сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. I. НАВУМЧЫК, дырэктар Дзяржаўнага раённага агульнаадукацыйнага ліцэя г. Маларыты Беларуская мова і літаратура 5/2008

Гульня «Поле цудаў»

па тэме «Наша мінулае» (VI—VIII класы)

Мэта: пашыраць гістарычны кругарляд вучняў; выклікаць цікавасць да мінулага беларусаў, узбагачаць слоўнікавы запас вучняў, абуджаць чуйнасць да слова; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю.
Абсталяванне:
1. Беларуская народная музыка на пачатку гульні (на выбар настаўніка).
2. Песня для музычнай паўзы «Жураўлі на Палессе ляцяць», сл. Алеся Ставера, муз. Ігара Лучанка (гл. дадатак № 1).
3. Песня на заканчэннё гульні «Адна зямля», сл. Таісы Трафімавай, муз. Алены Атрашкевіч (гл. дадатак № 2).
4. Барабан з сектарамі для гульні.
5. Прызы (кнігі) для сектара «Прыз».
6. Прызы для пераможцаў фінальнай гульні.
7. Прызы для супергульні.

Поле цудаў малюнак

Ход гульні


Гучыць музыка, пазыўныя гульні. Праводзіцца інструктаж, потым запрашаюцца ўдзельнікі першага тура.

Першы тур.

Прадстаўленне ўдзельнікаў. Пакуль круціцца барабан, чытальнік дэкламуе верш.
Першы чытальнік.
Продкі

Калі марнею ад нягод
I сэрцу цесна,
Я ўспамінаю радавод
I продкаў песні.

Яны ідуць за годам год
3 мячом і з плугам.
0, мой нязводны род,
Ён модны духам!

Імёны памяць берагла,
Вяла праз церні,
Каб я не сеяў зла,
А толькі — зерне.

Да іх іду я зноў і зноў,
Ім веру свята.
Таму й вяду сваіх сыноў
Да іх на раду.
Алесь Пісьмянкоў

Вядучы зачытвае заданне першага тура.

                               

Назва пасялення, дзе жыла дробная шляхта. Гэтыя пасяленні размяшчаліся непадалёку ад вёсак і былі агароджаны плотам. Для іх забудовы характэрна бессістэмнасць. Найбольш распаўсюджанымі былі ў XVII і да пачатку XX стагоддзя. (Ваколіца.)

Другі тур.

Прадстаўленне ўдзельнікаў.
Другі чытальнік.
Нам продкаў кемнасць захавала...
(урывак з паэмы «Магіла льва»)

Нам продкаў кемнасць захавала
Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весцяў ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў нам народ.

Усё ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцця...
Няхай жа гэтыя калоссі
Мінуць скаранне небыцця!

Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасветнай векаў мгле,
Для беспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песні ажыве.

Збіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думах ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
I сеўбу новую пачаць.
Янка Купала

Вядучы зачытвае заданне другога тура.

                   

               

Назва тыповага абарончага мураванага збудавання дыяметрам 13,6 м, вышынёю — 29,4 м, пабудаванага ў 1271 —1289 гг., што размясцілася на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. (Белая вежа.)

Трэці тур.

Прадстаўленне ўдзельнікаў.
Трэці чытальнік.
Мой скарб

Як і кожны ў маёй старане,
я багацце нязмернае маю.
Ды не ў грошах,
не ў золаце —
не!
У любові да роднага краю.

Гэты скарб не схаваны ў зямлі,
не закуты ў іржавай скарбонцы —
ён вясною з адталай раллі
узнімаецца рунню да сонца.
..........................
Яго ўбачыш у кожным кутку
неабсяжнай маёй Беларусі.
Рады я дружбаку, земляку,
з ім пароўну багаццем дзялюся.

Беларусь!
Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў —
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты — багацце маё і любоў.
Артур Вольскі

Вядучы зачытвае заданне трэцяга тура.

                                   

Назва медных шэлегаў Вялікага княства Літоўскага 1659 —1666 гадоў. Гэтыя грошы атрымалі сваю назву ад прозвішча трымальніка манетных двароў Ціта Лівія. (Барацінка.)

Гульня з гледачамі.

Чацвёрты чытальнік.
Родныя вобразы

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Ззяючы мілай красой.

Чуецца гоман мне спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гуд шчаслівы,
Песня магутных дубоў...

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.
Якуб Колас

Вядучы зачытвае заданне.

                           

Састаўная частка адзення, даўні ручніковы галаўны ўбор замужніх жанчын шырынёй 30—60 см і даўжынёй ад 2,5 да 5 метраў, што мудрагеліста абмотваўся, абкручваўся вакол галавы паверх чапца. (Намітка.)

Фінальны тур.

Пяты чытальнік.
Продкі

Мая радзіма —
Жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
Яна —
Пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след...
Мая радзіма —
Дзе з-за бору
Ўзыходзіць месяц уначы,
Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы
Жылі калісьці крывічы...
Валілі лес, аралі ляды,
Сушылі гуртам нераты
I да туманных даляглядаў
Ганялі спраўныя плыты.
Дзяцей бацькі вучылі строга
I аднаму маліцца богу —
Нялёгкай працы мазалю.
Таму і праўнуку, і ўнуку
Было няміла нішчыць, біць;
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць...
Рабіў ён зрубы залатыя,
Нарогі, гонкія чаўны
I сцены белыя Сафіі
Над плынню быстраю Дзвіны.
Умеў мой продак човен ладзіць,
Паліць ікластыя карчы.
Таму, хто ў роспачы, —
дарадзіць,
Таму, хто ў горы, —
памагчы...
Еўдакія Лось

Вядучы зачытвае заданне для фінальнага тура.

                   

Звычайная ў сялянскай гаспадарцы рэч, да якой ставіліся як да жывой істоты: з павагай і любоўю. Набыўшы яе, не карысталіся адразу, а імкнуліся «задобрыць». Гэтую рэч выкарыстоўвалі і тады, калі аддавалі дзяўчыну замуж. Адна частка яе (верхняя) выкарыстоўвалася як абрадавы паднос. Але яе галоўная роля звязана з прыгатаваннем хлеба. (Дзяжа.)
Пераможца выбірае прызы ў залежнасці ад колькасці набраных балаў.

Супергульня.

Шосты чытальнік.
Мой край

Край мой там, дзе рэчак хвалі
I плюскочуць і плывуць, —
Што далей — да новых даляў
Мяне клічуць і завуць.

Край мой там, дзе шэпчуць сосны,
Шумяць волаты-дубы...
Гэты шэпт і шум галосны
Ўсяму свету кажуць быль.

Край мой там, дзе поўны колас
За паклонам б’е паклон,
I жняі шчаслівы голас
Заглушае сэрца звон.

Край мой там, дзе каля хаты
Аж да неба ўзняўся сад;
Там, дзе хлопцы і дзяўчаты
Апяваюць згоду, лад.

Край мой там, дзе Нёман льецца
Срэбраплыннай паласой,
Там, дзе ўсё, усё смяецца,
Шчасцем хваліцца, красой!
Алесь Гурло

Вядучы зачытвае заданне.

                               

Назва беларускага перасоўнага народнага тэатра лялек, які вядомы з XVI ст. Гэты тэатр уяўляе з сябе драўляную скрынку, падзеленую на ярусы у выглядзе хаткі ці царквы. Замест вокнаў былі дзверцы. Сцэна нагадвала балкон, упрыгожаны тканінай, рознымі фігуркамі, каляровай паперай. Скрынка закрывалася дзверцамі. (Батлейка)
Гучыць песня (гл. Абсталяванне). Узнагароджванне ўдзельнікаў гульні.

Дадатак № 1


Ноты песні Жураўлі на Палессе ляцяць