоў у жыце.
9. Тысячы брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны.
10. Сноп таўсценны, высачэнны, поўны зерня для ядзення. Сто коп ды яшчэ наш сноп — на цэлы год намалоціце зерня. Год будзеце жыць з зернем.

VI. Прэзентацыя падрыхтаваных навучэнцамі крыжаванак па тэме «Этнаграфія».
Крыжаванка № 1

Па гарызанталі: 1. Прылада для прасейвання мукі ці правейвання зерня. 2. Прылада для змотвання і размотвання маткоў пражы.
3. Ёмістасць для ручной сяўбы. 4. Гліняная пасудзіна для захавання малака і малочных прадуктаў. 5. Састаўная частка хамутова- аглабельнай вупражы. 6. Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі), мылі бялізну на рацэ. 7. Традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. 8. Драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну і каштоўнасці. 9. Прыстасаванне для заціску і ўтрымання прадмета пры апрацоўцы.
10. Даўняя ручная рычажная вага.
Па вертыкалі: Сукупнасць усіх асаблівасцей быту, культуры, звычаяў якога-небудзь народа, народнасці, мясцовасці.
Рэшата

Матавіла

Сявенька

Гарлач

Дуга

Пранік

Ступа

Куфар

Ціскі

Бязмен

Крыжаванка1. Спадчына роднага краю

Адказы: Па гарызанталі: 1. Рэшата. 2. Матавіла. 3. Сявенька. 4. Гарлач. 5. Дуга. 6. Пранік. 7. Ступа. 8, Куфар. 9. Ціскі. 10. Бязмен.
Па вертыкалі: Этнаграфія.
Этнаграфія — сукупнасць усіх асаблівасцей быту, культуры, звычаяў якога-небудзь народа, народнасці, мясцовасці.
Этнаграфія — навука, аб'ектам вывучэння якой з'яўляецца матэрыяльная і духоўная культура народаў і іх культурна-гістарычныя ўзаемаадносіны.

Крыжаванка № 2

Па гарызанталі: 1. Ручная драўляная прылада для малацьбы збожжа (складаецца з дзяржання — цапільна, да якога гужыкам прымацоўваецца біч). 2. Частка вупражы (надзяваецца на шыю каню). 3. Металічны (са сплаву жалеза з вугляродам) гаршчок.
4. Даўнейшы сялянскі абутак, сплецены з лыка, бяросты ці вяровак. 5. Металічнае прыстасаванне з загнутым канцом для перамешвання, рассоўвання ў бакі і выгортвання вуголля, каб паставіць на гарачы под чыгунок ці гаршчок са страваю, а таксама для выгортвання попелу з печы, захоўваецца каля печы ў качарэжніку. 6. Ручны млын з двух плоскіх круглых камянёў для перацірання зерня ў муку або крупы. 7. Кавалак дрэва ў форме ступні, якім карыстаюцца пры шыцці абутку.
8. Занавеска з тонкай тканіны або з карунак на вокны, дзверы і пад. 9. Драўляная прылада для зграбання сена, саломы, скошанай канюшыны і г. д. Выкарыстоўваліся таксама ў час малацьбы, на таку для выграбання каласкоў, цёртай саломы з зерневай кучы. 10. Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі.
Па вертыкалі: Сукупнасць усіх асаблівасцей быту, культуры, звычаяў якога-небудзь народа, народнасці, мясцовасці.
Цэп

Хамут коньскі

Чыгун

Лапці

Качарга

Жорны

Капыл

Фіранкі

Граблі

Верацяно

Крыжаванка2. Спадчына роднага краю

Адказы. Па гарызанталі: 1. Цэп. 2. Хамут. 3. Чыгун. 4. Лапаць. 5. Качарга. 6. Жорны. 7. Капыл. 8. Фіранкі. 9. Граблі. 10. Верацяно.
Па вертыкалі: Этнаграфія.
VII. Падвядзенне вынікаў заняткаў.

Настаўнік. Дзякую усім, хто сёння актыўна ўздымаўся на адну прыступку вышэй у вывучэнні спадчыны нашых продкаў. Вы яшчэ раз зразумелі, наколькі цікава ведаць гісторыю нават аднаго прадмета ў нашым краязнаўчым кутку. Спадзяюся, што нехта з вас захоча глыбей даследаваць экспанат, што найбольш зацікавіў. I ў гэтым я вам дапамагу. А цяпер прапаную кожнаму адказаць на вельмі лёгкае для вас пытанне: што, на ваш погляд, было сёння самым цікавым на нашых занятках?
Дадатак

Прыказкі, фразеалагізмы, параўнанні

Акно

Прыказкі.
1. Жывы верыць: і ў яго сонца ўзыдзе ў аконца.
2.1 наша сонца ўвойдзе ў аконца.
3. Не было б ў хаце дзевак — не было б пад акном кветак.
4. Саўгель паўз акно, таўхель у хату.
5. У акне добра, а за акном лепей.
6. Узыдзе калі сонца і ў наша аконца.
7. Хіба толькі сонца, што ў акне?
Фразеалагізм.
1. Адчыніць акно ў другі свет.
2. Адчыніць акно ў іншы свет.
Параўнанне.
Як за акно выкінуў.

Барана

Прыказкі.
1. Гэта мая і саха і барана.
2. 3 жонкаю, як з бараною ў лесе.
3. Калі пыл на баране, дык і блін на рэшаце.
4. Ліса і пад барану хавалася: не ўсякая, кажа, кропля дастане.
5. Ліса і пад барану хавалася: то ў зуб, то ў прут, але ўсё міма.
6. Чым кватаранта ўзяць, лепей барану ў хаце паставіць.
7. Як малое падае, то анёл з пярынкаю, а як старое, то чорт з бараною.
Фразеалагізм.
— А што? Як твой бацька?
— Палепшала: ужо не на зямлю плюе, а на барану.

Верацяно

Прыказкі.
1. — Хадорка, ці ты прадзеш?
— Праду.
— А дзе верацяно?
— Віры яго ведаюць.
2. Як верацяно без пражы: куды ткнуць, там і месца.
Параўнанні.
1. Круціцца, як верацяно.
2. Ссушыў, як верацяно.

Граблі

Прыказкі.
1. Кожныя граблі на сябе горнуць.
2. Ці за начальніка, ці каля начальніка, а да грабляў рукі не даходзяць.
Параўнанні.
1. Рукі як граблі.
2. Пальцы як граблі.

Жорны

Прыказкі.
1. Добрыя жорны ўсё перамелюць.
2. Круці жорны пільна, то і тут будзе Вільня.

Каса

Прыказкі.
I. 3 касою добрага надвор'я не чакаюць.
2. І баран бы касіў, каб хто касу насіў.
3. І я б касіў, каб чорт касу насіў.
4. Каса любіць парася, а калі хлеб ды ваду — ляжы, каса, у халаду.
5. Каса на камень наскочыла.
6. Каса на камень трапіла.
7. Найшла каса на камень.
8. Не любіць каса ні світкі, ні паяса, і кажа брусок: «Дай сала кусок».
9. Соль ды каржы — касані дый ляжы, сыр ды каўбаса — касі, мая каса!
10. У гарачыню кідай, касец, касу, араты — саху: другая работа чакае.
II. Цэп любіць галоднага, а каса сытага.
12. Як раса, тады весялей ходзіць каса.
Параўнанні.
1. Роўна, як пасля касы.
2. Чыста, як пасля касы.

Сноп

Прыказкі.
1. Вясну хваляць за дажджы і сонца, а лета — за снапы і вазы.
2. Ні слова сказаць: заікаецца, ні снапка звязаць: раскідаецца.
3. Сто коп і адзін сноп — на год хлеба.
4. Сноп да снапа — як поп да папа.
5. Хто тры разы арэ, той на тры снапы больш бярэ.
Параўнанні.
1. Бразнуўся, як сноп на ток.
2. Дзяцей, як снапоў у пасадзе.

Пасад — разасланыя на таку (для малацьбы) снапы. У пасадзе звычайна 10— 12 снапоў.
3. Зваліўся, як сноп.
4. Кульнуўся, як сноп.
5. Паваліўся, як сноп.
6. Пакаціўся, як сноп.

Сякера

Прыказкі.
1. Знаходка — сякера пад лаўкаю.
2. Каваль без сякеры, а шавец без ботаў.
3. Каваль без сякеры і без нажа сядзіць.
4. На сем двор адзін тапор, адзін рубіць, а шасцёра ў кулак трубяць.

• Сем двор — сем двароў. Двор — былая форма і назоўнага склону адзіночнага ліку, і роднага склону множнага ліку.
5. Не кідайся, сыне, з фуганом, прыйдзе бацька — ачэша тапаром.
6. Пасля гэбля сякераю.
7. Розум не сякера — не пазычыш.
8. Слова сказаў — сякераю адсек.
9. Такая праўда, як сабака сякеру з'еў і дзёгцем запіў.
10. Трапіла мяккае дрэва на цвёрдую сякеру.
11. Удовіна і сякера не сячэ, і кабылка не вязе.
12. Шавец без ботаў ходзіць, а ў каваля сякеры няма.
13. Шаўцу без ботаў можна, а цеслі без сякеры — то не.
14. Што напісана пяром, тое не вырубіш тапаром.
15. Што напісана пяром, не выйме і сякера.
16. Як ратавалі, сякеру давалі, а як выратавалі — ані тапарышча.
Фразеалагізмы.
1. Ага! Знайшоў сякеру пад лаўкаю.
2. — Куме, добры суседзе, згінула сякерка па тваім следзе: не кажу, што ты ўкраў, а прашу, каб аддаў.
Параўнанні.
1. Знайшоў, як сякеру за лаваю.
2. Знайшоў, як сякеру пад лаваю.
3. Сказаў, як сякераю секануў.
4. Плавае, як сякера.
5. Як сякераю ўцяў.

Спіс выкарыстанай літаратуры


Баханькоў, А Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, I. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. — 4-е выд., перапрац. і дап. — Мінск : Нар. асвета, 1990. — 396 с.
Дзень паэзіі — 89. — Мінск : Маст. літ., 1989. — 303 с.
Запр-Бек, С. И. Развитие критического мышления на уроке / С. Н. Занр-Бек, Ш. В. Муштавинская : пособ. для учителя. — М. : Просвещение, 2004. — 175 с.
Разанаў, А. Танец з вужакамі : выбр. / А. Разанаў. — Мінск : Маст. літ., 1999. — 462 с. — (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
Этнаграфія Беларусі : энцыкл. / рэдкал. : I, П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1989. — 675 с.