сцэнарыі святаў на беларускай мове

КУНЦЭВІЧ Алена Канстанцінаўна, настаўніца Жарабковіцкай СШ Ляхавіцкага раёна. Пачатковая школа Люты 2003

"Мама, мамачка, матуля..."

Святочная гасцёўня

Паняцце "сям’я" для вучняў пачатковых класаў у першую чаргу звязана з вобразам маці. Побач з мамай дзеці адчуваюць сваю абароненасць. Вось чаму амаль кожны дзень у школе павінна гучаць слова "мама", а побач з ім — "тата", "сям’я". Гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць стварэнню спрыяльных умоў для ўзнікнення добразычлівых адносін паміж дарослымі і дзецьмі ў школе і дома.
Цікавай, карыснай і захапляльнай формай супрацоўніцтва дарослых і дзяцей з’яўляецца святочная гасцёўня. Яна спрыяе ўсталяванню разняволеных, шчырых адносін паміж бацькамі, вучнямі і педагогам. Аднак правядзенне такога маштабнага па зместу мерапрыемства патрабуе спецыяльна арганізаванай падрыхтоўчай работы на працягу значнага перыяду часу. I настаўніца Жарабковіцкай СШ Ляхавіцкага раёна Алена Канстанцінаўна КУНЦЭВІЧ, вопытны, творчы педагог, прадстаўляе сёння методыку арганізацыі і правядзення святочнай гасцёўні, прысвечанай маці.

Самым першым, неабходным этапам падрыхтоўкі мерапрыемства можна лічыць калектыўнае абмеркаванне яго плана і зместу і стварэнне своеасаблівай "скрынкі ідэй". Малодшыя школьнікі заўсёды ахвотна ўносяць свае прапановы. Задача педагога на гэтым этапе — заахвочваць ініцыятыву, актыўнасць, самастойнасць дзяцей. Пасля таго як назбіраецца пэўная колькасць цікавых прапаноў, неабходна іх абмеркаваць і вызначыць паслядоўнасць і тэрміны рэалізацыі. У першую чаргу варта прыступіць да работы над найбольш адказнымі, складанымі момантамі будучага мерапрыемства, напрыклад да напісання сачынення, прысвечанага матулі. Малодшым школьнікам вельмі падабаецца выступаць у ролі аўтараў кніг, у ролі пісьменнікаў. Выкарыстаем гэтае іх жаданне і выпусцім кніжачку "Табе, мамачка, прысвячаю", у якую ўвойдуць сачыненні ўсіх вучняў класа. На ўроках беларускай мовы і будзе падрыхтаваны першы падарунак для матуль.
Другім каштоўным падарункам стане сямейны партрэт кожнага вучня ў прыгожай рамцы, выкананы на ўроках выяўленчага мастацтва і тэхналогіі.
На ўроках музыкі можна развучыць песні пра маму, а на ўроках чытання — правесці конкурс на лепшага чытальніка вершаў. Адзначыць у гэтым конкурсе трэба ўсіх удзельнікаў. Для гэтага педагог прадумвае разнастайныя намінацыі: "Залаты голас класа", "Будучы паэт", "Зорка праграмы" і інш.
Пачаткоўцаў настолькі захапляе падрыхтоўка да святочнай сустрэчы з мамамі і іншымі членамі іх сямей, што педагогу застаецца толькі накіроўваць іх актыўнасць. У выніку ствараюцца спрыяльныя ўмовы для выхавання дзяцей, развіцця ў іх эмацыянальна-маральных адносін да рэчаіснасці. Вялікую карысць нясе такая дзейнасць не толькі дзецям, але і бацькам, педагогам.
Заключным этапам падрыхтоўчай работы з’яўляецца афармленне памяшкання, падрыхтоўка запрашальных паштовак, выпуск святочных насценных газет, стварэнне выставы малюнкаў, сачыненняў і інш.
Кульмінацыйным момантам усёй сумеснай дзейнасці вучняў і педагога з’яўляецца непасрэдна свята. Дарэчы, запрашаць мам у святочную гасцёўню можна не толькі ў сакавіку, але і ў пачатку навучальнага года, і ў Дзень маці, і ў іншы час.
Прыводзім прыкладны сцэнарый свята для матуль.

1-ы вядучы. Дарагія мамы! Мы вельмі рады бачыць вас у нашай святочнай гасцёўні. А пачнём сённяшнюю сустрэчу загадкай.
2-і вядучы.
Ад калыскі
I навек
Самы блізкі
Чалавек.
1-ы вядучы. Так, вы адгадалі правільна. Гэта матуля.
2-і вядучы. Яна першай расказвае нам казкі, спявае песенькі. Вучыць нас самаму добраму. I зараз мы з удзячнасцю праспяваем песню для нашых мам.

(Выконваецца песня Дз. Яўтуховіча на словы Л. Пранчака "Мамачка".)

1-ы вядучы. Увага! Увага! Увага!
2-і вядучы. Пачынаем урачыстую прэзентацыю кнігі "Табе, мамачка, прысвячаю".
1-ы вядучы.
Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
2-і вядучы. Так сказаў паэт Мікола Хведаровіч. А вось што кажуць пра сваіх матуль вучні нашага класа.

(Вучні трымаюць у руках самаробныя кніжкі і зачытваюць урыўкі з уласных сачыненняў.)

1-ы вядучы. Прыміце ад нас, любімыя матулі, з самымі шчырымі пажаданнямі дабра і шчасця гэтыя сціплыя падарункі.
(Уручэнне кніг.)

2-і вядучы. Сёння да нас запрошаны пераможцы конкурсу "Лепшы чытальнік вершаў". У намінацыі "Самы шчаслівы вучань класа" перамог Саша з вершам Ніны Галіноўскай.
1-ы вучань.
Клюшка са мной,
Мячык са мной —
Я рухавы.
Сонца са мной,
Кветкі са мной —
Я ласкавы.
Мурка са мной,
Тузік са мной —
Я смяшлівы.
Мама са мной,
Тата са мной —
Я шчаслівы.
1-ы вядучы. Пераможцам у намінацыі "Зорка праграмы" стаў Алёша з вершам Івана Муравейкі.
2-і вучань.
Мама гляне нам у вочы —
Адгадае, што мы хочам.
А калі яна ўсміхнецца,
Свеціць сонейка, здаецца.
Мама песню заспявае —
Сум адразу прападае.
А рука ў яе такая:
Як пагладзіць — боль сціхае.
Мама можа ўсё на свеце,
Добра з ёю побач дзецям.
2-і вядучы. Намінацыя "Залаты голас класа". Пераможцам у ёй стаў Паша. Ён прачытае верш Ніны Галіноўскай выразна, гучна, звонка.
3-і вучань.
3 маёй мамай вы знаёмы?
Не?
Шкада, сябры, што не.
Калі мама мая дома,
То заўсёды добра мне.
3 мамай кніжка цікавей,
3 мамай я заўжды смялей.
3 мамай сонейка святлей,
Нават плакаць весялей.
1-ы вядучы. У намінацыі "Лепшы памочнік" перамогу атрымаў Эдуард з вершам Хведара Гурыновіча.
4-ы вучань.
3 братам Мішкам у ахвоту
Робім сёння ўсю работу.
Палічу я зараз вам:
Мы пачысцілі дыван,
Пыласосам пыл сабралі
I паркет нацерлі ў зале,
Чыста вымылі акно,
Аж блішчыць цяпер яно.
Палілі ўсе кветкі ў доме,
Посуд вымылі, вядома,
I падклеілі ўсе кніжкі,
Што падралі летась з Мішкам,
I зварылі крупнік самі
Мы любімай нашай маме.
Напячом аладак пульхных
Пачастуем жа яе,
Прыбяром пасля на кухні.
Ой, як часу нестае!..
2-і вядучы
Сонца прачынаецца,
Раніцу даруючы
Ўсім, ўсім, ўсім.
Мамачка ўсміхаецца
Дзецям дарагім.
Сонейка ўзнімаецца,
Сонейка збіраецца
Абагрэць зямлю.
Мамачка стараецца
Даглядаць сям’ю.

(Гучыць песня І.Лучанка на словы М. Маляўкі “Мама сонейка і я". Гл. часопіс "Вясёлка", № 5, 2000 г.)

1-ы вядучы. Паважаныя мамы, успомніце, калі ласка, якімі цудоўнымі малышамі былі яшчэ зусім нядаўна вашы дачушкі і сыночкі, і адкажыце на пытанні нашых журналістаў.
(Вучні з "мікрафонамі" падыходзяць да мам і задаюць ім пытанні.)
— Якая любімая цацка была ў вашай дачкі?
— Які смешны выпадак адбыўся ў жыцці вашага сына?
— Якое першае слова навучылася гаварыць ваша дачка?
— Калі ў сына з’явіўся першы зуб?
— Якія песні вы спявалі дачцэ перад сном? Праспявайце адну з іх, калі ласка.
(Мама спявае калыханку.)

2-і вядучы. А зараз мы вам родныя, падорым нашу "Калыханку".
5-ы вучань.
Працавала мама зранку,
Адпачыць лягла цяпер,
Я для мамы калыханку
Пачынаю ціха пець:
— Баю-бай, мая матуля
Да цябе хай прыйдзе Сон
I пяшчотаю атуліць,
Ахіне сваім крылом.
Хай кіно табе пакажа
Пра тваё дзяцінства ён.
Мы яму за гэта скажам.
"Дзякуй, дзякуй, добры Сон!".
С. Валодзька.

(На фоне музыкі з к/ф “Мой ласкавы і пяшчотны звер” вучні чытаюць словы 3. Васкрасенскай)

6-ы вучань. Мама! Самае цудоўнае слова на зямлі "мама
7-ы вучань. Гэта першае слова, якое выяўляе чалавек, і яно гучыць на ўсіх мовах свету аднолькава і пяшчотна.
8-ы вучань. У мамы добрыя і ласкавы рукі, яны ўсё, умеюць. У мамы самае чулае сэрца — у ім ніколі не гасне Любоў.
9-ы вучань. I колькі б ні было табе гадоў пяць ці пяцьдзесят, табе заўсёды патрэбна маці, яе ласка, яе погляд. I чым мацнейшая твая любоў да маці тым больш радаснае і святлейшае тваё жыццё.

(Дзеці ўручаюць бацькам сямейныя партрэты)

1-ы вядучы. Хоць сустрэча наша заканчваецца – у думках мы будзем часта вяртацца да гэтых цёплых, душэўных хвілін.
2-і вядучы. Усяго вам добрага, шчасця, здароўя, поспеху. Да новых, такіх жа цудоўных сустрэч!


Яшчэ на гэту тэму:

«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»     Адзіная мая