сцэнарыі святаў на беларускай мове

Іна МАКАРАВА музычны кіраўнік дзіцячага сада №20 Салігорска. Пралеска 10/1993

Святочны кірмаш

Сцэнарый свята

У музычнай зале стаяць сталы. На іх — вырабы з саломкі, гліны, цацкі, лялькі, каляровыя стужкі, хусцінкі і г.д.
Пад музыку "Весялухі" дзеці, прытанцоўваючы, уваходзяць у залу і становяцца каля сваіх месцаў.


Вядучая. Усе тут ці не?
Дзеці. Усе!
Вядучая. Што, сябры, для жыта трэба?
Дзеці. Ну, вядома, трэба глеба.
Вядучая. А для птушкі?
Дзеці. Вышыня.
Вядучая. А для казкі?
Дзеці. Цішыня.
Вядучая. Ну, а што для весялосці?
Дзеці. Каб часцей бывалі госці!
Дзяўчынка.
Рукі ў бокі, рукі ў бокі!
Пойдзем ў скокі, пойдзем ў скокі!
Усе танцуюць "Весялуху".
Дзяўчынка.
Ой, вясёлае сёння свята,
I гасцей тут у нас багата!
Хлопчык.
Да нас на свята запрашаем
I сардэчна вас вітаем!
Разам.
I дарослых, і дзяцей, і шаноўных ўсіх гасцей!
Дзяўчынка.
Людзі добрыя, вітаем!
Хлопчык.
А я вось што запытаю:
Адкажыце, госці, мне,
Ці вам добра тут, ці не?
Госці. Добра!
Вядучая.
Вельмі добра, калі так.
Час нам свята пачынаць!
Гучыць беларуская народная песня "Чаму ж мне ня пець?" у выкананні старэйшай групы.
Вядучая. Слаўную песню вы праспявалі, малайцы! А зараз паедзем на кірмаш. Там мы ўбачым шмат чаго цікавага.
Выхавацель. А на чым жа мы паедзем? У нас нічагусенькі няма!
Вядучая. Як гэта — на чым? Ды на тым, на чым людзі раней ездзілі — на кабыле!
Выхавацель. На кабыле? А дзе ж мы яе возьмем?
Вядучая. Зараз пазавем:
— Сіўка-бурка, з’явіся-пакажыся!
Адвязі ты ўсіх нас на святочны наш кірмаш!

Адчыняюцца дзверы, забягае "кабыла" і становіцца каля вядучай, б'е капытом, матляе галавою, іржэ.
Вядучая. Ну вось, бачыце, і "кабыла" ў нас ёсць. Можна ехаць на кірмаш.

Выхавацелі запрашаюць дзяцей стаць услед за "кабылай". Вядучая ідзе спераду і вядзе "кабылу”. Дзеці ідуць ззаду і спяваюць:
— А Васіль дарог не знае, у кабылы запытае,
А кабылка — пад масток, а ён яе — за хвасток:
— Стой, стой, мая міла, каб ты воза не пабіла (2 разы).

Пасля апошніх слоў "кабылка" падае.
Вядучая. Ай-яй-яй! Што гэта здарылася?
Выхавацель (падымае нагу "кабылка", глядзіць). Ды яна ж не падкаваная!
Вядучая. Вось няўдача дык няўдача! А як жа нам на кірмаш трапіць?
Выхавацель. А мы зараз паклічам майстра.
Вядучая. Якога гэта майстра?
Выхавацель. Такога чалавека, які ўсё ўмее.
Вядучая. А хто ж гэта?
Выхавацель.
Мы дзяцей лепш запытаем:
— Хто нам казак больш набае?
Дзеці. Несцерка!
Выхавацель. — Хто нам песню заспявае?
Дзеці. Несцерка!
Выхавацель. — У каго гасцінцы ёсць?
Дзеці. У Несцеркі!
Выхавацель. — А хто ў бядзе нам дапаможа?
Дзеці. Несцерка!
Выхавацель. — Дык паклічам яго, дзеці.
Дзеці. Несцерка! Несцерка!

Уваходзіць Несцерка.
Несцерка. Дзень добры, сябры! Эге! Колькі вас тут сабралася! Як дрэў у лесе! Але дзе ж гэта я апынуўся? (Азіраецца.) А божа! Як тут красна! Як тут ясна! Браткі мае любыя, гэта ж я на свята трапіў!.
Вядучая. На свята, Несцерка. Гэта мы цябе сюды паклікалі. Нам вядома, што ты мастак да ўсялякіх забаў. Так ці не?
Несцерка. Так-так, я ўсюды бываў, дзіва-казкі сустракаў.
Вядучая. А што ж ты цікавага бачыў?
Выхавацель. Бачыў карову, што люльку курыла?
Несцерка. Бачыў!
Вядучая. А ці бачыў авечку, што несла яечкі?
Несцерка. Бачыў!
Выхавацель. Бачыў камара, які поле араў?
Несцерка. Бачыў-бачыў!
Вядучая. А ці бачыў каваля, які б нашу кабылу падкаваў?
Несцерка. Каваля? Дык я ж сам каваль!
Дзеці спяваюць прыпеўку:
— Я праз кузню ішла, малаток знайшла.
Падкуй, каваль, капыток, падарую малаток.

Дзеці рытмічна пляскаюць у далоні і тупаюць нагамі. Несцерка падкоўвае "кабылу": "Вось цвік, вось падкова. Раз-два — і гатова!" Пад тую ж музыку дзеці абыходзяць залу па кругу ўслед за "кабылай".
Несцерка. А вось і кірмаш!
Гэй, добрыя людзі! Паглядзіце, што будзе!
На забавы спяшайцеся! Ды не вельмі штурхайцеся!
"Кабыла" падбрыквае, іржэ і ўцякае з залы.
Вядучая. Як мы зараз прыехалі на кірмаш, дык будзем нешта купляць. Давай, Несцерка, гарлачыкі купляць.

Дзеці садзяцца на кукішкі. Гульня " Гарлачыкі".
Выхавацель. На кірмаш, як быццам, усіх запрасілі, а вось гандляроў забыліся паклікаць.
Несцерка. Ну што ж, тады паклічам іх. Гэй, гандляры, выходзьце!

Выхавацель тром дзецям надзявае карабы, гэтыя малышы — гандляры.
1-ы гандляр. Паклон вам, людзі дарагія, старыя і малыя!
2-і гандляр. Жыхароў кожнай хаты запрашаем на свята!
3-і гандляр. Беларускае! Народнае! Вясёлае! Карагоднае!
Несцерка. Ай ды гандляры! Вельмі ў вас тавары прыгожыя! Трэба і мне нешта купіць. (Купляе ружовую хусцінку.) А зараз гэтую хусціначку я падарую самай прыгожай дзяўчынцы.
Вядучая. А ў нас усе дзяўчынкі прыгожыя, выбірай любую.

Несцерка аддае дзяўчынцы хусцінку.
Карагод " Хусціначка" выконвае сярэдняя група.


1-ы гандляр. Спяшайцеся на кірмаш купляць абновы!
2-і гандляр. А той, хто пакажа свой спрыт, увесь год будзе радасцю сыт!
Несцерка праводзіць гульню "Нос, нос, нос, лоб".
Уваходзіць бабка з бычком.

Вядучая. Ну што ты, Несцерка, на нашым кірмашы жадаеш сабе купіць?
Несцерка. А вунь таго бычка, што бабка прадае (падыходзіць да яе). Дзень добры, бабулечка!
Бабка. Добры дзень, чалавеча! А чаго ж ты хочаш?
Несцерка. Вельмі спадабаўся мне твой бычок, вунь які ён прыгожанькі! Можа, прадасі?
Бабка. А што ты з ім будзеш рабіць?
Несцерка. Як гэта што? Падгадую, падкармлю, а потым... (Паказвае жэстам, што зарэжа яго.)
Бабка. Што-о? А ну, прэч адсюль! Бач, які! Рэзаць будзе! (Замахваецца на Несцерку, той адступае.)
Несцерка. Прабач мяне! Я яго чыстаю вадзіцай буду паіці ды свежай траўкаю карміці.
Бабка. Свежай, кажаш, без нітратаў?
Несцерка. Ну, вядома ж’ Прадай, га?
Бабка. Усё роўна не прадам!
Несцерка. Ну чаму?
Бабка. А таму! (Паварочваецца да яго спінаю.)
Несцерка. Дзетачкі мае, каханенькія - родненькія! Дапамажыце, калі ласка, угаварыць бабку прадаць бычка.

Беларускую народную песню "Ой да прадай, бабушка, бычка" спяваюць дзеці і Несцерка.
У канцы песні бабка Пытае: — "А колькі дасі?"

Несцерка. Пяць талераў!
Бабка. Добра, бяры!
Несцерка. Вялікі дзякуй!
Несцерка кланяецца ёй, потым бярэ бычка і намерваецца ісці.
Бабка. Стой! Куды? А грошы?
Несцерка. Вой, людцы добрыя! Я ж ад радасці так разгубіўся, што нават і пра грошы забыўся. Даруй, калі ласка! Вось твае грошы! (Вымае з мяшэчка пяць пятакоў і аддае бабцы, якая іх пералічвае, хавае ў хустачку і выходзіць з залы.)
Несцерка. А зараз я пайду да гандляроў, можа, яшчэ што прыдбаю.
Ідзе, разглядвае тавар і купляе дудачку.
Вядучая. Ну што ты, Несцерка, яшчэ купіў?
Несцерка. Ды вось, сапраўдную дудачку.
Вядучая. А зайграць на ёй ты зможаш?
Несцерка. Паспрабую! Дуе ў дудку, але нічога не атрымліваецца.
Вядучая. Нічога ў цябе не атрымліваецца. Паглядзі, якія ў нас ёсць дудары, а завуць іх Саўка ды Грышка.
Саўка. Без музыкі, без дуды ногі ходзяць не туды.
Грышка. А як дудачку пачуюць, самі, родныя, танцуюць.

Танец "Саўка ды Грышка" выконвае старэйшая група.
Несцерка праводзіць гульню "Схавай рукі".


Несцерка. Хай запляскае ў далонькі той, хто любіць бульбу ды аладкі!
Дзеці. Мы! Мы! (Пляскаюць у далоні.)
Несцерка. Ну, калі вы любіце аладкі, дык мы зараз паглядзім, хто ўмее іх так пячы, каб яны не пагарэлі ў пячы.
Гульня “Блін гарыць" (гуляюць усе па чарзе).
Выходзяць гандляры з блінцамі.


Несцерка. Зноў да нас гандляры завіталі! Ды з чым? Ажно з блінцамі — смачнымі, духмянымі! Я купляю ў вас блінцы, каб пачаставаць дзяцей ды гасцей (купляе бліны). Вось бачыце — не ўсе блінцы пагарэлі, вунь колькі іх вам засталося!
— Хто лянівы ды нясмелы, дык таму блінок гарэлы.
Хто адважны ды старанны, дык таму блінок румяны.
Дзеці. А нам?
Несцерка. Таксама дам! Як усе вы — малайцы,
Вам — найлепшыя блінцы!
Несцерка разам з выхавацелямі частуе ўсіх блінамі.
Несцерка.
Шчыра вам жадаю, каб жылі ў дастатку,
Каб у жыцці вашым усё было ў парадку.
Да пабачэння! Бывайце здаровы!
Несцерка выходзіць з залы.
Вядучая. Ну вось, дзеці, і пабывалі мы з вамі на кірмашы, трэба і дадому збірацца. А дзе ж гэта наша "кабыла"?
Выхавацель. Некуды збегла! Трэба яе паклікаць. Давайце, дзеці, разам:
— Сіўка-бурка, з'явіся-пакажыся!
Адвязі ты нас назад, у родны наш дзіцячы сад!

Забягае “кабыла”, дзеці становяцца за ёю і з песняй:
— Ой, дадому, госцейкі, дадому,
Бо паелі конікі салому! —
выходзяць з залы і ідуць да сваіх груп.

* Гульні ўзяты з кніжкі "Беларускія гульні ў дзіцячым садзе".


Яшчэ на гэту тэму:

Восеньскі кірмаш     Восеньскі кірмаш