сцэнарыі святаў на беларускай мове

СТАНОЎСКАЯ Ж. Г., настаўніца СШ № 40 г. Магілёва. Пачатковае навучанне №5 2017

Беларускія пасядзелкі "Хата ўцехамі багата"

Пазакласнае мерапрыемства Беларускія пасядзелкі

Мэты: выхоўваць у дзяцей цікавасць да нацыянальнай культуры праз беларускі фальклор; узбагачаць лексічны запас; развіваць творчыя здольнасці; фарміраваць цікавасць да правядзення мерапрыемстваў падобнага кшталту, адказнасць і самастойнасць у іх падрыхтоўцы.
Афармленне: на класнай дошцы размешчаны старадаўнія ручнікі ў выглядзе акна, надпіс «Беларускія пасядзелкі», сталы для груп, накрытыя беларускімі абрусамі.
Падрыхтоўчая работа. Клас дзеліцца на мікракалектывы. Кожны з вучняў атрымлівае адпаведнае заданне: даведацца ў бабуль, дзядуляў, мам, тат і іншых дарослых, якія беларускія заклічкі, жарты, гульні, загадкі яны ведаюць. На пасядзелкі запрашаюцца дарослыя, якія таксама могуць прадэманстраваць жанры вуснай паэтычнай творчасці.

Першы этап «Збор гасцей»

Вядучы:
Распачнём мы пасядзелкі
I запросім усіх гасцей,
Будзем мы гуляць і цешыць
I дарослых і дзяцей.
(Жана Станоўская)
Прыпаслі мы тут для вас спраў на ўсякі смак:
каму казку, каму прыказку,
каму вітанні, каму пажаданні.
Запрашаю вас, дарагія госці, на нашы пасядзелкі!

Пасядзелкі пачынаюцца з пытання:
Ці ўсе прысутныя ведаюць, што азначае слова ўцеха?
Уцеха — ад слова «цешыць», гэта значыць забаўляць.
Ідзе размова аб тым, што калісьці ў хаце самых гасцінных гаспадароў збіраліся разам хлопцы і дзяўчаты. Гэтыя зборышчы называліся пасядзелкамі — ад слова сядзець. Хоць бралі з сабой якую-небудзь работу, абавязкова спявалі песні, жартавалі. На пасядзелкі прыходзілі бацькі з дзецьмі, прыносілі ўсялякія гасцінцы: сланечнік, арэхі, цукеркі, пірагі.

Другі этап «Забаўлянкі»

З’яўляецца герой беларускіх казак Дзед Барадзед.

Дзед Барадзед: Прывітанне ўсім! Я — Дзед Барадзед! Жыву ў казках, хачу далучыцца і да вашых пасядзелак. Вы згодныя?
— Толькі давайце спачатку пагуляем!

Дзед Барадзед праводзіць гульню: паказвае рухі, а дзеці за ім хутка паўтараюць.

Вось я стаў і пацягнуўся,
I да столі дакрануўся.
Вось і госцейкі прыйшлі —
Пакланіўся да зямлі.
Павярнуўся ўлева-ўправа —
Вось і музыка зайграла.
Раз — улева! Два — управа!
Вось забава дык забава!
Прысядаю: раз і два —
Забаўляцца нам пара!
(Галіна Казловіч)
Дзед Барадзед пытаецца ў гасцей:
— Хто з вас падрыхтаваў цікавыя забаўлянкі?

Слова даецца дзецям і дарослым, якія выконвалі гэтае даручэнне. Адна з груп інсцэніруе падрыхтаваную дома забаўлянку.

А шэрая козанька,
Тапу-тапу скоранька,
Пераскочыла праз плот
Ды пабегла ў агарод.
Аб’елася цыбуліны —
Крычыць, бяжыць па вуліцы.
Аб’елася часнаку —
Крычыць, бяжыць па таку.
(3 народнага)
Дзед Барадзед: Якія вы ўсе малайцы!
Вядучы: Ну а зараз я прапаную вам усім і табе, Дзед Барадзед, інсцэніраваць знаёмую ўсім забаўлянку «Сарока-варона».
Сарока-варона
Дзеткам кашку варыла,
На прыпечку студзіла.
Гэтаму дала, гэтаму дала,
Гэтаму дала, гэтаму дала,
А гэтаму — не дала:
— А ты, малы, круп не драў,
Вады не насіў,
Дзяжы не мясіў.
Ідзі, малы, па вадзіцу,
Табе кашка на паліцы
У маленькай чарапіцы.
(3 народнага)

Трэці этап «Загадкі»

Вядучы: Перш чым мы з вамі пакажам сваю кемлівасць, давайце паслухаем паведамленне адной з груп, што такое загадка.
Выступае падрыхтаваны вучань, прадстаўнік адной з груп.

— Людзі пачалі ствараць загадкі ў глыбокай старажытнасці, калі навакольны свет для іх быў надзелены магічнай сілай. Загадкамі апісвалі незразумелыя прадметы ці з’явы. Чалавек з дапамогай загадак таксама хаваў свае думкі і намеры, каб зберагчы ад «нячыстай сілы» сваю сям’ю, жытло, жывёлу, прылады працы. Складзеныя такім чынам загадкі прапаноўваліся для разгадвання. Такім чынам людзі правяралі кемлівасць. Маленькіх дзяцей з дапамогай загадак вучылі і забаўлялі. Цяпер ні адно дзіцячае свята не абыходзіцца без загадак. Яны сталі любімай забавай.
Вядучы: Давайце і мы пакажам свае здольнасці пры адгадванні загадак.
Дзед Барадзед: Я ведаю шмат загадак. Прапаную вам адгадаць наступныя народныя загадкі:

Глянь праз акно — відаць сіняе палатно. (Неба.)
Без ног бяжыць, без вачэй глядзіць. (Вада.)
Стукае, грукае, а нідзе яго не відаць. (Гром.)
Рук і ног не мае, а дзверы адчыняе. (Вецер.)
Адзін лье, другі п’е, трэці расце. (Дождж, зямля, трава.)
Без рук малюе, без зубоў кусае. (Мароз.)
На двары гарою, а ў хаце вадою. (Снег.)
Летам адзяваецца, зімой распранаецца. (Дрэва.)
Хоць у капелюшы, а галавы не мае. (Грыб.)
Хто нас поіць, корміць, а есці не просіць? (Зямля.)

Свае загадкі загадвае падрыхтаваная група.

Чацвёрты этап «Лічылкі»

Дзед Барадзед:
Раз, два, тры, чатыры, пяць –
Я іду усіх шукаць!
Хто не схаваўся, я не вінаваты.
Вядучы звяртаецца да дзяцей:
— Аб чым зараз пойдзе размова? Для чаго патрэбны лічылкі?
Выступае падрыхтаваны вучань, прадстаўнік адной з груп.

Лічылкі часта выдумваюць самі дзеці, і іх вынаходлівасць у гэтым бязмежная. Рыфмаваныя лічылкі складаюць дзіцячыя паэты. У якасці лічылак таксама выкарыстоўваюцца народныя пацешкі. Прамаўляючы лічылку, паказваюць на ўдзельнікаў, і на каго выпадзе апошняе слова, той і водзіць.
Дзед Барадзед: Якія народныя лічылкі вы ведае?
Выступае падрыхтаваная група.

Пятро, Пятро,
Падай вядро.
Карове піць —
Табе жмурыць.
Кацілася торба
3 вялікага горба,
А ў той торбе
Хлеб, пшаніца,
3 кім жадаеш
Ты дзяліцца?
Стакан, лімон,
Выйдзі вон!
Стакан вады,
Выйдзі ты!

Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў зайчык пагуляць,
А за зайцам — шэры воўк.
I пад кусцік заяц скок!
(3 народнага.)

Пяты этап «Прыказкі»

Вядучы: Хто ведае, што такое прыказка і прымаўка?
— Прыказка — кароткае народнае выслоўе з павучальным зместам.
Выступае падрыхтаваны вучань, прадстаўнік адной з груп.

— Прыказкі складалі яшчэ да таго, як з’явілася пісьменнасць. Бацькі і дзяды перадавалі праз іх сваім дзецям і ўнукам запаветныя правілы жыцця, вучылі розуму. Старадаўнія прыказкі жывуць і сёння — у размове і кнігах. Прыказкі ўпрыгожваюць нашу мову, робяць яе жывой і дасціпнай.
Вядучы: Сёння мы правядзём конкурс на лепшага знаўцу прыказак.
Дзед Барадзед: Пакажыце мне, што вы ведаеце шмат прымавак і ўмееце ўжываць іх у размове.
Дзед Барадзед пачынае прыказку, дзеці яе працягваюць і тлумачаць сэнс.
Чым хата багата, - тым і рада.
Работа і корміць, - і поіць.
Трэба нахіліцца, - каб з ручая напіцца.
Рана ўстанеш — многа зробіш.
Дарагая тая хатка, - дзе радзіла мяне матка.
Лепш сто сяброў, - чым сто рублёў.
Скажы, хто твой таварыш, - я скажу, хто ты.
У гасцях добра, - а дома лепш.
Бачыць вока далёка, - а розум яшчэ далей.

Шосты этап «Вітанні і жаданні»

Вядучы: Успомніце, з чаго пачынаецца ваш дзень?
— Раніцай я прачынаюся...
— Мяне будзяць бацькі...
Вядучы: Прапаную гульню «Разбудзі дзіця».
Галоўная ўмова гэтай гульні — дакладнасць, акуратнасць і хуткасць выканання практыкавання ў максімальнай цішыні.
Дзеці стаяць з заплюшчанымі вачамі ля сваіх парт. Вучань, які стаіць за першай партай, па камандзе настаўніка расплюшчвае вочы. Ён павінен выканаць паказаную настаўнікам каманду як мага цішэй. Затым ён паварочваецца да вучня, які стаіць за ім, будзіць яго як мага цішэй і садзіцца на сваё месца. Наступны вучань выконвае тое ж самае. I так пакуль не выканаюць заданне ўсе вучні класа.


Дзед Барадзед: А ці ведаеце вы, як вітаюцца людзі ў розных краінах?

Выступаюць падрыхтаваныя вучні, прадстаўнікі адной з груп.

— Рускія, англічане, амерыканцы ў якасці вітальнага жэсту паціскаюць адзін аднаму рукі.
— У Тыбеце вітаюць адзін аднаго так: здымаюць правай рукой галаўны ўбор, левую руку закладваюць за вуха і высоўваюць язык.
— Некаторыя плямёны Новай Зеландыі, калі вітаюцца, труцца насамі.
— У Японіі прынята рабіць паклон. Чым даўжэй і ніжэй паклон, тым больш павагі вы праяўляеце.
— У Індыі ў знак прывітання складаюць далоні разам і прыціскаюць іх да грудзей.
— Кітайцы і карэйцы традыцыйна кланяюцца.
— У Замбезіі пляскаюць у ладкі і прысядаюць.
— Эскімосы моцна ўдараюць адзін аднаго кулаком па галаве і па спіне. Робяць гэта толькі мужчыны.

Дзед Барадзед: Колькі цікавага і незвычайнага я сёння пачуў!
Вядучы: А як вітаюцца беларусы?
Адказы вучняў:

Добрай раніцы вам!
Дзень добры ў хату!
Добрага ранку!
Добрага дня!
Добры вечар добрым людзям!
Хлеб ды соль! I інш.

Вядучы: А якія выказваюць пажаданні?
Адказы вучняў:

Усяго добрага!
Усяго найлепшага!
Бывай здароў!
Каб вам вялося!
Здаровы бывайце, нас не забывайце! I інш.

Вядучы: Прапаную пагуляць у гульню «Давайце прывітаемся». Вы будзеце вітацца адзін з адным па маім сігнале. Я пляскаю ў далоні:
адзін раз — вітаецеся за руку;
два разы — вітаецеся плечукамі;
тры разы — вітаецеся спінкамі.

Дзеці хаатычна рухаюцца па пакоі і па сігнале настаўніка вітаюцца з усімі, хто сустракаецца на іх шляху. Магчыма, што хто-небудзь з дзяцей будзе спецыяльна імкнуцца павітацца менавіта з тым, хто звычайна не звяртае на яго ўвагі. Для паўнаты тактыльных адчуванняў пажадана ўвесці забарону на размовы.

Вядучы: Запрашаю на «Аўкцыён прывітанняў».
1-шы тур. Назваць усе прывітанні, якімі мы карыстаемся ў паўсядзённым жыцці.
2-гі тур. Успомніць і паказаць знаёмыя жэставыя прывітанні (поціск рукі, ківок галавой, пацалунак рукі, здыманне галаўнога ўбора...).
Вучаніца чытае верш.
«Калі ласка», «дзякуй»,
«Добры дзень» —
Ветлівыя словы Чую ад людзей.
Я таксама буду Імі даражыць:
3 ветлівымі словамі Лёгка жыць.
(Тадзіяна Кляшторная)
Камунікатыўная гульня «Пажаданне».

Вядучы: Напрыканцы пасядзелак прапаную вам выказаць адзін аднаму пажаданні. Вы кідаеце клубочак таму, каму хочаце пажадаць, і адначасова кажаце гэта пажаданне. Той, каму кінулі клубочак, кідае яго наступнаму, выказваючы яму сваё пажаданне.

Сёмы этап «Падвядзенне вынікаў»

Работа ў мікрагрупах.
Вядучы: Вазьміце алоўкі і намалюйце чалавечка ў добрым настроі.

Пасля выканання задання арганізуецца выстава малюнкаў.

Вядучы: Якія прыгожыя добрыя твары! Будзьце ўважлівыя адзін да аднаго і запомніце адно правіла: калі вы хочаце, каб да вас звярталіся ветліва, будзьце заўсёды ветлівыя самі!

Да новых сустрэч! Дзякуй вам усім! Вы:
Усе лічылкі ўзгадалі,
Усе загадкі разгадалі.
Мы прыгожа размаўлялі —
I віталі, і жадалі!
Развітацца час прыйшоў,
I пайсці ўсім дамоў!
(Галіна Казловіч)
Спіс выкарыстаных крыніц

1. Антонава, Н. У. Роднае слова. 1 клас : дапаможнік для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання / Н. У. Антонава. — Мінск : Экаперспектыва, 2015. — 80 с. — (Беларуская мова. Факультатыўныя заняткі).
2. Вольскі, А. В. Беларусачка : падручнік па літаратурным чытанні для 2-га класа ўстаноў з рускай мовай навучання / А. В. Вольскі, I. А. Гімпель. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. — 128 с.
3. Грачанікаў, А. Свяці, свяці, сонейка : творы беларускага фальклору / А. Грачанікаў. — Мінск : Юнацтва, 1994. — 350 с.
4. Лаўшук, С. С. Залатыя каласкі 2 : чытанка для дзяцей / С. С. Лаўшук. — Мінск : Лазурак, 1994. — 383 с.
ана Станоўская)