сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. А. МЯЖЭВІЧ, настаўнік Смалянскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Беларуская мова і літаратура 6/2004

“Кветкі — сонцавы дзеткі...”

Літаратурная гасцёўня

Мэты: пазнаёміць вучняў з паданнямі пра кветкі; развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, іх творчыя здольнасці; захоўваць цікаўнасць да фальклорнай спадчыны беларускага народа; выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы; фарміраваць навыкі маўленчых зносін.
Эпіграф:
Якіх толькі кветак на свеце няма,
на свеце бязмежным, шырокім!
Якая на іх ні бывае зіма, —
вясной весяляць яны вока!
(У. Дубоўка)
Абсталяванне: вучнёўскія малюнкі кветак, букеты з жывых кветак, пано і ўпрыгожванні з пялёсткаў і лісця, карціны, паштоўкі і каляндарыкі.

Гучыць “Вальс кветак” з балета П. Чайкоўскага “ Шкаўкунчык ”.
Уступнае слова настаўніка. Некаторыя расліны людзі вырошчваюць для таго, каб іх есці, іншыя — для таго, каб рабіць з іх адзенне ці яшчэ якія-небудзь карысныя рэчы. Але ёсць такія расліны, якія і есці нельга, і ніякіх рэчаў з іх не зробіш, а ўсё ж такі многія людзі садзяць і разводзяць іх. Гэтыя расліны маюць вельмі прыгожыя кветкі, большасць з іх хораша пахне, таму і ўзнікае ў чалавека неабходнасць мець іх заўсёды паблізу.
Вось і садзяць людзі гэтыя расліны на кветніках, у палісадніках каля сваіх дамоў у горадзе і ў вёсцы, каля школ, на вуліцах, бульварах, у скверах, на плошчах, ля помнікаў героям, на магілах блізкіх і родных ім людзей.
Але шмат у Беларусі і такіх кветак, што людзі не змаглі “прыручыць”. Яны так і засталіся расці ў полі, на лузе, у лесе, на рэках і азёрах.
Амаль кожная кветка мае сваю гісторыю. 3 ім звязана шмат цікавага і незвычайнага.

Вучні расказваюць паданні пра кветкі і чытаюць вершы беларускіх паэтаў.

Васілёк*

Жыў-быў у адным паселішчы хлопчык. Васільком яго звалі. Сірата. Маці і бацька ды браты з сястрычкамі памерлі ўсяго за пару дзён да страшэннага памору. Добра, што людзі ў вёсцы аказаліся спагадлівымі і чуллівымі. Вырашылі, што стане ён у іх падпаскам. Жыў малы па хатах, як і дамовіліся сяляне. Ніхто яго не крыўдзіў, таму што ведалі, які гэта сірочы хлеб. Уважліва сачылі і за тым, каб з чужых хто хлопчыка не крыўдзіў. Рос Васілёк нібы на дражджах, але не гэта галоўнае. Пераймаў ён ад людзей усё самае лепшае. Бачылі старэйшыя, як яму ня проста, таму і падказвалі, і падтрымлівалі, і хвалілі. А яшчэ хлапчына тварам ды постаццю нібы ў якога прыгажуна пайшоў. Тут ужо вясковыя дзяўчаты стараліся не прапусціць яго міма сябе, абавязкова закрануць, каб пагаманіць ці пасмяяцца. Нічога, што бедны, але прыгожы які, а працаўнік — дык такіх пашукаць трэба. Усё добра было. Ды аднаго разу здарылася непрадбачанае. Малая дзяўчынка палезла за сваімі братамі ў вірлівую раку купацца. Не паспелі азірнуцца, як закружыла яе і пацягнула на дно. Убачыў такую справу Васілёк... і ў ваду! Хлапчына выцягнуў малую, але сам утапіўся. Калі вяскоўцы прыйшлі на наступны дзень на бераг ракі, каб пакланіцца яго душы, то ўбачылі кветку. Старэйшыя адразу загаманілі, што гэта пастушкова душа прарасла, і назвалі кветку васільком.


____________
* Тэксты паводле народнага тут і далей пададзены ў апрацоўцы Аляксея Ненадаўца.


Кветкі васілька выкарыстоўваюць у настоях, адварах пры хранічных запаляльных захворваннях нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш. Гарката, якая прысутнічае ў расліне, дапамагае страваванню.
Васілёк — верны спадарожнік хлебнага поля. Ён быў завезены ў Еўропу разам з жытам яшчэ ў пачатку нашай эры. У Еўропе кветка здаўна лічылася адной з лепшых для пляцення вянкоў.

Паэзія не апавядае пра кветку, а становіцца самой кветкай. Бо кветка, калі яна не міфалагічны нарцыс, не ўзіраецца ў сябе, нават не ведае, якая яна. Паэзія піша не пра гук, колер, пах, а гукам, колерам, пахам. З'ява не пярэчыць сутнасці, бо сутнасць — гэта таксама з’ява: наступнейшай сутнасці. І чым больш паэзія сутнасная, тым больш і “з’яўная”.
(А. Разанаў)

Васілёк
Сімвал роднага краю,
васілёк сінявокі,
я табе давяраю
поле думкі высокай.

Засявай яго дбайна
то надзеяй, то марай,
надзівіцца ўсім дай нам
тваім сінім пажарам.

Абагрэй клапатліва
у пахмурную восень
і ўсміхніся шчасліва,
калі шчасце збылося.

Твая ўвага і ласка,
твая родная песня,
як дзіцячая казка,
праз стагоддзі ўваскрэсне.
(Марыя Шаўчонак, 1980 г.)

* * *
Васількі збіралі, васількі
а у жыце спелым, ля ракі.

Васількі зайстужыла ў вянок,
любая, як гэты дзень далёк.

Красаваў вяночак і засох,
на пяску пялёсткі каля ног.

На пяску пялёсткі ад жыцця
шастаюць, шапочуць, шалясцяць...

Спахмурнелі вочы, смех замоўк,
ці мо твае вусны сцяў замок?

У люстэрку дзён дзесь погляд твой,
смех у пошчак стаўся над ракой...

І кусаеш вусны... Васількі
красавалі ў жыце ля ракі...
(Уладзімір Дубоўка, 1927 г.)

Васількі
Калі мы толькі ў жыццё ўступалі,
Былі яшчэ юнакі, —
Дзяўчаты кашулі нам вышывалі
У сінія васількі.

І зараз успомню: як высыпле вёска
У поле пад звон сярпоў,
Дык аж цямнелі
шнурыны-палоскі,
Сінія ад васількоў.

Вось і дажынкі. Якім небагатым,
Лета, ты едзеш у двор.
І тужылі і не глядзелі дзяўчаты
На свой вышыванняў узор...

Тыя ўзоры юнацтва даўно пабялелі,
Не сумуйце па іх, сябры.
Мы сінія камбінезоны адзелі
і селі на трактары.

Пракацілася рэха іх сугалосся
Па палявой шырыні.
Не васількамі, а буйным калоссем,
Лета, нам сэрцы крані.

Новыя дай вышыванняў узоры
Для працавітых дзяўчат.
Вось яно, наша хлебнае мора,
Коціцца за далягляд!

і ў гэтым багатым разліве шумным
Спалоханы зірк васількоў
Здаецца нейкім прывідам сумным
3 нейкіх далёкіх вякоў.
(Кастусь Кірэенка, 1951 г.)

Васількі
Людзі йшлі па плошчах гожых,
Па праспектах гарадскіх...
Ты на стыку ўсім прахожым
Прадавала васількі.

Людзі йшлі і праміналі,
Не вярталіся ізноў...
ім нічога не казалі
Зоркі-вочы васількоў.

Толькі я, дзівак-паэта,
Прыпыніўся і сачыў,
Як пялёсткі з тых букетаў
Асыпаліся ўначы.
(Юлій Таўбін, 1928 г., Варонеж)
С. Дарожны адзін са сваіх зборнікаў паэзіі назваў “Васільковы россып” (1929). У А. Паўловіча ёсць драма “Васількі” (1919).

Рамонак

У адным з невялікіх гарадоў жыў-быў майстравіты хлапчына. Дастаткова яму было на нешта проста паглядзець, каб потым зрабіць намнога лепшую і прыгажэйшую рэч. Кожны з суседзяў лічыў за гонар купіць у майстра што-небудзь для сябе, для родных і блізкіх. Потым пачалі прыязджаць да яго гандляры здалёк і купляць зробленыя ім рэчы за любую цану. Слава пра незвычайнага хлапчыну разнеслася па суседніх княствах. У адным з іх жыў багаты князь, а ў яго была адзіная дачка. Прыгажуня такая, што ад жаніхоў адбою не было. Праўда, яна з імі толькі жартавала ды гаварыла, што пра замужжа думаць рана, што хоча яшчэ пагуляць у дзеўках. Пакруцяцца, пакруцяцца тыя і едуць сабе дамоў. Трэба ж было такой дзяўчыне пачуць пра незвычайнага майстра. Адразу кінулася да бацькі і давай прасіцца, што, маўляў, хоча паглядзець на чалавека, які вырабляе такія дзівосныя ўпрыгожванні. Хто-хто, а князёўна ва ўпрыгожваннях разбіралася і мела іх нямала. Уступіў бацька просьбам дачкі — павезлі яго воіны князёўну ў той горад, дзе жыў хлапчына. Як убачыла яго дзяўчына, дык і сон страціла, бо ён не толькі майстравіты аказаўся, але I прыгажун. Неяк папрасіла яна хлопца, каб вырабіў ёй сонца. Біўся, біўся майстар, але нічога не атрымалася. І ператварыўся ён у кветачку. Бачыце, рамонак на сонца вельмі падобны.


Некалькі парад

У настаўленнях народных лекараў гаворыцца: “У каго ў горле баліць, вазьмі шклянку знятага малака (верху), шклянку вады і па адным каліве (у тры пальцы) рамону, ліпавага мёду і бузіны, — змяшай усё разам, ускіпяці, працадзі скрозь анучку, астудзі, як сырадой, і пі замест чаю”.
Вядома, што валасы, прамытыя ў рамонкавым адвары, набываюць прыгожае залацістае адценне. А хто часта мыецца рамонкавым адварам, у таго скура на твары робіцца аксамітнай і пяшчотнай. Рамонкі карысна трымаць у каморах і кухнях, дзе захоўваюцца харчовыя прыпасы: гэта расліна адпужвае мышэй.


Рамонкі
Ахапак рамонкаў,
Вяснянае ранне.
Бягу я насустрач табе —
На спатканне.

Каймою — сцяжынка,
Кілімам — палеткі...
Не вянуць
Расою абмытыя кветкі.

Трава — пад нагамі,
А ў небе — блакіты.
I жаўранак звонка
Застыў па-над жытам.

Ну вось, паглядзі —
На пялёстках расінка...
Рамонкі, рамонкі!
Каймою — сцяжынка,

Каймою — сцяжынка,
Халодныя словы...
Завялі рамонкі
Мае ля дубровы.
(Ніна Тарас, 1954 г.)

Цвілі рамонкі на лугах
Цвілі рамонкі на лугах
І васількі ў жыце,
І рассцілалася смуга
Пад сонцам у зеніце.

Усё жывое на зямлі
Даўно дажджу чакала,
На кветках сонныя чмялі
Гулі ледзь чутна, вяла.

Адзіны дуб паміж ялін
Прасцёр свабодна плечы,
Сарокі шумна між галін
Спрачаліся аб нечым.

І адступаў лясцамі лес,
І слаліся выгары,
І чорны пень на ўзвышша ўзлез,
Нібы ўцёк ад кары.

Трымцелі лісцікі асін
I пляскалі ў далоні,
Ад іх пустых лядачых кпін
Прыкрыў ляшчыннік скроні.

А я угледзеў жоўты мох,
І, пэўна, мне здалося,
Што чую топат ціхіх ног,
Што крочыць полем восень.

Глядзелі кветкі на лугах
На сонца у зеніце,
Неўтаймаваная туга
Схавалася у жыце.
(Станіслаў Шушкевіч, 1976 г.)

Шыпшына

Гэтая гісторыя прысвечана вернаму і моцнаму каханню. Нездарма ж гэтае пачуцце лічаць спрадвеку самым дарагім. А пачалося ўсё з-за таго, што ў адным паселішчы жылі хлопец і дзяўчына. Як іх звалі, памяць народная маўчыць, але яны вельмі даспадобы прыйшліся адно аднаму. Сустракаліся кожны дзень, працавалі разам, адпачывалі таксама. Усе людзі бачылі іх каханне, але ніхто і слова крыўднага на іх не казаў. Некаторыя зайздросцілі, але больш з-за таго, што ў іх саміх так у жыцці не склалася. Чужому шчасцю зайздросціць не трэба. Наадварот, старайся сваё каваць, на яго падобнае. Так заўсёды нашы продкі вучылі. Адзін стары дзед нават папярэдзіў закаханых, каб асцерагаліся чорных вачэй. Засмяяліся шчаслівыя тыя ды прамовілі ў адказ, што нікому нічога благога не ўчынілі, каб за нешта баяцца. Дзядулька, праўда, гаварыў зусім пра іншае, пра тыя чорныя вочы, якія жывуць толькі з зайздрасці. Прыслухацца б закаханым да такой парады, не паказвацца прылюдна, асцерагацца, а яны — не. Нічога не змянілі, паводзілі сябе, як і раней. Толькі адна злая ведзьма-варажбітка ператварыла іх у расліны. Дзяўчыну зрабіла шыпшынай, не захацела хаваць і пасля гэтага яе прыгажосці, а хлопца — хвашчом, які заўсёды расце ля шыпшыны. А ўсё толькі з-за таго, што ведзьміна дачка была непрыгожая і з ёю не вадзіліся хлопцы.


Некалькі парад

Плады шыпшыны ўваходзяць у склад вітамінных чаёў (збораў), асабліва карысны чай, прыгатаваны з пладоў шыпшыны і чорнай парэчкі. Плады шыпшыны і лекі, якія атрымліваюць з іх, выкарыстоўваюць у якасці полівітаміннага сродку пры розных захворваннях, якія суправаджаюцца павышанай патрэбай арганізма ў вітамінах.
Выкарыстоўваюць плады часцей за ўсё ў выглядзе настояў. Гатуюць настой з 15 г папярэдне здробленых пладоў, заліваючы іх у эмаліраваным посудзе 200 мл. кіпеню і падвяргаючы кіпячэнню на працягу 10 мін. Пасля кіпення настойваюць 45 мін, працэджваюць і прымаюць па 50—100 мл. 2—3 разы на дзень за паўгадзіны да яды.


О Беларусь, мая шыпшына
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.

Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй — пад колер сталі —
праменне яснае люблю.

Ніколі пройме з дзікім ветрам
не развіваць дзявочых кос.
Iмкнешся да Камуны Свету,
каб радасць красавала скрозь.

Варожасць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
(Уладзімір Дубоўка, 1925 г.)

Шыпшына пры даліне
І ўсё ж я сказала: “Прэч!”,
хоць знала, што душой астынеш...
Дарма ў знак будучых сустрэч
Садзіў шыпшыну пры даліне.

Не мне душу тваю караць,
Будзь ласкавейшы з той, што зараз
яшчэ не ўмее раўнаваць,
яна — твой суд і твая кара...

А мне разлука студзіць скронь —
не захліпнуцца б ва ўспаміне...
І палымнее, як агонь,
цвіце шыпшына пры даліне.
(Раіса Баравікова)

П. Глебка адзін са сваіх зборнікаў паэзіі назваў “Шыпшына” (1927).

Ружа

Гавораць, што стварэнне гэтай кветкі адбылося ў Старажытнай Грэцыі, калі там гаспадарылі багі і міфічныя героі. Флора доўгі час пазбягала Амура, не кахала яго і была нарэшце паранена яго стралою. Як толькі яна гэта адчула, то пачала горача кахаць Амура, але хітры бажок не жадаў залежаць ад адной жанчыны, няхай сабе і боскай асобы. Тады няшчасная Флора вырашыла стварыць помнік свайму каханню — кветку, якая здольна была б спалучыць у сабе і радасць, і смутак. Калі яна ўбачыла кветку, якая вырасла прама ў яе руцэ, то не ўтрымалася і хацела ўсклікнуць: "Эрас” (так раней звалі Амура), але неяк незнарок запнулася, зачырванелася і, праглынуўшы першы склад, крыкнула адно толькі “рос”. Кветкі, якія раслі навокал, падхапілі гэтае слова, з таго часу новая кветка і пачала звацца ружай. Паводле іншага падання, ружа сваім паходжаннем абавязана багіні палявання Дыяне, Яна таксама закахалася ў Амура, але адразу ж прыраўнавала яго да адной з прыгожанькіх німфаў, якую звалі Разалія. Аднойчы ў гневе Дыяна схапіла прыгажуню і смяротна зраніла яе калючкамі цярноўніку. Амур ад птушак даведаўся, што адбываецца, але не паспеў яе выратаваць. Упаў на калені перад скрываўленым маладым целам і пачаў горка-горка плакаць. Яго слёзы капалі на куст цярноўніку. І тут адбыўся цуд — дзікарастучы куст стаў пакрывацца вялізнымі і надзвычай прыгожымі кветкамі. Гэта і былі ружы.


Гучыць “Авэ, Марыя”.

Ружа — царыца кветак, яна сімвалізуе любоў, міласэрнасць, цярпенне, пакутніцтва Багародзіцы.
3 ружай звязана мноства хрысціянскіх легендаў. Адна з іх — як архангел Гаўрыіл сплёў для прасвятой Багародзіцы тры вянкі: з белых руж — радасць Багародзіцы, з чырвоных — яе пакуты, з жоўтых — яе славу.

Жыта, ружа і палын
Хмара чорная не знае,
хто ёй — пасынак, хто — сын,
шчодра ў маі палівае
жыта, ружу і палын.

Сонца яснае не знае,
хто там — пасынак, хто — сын,
шчодра песціць, сагравае
жыта, ружу і палын.

I зіма не разбірае,
хто ёй — пасынак, хто — сын,
снежнай коўдрай укрывае
жыта, ружу і палын.

Хто больш родны, хто з іх лепшы,
знаю, можа, я адзін:
жыта корміць,
ружа цешыць,
лечыць гаркатой палын.
(Хведар Жычка, 1985 г.)

“Ружа”
А ці міг, ці век —- не знаў ніхто там,
Колькі моўчкі праляжалі мы
На краі сыпучага сумёта
Пасярод марознае зімы.
Толькі раптам лютаўская сцюжа
Адступіла быццам, адлягла.
Чую і не веру сам я “Ружа”,
“Ой, расцвіла ружа, расцвіла...”
Азірнуўся: ціха ў задуменні
Сам сабе спявае зампаліт.
Слухаем, І нікне поўнач ценем,
Iншыя ўстаюць хлапцам палі.
Случчына каму, каму у песні
Амсціслаўшчына яго ўстае,
Мне ж — рачэнскі край, маё Палессе,
Вербы, вочы ясныя твае.
І узбек, сусед мой, вочы мружыц
ь
(Што ён прыгадаў у той цішы?),
Слухаў, слухаў і ўсміхнуўся: “Ружа.
Ружа, — зноў ён паўтарыў, — якшы”.
І да самае атакі потым
Больш не думалі аб сцюжы мы
На краі сыпучага сумёта
Пасярод марознае зімы...
(Алесь Жаўрук, 1942 г., Мажайск)

3 імем гэтай кветкі ў беларускай літаратуры звязаныя назвы зборнікаў вершаў М. Мятліцкага “Ружа вятроў” (1987), А. Бачылы “Калючая ружа” (1962).
У Нармандыі лічылася, што дзікая ружа не падпускае да дзвярэй людзей з дурнымі намерамі.

Лотаць

У аднаго гандляра, бадай, самага багатага ў гэтым краі, была дачка. Адзіная. Таму і выконваў бацька ўсе патрабаванні і просьбы, а ў некаторых выпадках нават і думкі сваёй папялушкі, як ён яе называў. Матуля дык толькі ўздыхала і прамаўляла мужу, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Але дзе ж вы бачылі, каб у такіх выпадках ды нехта паслухаўся? Адмахнецца купец, маўляў, што ты ў гэтым разумееш, жанчына! Успыхне тая, але ж супраць мацнейшага не пойдзеш. Болей таго, гаспадар прывучыў адзіную сваю ўцеху да дарагіх рэчаў. Едзе з далёкага краю і абавязкова вязе падарункі дачушцы. Выбіраў такія, якія ніхто не мог сабе дазволіць прыдбаць. Дзяўчына прызвычаілася да ўсяго гэтага. Яе проста прыцягваў бляск золата. Дзе ні ўбачыць дарагую рэч, то адразу ж да бацькі бяжыць, каб той купіў. Потым ужо і купец адумаўся, за галаву схапіўся, што ж яна вырабляе? Жонка толькі ўсхліпвала, бо ведала, што перайначыць дачку ўжо немагчыма. Муж усё ж не губляў надзеі. Але аднаго разу здарылася непрадбачанае. Адбылося ўсё ў купальскую ночку, калі навокал гаспадарыла нячыстая сіла. Трэба было асцерагацца, а не бегаць паўсюдна. Дачка ж гуляла апоўначы, каб знайсці папараць-кветку. У адным месцы ўбачыла заклікальны агеньчык. Яна туды кінулася, а там... рака. Ля берага раніцай убачылі кветку лотаць, якая нагадвае сабою тое крыважэрнае золата.


Лотаць яшчэ мае іншую назву — калужніца, у перакладзе гэта слова азначае “балота”.
Раней выкарыстоўвалася ў медыцыне, Маладыя кветкавыя пупышкі марынаваліся ў воцаце, які выцягваў з іх горкае рэчыва. На Каўказе вярхушкі сцяблін з кветкавымі пупышкамі сушаць і зімой ужываюць у якасці прыправы. Карэнішча (варанае) таксама выкарыстоўваецца ў ежу.
Зялёныя часткі расліны ядавітыя.
Лісты прыкладаюцца пры апёку да раны.

Зборнік вершаў М. Маляўкі мае назву “Лотаць” (1973).

Жырандоля

Большасць вершаў Багрыма беззваротна загінула, частка, відаць, стала здабыткам фальклору, але аб Багрыму як мастаку сведчыць яшчэ адзін твор — жырандоля, што да гэтага часу вісіць у старым крошынскім касцёле.
Арыгінальна зроблена тая свяцільня. На металічным кругу — кветкі лотаці. Яны толькі-толькі распусціліся. Між кветак раскідана лісце дзівоснага вінаграду. І над усім гэтым — у імклівым палёце жаваранкі. Там жа высечаны словы: “Павел Багрым выканаў у Крошыне над Шчарай года 1881”.
Дакладнай даты нараджэння паэта няма. А глядзіш на жырандолю і думаеш: Багрым нарадзіўся вясною, калі на лугах буяла лотаць.
(Я. Пархута)


Гарлачык

Жыла некалі ў гэтых мясцінах надта злая варажбітка. Людзі называлі яе ведзьмай. Баяліся лішні раз пайсці каля яе напаўразбуранай хацінкі, якая ляпілася ля высачэзных соснаў, што раслі на беразе вірлівай ракі. Гаварылі паміж сабой вяскоўцы, што нездарма яна там і жыць стала. Ніхто не бачыў, як варажыла ведзьма, ніхто не чуў, што прамаўляла злая падчас сваёй варажбы. Хітравала старая, хавалася, не давала падстаў для таго, каб прагналі яе тубыльцы ад тутэйшых мясцін.
Была ў гэтай ведзьмы дачка. Прыгожая, спагадлівая да вяскоўцаў, шчырая ды ўсмешлівая. Ніколі міма проста так не пройдзе, каб не спыніцца ды не распытаць пра жыццё-быццё вясковых жанчын або дзяўчат, сваіх равесніц. Радавалася жыццю, як толькі магла, бо, вядома ж, маці не давала ёй многае рабіць так, як хацелася б. Маці ж хацелася перадаць свае чарадзейныя ўласцівасці, каб яна магла беспакарана вяршыць лёсы многіх людзей. Калі дачка стала адмаўляцца, што не трэба ёй такога, не хоча яна жыць па вядзьмарскіх законах, го варажбітка заверашчала не сваім голасам. Не жадала і чуць пра тое, што яе крывіначка назаўсёды застанецца добрай. Потым пачала маці пераконваць прыгажуню, што гэта яна толькі па маладосці сваёй упарціцца, а калі стане дарослай, то яшчэ не раз пашкадуе. Толькі і тут пачула адмову. Тады ведзьма ўтапіла дзяўчыну ў рацэ. Гарлачыкам беласнежным стала чысцюткая душа прыгажуні. Таму яна і засталася назаўсёды сярод людзей, у памяці народа, бо не скарылася.


Некалькі парад
У народнай медыцыне карэнішча з карэннем, лісты, кветкі і плады гарлачыка ў выглядзе адвараў і настояў выкарыстоўваюцца пры запаленнях страўнікава-кішэчнага тракту, скураных захворваннях і інш. Нельга забываць на атрутныя ўласцівасці гарлачыка (асабліва карэнішча і карэння).
Адвар сухіх кветак (2 сталовыя лыжкі на 1 л вады кіпяціць 10 мін, настойваць паўгадзіны, працадзіць) прымаць па сталовай лыжцы 3 разы на дзень. Сухія кветкі абварваюць кіпенем, заварочваюць у марлю і прыкладаюць да хворых месцаў.

Званочак

Даўней часта войны ўсялякія ды бітвы на нашай зямлі адбываліся. Ад гэтага нікуды не схаваешся. Усяляк паводзілі сябе тубыльцы падчас выпрабаванняў: хто мужна змагаўся да апошняга, не жадаючы трапляць у палон, а хто, наадварот, і ў такой чорнай справе бачыў выйгрышную сітуацыю. Стараліся такія адшчапенцы зарабіць на запрададзеных суродзічах, на раскрытых таямніцах, на здрадзе. Вядома ж, ворагі абяцалі многае, але мала калі пакідалі такіх здраднікаў у жывых. Аднойчы так і здарылася, Нейкі князь прыйшоў са сваёй дружынай, выкарыстаўшы даволі зручны момант, калі ўся дружына мясцовага валадара была на другім канцы земляў. Вядомы ім былі некаторыя шляхі, а вось нейкія сцежкі, які б вялі да дробных паселішчаў, — не. Таму і стараліся праводзіць чужыя атрады па глухіх барах-пушчах, што раслі на тутэйшай зямлі. Знайшлі ўсяго двух братоў, якія паквапіліся на бляск золата. Выдавалі і выводзілі нават туды, куды і пешшу дайсці было амаль немагчыма. Многія з-за іх жыццё страцілі, але ўсё ж нарваліся яны на сваё — з засады перастралялі лучнікі і чужынцаў, і здраднікаў. На месцы тым выраслі кветкі — званочкі, якія нават у ціхую часіну звіняць: “Уцякайце, хавайцеся, мы здрадзілі...”


На ноч кветкі званочка, у якіх значна цяплей, чым у навакольным асяроддзі, з’яўляюцца сховішчам для насякомых.
Корні салодкія і спажыўныя, раней выкарыстоўваліся ў медыцыне.

* * *
Сінія званочкі, сінія званкі,
Стаялі сасмяглыя, сонныя.
Мы іх збіралі, ставілі ў збанкі,
Паілі вадой сцюдзёнаю.

Мы іх хавалі ў цень ля сцяны,
Ставілі на падаконнікі
I верылі, што ад шчасця яны
Зазвоняць тоненька-тоненька.

Яны ж на луг пазіралі з акна —
і ніводзін нават не дзвынкнуў.
I была ў сінім сэрцы кожнага званка
Белая-белая слязінка...
(Гэнадзь Бураўкін, 1962 г.)

Цікава ведаць
Папараць-кветка — машына часу

Квітнеючая папараць-кветка — гэта не міф. Ажно да XVII ст. на Беларусі сустракаўся- асаблівы від папараці. Ён мог цвісці нечым падобным на драбнюткія блакітныя зорачкі. Ні ў якім іншым кутку свету не было папараці, якая цвіце. Гэтая незвычайная расліна мела наркатычныя ўласцівасці. Дзякуючы ім абвастралася ўспрыманне часу. Ад водару кветкі папараці чалавек мог адчуваць адначасова і цяперашняе, і мінулае, і будучыню. Адцвітала папараць вельмі хутка.
Ніхто не можа сказаць, ці існуе рэдкая расліна дагэтуль. Але чаму б не спадзявацца на цуд?


Папараць-кветка

У вельмі даўні час, калі на зямлі толькі-толькі пачалі з’яўляцца каштоўныя рэчы, жыла ў нашым краі дзяўчына. Прыгожая. Такая, што прыгажэйшай за яе ўсё роўна не знайшоў, хоць і праехаў бы ўсю чыста зямлю. Не данесла да нас паданне, як яе звалі, але сцвярджалі, што была яна надзвычай злая і сквапная. Як што ўбачыць, то адразу і крычыць, каб ёй адной перапала. Вядома ж, выконвалі яе просьбы-загады, бо яе бацька быў магутным князем. Чаго ўжо любы бацька не зробіць для свае дачкі? Жылі яны ў вялізным замку, які стаяў на беразе шырокага і глыбокага возера, Выходзіла дзяўчына з раніцы са свайго пакоя і ўважліва сачыла, ці не з’явіўся які-небудзь човен на воднай прасторы. Калі з’явіўся, значыцца, нейкі купец-гандляр едзе, а раз ён сюды плыве, то з яго ў абавязковым парадку трэба даніну браць. Выбірала сабе лепшае ды даражэйшае, а пра таннае ды горш вырабленае казала, што гэта іншыя купяць. Атрымлівалася так, што чалавек здалёку дабіраўся, каб нешта выгадна прадаць, а тут у адкрытую яго рабавалі, але паскардзіцца не было каму і куды. У іншым выпадку князёўна крычала і тупала нагамі. А дружыннікі, якія ад яе ні на крок не адыходзілі, адразу за бізуны хапаліся. Вось і памяркуйце, што лепей: тавар аддаць ці жыццё страціць? Але аднаго разу злая гаспадыня пралічылася. Здавён жа гавораць, што браць можна не ўсё, бо ёсць і заклятае. Яна на такога гандляра і патрапіла, які мог чорныя справы ўчыняць. Як толькі ўхапілася за каштоўныя рэчы, то гаспадар адразу ж падумаў: “Каб ты свет Божы бачыла толькі раз у жыцці”. Гавораць, што дзяўчына тая стала папараць-кветкай, якая цвіце толькі ў адну купальскую ноч.


Некалькі парад

3 лекавымі мэтамі нарыхтоўваюць карэнішча папараці ўвосень. У медыцыне выкарыстоўваюць эфірны экстракт карэнішча і сухі экстракт з яго пад назваю філіксан. Гэтыя прэпараты атрутныя. Яны ўжываюцца толькі пад назіраннем урача ў якасці супрацьгліставых сродкаў.
У народнай медыцыне карэнішча папараці выкарыстоўваюць у выглядзе адвару для лячэння скураных язваў. Адвар рыхтуюць з 25—30 г здробленага сухога карэнішча на 1 л. вады. Кіпяцяць на працягу гадзіны і пасля працэджвання выкарыстоўваюць для вільготных павязак і абмывання скуры.


На Купалле
На Купалле на святое
Рві, матуля, зелле тое,
Што ў нас папараць завецца!
I шчаслівым быць здаецца!

Як нарвеш яго даволі
Ў цёмным лесе, ў чыстым полі, —
Палажы за абразамі,
Пасвянці сваймі слязамі...

Двойчы, тройчы — а крапліста —
Злі слязою брыльянцістай
I чакай з яго прыплоду
Ад усходу да заходу...

Як узыдуць з зелля кветкі, —
Будуць шчасце меці дзеткі,
Будзеш, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацце!..
(Янка Купала, 1910 г.)

Купалле
Спеў зямлі, уваскрэсні,
разбудзі цішыню.
Мы жывучыя песні
данясём да агню.

І вясёлыя хвалі
раскачаюць вянкі.
Толькі раз, на Купалле,
ажываюць вякі.

Мы не стомімся весліць
на чароўнай вадзе.
І купальскія песні
не разгубім нідзе.

Кветка-папараць ярка
выкрасае іскру.
Сёння наша Купалка —
гэта Белая Русь!

Зноў зямля — таямніца
у высокай красе.
Сіла злая скарыцца,
бо мы любім — усе.

Хутка сонца зайграе
над пражылкамі рэк.
Хто яшчэ не кахае —
пакахае навек!
(Сяргей Панізнік)

У славян адзін раз на год святкавалі дзень кветак. Людзі спявалі песні, прысвечаныя кветкам, танцавалі, жартавалі, бавілі вольны час у гульнях. Гэта было свята Івана Купалы. У ноч на Івана Купалу людзі рабілі збор кветак, карысных траў, бо лічылі, што да гэтага часу ў іх назапашваліся лекавыя сокі.

Барвенак

Жыў адзін селянін з жонкаю. Гаспадарку трымалі моцную, трое дзетак нажылі. Усяго ставала. Лад ды весялосць панавалі ў гэтай сям’і. Толькі ж дзе гэта вы бачылі, каб жыццё ішло так гладка? Паехалі муж з жонкай на далёкі луг сена грэбці. Дзяцей дома пакінулі: што з малых там за толк, толькі перашкаджаць стануць. Нічога з раніцы бяды-гора не прадказвала. А тут нешта ў кустоўі затрашчала. Конь злякаўся ды як панёс! Ляцеў, нібы яго калёным жалезам прыпальвалі! Селянін неяк утрымаўся, — вядома ж, мужчына. А вось жанчына — тая адразу так і пляснулася. Ударылася галавою аб корань дрэўца і сканала на месцы.
Як ні ўбіваўся гаспадар, як ні перажываў, а давялося яму жаніцца другі раз, бо баяўся, што не ўправіцца з дзецьмі ды гаспадаркай. Здавалася, добра і доўга прыглядваўся, людзей распытваў, а прывёў у сям’ю такую жанчыну, якая мела ўвогуле невыносны нораў. Была ў яе і свая дачка, да якой адносілася з павагай, ласкава, аддавала ёй самае лепшае і смачнае. Затое на сіротах уволю адыгрывалася. Ды яшчэ і гаспадару пастаянна даводзіла, што дзеці не слухаюцца ды нічога не робяць. Стаў іх і бацька біць. А аднаго разу мачаха загадала малым сцерагчы залатую нітачку, якая нібыта на каноплях вісіць, хоць на самай справе ніколі такога ў прыродзе не існавала. Прыйшла, а той нітачкі няма. Яна і пазабівала сірот, а целы іхнія спаліла ў старым хляве. Неўзабаве на тым папялішчы вырас барвенак, які зрэдку цвіце такімі ласкавымі кветачкамі.


Некалькі парад

Барвенак выкарыстоўваюць у медыцынскай прамысловасці. Настой з травы барвенка дапамагае пры кровацячэннях, яго таксама выкарыстоўваюць як вяжучы і супрацьмікробны сродак. Гэта атрутная расліна, і таму патрабуецца асаблівая перасцярога пры рабоце з ёю.
У народнай медыцыне настой карэння барвенка на гарэлцы выкарыстоўваецца пры язве страўніка. Настой травы барвенка дапамагае пры лячэнні гнойных ран і свербных дэрматытаў. Сталовую лыжку сухой травы заварваюць у шклянцы кіпеню, настойваюць на працягу паўгадзіны на пліце, не даводзячы да кіпення. Астудзіўшы і працадзіўшы, абмываюць хворыя месцы.


Зборнік паэзіі А. Гурло выйшаў у 1924 годзе пад назваю “Барвенак”.

Зязюльчыны слёзы

Здарылася гэта надзвычай даўно. Жыла-была жанчына. Няшчасная ўдава. Мужа яе мядзведзь задраў у час палявання. Вось і даводзілася ёй адной, небарацы, дзетак на ногі ставіць. А было іх трое. Два хлопчыкі і дзяўчынка. Дачушка была самая меншая, ласкавая такая, ціхмяная. Прыціснецца да матуліных грудзей і засынае. Жанчына толькі гаротна ўздыхала ды плакала так, каб дзеці не заўважалі. Нялёгка было ёй траіх гадаваць. Хочацца і тое зрабіць, і туды паспець, але ж не ставала ні часу, ні сілы. Адчувала бедная, што здае, што яшчэ крыху так пацягне і ўвогуле знясілее, у магілу зляжа. А хто ж тады малых стане карміць? Хлапчукі браліся ўжо нешта дапамагаць, хоць неяк падтрымаць матулю. Найболей шчымела сэрца ў гаспадыні, калі малыя прасілі есці. Добра, калі было што даць, а калі нічога не мела? Што ж ім гаварыць, як супакоіць ды спаць пакласці? Сынкі, дык тыя клаліся на палок і неяк засыналі. А дачушка нічога яшчэ не разумела. Плакала ды прасіла хлебца, хоць невялічкі кавалачак. Вось гэта і даводзіла найболей да адчаю. Аднаго разу жанчына ледзьве жывая дабралася з поля дамоў, а там зноў тое ж самае — трэба нешта даць малым перакусіць. Загаласіла тады няшчасная, ударылася аб зямлю і прамовіла: “Каб жа мы ўсе ў што- небудзь маўклівае ператварыліся! Каб я гэтага ніколі не чула!” Так і здарылася. Адразу на тым самым месцы з’явіліся кветачкі. Дробныя такія. І назвалі іх зязюльчынымі слёзкамі.


Некалькі парад

3 лекавымі мэтамі збіраюць маладыя клубні ў канцы цвіцення ці пасля яго. Пасля ачысткі ад зямлі клубень апускаюць на кароткі час у кіпень. Высушаны клубень называюць салепам.
У народнай медыцыне ятрышнікі (іншая назва зязюльчыных слёз) вядомыя як сродкі лячэння ад палавога бяссілля; акрамя таго, адвары клубняў выкарыстоўваюць пры запаленні мачавога пузыра, паносах, дызентэрыі, а таксама для паляпшэння здароўя пасля перанесеных інфекцыйных захворванняў.
Для прыгатавання адвару 2—3 г высушаных і здробленых у парашок клубняў замочваюць у невялікай колькасці халоднай вады, затым заліваюць дзвюма шклянкамі кіпеню, кіпяцяць 10 мін, фільтруюць праз марлю і п’юць па паўшклянкі 3 разы на дзень.


Цікава ведаць

На першы погляд, гэта сціплая, някідкая кветачка з пяшчотнымі белымі і ружовымі пялёсткамі. У сярэдзіне кветкі драбнюткія, а бліжэй да краю больш буйныя. Дружная сямейка іх расце так, каб не перашкаджаць адна адной, бачыць сонейка і радаваць вока чалавека. Круглая жоўтая сярэдзінка гэтых кветак ярка блішчыць, нагадваючы нам вясновае сонейка ў небе.


Маргарытка

Распавядаюць, што святая Багародзіца, жадаючы аднае зімы парадаваць маленькага Ісуса і падараваць яму вянок з кветак, вырашыла зрабіць іх з шоўку. і вось яна зрабіла адны, якія асабліва спадабаліся Ісусу. Гэта былі маленькія маргарыткі, зробленыя з жоўтай шаўковай матэрыі і тоўстых белых нітак. Робячы іх, святая Багародзіца калола свае пальцы іголкай, і каплі яе крыві фарбавалі месцамі гэтыя ніткі ў чырванаваты ці ружовы колер. Вось чаму сярод гэтых кветак, акрамя белых, сустракаюцца і ружаватыя.
Маргарыткі Ісус захоўваў усю зіму як вялікую каштоўнасць і, калі надышла вясна, пасадзіў кветкі ў даліне Назарэта ды пачаў іх паліваць. Штучныя кветкі распусціліся, ажылі, пусцілі карані, стапі разрастацца, перасяляючыся з аднаго краю ў другі. Неўзабаве гэтыя кветкі былі вядомы людзям усёй Зямлі.
Паводле другога падання, Прасвятая Дзева Марыя, гледзячы ў зорнае неба, падумала, як бы добра было, каб яно ўпрыгожвалася зямнымі кветкамі, а сама яна гуляла з гэтым небам, нібы з вялізнай цацкаю.
Калі зоркі пачулі пра такое пажаданне, то пачалі самі адлюстроўвацца ў пялёстках зямных кветак, скочваючыся туды расінкамі-пацеркамі. На другую раніцу Дзева Марыя выйшла і ажно ўсклікнула ад захаплення, бо ўсё навокал было ўсеяна кветачкамі. Яна сказала, што цяпер яны навек будуць яе любімымі кветачкамі і назву будуць насіць адпаведную — кветкі Марыі.


Цікава ведаць
Мова кветак
Многія кветкі нясуць пэўны сэнс. Калі ты вырашыў падарыць іх, то ведай, што:
астра азначае смутак, маркоту;
белая лілея — сімвал юнацтва, чысціні, цнатлівасці;
белы гарлачык з даўніх часоў з’яўляецца сімвалам прыгажосці;
васілёк (валошка) — далікатнасць, унутраная высакароднасць;
гваздзік чырвоны — сімвал перамогі, сілы;
гваздзік белы — сведчанне ціхага смутку;
вяргіня — выказванне ўдзячнасці;
званочак — вернасць, адданасць;
мімоза — сарамлівасць, сціпласць;
нарцыс белы — пакорлівасць;
нарцыс жоўты — эгаістычнасць;
незабудка — назва кветкі гаворыць сама за сябе: чалавек, які падарыў яе, просіць помніць аб сабе, не забывацца;
пралеска — надзея на лепшае;
цюльпан — узаемнасць;
язмін — пяшчотнае прызнанне ў каханні, пакланенні.

Віктарына
1. Адзіная ў свеце краіна, на гербе якой змешчаны малюнак белага гарлачыка. (Бангладэш.)
2. Выява якой кветкі ёсць на гербах Вялікабрытаніі, Гандураса, Грэнады, Канады, Фінляндыі? (Ружы.)
3. Назва зборніка М. Багдановіча, які паэт планаваў выдаць. (Назва яго звязана з раслінай, што мае форму куста з ружовымі кветкамі, аранжавымі, ружовымі і чырвонымі пладамі.) (“Шыпшына”.)
4. Кветка — сімвал Беларусі. (Васілёк, або валошка.)
5. Апавяданне М. Лынькова, якое мае назву кветак. (Васількі.)
6. Які псеўданім меў Міхаіл Восіпавіч Касцевіч? (Міхась Васілёк.)
7. Назавіце беларускі часопіс для выхавальнікаў дашкольных устаноў. (“Пралеска”.)
8. Якую назву, звязаную з лугавою раслінаю, меў беларускі музычны ансамбль? (“ Верасы”.)
9. У загалоўках якіх раманаў вядомых французскіх пісьменнікаў, бацькі і сына, згадваюцца назвы кветак? (Дзюма-бацька “Чорны цюльпан”, Дзюма-сын — “Дама з камеліямі”.)
10. Радзіма рамонка. (Еўропа.)
11. Радзіма хрызантэмы. (Японія.)
12. Радзіма півоні. (Кітай.)
13. Чаму раней на падушках вышывалі кветкі? (Каб сніліся лёгкія сны.)
14. Кветка якой расліны паварочваецца да сонца і падобная на яго сваёй формаю? (Сланечніка.)
15. Якая расліна ў Беларусі зацвітае першай? (Падбел.)
16. Назва адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў М. Багдановіча. (“Вянок”.)
17. Альманах, што выдаваў Я. Баршчэўскі ў Пецярбургу для выхадцаў з Беларусі. (“Незабудка”.)

Ці ведаеце вы, што многія назвы літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, а таксама зборнікі вершаў маюць непасрэднае дачыненне да кветак. Так, сярод кніг паэзіі мы можам сустрэць наступныя назвы:

X. Жычка. “Росныя лілеі” (1965) і аднайменны верш; С. Басуматрава. “Кветкі палявыя” (1985); В. Гардзей. “Верасное палясоўе” (1978); М. Федзюкевіч. “Макаў цвет” (1979); А. Лойка. “Пралескі ў акопах” (1987); М. Арочка. “Кветкі бяссмертніка” (1972); А. Вялюгін. “Верасовы ўзятак” (1974); А. Бачыла. “Дарыце цюльпаны” (1966) і аднайменны верш; Н. Тарас. “Кветка шчасця” (1958); В. Матэвушаў. “Верасы” (1972); А. Астрэйка. “Цвіціце, верасы” (1975); Л. Геніюш. “На чабары настоена” (1982); П. Броўка. “Пахне чабор” (1959) і аднайменны верш; К. Буйло. “Курганная кветка” (1914); У. Дубоўка. Кніга вершаваных казак для дзяцей “Кветкі — сонцавы дзеткі” (1963) і інш.

Некаторыя майстры слова выбіралі сабе ў якасці псеўданімаў назвы, якія атаясамліваюцца з раслінамі. Сярод іх Міхаіл Фёдаравіч Блошкін — Міхась Багун, Язэп Казіміравіч Лешчанка — Міхась Кавыль, Сяргей Васільевіч Законнікаў — Сяргей Ракіта.


Літаратура:

Гольцман Е. Дурной глаз. — М., 1990.
Гримоть А. А., Степанова Т. М., Рачков С. А. Организация летнего отдыха: Пособие для организаторов летнего отдыха детей. — Мн.: Университетское, 2001.
Красиков С. Цветы в преданиях: Новеллы. Для сред, м ст. шк. возраста. — Мн.: Юнацтва, 1989.
Кон Л. Книга о растениях. — Мн.: Юнацтва, 1992.
Нейштадт М. 14. Определитель растений. М,, 1957.
Праздники в средней школе / Автор-сост. А. М. Мельникова. -— Волгоград: Учитель, 2001.
Середин Р. М., Соколов С. Д. Лекарственные растения и их применение. — Ставрополь: Ставропольское кн. изд-во, 1973.
Шамрук С. Г. Лекарственные растения: сбор, заготовка, применение. — Мн.: Ураджай, 1989.
Экологический спектакль / Ред.-сост. Л. М. Жук. — Мн.: Краснко-Принт, 2003.