сцэнарыі святаў на беларускай мове

Пралеска 02/2009

А ў нас сёння стрэчанне

Сцэнарый свята для дзяцей групы «Чамучкі» (4-5 гадоў)

Гучыць музыка, у залу заходзяць дзеці і госці.
Стуку дзверы.

Вядучы (В). Чуеце, хтосьці яшчэ да нас спяшаецца! Напэўна, спазніўся!
Уваходзіць Несцерка.
Несцерка. Добры дзень у хату! Ці пазналі вы мяне?
В. Дык гэта ж Несцерка!
Несцерка. Шмат жа вас тут сабралася! Якая прыемная кампанія!
В. Ведаеш, Несцерка, зараз яшчэ такая пара, што вечары доўгія і многа вольнага часу. Людзі і ў мінулыя часы збіраліся разам і ішлі да каго-небудзь у госці. Там яны не проста сядзелі, а неслі з сабою якую-небудзь работу. Хто праў кудзелю, хто вышываў, хто вязаў, а хто і казкі-байкі казаў.
Несцерка. Я таксама да вас не з пустымі рукамі прыйшоў. А прынёс я вам грамнічны абрад. I хачу, каб вы мне дапамаглі ўспомніць, як адзначалі гэта свята на Беларусі ў даўнія часы. Хто з вас ведае, у якім месяцы адзначаецца гэта свята? А хто ведае верш аб гэтым месяцы зімы?
Хлопчык.
Чым ты багаты, люты?
— Вяселлямі ў хатах,
Моцнымі марозамі,
Крывымі дарогамі,
А што нам прадкажаш?
— Будзе многа снегу — дам вады вясною.
Будуць снегапады — ціхую вясну дам.
А што нясеш дзецям?
— Снежнае прыволле,
Лыжнае раздолле
Ды канец зімы.
А. Русецкі

Расказ Несцеркі аб святкаванні Грамніц на Беларусі.
Паўсюдна было прынята ў гэты дзень асвячаць у храмах свечкі. Лічылася, што грамнічных свечак вельмі баіцца нячыстая сіла, таму іх падвешвалі ў хаце, а таксама ля ўваходу ў хлеў.
Несцерка. А хто ведае, як яшчэ можна назваць свята Грамніцы? Так, Стрэчанне. Відаць, гэта назва ўзнікла з народнай песні, якую спявалі ў гэты дзень (спявае).
А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне.
Зіма з летам стрэлася, стрэлася,
Лета зіму піхнула, піхнула,-
Ёй ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.

В. Беларускі народ многа прыказак і прымавак прысвяціў гэтаму народнаму святу. Давайце паслухаем іх.
1-е дзіця. На Стрэчанне сняжок — вясной дожджык
2-е дзіця. Кармі ў Стрэчанне курэй аўсом — вясной і летам будзеш з яйцом.
3-е дзіця. На Грамніцы можна пеўню напіцца.
Несцерка. Гак, певень з’яўляецца асаблівым атрыбутам гэтага свята. А нашы дзеці ведаюць верш пра гэту птушку.
Дзяўчынка.
Па надворку певень ходзіць.
За сабою куры водзіць
I крычыць: — Сюды! Сюды!
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
— Хто такі там? Хто такі?
Я. Колас

В. А вось яшчэ адзін даволі смешны вершык пра пеўніка.
Хлопчык.
Кукарэку, певунок,
Пашыў хлопцу кажушок,
Пашыў штонікі з шаўкоў,
3 залаценькіх паяскоў.
I пашыў ён, і надзеў,
I ў люстэрка паглядзеў.

В. А пакажыце, калі ласка, як спяваюць пеўнікі. Вам, дзеткі, падабаецца іх песенька? Голасна яны пяюць. А яшчэ лепш у іх атрымліваюцца танцы.
Выконваецца танец «Курачка і пеўнік»(рус. нар. мел. у апрацоўцы Г. Фрыда).
Несцерка. Ой, глядзіце, дзеці, хто гэта спіць у нас пад печчу?! Напэўна, да нас забраўся нячысцік! Я ведаю, што трэба рабіць! Успомніце, што я вам казаў пра народнае павер’е, якое дапамагае адагнаць нячыстую сілу.
Несцерка запальвае грамнічную свечку і ідзе глядзець, хто спіць ля печы.
Несцерка. Дзеці, гэта ж коцік! А мы падумалі, што нячысцік.
Коцік гуляе з дзецьмі ў беларускую народную гульню «Чорны кот». У знак падзякі за тое, што коцік пагуляў з дзецьмі, выконваецца калыханка «А ты, коценька-каток...» (сл. народныя, муз. АР. Рэмізоўскай).
В. У народзе казалі: «На Стрэчанне зіма на мароз ідзе, а сонца на лета». Сапраўды хочацца вясны! Давайце, дзеці, паклічам яе песняй, каб яна да нас хутчэй завітала!
Выконваецца песня «Уцякай Мароз-дзядуля» (сл. Я. Коласа, муз. I. Кузняцова).
Пад гукі песні Несцерка развітваецца і выходзіць.