сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля БРЫНЮК. Музычны кіраўнік ясляў-сада № 457 Мінска. Пралеска

Восень прыйшла і прынесла дары.

Сцэнарый свята для старэйшай групы

Зала прыбрана у асеннім стылі. На лавах стаяць кошыкі з бутафорскімі дарамі восені — яблыкамі, грушамі, морквай, бульбай і іншай садавінай і гароднінай. На фіранках прышыты каляровыя лісцікі з паперы.

Восень. Добры дзень, паважаныя госці!
Я — восень залатая,
Усіх я запрашаю
Паглядзець, як мы працуем,
I спяваем, і танцуем,
I чытаем, і гуляем,
I гасцей як забаўляем.

Гучыць музыка П. I. Чайкоўскага "Кастрычнік"з цыкла "Поры года ". Пад музыку у залу павольна ўваходзяць дзеці і становяцца вакол Восені.

Восень. Добры дзень, мае даражэнькія дзеці! Вы, мабыць, вельмі чакалі мяне, і вось я прыйшла. Я сама сумавала па вас і старанна рыхтавалася да сустрэчы. Зайшла ў сады цяністыя, атрэсла ігрушы залацістыя. Асыпала з яблыняў духмяныя антонаўкі, чырвоныя крамяныя малінаўкі. Выйшла ў поле, накапала шмат мяхоў бульбы, на лузе склала ў копы сена і падалася ў лес. Там прыбрала дрэвы ў дарагія уборы: бярэзіну — у золата, асіну — у чырвань, на дубы навесіла медны убор.
Не забылася і пра каліну ды рабіну, прыхарашыла іх пацеркамі чырвонымі. А пад пянёчкі ды пад кусточкі пасадзіла я грыбочкі.
Вядучая. Так, Восень, ты вельмі шчодрая. У цябе такія прыгожыя і багатыя скарбы, таму ты і ходзіш па зямлі і даруеш ёй свае багацце.

(Інсцэніраваная песня "Восень", муз. А. Рэмізоўскай. Малыя чытаюць вершы пра восень.)

А цяпер давайце запытаем у восені, што яна яшчэ нам прынесла, якое багацце.

Восеньскі карагод, муз. С, Галкінай.

Восень. Дзеці, я прынесла шмат агародніны, а якой — адгадайце.

(На сярэдзіну залы адзін за адным выходзяць малышы з малюнкамі агародніны і чытаюць пра яе вершы.)

Ой, колькі агародніны, аж кош разваліўся...
Гульня "Кош агародніны".
Вядучая. Дарагая чараўніца Восень, вялікі дзякуй табе за смачную агародніну, ды вось калі мы зараз запыталі ў Ягоркі: "Дзе расце цыбуля з морквай?", хлопчык даў іншы адказ.
Ягорка.
Ці ж не ведаеце самі:
Гэта ўсё расце — у краме.
Вядучая (да Восені), Няўжо сапраўды агародніна расце ў краме?
Восень.
Зараз я вас павязу ў калгас.
Адказ на пытанне сустрэне там нас.
Усе на аўтобус наш сядайце.
Гучна песню запявайце,
Будзем з вамі праязджаць
Рэчку, поле, сенажаць.
Вядучая.
Будзем гучна песню пець,
Ды ўважліва глядзець.

Малыя спяваюць:
Мы едзем на аўтобусе,
Мы едзем у калгас,
Давайце паспяшаемся,
Хутчэй вязі ты нас.

Дзеці паравозікам "выязджаюць"з залы праз адны дзверы, "заязджаюць" праз другія. У гэты час да танца рыхтуюцца дзяўчынкі — каласы.

Вядучая.
А жыты! Вачамі кінь —
Гнуцца коласам сваім.
I калышуцца — паглянь —
Нібы мора-акіян.

Пад песню "Залатыя каласы" танцуюць дарослыя і дзеці.

Восень. Вось якое цудоўнае калгаснае поле. А далей у калгас мы з вамі паедзем на трактары і павязе нас туды трактарыст Сымон, а сустракаць нас будзе калгасніца Матрона.
З’яўляецца трактарыст Сымон (дарослы), вітаецца з дзецьмі.
Сымон.
Та-ра-ра, та-ра-ра
Хутчэй паедзем, дзетвара.
Дзеці (спяваюць).
Паедзем мы на трактары,
Паедзем у калгас.

"Выязджаюць"з залы праз адны дзверы, а праз другія у зал уваходзіць калгасніца Матрона з дзецьмі, групы рыхтуюцца да сустрэчы. Песня "Калгасная ўраджайная", музыка народная.

Калгасніца.
Ад душы мы вас вітаем
Пышным цёплым караваем.
Ён румяны і духмяны,
Пакаштуйце разам з намі.
Восень.
Дзякуй вам за хлеб, за соль!
Пачастуемся потым,
а зараз дзеці прыехалі з сталіцы ў калгас,
каб паглядзець на вас.
Калгасніца.
Вам пра наш калгас раскажам.
Як працуем — ўсё пакажам.
Цудоўны ваш Мінск: вуліцы шырокія, плошчы вялікія.
Сымон. А ў нас, у калгасе, рэкі хуткія, азёры глыбокія.
Калгасніца. Шмат машын ды аўтобусаў на вашых вуліцах.
Сымон. А ў нас па рэчцы гусі ды качкі плывуць.
Калгасніца. Дамы ў вас да нябёсаў.
Сымон. А ў нас прыгожы высокі лес.
Калгасніца. Ёсць у нас слаўныя дзеткі, якія ў нашым калгасе пражываюць, дарослым у працы дапамагаюць.
Сымон (звяртае ўвагу на дзіця-трактарыста).
Гэта Рыгор. Ён трактарыстам хоча стаць,
Нашу зямлю араць, мне дапамагаць.

Інсцэніроўка песні "Тара-тара-ра!", муз. Ю. Слонава, якую выконваюць 2 "трактарысты" — дарослы і дзіця.

Сымон. Мой памочнік такі весялун, вельмі любіць у гульні розныя гуляць.
Гульня "Добры дзень, Рыгор".

Калгасніца.
А гэта Маша — працаўніца наша.
Любіць усялякую скацінку — і пеўніка, і свінку.

На сярэдзіну залы выбягаюць дзеці, апранутыя ў касцюмы хатніх жывёл.
Калгасніца. А гэта Дуся і Маруся — агародніца і садоўніца.
Дуся і Маруся. Зараз паглядзіце, які багаты ўраджай мы вырасцілі.
Карагод "Загадкі на градцы", муз. С. Галкінай.
Дуся. А зараз паслухайце яшчэ адну загадку:
Што ў родным нашым краі
Так паважаюць,
Што хлебам другім называюць?
Дзеці. Бульба!
Дуся і Маруся. Дык паглядзіце, як мы яе збіраем.
Інсцэніраваная песня "Бульбачка".
Вядучая. Нашы дзеці таксама ведаюць, што такое бульба, толькі не як яе збіраюць, а як яе з’ядаюць,
Танец "Бульба".
Калгасніца. А гэта ў нас Сямён, Ян ды Сцяпан. Як гармонік развядуць (хлопчыкі разводзяць гармонікі), дык усе спяваць пачнуць.
Калгасныя прыпеўкі.
Вядучая. Дзеці, восень прыгожая не толькі сваім убраннем, багатым ураджаем, але і тым, што людзі, сабраўшы ўраджай, папрацаваўшы, гуляюць вяселлі. Вось і нашы трактарыст Сымон і калгасніца Матрона пакахалі адзін аднаго і вырашылі ажаніцца.
Жартоўная песня Сымона і Матроны "Ой, ты, гарны Сымонэ", музыка народная.
Па заканчэнні песні адна дзяўчынка апранае Матрону у вэлюм, другая чапляе Сымону вясельную кветку.

Сымон і Матрона. А зараз мы ўсіх запрашаем на вяселле.
Беларускі народны танец "Весялуха" выконваюць дзеці і дарослыя. У залу ўваходзіць гаспадыня з вясельным пірагом і выконвае вясельную песню "Із суботанькі на нядзельку гадзіна".



Яшчэ на гэту тэму:

Народнае свята «Кузьмінкі»     Карусель, карусель - Восені карусель!