сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына ДРОЗД, музычны кіраўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі, Ала ПАРФЕНЧЫК, выхавальнік па тэатральнай дзейнасці. Пралеска 09/2012

Едзем на вячоркі

Сцэнарый фальклорнага свята

Праграмны змест: далучаць дзяцей да беларускай мовы і культуры, традыцый беларускага народа; знаёміць дашкольнікаў з творчасцю Якуба Коласа; вучыць выконваць рухі беларускіх танцаў; развіваць эстэтычнае стаўленне да музыкі і навакольнага асяроддзя; імкнуцца выклікаць пачуццё задавальнення ад сумеснай творчай дзейнасці.
Абсталяванне: аўдыязапіс песень «Мой родны кут...» I. Лучанка і Я. Коласа, «Беларуская танцавальная» Э. Багуслаўскай (музыка і словы), «Дарагая Беларусь» У. Гая і А. Дзеружынскага; дзіцячыя касцюмы для інсцэніровак вершаў.
Зала ўпрыгожана ў нацыянальным стылі.
Вядучы (В.). Добры дзень вам, паважаныя госці!
Вельмі добра, што вы завіталі да нас. Сёння ў нашай хаце вас чакае сустрэча з беларускімі песнямі, гульнямі, карагодамі.
Гаспадыня, гаспадар,
3 пылу, з жару самавар,
Хата поўная дзяцей
Чакаюць да сябе гасцей.
Гаспадар.
I, як кажуць нашы людзі,
Хай вам даспадобы будуць
Жарты, песні, смех!
Гаспадыня.
Бо без песні, хоць ты трэсні,
Без гармоніка й дуды
Ходзяць ногі не туды!
Разам. Запрашаем на вячоркі!

Песня «Госцейкі»- (музыка М. Шаўчук).

Сёння свята, сёння свята,
Музыка, гучы званчэй.
Тут гасцей у нас багата,
Пачастуем вас смачней.
Прыпеў:
Госцейкі, госцейкі,
Запрашаем ў хату.
3 кубачка, з кубачка
Будзем піць гарбату.
Завядзем бяседу шчыра,
Заспяваем мы дружней.
Ну, а потым кола шырэй -
Свята будзе весялей.
Прыпеў.
Дык спявай і весяліся,
Нам на месцы не ўсядзець.
Хто не любіць піць гарбату,
Можа проста пасядзець.
Прыпеў.

Гаспадар.
Здаецца, да нас ужо госці едуць.
Едзе на кані дзядзька Іван, спявае.
Еду, еду, еду з горкі,
Паспяшаю на вячоркі,
Дзецям я вязу гасцінцы,
Каб і мне не прыпазніцца.

Сустракае цётку Ганну.
Ганна. Добры дзень, дзядзька Іван, куды едзеш?
Іван. Да Міканоравых, на вячоркі!
Ганна. Я таксама туды спяшаюся, можа, ты мяне падвязеш?
Іван. Як не падвезці? Сядай, падвязу.
Едуць, спяваюць.
Еду, еду, еду з горкі,
Паспяшаю на вячоркі,
Дзецям я вязу гасцінцы,
Каб і мне не прыпазніцца.

Іван.
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму!
Ганна.
Дазвольце вас вітаць,
Усім дабра жадаць.
Гаспадыня.
Заходзьце ў хату,
Вельмі вам рады!
Іван.
Вам прывезлі абаранкі,
Смачных сушак дзве вязанкі.
Ганна.
Тэсла дзядзьку на дарозе,
Усе рассыпаліся ў возе.
Гаспадыня. Ну, гэта нічога. Дзеткі, памажыце абаранкі сабраць.

Рухомая гульня «Абаранкі».

Гаспадар.
Хто на месцы ўсядзіць,
Калі музыка гучыць?
Гаспадыня.
Мы не будзем сумаваць,
Трэба песню заспяваць!

«Песня аб вясне»

(верш Я. Коласа, мелодыя народная, апрацоўка I. Кузняцова).
Ганна. Гаспадынька, а што гэта ў цябе за куфэрачак такі прыгожы стаіць? Што ты ў ім хаваеш?
Гаспадыня. У гэтым куфэрачку ляжаць розныя рэчы, якія вельмі дарагія майму сэрцу (дастае ручнік). Ручнік — гэта не проста кавалачак тканіны, якім выціраюць твар, рукі. Існуе ў нашай краіне шмат звычаяў, звязаных з яго выкарыстаннем. Дораць ручнік маладым, якія вырашылі пажаніцца, дораць на радзіны і на наваселле. А з чаго ён зроблены?
Дзеці. 3 лёну.
Гаспадар. Лён — гэта багацце нашай краіны. Каб атрымаць такі ручнік, людзям трэба многа працаваць. Спачатку лён трэба пасеяць, затым яго прапалоць, парваць, вымачыць, высушыць, змяць, патрапаць грэбенем. Атрыманы кужаль пралі пры дапамозе верацяна ці калаўрота. Затым пранец бялілі, фарбавалі і ткалі на кроснах палатно для кашуль ці ручнікоў.
Ганна. Ой, колькі ў цябе ручнікоў прыгожых, давайце іх усім гасцям пакажам.

Танец з ручнікамі.

Гучыць песня «На лузе» (верш Я. Коласа, музыка Ю. Семянякі).
Гучыць ціхая музыка (мелодыя песні «Мой родны кут...»). Ідзе праца.

Гаспадар. Мне здаецца, што сёння ў нас сабраліся вельмі працавітыя дзеці і дарослыя.
Гаспадыня. Давайце будзем працаваць ды прымаўкі ўспамінаць.
Дзеці.
Хочаш добра жыць — павінен працу любіць.
Нічога само не робіцца.
Узяўся за гуж — не гавары, што не дуж.
Чалавек без працы, што птушка без крылаў.
Не за сваю працу не бярыся.
Гаспадар. Ці не засядзеліся мы з вамі за працай?
Дзіця.
Як музыкі зайграюць,
Ногі самі ў скокі рвуцца.
Ай да туры-растатуры,
Беларускай мы натуры.

Танец «Беларуская танца- вальная»

(музыка і словы Э. Багуслаўскай).
3-за печы выходзіць Хатнік (Дамавік).
Гаспадыня. Ой, а гэта ж хто?
Хатнік. Дык гэта ж я, ваш Хатнік. Сядзеў, сядзеў я ў хаце, слухаў, як вы спяваеце, ды і мне захацелася з вамі трошкі павесяліцца.
Прынес я мех,
А ў мяху смех!
Дзеткам на пацеху,
Лопнуў мех ад смеху,
Вось вам, дзеткі, смешкі,
Вось вам і пацешкі,
А яшчэ дражнілкі е?
Слухаць будзеце ці не?
— Антось барадаты
вёў казу каля хаты,
Антаніна паганяла,
на цукеркі зарабляла.
— Віця, Віця, Віцяля
З’еў карову і цяля,
I дванаццаць парасят,
Толькі хвосцікі вісяць.

Хатнік. А чым жа вы мяне пацешыце?
Гаспадар. Вершамі і загадкамі.
Дзеці чытаюць верш «Вясна» Я. Коласа.
...Сонца грэе, прыпякае;
Лёд на рэчцы затрашчаў.
Цёплы вецер павявае,
Хмар дажджлівых нам прыгнаў.

Вось і бусел паказаўся,
Гусі дзікія крычаць,
Шпак на дубе расспяваўся,
Жураўлі ужо ляцяць.

I зіма, як дым, прапала!
Зелянее луг, ралля.
Як ад болю, ачуняла
Наша родная зямля.

Інсцэніроўка вершаў Я. Коласа.

Храбры певень
Па надворку певень ходзіць,
За сабою куры водзіць
I крычыць: — Сюды! Сюды!
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
— Хто такі там? Хто такі?

Каток
У Савосева суседа
Быў пярэсценькі каток,
Выхаванец Паўла-дзеда,
Такі слаўны пестунок!
Нос чарнявы, хвост бялявы,
Задзірасценькі;
Коцік-шчыпчык заграбасценькі;
Лапкі-драпкі машастовыя,
А шарсціначкі шаўковыя;
Губкі, зубкі адмысловыя;
Вусы-русы патырчастыя;
Тая спінка, як насцінка,
Выгінастая.
Вушкі-слушкі не мыляюцца,
Вочкі ў ночку запаляюцца.

Гаспадар.
Спаць кладзецца, здыме шапку
I паціху смокча лапу.
А вясна дыхне ледзь-ледзь,
Прачынаецца... (мядзведзь).

Хатнік. А ці ведаеце вы, дзеці, якое свята надыходзіць?
Дзеці. Гуканне вясны!
I лічылася, што вясна прыйдзе тады, калі мядзведзь прачнецца. Хочаце, каб вясна хутчэй прыйшла? Давайце тады і мы мядзведзя разбудзім.

Гульня «Мядзведзь».

Дзеці.
Ты не спі, не спі, мядзведзь, прачынайся
Вясну красную гукаць збірайся.

Хатнік.
А мядзведзь не спіць, на нас рычыць!
Даганяе дзяцей.

Песня «На полі вясной»

(верш Я. Коласа, музыка М. Чуркіна).
Хатнік. Гаспадынька, а чым так смачна пахне ў вашай хаце?
Гаспадыня. Ой, зусім забылася! Зараз усіх пачастую! (Частуе.)
Гаспадар. Паважаныя госці, мы вельмі рады былі бачыць вас у нашай хаце. Але ж час нам з вамі развітацца.
Гаспадыня.
На развітанне ўсім жадаем:
Жывіце шчыра ў дастатку.
Хай будзе ўсё ў вас у парадку!
Іван.
Дзякуй гаспадарам,
Жадаем добрай долі вам!
Ганна.
Блакітнага неба,
Духмянага хлеба,
Чыстай вады
I ніякай бяды!
Гаспадыня
Дзякуй, госці, за падмогу!
Вы так дружна рагаталі,
Нас так хораша віталі,
I шкада, а усё ж бывайце,
Толькі нас не забывайце!

Гаспадар. А вы, дзеткі, дружна жывіце, хутка расціце, край свой любіце!
Гаспадыня.
Не таму любіце, што за ўсё
Цяплейшы і прыгажэйшы,
А таму любіце, што за ўсё
Мілейшы, за ўсё даражэйшы!

Гучыць мелодыя песні «Дарагая Беларусь».

Яшчэ на гэту тэму:

Запрашаем на вячоркі     Запрашаем на вячоркі