сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. I. КУЛІКОЎСКАЯ, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 8 г. Маладзечна. Беларуская мова і літаратура 4/2018

3 Родным словам круглы год

Інтэлектуальная гульня для вучняў VII—X класаў

Мэты: выявіць здольных і лінгвістычна адораных навучэнцаў, развіваць іх інтэлектуальны і творчы патэнцыял, падвышаць узровень культуры маўлення, выхоўваць паважлівыя адносіны да беларускай мовы.

Ход гульні

Вядучы. Шаноўныя сябры, удзельнікі і гледачы, а таксама паважанае журы! Вітаем вас на інтэлектуальнай гульні «3 родным словам круглы год».
Настаўнік. На працягу навучальнага года мы з вамі вывучалі беларускую мову. Яна чаруе, вабіць сваёй прыгажосцю, мілагучнасцю і непаўторнасцю. Няма нічога лепшага за мову, якая завецца роднай. Менавіта на ёй чалавек гаворыць з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі хтосьці пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе, саромеецца, тым больш зневажае. Сёння наша гульня прысвечана цудоўнай, пявучай, роднай мове, разам паспрабуем высветліць, наколькі вы паглыбілі свае лінгвістычныя веды і ўменні, як вы валодаеце беларускім словам, разумееце і адчуваеце яго.
Давайце шчырымі апладысментамі павітаем удзельнікаў інтэрактыўнай гульні. Капітаны, калі ласка, назавіце свае каманды і агучце імёны ўдзельнікаў. Каб спрэчныя моманты не завялі нас у тупік, за ходам гульні будзе сачыць наша шаноўнае журы.
Вядучы. Пажадаем гульцам поспехаў і выдатных адказаў.
Мы пачынаем.

I конкурс «Прыгадваем»

Гульцы адказваюць на прапанаваныя пытанні «Так» ці «Не». Гэта своеасаблівая размінка. За правільны адказ налічваецца 1 бал.

• Ці праўда, што...
1) Беларуская мова ўваходзіць у індаеўрапейскую моўную сям'ю. (Так.)
2) Беларускі алфавіт налічвае 33 літары. (Не.)
3) Дзеяслоў мае катэгорыі часу, асобы і ліку, а ў асобных формах — стану, роду і склону. (Так.)
4) Назоўнік «карэнне» ў беларускай мове выкарыстоўваецца толькі ў адзіночным ліку. (Так.)
5) У назоўніку «таксі» няма канчатка. (Так.)
6) На Каляды хадзілі калядоўшчыкі, «цыганы», хлопчыкі-звездары, вадзілі «казу». (Так).
7) 23 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. (Не.)
8) «Декабрь» па-беларуску «студзень». (Не.)

Вядучы. Каманды справіліся з першым заданнем. Просім журы падвесці вынік першага конкурсу.

II конкурс «Пазнаём»

Вядучы. Рухаемся, крочым далей. Вашай увазе прапануецца слайд-пытанне. Як называецца гэтая рэч? У дапамогу — падказка, адна літара. За правільны адказ налічваецца 1 бал.
Слайды: апалонік, патэльня, камізэлька, фартух, дзяжа, кросны.
Вядучы. Просім журы падвесці вынік конкурсу.

III конкурс «Перакладаем»

Гульцы будуць перакладаць з рускай мовы на беларускую слова, словазлучэнне і сказ. Гулец адной каманды будзе супрацьстаяць гульцу другой каманды. За кожны правільны адказ налічваецца 1 бал, а за дакладны пераклад усяго задання — 3 балы. Калі супернік дае няправільны адказ, другой камандзе можна зарабіць 1 бал.

Пытанні для першай пары
Комната. (Пакой.)
Блестящие пуговицы. (Бліскучыя гузікі.)
В дупле мы нашли беличьи припасы. (У дупле мы знайшлі вавёрчыны прыпасы.)
Пытанні для другой пары
Кровать. (Ложак.)
Кожаные сапоги. (Скураныя боты.)
Мы направились в лес за дровами. (Мы накіраваліся ў лес па дровы.)
Пытанні для трэцяй пары
Чулки. (Панчохі.)
В ожидании чуда. (У чаканні дзіва.)
Мать застелила стол праздничной скатертью. (Маці заслала стол святочным абрусам.)
Пытанні для чацвёртай пары
Художник. (Мастак.)
Вкусная еда. (Смачная ежа.)
Увидели маленького цыплёнка. (Убачылі маленькае кураня.)
Пытанні для пятай пары
Серёжки. (Завушніцы.)
Сладкая земляника. (Салодкія суніцы.)
Ученик заслужил уважение. (Вучань заслужыў павагу.)
Пытанні для шостай пары
Бусы. (Пацеркі, каралі.)
Злая собака. (Злы сабака.)
Засветило апрельское солнышко. (Засвяціла красавіцкае сонейка.)

Вядучы. Цікавым і няпростым для нашых гульцоў стаў конкурс «Перакладаем». Папросім журы падлічыць заробленыя балы.
Наперадзе чарговы этап — конкурс «Тлумачым».

IV конкурс «Тлумачым»

Вядучы. Вам патрэбна растлумачыць сэнс некаторых беларускіх слоў. Гульцам неабходна выбраць правільны адказ, і такім чынам можна зарабіць 3 балы. Калі каманду напаткае няўдача, свой варыянт адказу прапануе каманда супернікаў. Пачынае гульню каманда з меншай колькасцю балаў.

Зацірка
1) Прылада працы тынкоўшчыка;
2) гумка для выцірання напісанага;
3) мучная поліўка, замешаная на вадзе ці малацэ.
Адказ: 3.

Намітка
1) Папярэдне вызначыць што-небудзь;
2) доўгі вузкі кавалак кужэльнага палатна, звычайна з каймой або вышыўкай;
3) даўні галаўны ўбор замужніх жанчын
Адказ: 2, 3.

Шыбаваць
1) Перакладваць мохам бярвёны;
2) хутка, імкліва ісці;
3) устаўляць шыбы.
Адказ: 2.

Грэбаваць
1) Гідліва адносіцца да чаго-небудзь;
2} зграбаць пры дапамозе грабель што-небудзь;
3) выраўноўваць пры дапамозе гэбля драўляную паверхню.
Адказ: 1.

Вядучы. Праўда, якія адметныя словы ёсць у нашай мове. Вельмі добра, што вы ведаеце іх значэнне. Хто апынуўся ў лідарах? Слова мае журы.
А мы пераходзім да пятага конкурсу «Ужываем, выкарыстоўваем». Цяпер будзем правільна ўжываць фразеалагізмы.

V конкурс «Ужываем, выкарыстоўваем»

Выберыце нумар канверта і запішыце свой фразеалагізм.
Што трэба зрабіць:
1) Растлумачыць сэнс фразеалагізма (3 балы ).
2) Скласці з ім сказ (3 балы).
3) Падабраць адпаведнік (сінонім) з рускай ці беларускай мовы (3 балы).

Канверт 1. Як след.
Канверт 2. Абое рабое.
Канверт 3. Малоць лухту
Канверт 4. Як снег на галаву.
Канверт 5. Гады ў рады.
Канверт 6. Рукі спусціўшы.

Першы чытальнік выконвае верш Якуба Коласа «Слова».
Другі чытальнік выконвае верш Петруся Броўкі «Родныя словы».
Трэці чытальнік выконвае верш Янкі Купалы «Роднае слова».

Вядучы. Праверым, як выкананы заданні пятага конкурсу.
Канверт 1. Як след — як трэба, як павінна быць; як мае быць; чин чинарём (чином).
Канверт 2. Абое рабое — аднолькавыя; аднаго балота чэрці; два боты пара; одного поля ягода, два сапога — пара.
Канверт 3. Малоць лухту — гаварыць абы- што, без толку, балбатаць; абы-што вярзці (малоць); нести ахинею, чепуху.
Канверт 4. Як снег на галаву — нечакана, раптоўна; як з неба зваліўся; как гром среди ясного неба; как с неба свалиться.
Канверт 5. Гады ў рады — вельмі рэдка; калі-нікалі; сяды-тады; в кои-то веки.
Канверт 6. Рукі спусціўшы — абы-як; не стараючыся; абы дзень да вечара; руки в брюки.
Вядучы. Слова — журы. А потым пяройдзем да наступнага конкурсу нашай гульні.

VI конкурс «Цытуем»

Задача гульцоў — прадоўжыць вершаваныя радкі. За выкананае заданне можна зарабіць 3 балы. Назваць аўтара — атрымаць дадаткова яшчэ 2 балы, назваць твор — 1 бал.

1) У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы: «Калі ласка!..»
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною.
Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:
... (— Калі ласка, калі ласка ў хату!)
(Пятрусь Броўка. «Калі ласка».)

2) Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі ...
(Сінякрылы матылёк...)
(Максім Багдановіч. «Маёвая песня».)

3) Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
I шуміць і грыміць ...
(Срэбразвонны ручэй.)
(Якуб Колас. «Ручэй».)

4) Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
... (Ўдзірванелы курган векавечны.)
(Янка Купала. «Курган».)

5) Ніхто з дамашніх не згадае,
Чым рэчка Костуся займае,
Якая іх звязала сіла,
I... (...чым яна так хлопцу міла.)
(Якуб Колас. «На рэчцы».)

6) Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен... (.. .лёгкіх санак бег.)
(Максім Багдановіч. «Зімой».)

Вядучы. Радуе, што беларускае паэтычнае слова вам даспадобы, да душы і сэрца. Паслухаем паважанае журы.

VII конкурс «Спяваем»

Вядучы. Апошні конкурс нашай гульні — музычны. Пачынаем! Вам неабходна пасля прыпынку прадоўжыць словы песні праспяваць адзін куплет. За гэты конкурс каманда за кожны правільны адказ залічвае на свой рахунак 3 балы, калі вызначым аўтара слоў — 2 балы, агучым назву твора — 1 бал.

1) Бывайце здаровы,
Жывіце... (...багата,
Ужо ж мы паедзем Дадому, дахаты.)
(Адам Русак. «Бывайце здаровы».)

2) Радзіма мая дарагая,
Ты... (...ў шчасці жаданым жыві.
Я сэрцам табе прысягаю
У шчырай сыноўняй любві.)
(Алесь Бачыла. «Радзіма мая дарагая».)

3) Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба... (...ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю Жураўлі на Палессе ляцяць.)
(Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць».)

4) Трэба дома бываць часцей,
Трэба... (...дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.)
(Рыгор Барадулін. «Трэба дома бываць часцей».)

Вядучы. Наша гульня падыходзіць да свайго завяршэння. А што скажа наша паважанае журы? Падвядзём вынікі.
Настаўнік. Няхай у вас, шаноўныя сябры, часцей з’яўляецца жаданне думаць і гаварыць па-беларуску. Спадзяюся, наша гульня падтрымае вашу цікавасць да беларускай мовы. Спазнавайце яе, вучыце і размаўляйце па-беларуску самі і разам з намі.
Да новых сустрэч!

Яшчэ на гэту тэму:

«Беларуская скарбонка»     Вечарына беларускай мовы і літаратуры