сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. А. ЗАХАРЧУК, аспірантка Брэсцкага педагагічнага інстытута. Пачатковая школа 5\6 1995г.

Купалле

Ранішнік для дзяцей малодшых класаў

Купалле — адно з самых прыгожых свят, якое бярэ пачатак са старажытных, язычніцкіх часоў. Адзначалася яно ў дзень летняга сонцастаяння. Усю ноч ля вогнішча, якое запальвалі на высокім беразе рэчкі ці Возера, хлопцы і дзяўчаты вадзілі карагоды, спявалі песні, удзельнічалі ў розных гульнях і спаборніцтвах.
Купальская ноч лічылася ў народзе часам цудаў і таямніц. Дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі, верачы, што тыя прадкажуць іх лёс. Усе шукалі папараць-кветку, збіралі лекавыя травы, варажылі, скакалі цераз агонь, каб ачысціць сябе ад злых духаў.
Як правесці ранішнік для вучняў малодшых класаў каб дзеці адчулі паэтычнасць даўняга свята, далучыліся душой да яго?
Зразумела, павінна быць падрыхтавана сухое галлё для вогнішча, і дзеці з радасцю патанцуюць каля яго, пакуль праз дынамік будзе гучаць якая-небудзь купальская песня, напрыклад "Купалінка".
Потым да вучняў звяртаецца вядучая:
Вядучая. — Дзеці, сёння ў нас свята, і называецца яно... Хто ведае як? (Адказы дзяцей.) Так, яно называецца Купалле. 3 незапамятных часоў у гэты дзень дарослыя і дзеці збіраліся Вечарам на лясной палянцы, узгорку, высокім беразе і раскладалі вялікія вогнішчы. Паводле народнага павер’я, толькі ў купальскую ноч зацвітае цудоўная папараць- кветка. Хто знойдзе яе, будзе самы шчаслівы чалавек, таму што пачне разумець мову звяроў і птушак. Але пакуль нікому не пашчасціла знайсці гэтую кветку. Можа, вы, калі станеце дарослымі, знойдзеце яе. А зараз, дзеці, давайце паклічам Купалінку, каб запаліла наша вогнішча. Паўтарайце за мной гэтыя словы:
Да ўзыдзі, месячык,
Да ўзыдзі, ясненькі,
Ты прыйдзі к нам, Купалінка,
Хлопчыкам на ігранейка,
Дзевачкам на гулянейка.
З’яўляецца Купалінка, ідзе пад музыку да вогнішча і запальвае галлё. Бярэ дзяцей за рукі, і яны пачынаюць вадзіць карагод вакол агню, спяваючы "Ой, рана на Йвана".

Вядучая. Дзеці, а давайце запытаемся ў Купалінкі, дзе яна была, што рабіла.
Дзеці. Купалінка, дзе ты была, што рабіла?
Купалінка.
Ды ў бары была рана, рана.
Я краскі збірала рана, рана.
Дзеці. Нашто красачкі рана, рана?
Купалінка. А вянкі віці рана, рана.
Дзеці. А нашто Вяночкі рана, рана?
Купалінка. Дзецям на галоўку рана, рана.

Раздае дзецям вяночкі. Выконваецца танец-гульня з вяночкамі.

Вядучая. Дзеці, а давайце запытаемся ў Купалінкі, што робіць Купала на Йвана.
Дзеці. Што робіць Купала на Йвана?
Купалінка. Косы кляпае.
Вядучая (разам з дзецьмі), Нашто яму косы?
Купалінка. Сена касіць.
— Нашто яму сена?
— Кароў карміць.
— Нашто яму каровы?
— Малако збіраць.
— Нашто яму малако?
— Свінням бяліць.
— Нашто яму свінні?
— Горы рыць.
— Што ў гэтых гарах?
— Жалезная ступа.
— Што ў ступе?
— Палівана міска.
— Што ў той місцы?
— Макава зерне.
— Дзе тое зерне?
— А певень скляваў.

Купалінка. А зараз адгадайце мае загадкі. Хто адгадае, таму дам кветку. Бачыце, колькі іх у мяне ў кошыку?

Без рук, без ног, а вароты адчыняе. (Вецер.)
Прыйшла чорна маці, ўсіх паклала спаці. (Ноч.)
Вісіць — зялёны, ляціць — жоўты, ляжыць — чорны. (Ліст.)

Вядучая. У купальскую ноч дзяўчаты звівалі вяночкі і кідалі ў раку, каб дазнацца пра свой лёс.
Давайце і мы пакідаем свае вяночкі ў ваду.
(Дзеці кідаюць вянкі.)
А цяпер развітаемся з нашай госцяй Купалінкай.
Да ўзыдзі, месячык,
Да ўзыдзі, ясненькі,
Ты прыйдзі к нам, Купалінка,
Хлопчыкам на ігранейка,
Дзевачкам на гулянейка.
Дзевачкі нагуляліся,
Хлопчыкі наіграліся,
3 Купалінкай развіталіся.
(Купалінка адыходзіць.)

Вядучая. У купальскую ноч людзі не клаліся спаць, пакуль не ўзыходзіла сонца, і спявалі яму прыгожыя песні.
А на Купалу
Рана сонца іграла,
Рана сонца іграла
На добрыя гады,
На цёплыя росы,
На хлябы — ураджаі,
На хлябы — ураджаі.
На ручніку Выносяць каравай і частуюць усіх. Ранішнік заканчваецца, але дзеці могуць яшчэ доўга спяваць песні, танцаваць, гуляць.

Яшчэ на гэту тэму:

Красачкі купальскія     Традыцыйныя абрады. Купалле