сцэнарыі святаў на беларускай мове

"Пралеска" Снежань 2013 г.

Гуканне вясны

Фізкультурнае свята для дзяцей старшай групы

Мэта: далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры праз народныя гульні, мастацкае слова.
Абсталяванне: касцюмы Вясны, Лявона, эмблемы для каманд, загадкі; гімнастычныя палкі, фітболы, мячы, абручы, дугі, кветачкі.

Ход свята

Дзеці ўваходзяць у фізкультурную залу разам з выхавальнікам. Іх сустракае кіраўнік фізічнага выхавання ў ролі Лявона.
Лявон. Прывітанне, мае любыя дзетачкі! Бачу, што ў вас сёння добры настрой. Гэта цудоўна! Адкажыце мне, якая зараз пара года? (Вясна.) А якія прыкметы вясны вы ведаеце? (Адказы дзяцей.)

Лявон.
Сёння ў садзе нашым свята.
I гасцей сабралася багата.
Сонейка ярчэй заззяла,
Птушка ў садзе заспявала.
Паглядзіце навокал: якія прыгожыя кветкі ў нашай зале, як ласкава свеціць сонейка ў акенца і кліча ўсіх на вуліцу! Давайце паклічам Вясну да нас у госці.
Дзеці.
Прыйдзі, прыйдзі, вясна! Прыйдзі, прыйдзі, красна!
Пад вясёлую музыку ўваходзіць Вясна.

Вясна.
Іду я ў шумлівых водах,
У звонкім срэбры ручаёў
I разліваю мяккі подых,
Як песню нейкую без слоў.
Лявон.
Вясну сустракайце!
Вершы весела чытайце!
1 дзіця.
Ой, у лузе і даліне пяе песні салавей.
Сёння весела жывецца, заўтра будзе весялей!
2 дзіця.
Ой, вясна, вясна! Ды як ты красна!
Мы табе спяваем, цябе сустракаем!
3 дзіця.
Шуміць, гудзе — вясна ідзе,
Шчасце і радасць людзям нясе.
Вясна. Дзень добры, дзеці!
Лявон. Добры дзень, Вясна-красна! Што ты нам прынесла?
Вясна. Я прынесла сонейка, цяпло, радасць, шмат кветак. Запрашаю вас на вясновыя спаборніцтвы. Там вы даведаецеся, у якія гульні можна гуляць вясной. А каб спаборніцтва пачаць, спачатку трэба мае загадкі адгадаць.

Тае сняжок, ажывае лужок,
Дзень прыбывае, калі гэта бывае?
(Вясной.)
Што за гаспадар лясны
Спіць пад снегам да вясны?
(Мядзведзь.)
На палянцы пасля цёплай ночкі
Глядзяць блакітныя вочкі.
(Пралескі.)

Малайцы, усе загадкі адгадалі! А зараз я запрашаю ўсіх вас на спартыўную пляцоўку. Але вам трэба пераадолець перашкоды.
Дзеці пераадольваюць перашкоды.

Лявон.
Каб нам лепей займацца,
Трэба трохі размяцца.
Дзеці выконваюць комплекс рытмічнай размінкі.
Вясна.
Каб далей нам весяліцца,
Трэба на каманды падзяліцца.
Дзеці падзяляюцца на каманды.
Лявон. Спаборніцтвы пачынаюцца. Зараз паглядзім, дзеці з якой каманды ўмеюць спрытна скакаць на гімнастычнай палцы, як коннікі.

Эстафета «Коннікі».
Вясна.
Скачаце на палцы ладна,
А праспяваць песню здатны?
Выконваецца песня-заклічка «Ой, вясна, ой, вясна»- (з народнага).
Лявон.
Нашы дзеці — удальцы-малайцы,
Умеюць песні спяваць
I на фітболах скакаць.

Эстафета «Скачу, як хачу».
Вясна.
Пчолы ў поле паляцелі
Закружылі, загудзелі,
Апусціліся на кветкі,
Пагуляем з Вясной, дзеткі?

Беларуская народная гульня «Прэла-гарэла».
Вясна (у розных месцах залы хавае кветачкі).
Прэла-гарэла, за мора ляцела,
А як прыляцела, дык недзе села.
Хто першы знойдзе, той сабе возьме.
Пасля гэтых слоў усе разбягаюцца па зале і шукаюць кветачкі. Хто знойдзе больш за ўсіх — той і выйграў.
Лявон. Спаборніцтвы працягваюцца.

Эстафета «Мяч над галавой».
Дзеці перадаюць мяч над галовамі адзін аднаму, апошні ў камандзе з мячом у руках бяжыць уперад і перадае мяч назад.

Конкурс «Самы лепшы» (гульні («Жмуркі» і «Барада»),

Беларуская народная гульня «Жмуркі».
Капітан — кот Апанас. Яму завязваюць вочы. Гульцы другой каманды — мышы. Які капітан зловіць больш мышэй, тая каманда і перамагла.

Беларуская народная гульня «Барада».
Капітан — Барада. Яго дражняць. Пасля дражнілкі Барада імкнецца злавіць як мага больш дзяцей з супрацьлеглай каманды.

Вясна.
Малайцы вы ўсе, рабяткі —
I хлопчыкі, і дзяўчаткі.

Эстафета «Хутчэй за кветачкай».
Кожнаму ўдзельніку трэба праскакаць з абруча ў абруч, падлезці пад дугу, узяць кветачку, вярнуцца да каманды, перадаць эстафету наступнаму.
Лявон.
Станавіцеся ўсе, дзеці,
Зараз будзем танцаваць.
Рухі вам буду паказваць,
А вы — за мной іх паўтараць.

Выконваецца танец-гульня «Паўтарай, не зявай».

Вясна. На гэтым наша фізкультурнае свята скончылася. А зараз мне трэба ісці далей, каб дзе мяне чакаюць, усюды прыйшла вясна.
Добрыя вы дзеці, лепшыя на свеце.
Спрытныя, ладныя, да ўсяго здатныя.
Дзякуй за тое, што са мной гулялі,
Што загадкі мае ўсе адгадалі,
Што са мною вы скакалі.
Да новых сустрэч!
Лявон. Да пабачэння!

ЛІТАРАТУРА:
1. Беларускія загадкі: уклад. Я. Саламевіч. — Мінск: Юнацтва, 1989.
2. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: НІА, 2012.
3. Дзіцячыя фальклорныя гульні / аўт.-уклад.: З.Л. Леановіч, Н.А. Рылькова. — Мінск: Нар. асвета, 1995.
4. Ермакова, 3.І. Беларускія гульні ў дзіцячым садзе / склад.: 3.1. Ермакова, В.М. Шабека. — Мінск: Нар. асвета, 1985.


Яшчэ на гэту тэму:

Гуканне вясны     Вясна-красна, завітай да нас!