сцэнарыі святаў на беларускай мове

Раіса ТАРАБУКІНА, выхавальнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Пралеска 09/2012

Хата з матчынай душою

Фальклорнае свята бацькоў і дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту

Мэта: выхаванне павагі і цікавасці да мінулага нашага народа і яго спадчыны, культуры; знаёмства з хатай беларускага селяніна як мадэллю сусвету.

Ход мерапрыемства

Вядучы (В.).
Якой далёкай не будзе дарога,
Якім бы шырокім
не здаўся прасцяг, —
Вяртайся сюды, да святога парога:
Адсюль твой пачатак
і тут твой працяг.

Дарагія сябры! Сёння мы разам з вамі адправімся ў цікавае падарожжа па краіне нашых продкаў «Хата з матчынай душою», Мы завітаем з вамі на вясковую сядзібу. Для кожнага чалавека, асабліва вяскоўца, сядзіба — гэта спадчына, зробленая яго рукамі, і духоўная, якую атрымалі мы ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Што страцілі мы з гэтай спадчынай? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, трэба. Пры яркім святле бліскавіцы відаць усё навокал. А пры святле свечкі на покуці ў матчынай хаце, пры святле малітвы ў душы відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню.
Дзеці чытаюць верш Р. Барадуліна «Матчына хата».
1-е дзіця.
Лазой згінаючыся ніцай,
Дзяды прасілі абразы:
— Не дай бог тры разы жаніцца,
Не дай сяліцца тры разы!..
2-е дзіця.
Жылі ці бедна, ці багата,
Ды, як вядзецца з тых вякоў,
Агорвалі так-гэтак хату
Прапрадзеды, бацькі бацькоў.
3-е дзіця.
Замочвалі з будаўнікамі
(Бо быў заклён вядомы ім)
I падмуроўкі першы камень,
I першы цвік, і першы дым.
Каб абміналі хату сваркі,
Каб сёе-тое ў кубле мець, —
Тулілі пасля добрай чаркі
У вугал серабро і медзь...
4-ё дзіця.
Каб дамавітасць сцены зналі,
Пускаўся ў хату першым кот.
Хлеб-соль на стол яловы клалі,
Счарсцвелы, каб не йшоў на звод,
5-е дзіця.
А што чакае ў новай хаце —
Казалі першай ночы сны.
Лучына ела вочы маці,
У сілу браліся сыны.
6-е дзіця.
Сусед дапамагаў парадай
Ды бедаваннем над жыццём.
Гасцю былі заўсёды рады,
Хоць хлеб не частым быў гасцём.
Не сеялі на сіта мліва —
Мірыліся і з асцюком.
Жылі і клаліся маўкліва
У дамавіну — вечны дом.
7-е дзіця.
Хай будуць сцежкі невядомы
I гору, і бядзе ў той дом,
Што мы завём бацькоўскім домам,
Што хатай матчынай завём.
Разам. Запрашаем вас у матчыну хату.

Вядучы (В.). Бязмежнымі палямі, лясамі і балотамі раскінулася Белая Русь. Сярод гэтай маляўнічай прыроды вырасталі маленькія вёсачкі з драўлянымі сялянскімі хаткамі. Хата для селяніна была не проста дахам, пад якім ён хаваўся ад холаду і непагадзі, гэта была невялічкая абжытая прастора на вялікай зямлі, яго сусвет, дзе праходзіла жыццё — яна абараняла гаспадароў ад уплыву варожых людзям цёмных сіл.
Праз невялікія нізенькія дзверы мы заходзім у хату. Як заўсёды, на парозе сустракаюць гаспадары хаты.
Дзяўчынка (мяце хату ад парога і спявае).
Чаму ж мне не пець.
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець!

1-е дзіця.
Добры дзень у хату!
Дзяўчынка. Добры дзень!
2-е дзіця. Ой, Юлечка, сябровачка мая, ты адна дома, а што ты робіш?
Дзяўчынка. Ды вось гасцей чакаю, хату мяту.
3-е дзіця. Хату мяцеш? Ад парога хату не мятуць.
Дзяўчынка. Ай, ці так важна, як месці, галоўнае ж, каб чыста было.
3-е дзіця. Так-то яно так, але хіба табе бабуля не казала, што парог у хаце — месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет?
Дзяўчынка. Не, не казала.
В. Ну, дык паслухай, што я табе скажу. Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. 3 гэтым звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны. Найбольш вядомы з іх — гэта сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Кажуць: прысядзем на дарожку. Абавязкова трэба маўчаць. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў, якія быццам дапамагалі ў дарозе.
Вядома прыкмета, якая забараняе вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення паміж людзьмі.
А ці ведаеце вы, чаму на вяселлі малады ўносіць на руках у сваю хату жонку?
Дзеці. Не, не ведаем.
В. Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым аберагае маладую ад адмоўных адносінаў да яе продкаў.
1-е дзіця. А вось яшчэ якія існуюць звязаныя з парогам прыкметы.
Чалавека, які ўваходзіць у хату і спатыкнецца аб парог, чакае непрыемнасць.
Народная этыка не дазваляе садзіцца або станавіцца на парог.
Асабліва асцерагацца гэтага павінны хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота.
Забаранялася садзіцца на парог цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю.
2-е дзіця. Цікавыя ў гэтым сэнсе і такія словы беларускай народнай песні:
Нялюбай нявестцы —
На парозе сесці.
Гэта значыць яна тут чужая, няма ёй месца ў хаце.
В. Патрэбна сказаць, што для людзей, якія пакідалі сваю Хату, менавіта парог станавіўся пэўным сімвалам роднага дому. Месці хату патрэбна да парога, як бы вымятаючы з хаты ўсё дрэннае.
3-е дзіця. Праходзьце, калі ласка, далей у нашу хату.
Чытаецца ўрывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля».

Дзень быў святы, яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
I ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці...
...Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
I апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
I кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
I ў жар стаўлялася пякельны;
I там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых...

В. Зараз мы павядзем гаворку пра печ. Яна займала ў сялянскай хаце важнае і пачэснае месца. Абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся.
4-е дзіця. Да печы адносіліся як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасці» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна так казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».
5-е дзіця. Печ (а дакладней — падпечак) — месца знаходжання добрага духа — дамавіка, галоўны «абавязак» якога — клопат пра дабрабыт сям’і. 3 печчу звязана шмат цікавых звычаяў. Кума, перш чым перадаць маці ахрышчанае дзіця, пасля вяртання з царквы абносіла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзіця любіла хату і трымалася яе», Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы, каб яны трымаліся свайго двара.
В. У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага «запякання» слабых, хворых дзяцей у печы. Дзіця захутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у печы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога «запякання» дзіця набывае здароўе і сілу.
Яшчэ печ асэнсоўвалася нашымі продкамі як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля віталіся з гаспадарамі, садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.
1-е дзіця. Каля печы знаходзіўся качарэжнік з качаргой, вілкамі, чапялою. Над печчу — шост, на якім сушылі адзенне, Насупраць печы, каля ўвахода, — «бабін куток». Гэта гаспадарчы куток, дзе знаходзілася кадушка з вадою — вадзянка, побач на лаве — драўляныя вёдры, даёнка, каўшы, сальніца. На сцяне вісела паліца з посудам, побач — лыжачнік. Каля вугла печы — канявы слуп («конь») — апора для спальнага палка. Спальны палок (нары) з сенніком, падушкамі, . пакрываламі, вышэй, на ўзроўні лежака печы, — палаці. Побач да бэлькі на круках падвешана калыска.
2-е дзіця. Самым пачэсным месцам у хаце быў і застаецца ў наш час чырвоны кут, або покуць. Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Покуць — гэта куточак храма ў хаце. Прыходзіла свята — Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. I не абы як, уперамешку, а па старшынстве, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў- прадзедаў, частаваліся.
3-е дзіця. Вось паслухайце радкі з паэмы Якуба Коласа:

А на пачэсным гэтым месцы
Садзіўся госць — i то не кожны...

А ў беларускай народнай песні расказваецца, як кум з кумой бавяць час за сталом у чырвоным куце:

Кум з кумою на покуце сядяць,
На покуце сядзяць, мёд п’юць....

В. А стол у хаЦе лічыўся амаль што свяшчэнным, бо думалі, што праз стол у чырвоным куце наладжваецца сувязь з Богам, з небам.
4-е дзіця. Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое — хлеб, свянцоныя свечкі, святую ваду.
В. На стол ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы ці сумку, не трымалі нож. На стол нельга было пускаць кошку ці поўзаць неразумнае дзіця, даросламу сесці на стол ці стаць нагамі на ім, бо ён свяшчэнны.

А зараз запрашаем вас усіх за стол пачаставацца.