сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. А. КАНАВАЛАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 41 г. Гомеля. Выхаванне і дадатковая адукацыя 04/2012

«Над Белай руссю — белы бусел»

Сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі (для V-IX класаў)

Задачы: фарміраваць пачуццё гонару за Бацькаўшчыну; пазнаёміць вучняў з белым буслом — сімвалам Беларусі; з песнямі, вершамі, прыказкамі і прымаўкамі, што звязаны з гэтай птушкай.
Афармляецца выстава творчЫх работ вучняў, прысвечаная тэматыцы выхаваўчага
мерапрыемства.
Першы вядучы. Добры дзень, паважаныя сябры! Мы рады вітаць вас у гэтай зале! Запрашаем усіх да размовы пра нашу Радзіму — цудоўную сінявокую Беларусь, а таксама пра яе сімвал — белага бусла.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
Я. Янішчыц

Другі вядучы. Зараз вы паслухаеце верш Валянціна Лукшы «Над Белай Руссю — Белы бусел».

Над Белай Руссю — Белы бусел
3 даверам выпрастаў крыло.
А гэта значыць, Белай Русі
Прасцяг ашчодраны святлом.

Над Белай Руссю — Белы бусел
Ладуе спраўнае гняздо.
А гэта значыць, Белай Русі
Жыць нібы поўны песень дом.

Над Белай Руссю — Белы бусел
Галубіць прагных буслянят.
А гэта значыць, Белай Русі
Не ведаць чорных бур і страт.

Над Белай Руссю — Белы бусел
3 бусліхай у вышыні нябёс.
А гэта значыць, Белай Русі
Наканаваны шчасны лёс.

Першы вядучы. Белы бусел. Хто не ведае гэту цудоўную птушку!? Нават назва яе пераклікаецца з назвай нашай краіны — Беларусь, Белая Русь.
Другі вядучы. Белы бусел з’яўляецца крылатым сімвалам нашай краіны. Ён — афіцыйны сімвал Беларускай рэспубліканскай арніталагічнай арганізацыі.
Першы вядучы. Народнае павер’е сцвярджае, што белы бусел прыносіць у дом удачу, дзяцей і нават шчасце: «Не згарыш ніколі, браце, калі бусел ёсць на хаце». Паслухайце верш Пімена Панчанкі «Буслы, буслы...»

Няма радзімы без бацькоўскай хаты;
Бусліны клёкат — гэта родны дом;
Ты будзеш жыць шчасліва і багата,
Калі над хатай — буслава гняздо.
А летнім днём блакіт нябёс бясконцы
I воблакі — мелодыя без слоў,
I над зямлёю роднай наша сонца,
I крылле прамяністае буслоў.
Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,
Як на зямлі прадзюбнецца трава.
Без чалавечай і буслінай вернасці
Няма ні дабрыні, ні хараства.

Першы вядучы. У выкананні вакальнага ансамбля «Крынічка» прагучыць урывак з песні «Спадчына» на словы Янкі Купалы.

Выйшаў бусел пагуляць,
З’еў рапухаў дваццаць пяць.
Дваццаць пяць ці дваццаць
шэсць?
Збіўся з ліку і не есць.
На адной прыстаў назе
I на пальцах лік вядзе.
Ды як злічыш? У яго
Восем пальцаў усяго.
Вёў ён лік і так і сяк,
Потым вырашыў, басяк,
Да рапух пайсці спытаць:
— Дваццаць шэсць ці дваццаць
пяць?
Толькі штось рапухі ўсе
Пахаваліся ў лазе.
Скуль ім знаць — чаго ізноў
Бусел з клёкатам ішоў.

Другі вядучы. З’яўляюцца буслы ў вясновым небе крыху пазней за гракоў — у канцы сакавіка. Зараз прагучыць верш Алеся Каско «Буслоў не ведаю бяздомных...».

Буслоў не ведаю бяздомных,
яны вяртаюцца дамоў,
да родных, да сваіх гняздоўяў,
да хмельных траў і туманоў.

Як неад’емнае: над грушай
Птах белы крылы распасцёр.
Яго святлом світае ў душах
любві святое пачуццё.

3 нас не адзін спазнае плату
за скарб, які пад крыллем лёг.
Не аднаму яшчэ заплакаць,
упаўшы на чужы мурог.

А неба роднае падыме
ў каторы раз, як тых буслоў,
што з вечнай вернасцю Радзіме
ляцяць да траў і туманоў.

Першы вядучы. Бусел — амаль нямая птушка. Ён не спявае, як іншыя, а выкарыстоўвае асаблівы спосаб для выражэння сваіх пачуццяў: закідвае галаву назад і пачынае хутка стукаць дзюбай. Паслухайце верш Алеся Жамойціна «Бусел белы — клёкат смелы».

Бусел белы — клёкат смелы
Па-над белай стараною.
Ён лунае белай верай
Нада мною і табою.

Можа голасам змяняцца,
Горды клёкат свой скурганіць;
3 ярка-белае прыбрацца
Можа ў шэранькую памяць...

...Па-язычніцку, адкрыта,
Стрэч і зорам, і світанку,
Жывіць песняю, як жытам,
Веры белае буслянка!..

Другі вядучы. У народзе існуе паданне пра паходжанне бусла.
Гэта было тады, калі Бог хадзіў па зямлі. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. I парашыў Бог знішчыць іх, патапіўшы ў якойсці бяздонніцы.
Бог сабраў гадаў у торбу, завязаў яе, узваліў на плечы аднаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае месца. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ў торбе ўсё засквірылася, засіпела. I ўзяло чалавека цікаўства, што ён такое нясе.
Чалавек развязаў торбу і аслупянеў ад страху. Гады ж тым часам вылезлі з торбы і распаўзліся ізноў па зямлі. Тады Бог пакараў чалавека за яго празмерную цікаўнасць і загадаў збіраць паўцякаўшых гадаў. Дзеля гэтага ён ператварыў таго чалавека ў бусла; Ходзіць гэты чалавек з накінутай паміж плеч торбай па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа.
3 прычыны сваёй крэўнасці з чалавекам бусел не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб, амаль не баіцца людзей і прыносіць ім шчасце. (3 беларускай міфалогіі.)

Я помню хаціну дзіцячых гадоў,
Падкову на збітым парозе,
Вялікае, з дзедаву шапку, гняздо
Буслоў на высокай бярозе.

Жылі з буслянятамі аж да зімы
Ды лёталі на сенажаці...
Казалі суседзі — шчаслівыя мы;
Я жыў, прадчуваючы шчасце,

Бо бачыў, як бусел імкліва ўзлятаў,
Імчаў на багнішчы, у лозы.
Я бегаў глядзець і не раз пазнаваў
Свайго на старое бярозы.

А ён так паважна, як пан, пахаджаў,
Харч ловячы дзюбай-іголкай,
I я ўсё на Ноя старога злаваў,
Што выпусціў поскудзі столькі.

Я звычкі бусловы пасля адгадаў,
Я зведаў бусловы настроі,
Ён клёкатам часта мне спаць не даваў,
Ды я не злаваўся на тое.

А як маё сэрца шчымела ў смузе —
У вырай пачаў ён збірацца,
Стаяў, задумёны, на доўгай назе,
Як флюгер на панскім палацы.

А потым праз зіму яго не было.
Ды зноў па вясновай дарозе,
Здавалася, бусел прыносіў цяпло
I ўборы старэнькай бярозе.

Першы вядучы. Буслы — вельмі клапатлівыя бацькі. Больш за месяц бусел і бусліха па чарзе наседжваюць кладку. А калі вылупіцца малое, то абавязкова адзін з бацькоў дзяжурыць у гняздзе.
Другі вядучы. Калі вельмі горача, дарослая птушка, паўраскрыўшы крылы, абараняе сваіх птушанят ад прамых сонечных промняў. А ў дождж бацькі закрываюць буслянят сваім целам.
Першы вядучы. Але ж не заўсёды могуць абараніць буслы сваіх дзяцей ад чалавека. .3 развіццём навукі, новых тэхналогій, на жаль, пакутуе прырода.
Другі вядучы. На гэту тэму напісана шмат вершаў беларускімі паэтамі. Зараз вы праслухаеце верш Віктара Гардзея «Пейзаж з буслянятамі».

Дні сплылі шумлівай чарадою,
I як быццам ліха не было.
На балотцах за смугой густою
Бусляняты сталі на крыло.
I ляцяць у шэрае міжхмар’е,
I ляцяць мае трывогі ўслед.
На зялёным, дзе жыву, паўшар’і
Колькі слёз было і колькі бед!

I не так ужо сплылі далёка
Тыя дні, калі пякла туга.
На балотцах — невясёлы клёкат.
У лагчынах — сіняя смуга.

Дзесьці блізка паміж дрэў пахілых
Дагараюць дымныя лаўжы,
I на свежаўзрыхленых магілах
Ацякаюць цэзіем крыжы.

Хто мне слова суцяшэння скажа?
Далеч зноў грымотамі гудзе.
I, глядзіш, у стомленым пейзажы
Буслянят ужо няма нідзе.

Першы вядучы. Але не толькі ад экалагічных катастроф гінуць птушкі. Многа знішчаецца іх падчас войнаў. Паслухайце верш Міколы Федзюковіча «Балада пра буслоў».

Ад пажару
аблокі,
як сцены,
крышыліся.
Я стаяў нерухома
на чорным дзядзінцы...
Прыляталі буслы —
і бяссільна кружыліся
над маім трохгадовым,
пякельным дзяцінствам.

Прыляталі буслы...
Я — нібы ў ліхаманцы —
падаў,
зноў падымаўся
і зноў падаў вобзем...
Хто сказаў,
хто сказаў:
«Калі бусел на хаце,
значыць — хату
ніякае гора не возьме?»

Тут —
вайна сорак першага,
страшнага года;
я —
апошні ў сям’і
і адзіны мужчына...
Хто сказаў,
што мінае
бусліны край
гора? Бацька мёртвы...
Трываць немагчыма...

Нада мной
белы бусел
нястомна лунае...
Ці не бацьку майго
ўва мне,
у дарослым,
ён жадае пазнаць,
ён убачыць жадае?
Другі вядучы. У пачатку жніўня ў птушак пачынаюцца зборы да адлёту. Выраі з сотні белых буслоў пралятаюць над Беларуссю, Украінай, Балканамі, яны накіроўваюцца ў Паўднёвую Афрыку.
Першы вядучы. «Паломнікамі ў Меку» называюць іх на Бліжнім Усходзе, бо пралятаюць птушкі над мусульманскімі святынямі, Паслухайце верш Алега Салтука «Павіс бусліны клёкат над палямі...».

Павіс бусліны клёкат над палямі,
Кругі, кругі — бясконцыя кругі.
Глядзяць у свет бяздумнымі вачамі,
Нібы паны, надзьмутыя стагі.

На павуцінках ціха грае восень.
Напяты струны нерваў і душы...
За небасхіл у сонечную просінь
Са смуткам лета крочыць у цішы.
Першы вядучы. А ці ўсе ведаюць, што ў белага бусла ёсць брат — чорны бусел? У чорнага бусла шмат агульнага з белым: звычкі, манеры, асаблівасці палёту, бацькоўская клапатлівасць. Але многае і розніць іх.
Другі вядучы. Па-першае, знешні выгляд: пер’е амаль цалкам чорнае, адлівае металічным, фіялетавым, зялёным, карычневым і медным адценнем. Белага колеру толькі грудка і жывот, як быццам надзеты белы фрак. Пра характар і манеры гэтай птушкі вельмі добра напісаў у сваім вершы «Чорны бусел» Віктар Гардзей.

Чорны бусел, а інакш — бацян,
Любіць глуш і векавыя нетры.
Да гнязда праз багру і бур’ян
Шлёпае наўпрост за кіламетры.

Ах, манішка, беленькі паркаль.
Чорны фрак і боты-скараходы.
Гэткі франт балотны, ды, на жаль,
Бегаць па гасцях не мае моды.

Бачыш дуб на востраве стары?
Там гняздо — бухматая збудова —
3 рознага ламачча, а ўнутры
Выслана падсцілкаю пуховай.

Прыйдзе чэрвень — не бярэ і сон.
Дзеткі, знацца, з добрым апетытам.
Сцеражыся, жаба і трытон:
Бацяняты толькі ікнуць сыта.

Часам смешна: ломячы лазу,
Велікан, адзіны ў сваім родзе,
Ловіць трапяткую страказу
Ці маляўку на падсохлым бродзе.

Дзесьці белы бусел-клекатун
Водзіць карагоды чарадою.
Гэты ж, чорны, скончаны маўчун -
Не азвецца нават раніцою.

I тады, калі ляціць на Ніл,
Не лякае цішышшу балота,
Ды яму куток адвечны міл,
I яго не мучыць адзінота.

3 выраю вярнуўшыся, дзівак
Перш за ўсё дзе-небудзь у зацішку
Дзюбаю абгладзіць чорны фрак
I пачысціць белую манішку.

Першы вядучы. У беларускім фальклоры таксама ёсць паданні пра паходжанне чорных буслоў. Паводле аднаго з іх Валянцін Лукша напісаў верш «Чорныя буслы». Паслухайце ўрывак з яго.

... Шмат на нашай зямельцы
Вячыстых лясоў.
Шмат было тут заўсёды
Белакрылых буслоў.
Калі пара бусліная
Каля жытла
Бесклапотна
Ў суседстве спрадвечным
Жыла,
Людзі верылі шчыра:
Абыдуць напасці,
Бо нібыта буслы
Ім прыносілі шчасце.
Менавіта таму,
Хоць сцвярджаць не бяруся,
Любы край наш
Назваўся здаўна
Белай Руссю.
Ды аднойчы панадзіўся
Ў ціхую вёску
Нейкі злыдзень калматы —
Вандроўнік-зайздроснік.
На людзей шмат наклікаў
Ён гора
І бед,
Шчасце ўсё захацеў ён
Прысвоіць сабе.
Палавіў ён буслоў.
I буслы з году ў год
Шчасце ў дзюбах насілі
У хату яго.
А зайздросніка прага
Душыла заўзята - Усё,
Здавалася,
Шчасця яму малавата.
Не даваў ён буслам
Адпачыць ні на хвілю —
Ні ў буслянцы паклёкаць,
Вольна выпрастаць крылы.
Ледзь не ўсім ужо шчасцем
Злыдзень той заўладарыў,
Ды з’явіліся дзеткі
Ў буслінае-пары.
Клёкат радасны ўзвіўся
Вясёлкавым ранкам
3 першым сонечным промнем
Над шчаснай буслянкай.
Падрасталі-раслі
Што ні дзень бусляняты,
Але гора сачыла
3 зайздросніцкай хаты.
Бо выглядваў зайздроснік
У акно
Зноў і зноў —
Мне ніякай карысці
Ад гэтых буслоў!..
Як да справы вярнуць
Гэтых дурняў цыбатых?
Вінаваты,
Напэўна,
Ва ўсім
Бусляняты?
Думаў думу зайздроснік
Тры дні
I тры ночы.
Да азяблай буслянкі
Уранку пакрочыў.
Птушанят павыкідваў
3 буслянкі зайздроснік —
Бусляняты
Больш есці ў буслоў
Не папросяць!
Задаволены,
Прэч ад буслянкі пайшоў —
Больш не будзе
Дарэмных турбот у буслоў!
Прыляцелі буслы —
Нема ўсхліпвае вецер, —
Нежывыя ляжаць іх маленькія дзеці.
Не падумаў забойца
Пра помсту за згубу,
Ды прынеслі вуголле
Буслы ў сваіх дзюбах.
Шуганула чырвонае полымя
Ў неба —
Так зайздросніку й трэба!
Так нелюдзю й трэба!
I заўважылі людзі,
Што з дымнага пекла
Узляцелі буслы —
Неба
Крылле рассекла.
I заўважылі людзі:
У небе прасторным
Стала крылле ад гора
Не белым, а чорным.
У спрадвечную пушчу
Ляцела далей
Пара чорных буслоў
Ад бяды,
Ад людзей...
Кажуць,
Птахі з людзьмі
Жыць у дружбе б маглі,
Каб не стала
Нядобрых людзей
На зямлі.

Другі вядучы. Чорны бусел занесены ў Чырвоную кнігу. У Бярэзінскім запаведніку налічваецца каля 20 пар чорных буслоў, якія штогод прылятаюць у свае гнёзды.
Першы вядучы. У адным гняздзе чорны бусел можа гнездавацца аж да 14 гадоў запар. Паслухайце верш Пімена Панчанкі «Чорны бусел».

Стань ля Прыпяці,
Любуйся,
Прыхаваўшыся ў лазе.
Чорны бусел,
Чорны бусел
На адной стаіць назе.

Я люблю буслоў і белых,
Дык скажы: чаму, чаго
Вінавата і нясмела
Пазіраю на яго?

Ну, вядома, гэта рэдкасць,
Ну, вядома, гэта госць...
Успаміны колюць едка:
Іх звяла людская злосць.

Пра сініц пісаў і чаек,
I пра салаўіны свіст.
Гэты бусел незвычайны,
Як ад продкаў нашых ліст.

Што са мною нарабілі
Вы, таемныя паслы:
3 песні —

Чорныя рабіны,
3 казкі —
Чорныя буслы?

Другі вядучы. 3 сённяшняй нашай сустрэчы можна зрабіць такі вывад — нам трэба клапаціцца аб прыродзе, каб нашы птушкі не засталіся толькі ў вершах, малюнках і фотаздымках.
А буслы белы гонар знаюць...
У гняздо не кладзіце хлеба.
Птушкі гэтыя не паміраюць.
Іх сабе забірае неба.


Яшчэ на гэту тэму:

«Зямля бацькоў — зямля святая»     Інтэрактыўная віктарына «Чароўны квадрат»