сцэнарыі святаў на беларускай мове

Багач

Сцэнарый свята

Зала прыбрана пад вясковую хату. Развешаны саматканыя ручнікі, дываны.

Уваходзяць па святочнаму апранутая з вышытым настольнікам, якім засцілае стол.
Гаспадыня(гучна). Васіль, прынясі мне тыя кветкі, што ў збане стаяць.

(Уваходзіць гаспадар з букетам)

Гаспадар. Можа ніхто не прыйдзе, а ты ўсё увіхаешся.
Гаспадыня. (ставячы на стол букет) Прыйдуць, абавязкова прыйдуць, ідзі, Васілька апраніся па святочнаму. Сёння ж Багач, а я тым часам накрыю стол.
Гаспадар. Ды іду ужо, Мар’ечка, іду. (выходзіць)

(Гаспадыня выносіць і ставіць на стол розныя стравы. За сцэнай чуюцца песні, музыка)


Гаспадыня. Васіль, дзе ты падзеўся? Ужо госці ідуць, Багач нясуць.

(Заходзіць гаспадар. Гучыць вясёлая музыка. Малады хлопец нясе плеценую лубку з жытам і свечкай пасярэдзіне. За ім ідуць госці)

1.госць.(сеючы зерне) Ідзе Багач багаты – адчыняй дзверы, хто яму рады.
Гаспадар.(адчыняе дзверы) Вельмі рад я Багачу. Дзверы адчыніць хачу.
2.госць.Ідзе Багач чыстымі нівамі, Вязе багаты ураджай вазамі.
3.госць.Прыйшоў багач – кідай рагач.
4.госць.Бяры сявеньку ды сей памаленьку.
5.госць.Багача на пачэсны кут адпраўляем. (1.госць ставіць сявеньку на покуць)
6.госць.(з паклонам) А вам шчасця, здароўя жадаем, дастатку жадаем!
7.госць.дык няхай жа вам будзе чыста ў полі!
8.госць.Багата ў хаце!
9.госць.Даўгалецця і згоды!
10.госць.Век гора не знаці!
Гаспадар. (з паклонам) Дзякуй, дзякуй, што хату не абышлі!
Гаспадыня. (з паклонам) Добрыя словы для нас знайшлі!
1.госць.Дзякуй і вам, што нас добра прымаеце, можа загадкі нашы адгадаеце?
2.госць.
Я прысеў на пянёк, там качаецца клубок,
Які гэта клубок, што кальнуў мяне у бок?
Гаспадыня. Здаецца мне што гэта вожык.
3.госць.
Царэўна ў няволі, у цёмнай каморы,
А косы на сонцы, на вольным прасторы.
Гаспадар. Гэта морква.
4.госць. Правільна адгадалі. Паслухайце, калі ласка, яшчэ адну загадку.
Завітала ў хату пані у чырвоным сарафане,
Як пачалі распранаць, сталі плакаць, праклінаць.
Гаспадар. Не хацеў бы я такой госці.
Гаспадыня. Дык гэта ж цыбуля! А зараз маю загадку адгадайце.
Выступаў на градзе белы чарадзей.
Галава на славу, да зубка зубок.
Добрая прыправа, а завуць .....
Госці.Часнок.
Гаспадар. А цяпер, дарагія госцейкі, за стол сядайце.
Гаспадыня. Нашых пачастункаў паспытайце.

(госці сядаюць за стол, частуюцца, хваляць ежу)

6.госць.
Няхай вам, гаспадарочкі, заўсёды шанцуе!
Няхай вам жыццё шчасце даруе!

(гаспадары дзякуюць. Чуецца стук у дзверы.)

Гаспадар. Калі ласка, заходзьце. (Уваходзіць дзяўчына Восень.)

Гаспадыня. (радасна). Дык гэта ж багіня – Восень! Праходзьце, калі ласка, будзьце як дома.
Усе разам. Восень, Восень, у госці просім!
Восень. Добры вечар у хату! (Кланяецца гасцям і гаспадарам)
Хай вам жывецца заўсёды багата! (абсыпае ўсіх зернем, лісцем)
Прыскакала Восень на залатым канёчку,
Ураджай багаты прывезла гаспадарочкам.
Дастаткам і радасцю людзей адарыла,
Ярак-жоўтым золатам усё наўкол пакрыла.

Гаспадар. Дзякуй нашай Восені-багіні. Сядайце адпачніце з далёкай дарогі. (Восень садзіцца)
Гаспадыня.
А вы, госцейкі, ці ўжо гадалі?
З “лёккай” рукой сейбіта ці шукалі?
7.госць.
ой, нешта мы, цётачка, памыліліся,
Ды пра гаданне тое забыліся.
Гаспадыня.
А я рэшата яек адварыла.
Усё вас чакала, пра вас гаварыла.

(Гаспадар прыносіць рэшата з яйкамі. Гаспадыня частуе яйкамі усіх гасцей, адно пакідае сабе).

Восень. А цяпер да справы прыступім, чыста яйкі аблупім. (Восень ходзіць і разглядае аблупленыя яйкі.)
Каму круглае, без ямкі прыпадае,
Той першы ніву засяваць пачынае.
Выйграў гаспадар гэтай хаты,
Няхай жа рука яго будзе лёгкай і багатай!

(Восень надзявае жытнёвы вянок на галаву гаспадару. Усе водзяць карагод у сярэдзіне якога стаіць гаспадар, і спяваюць:)

Свайму гаспадару мы зрабілі славу.
Жытачка нажалі, ў копы склалі. (2 разы)
Сеяць наказалі.
Гаспадару, дажыначкаў час – адары ты нас. (2 разы)
Гаспадару наш, адары ты нас,
Пойдзем, пойдзем да двара
Мы да дзядзькі Захара
Адары ты нас. (2 разы)

Гаспадыня. Дорым збаночак мёду, каб салодка было на дарогу.
Гаспадар. А яшчэ дорым грошы, каб кожны быў прыгожы і харошы.
Госці. Дзякуй, дзякуй!
8.госць.
А ці можна ў вас дазволу папытаць.
Каб ў гэтай добрай хаце “Лявоніху” паскакаць?

(усе спяваюць ды прытанцоўваюць)

Ды не толькі паскакаць, а яшчэ й прытопнуць.
У вашай хаце падмурачак няхай жа не лопне.
Гаспадары. Калі ласка, паскачыце, нас, старых, павесяліце. (Усе танцуюць “Лявоніху”)

Восень.
А цяпер, каб вы не сумавалі,
трэба каб у конкурсе сябе паказалі.
Хто з завязанымі вачыма болей клубняў назбірае,
той смачны пачастунак атрымае.
(Збіраюць з завязанымі вачыма бульбу).
А цяпер ні на што не зважайце,
а мой конкурс пачынайце!
(Пераможца атрымлівае ад Восені прыз)
1.госць.
На Багачы, на Багачы
Усё навокал чыста, хоць рагачы.
2.госць.(з паклонам)
Дай Божа гэтай хаце ніколі дрэннага не знаці!
3.госць.
Каб было чым засяваці, абсяваці!
4.госць.
Ды яшчэ болей жаць, нажынаці.
Усе разам.
А праз год новага Багача дачакаці!



Яшчэ на гэту тэму:

Багач     Багач