сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ніна ЮШКЕВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі, яслі-сад № 3 г.Полацка Віцебскай вобласці. Пралеска 01/2017

Вітаем цябе, масленіца!

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні дзяцей аб народных святах (Масленіца); далучаць да багацця беларускай мовы; развіваць творчыя музычныя здольнасці дзяцей; пашыраць слоўнікавы запас, кругагляд; выхоўваць павагу і пачуццё любові да роднага краю.
Матэрыял і абсталяванне: народныя касцюмы для вядучага і дзяцей, пудзіла Масленіцы, санкі, 2 макеты «снежнай крэпасці», 2 мяшкі, напоўненыя сінтэпонам, канат, «карусель» (абруч з рознакаляровымі стужкамі), аўдыязапісы беларускіх народных мелодый: «Беларуская полька» (апрац. Д. Камінскага), «Кадрыль» (апрац. А. Аляхновіча), рытмічнай музыкі, па колькасці дзяцей: сняжкі з ваты, бразготкі.

Ход мерапрыемства


Гучыць беларуская народная музыка. У залу, прытанцоўваючы, забягаюць дзеці, выконваюць некалькі танцавальных рухаў. Уваходзіць вядучы.

Вядучы (В.). Добрага дня вам, паважаныя!
Благаславі, Божа, на ўзгорачак стаці,
Масленіцу прывітаці.
Масленіцу прывітаці, зіму замыкаці,
Зіму замыкаці, вясну адмыкаці.

А ці ведаеце вы, шаноўныя, што такое Масленіца? (Адказы дзяцей.) Хоць мы і любім зіму за тое, што яна прынесла з сабой шмат снегу, радасці і забаў, але надыходзіць наступная пара года — вясна. Свята Масленіца — гэта добрае развітанне з зімой і сустрэча вясны.
1-е дзіця.
Пані Масленіца да нас у двор заязджае,
Добрых людзей на свята заклікае.
А мы яе, вясёлую, сустракаем,
А мы яе, шырокую, прывітаем!

Гучыць беларуская народная музыка. У цэнтр залы два хлопчыкі вывозяць на санках пудзіла Масленіцы.
2-е дзіця.
Наша Масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пехатою не ходзіць,
Усё на саначках раз’язджае.

В. Сімвалам і галоўным пачастункам Масленіцы з’яўляўся блін, таму што ён падобны да сонца, якому людзі былі вельмі рады пасля доўгай зімы!
3-е дзіця.
Масленіца, прыходзь да нас!
Вясёлая, прыходзь да нас!
3 сырам, маслам, пірагамі,
Караваем і блінамі.

В. Паважаныя, праспяваем жа ўсхваленне Масленіцы!

Дзеці ладзяць карагод вакол пудзіла Масленіцы і спяваюць:

Вітаем цябе, Масленіца!
Хопіць, зімачка, гуляць,
Час вясну нам заклікаць!
Як мы Масленіцу сустракалі,
Мы сыр з маслам пачыналі,
Мы блінамі гару высцілалі,
Зверху маслам палівалі.

В. На Масленіцу дзетвара, моладзь і дарослыя на працягу тыдня прымалі ўдзел у святочных гуляннях: хадзілі адзін да аднаго ў госці, спявалі зімовыя і вясновыя песні, танцавалі, каталіся на каруселях, з гары на санках, гушкаліся як мага вышэй на арэлях, каб быў добры ўраджай.
4-е дзіця.
Заігралі музыканты,
Затрасліся стужкі-банты.
Закруціла завіруха —
Полька-трапятуха.
Л. Кебіч

Танец «Беларуская полька»

(бел. нар. мелодыя, апрац. Д. Камінскага)
В. На Масленіцу дзетвара забаўлялася вясёлымі гульнямі.
5-е дзіця.
Добра зімачка нас пацешыла,
Шмат снегу на страху навешала.
Хлопцы і дзяўчаты, разгуляемся
I з зімачкай развітаемся!

Гульня «Штурм снежнай крэпасці»

У зале на адлегласці размяшчаюцца 2 макеты «снежнай крэпасці». Дзеці падзяляюцца на 2 каманды. Кожная каманда імкнецца захапіць «крэпасць» праціўніка — штурмуе яе сняжкамі з ваты.
В. Сябры, працягнем весяліцца.
Час на каруселі пракаціцца!

Гульня «Карусель»

Вядучы знаходзіцца ўнутры абруча, да якога прымацаваны рознакаляровыя стужкі, і трымае яго на ўзроўні плячэй. Гучыць рытмічная музыка. Дзеці, стоячы вакол вядучага, бяруць стужкі ў рукі і пачынаюць рухацца па крузе: адцягваючы насочак, бягом на дыбачках, падскокамі, высока падымаючы калені, бакавым галопам, прамым галопам, зноў адцягваючы насочак.
6-е дзіця.
Мы скакалі, мы гулялі,
А прыпеўкі не спявалі!

Дзеці выконваюць прыпеўкі.
7-е дзіця.
У нас хлопцы — малайцы,
I дзяўчаты — малайцы!
Колькі жартаў, колькі смеху,
Добрым людзям на пацеху!

Танец «Кадрыль»

(бел. нар. мелодыя, апрац. А. Аляхновіча)
В. Чаго-чаго, а жартаў і смеху на Масленіцу было хоць адбаўляй. Не абыходзілася свята і без спаборніцтваў — хто дужэйшы, смялейшы і спрытнейшы за ўсіх.

Спаборніцтва «Перацягванне каната»

В. А зараз гульня для самых дужых! Раней на свята на ледзяным вале сустракаліся два хлопцы з мяшкамі, напоўненымі снегам, і імкнуліся ўдарам мяшка па плячы скінуць адзін аднаго.

Спаборніцтва «На ледзяным вале»

Пасярэдзіне залы на падлогу кладуць канат. Два хлопчыкі трымаюць у руках мяшкі, напоўненыя сінтэпонам. Яны
ідуць па канаце насустрач адзін аднаму і спрабуюць ударам мяшка па плячы збіць праціўніка з каната.
В.
Пагуляла Масленіца ды ўжо хопіць,
Хай жа яна на нас злосць не тоіць.
Хопіць зімачцы ўжо зямельку студзіць,
Вясне месцейка трэба саступіць.
Паклічам жа веснавое сонейка.

Дзеці.
Сонейка, павярніся,
Вясна, у дарогу сабярыся!

В. Раней людзі лічылі: калі на Масленіцу гучна пакрычаць, пабразгаць — усё ліха і зло ўцячэ. Зараз і мы так зробім, каб адпужаць ад нас усё дрэннае. (Дзеці ідуць вакол пудзіла Масленіцы і грымяць бразготкамі.)
Пад канец свята дарослыя абавязкова спальвалі пудзіла Масленіцы, адзначаючы, што зіма ўжо скончылася і прыйшло веснавое цяпло, а потым ладзілі вакол вогнішча карагод.
Два хлопчыкі вывозяць з залы пудзіла Масленіцы.

В. У апошні дзень Масленіцы ўсе просяць адзін у аднаго прабачэння. (Дзеці абдымаюць адзін аднаго і просяць прабачэння.) I дома папрасіце прабачэння ў вашых мам, татаў, бабуль, дзядуль.
Даражэнькія, дзякуй вам за ўвагу! Надыйшоў час развітвацца, але гэта яшчэ не ўсё. Вас чакаюць масленічныя пачастункі!
8-е дзіця.
Мы на свяце пабывалі,
Сваю Масленіцу сустракалі,
Бліны масліцам залівалі
Ды блінамі ўсіх частавалі!

Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці пакідаюць залу і ў групе частуюцца блінамі.

ЛІТАРАТУРА:

1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
Дубініна,Д М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. — Мазыр: Белы Вецер, 2014.
2. Старжынская, Н.С. Заняткі па развіццю маўлення і маўленчых зносін у дзіцячым садзе: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з бел. мовай навучання / Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна. — Мінск: Нац. ін-т адукапыі, 2008.


Яшчэ на гэту тэму:

Масленіца     Масленіца гуляла – вясну сустракала