сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. Ф. СТУПЧЫК, настаўніца сярэдняй школы № 2 г. п. Зэльва. Беларуская мова і літаратура 2/2016

Гуканне вясны

Фальклорна-этнаграфічная кампазіцыя для вучняў V—VII класаў

Мэта: пашырыць веды пра нацыянальныя традыцыі беларусаў на аснове пазнавальных магчымасцей фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу і творчай працы вучняў па інсцэніроўцы свята «Гуканне вясны».
Задачы: даць звесткі пра каляндарна-абрадавае свята «Гуканне вясны»; растлумачыць яго сэнс і значэнне? стварыць умовы для развіцця творчых здольнасцей вучняў; падтрымліваць цікавасць да нацыянальных традыцый, абуджаць жаданне далучыцца да іх захавання.
Папярэдняя падрыхтоўка:
1) стварэнне мастацкай рады для распрацоўкі сцэнарыя, выбар аргкамітэта;
2) вывучэнне літаратуры па тэме свята;
3) распрацоўка сцэнарыя;
4) падрыхтоўка касцюмаў;
5) падбор аксесуараў, рэквізіту;
6) развучванне песень, гульняў, танцаў.
Абсталяванне і рэквізіт: нацыянальныя касцюмы; вяночкі; хустачка для гульні; жаваранкі з паперы і цеста; каляровыя стужкі; веснавое кола; музычнае суправаджэнне: свістулькі, трашчоткі, званочкі; радзюшка (посцілка з грубай ільняной пражы); гаршчок з кашай.

Ход мерапрыемства

Дзеці прэзентуюць свой гурток і абрад.
Першы вучань.
Мы любім нашу спадчыну, паважаем традыцыі!
Мы ведаем, што многаму трэба вучыцца нам!
Другі вучань.
Мы танцуем, гуляем і песні спяваем!
Фальклор беларускі мы ўсе паважаем!
Трэці вучань.
Нам добра, утульна ў вольнай краіне,
Дзе родная мова, саспелыя нівы!
Чацвёрты вучань.
Нам весела, дружна ў школе жывецца!
А гурт наш лагодна «Несцеркай» завецца!
Пяты вучань.
Давайце ўсе дружна будзем гуляці,
3 намі разам вясну гукаці!
Першы хлопчык.
Выходзьце з хаты людзі,
Вясну гукаць будзем!
Другі хлопчык.
Каб быў хлеб і да хлеба ў хаце,
Будзем разам вясну гукаці!
Трэці хлопчык.
Свята песенькай сустракаем,
Вясну-матухну гукаем!

Праход да месца абрадавай дзеі пад музычны акампанемент.
Упрыгожванне птушкамі дрэва пад песню «Жавароначкі, прыляціце».

Папярэдняя падрыхтоўка. Выраб папяровых птушак.
Выразаць з кардону птушку, намаляваць вочкі. Можна ўпрыгожыць арнаментам. Адступіўшы зверху прыкладна 1 см, зрабіць нажніцамі невялікую адтуліну. Уставіць у адтуліну гармонік з каляровай паперы. Прымацаваць да птушкі вяровачку з дапамогай іголкі.

Гурт дзяцей утварае карагод і выконвае народную песню «Жавароначкі, прыляціце».
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце.
У-у-у-у-у!
Каб сонейка засвяціла, —
Каб садочкі расквяціла.
У-у-у-у-у!
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла сонейка прынясіце.
У-у-у-у-у!
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела.
У-у-у-у-у!
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце.
У-у-у-у-у!
Каб сонейка засвяціла, —
Каб снег белы растапіла.
У-у-у-у-у!

Першая дзяўчынка. Жавароначак- жаваронак, пташачка вясенняя, чаму ж ты так рана з выраю прыляцела? А там, у далёкай даліне, ляжаць снежныя крыгі, а там, на далёкім полі — марозы суровы.
Рытуальнае падкідванне птушак пад песню «Хадзі, Вясна, двору!».

Папярэдняя падрыхтоўка. Печыва з цеста.
Для цеста (на 10 птушак): 3 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі солі, 1 шклянка вады.
Да солі дадаць ваду, усыпаць муку. Замясіць цеста.
Лепка:
1. Раскатваем з цеста невялікую доўгую кілбаску і скручваем яе ў вузел.
2. Расплюшчваем адзін канец і наразаем у прыгожы хвост.
3. Другі канец выцягваем, фарміруем галоўку і дзюбу.
4. Вочы робім з чорнага перцу, уціскаючы яго ў цеста з двух бакоў галавы.
5. Перад пасадкаю ў духавую шафу даём крыху пастаяць (прыкладна 5 хв.).
6. Каб птушкі атрымаліся прыгожага карычневага колеру, змазваем іх падсалоджанай вадой.
7. Змяшчаем у разагрэтую духавую шафу, выпякаем прыкладна 20 хв.
Птушкі, зробленыя з салёнага цеста, захаваюцца надоўга.

Дзяўчаты кладуць на радзюшку птушак з цеста.
Становяцца па крузе, беручыся рукамі за краі посцілкі, рухаюцца па коле па гадзіннікавай стрэлцы.
Хлопцы акампаніруюць дзяўчатам на музычных інструментах.

Хадзі, Вясна, двору,
Хадзі, Вясна, двору.
У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, затым ідуць па крузе супраць гадзіннікавай стрэлкі.)
Нясі ключ за сабой,
Нясі ключ за сабой.
У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, пасля рухаюцца па крузе па гадзіннікавай стрэлцы.)
Зіму замыкаці,
Зіму замыкаці.
У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, пасля ідуць па крузе супраць гадзіннікавай стрэлкі.)
Вясну адмыкаці,
Вясну адмыкаці.
У-у-ух! (спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, зноў рухаюцца па крузе па гадзіннікавай стрэлцы.)
Зіму у замочак,
Зіму у замочак.
У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, пасля рухаюцца па крузе супраць гадзіннікавай стрэлкі.)
Вясну у чаўночак.
Вясну у чаўночак.
У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы.)

Чацвёрты хлопчык. Да нас абяцала завітаць і сама Вясна, маладзенькая ды прыгожая. Ходзіць па палях-лугах, будзіць прыроду. Дзе Вясна ступіць, там трава зелянее, кветкі распускаюцца, галінкі квітнеюць. Наладжвайце карагод, гукайце Вясну!

Дзяўчаты вядуць карагод пад песню «Вясна- красна».
Вясна-красна наставала, (ідуць парамі адна за адной, трымаючыся за каляровыя істужкі, прывязаныя да рукі суседкі)
Снягі з поля саганяла.
Ой, наставала! (Спыняюцца, падымаюць змацаваныя рукі ўгару, утвараючы тунэль.)
Ой, саганяла!
Звесяліла земля воду (пачынаючы з апошняй пары., праходзяць уперад праз тунэль, заводзяць пары на кола)
I мяне малоду.
Ой, земля воду
I мяне малоду! (Утвараюць кола, ідуць па гадзіннікавай стрэлцы.)
Там, дзе горы-даліначкі,
Там дзевачкі, парабачкі.
Ой, гуляючы!
Ой, спяваючы! (Спыняюцца, падымаюць змацаваныя рукі ўгару, упускаюць у сярэдзіну кола Вясну.)
Ой, гуляючы!
Ой, спяваючы!
Другая дзяўчынка.
Што прынесла нам, Вясна-весенька?
Вясна (у яе вобразе і адпаведным касцюме выступае дзяўчынка).
Я прынесла вам песні-песенькі,
Каб спявалі іх з году ў год,
Каб вадзілі вы карагод.
Трэцяя дзяўчынка.
Што падорыш нам, Вясна-весначка?
Вясна.
Падару я вам шмат пралесачак.
Будуць красачкі ўсюды расцвітаць.
Будуць пташачкі звонка шчабятаць.
Я, Вясна-красна, вам прынясла
Хлопчыкам па кіёчку, а дзевачкам па вяночку.

Вясна надзявае дзяўчатам вяночкі.
Вясна. Але засумавалі мы, засмуткавалі. Давайце пагуляем!
Дзяўчынкі (разам). Давайце, давайце!
Чацвёртая дзяўчынка. Хлопцы, гайда да нас!

Гульня «Хустачка» (пад акампанемент «Беларускай полькі» на гармоніку).
Хлопцы і дзяўчаты ўтвараюць кола. Адна з дзяўчынак выбягае на сярэдзіну, падкідвае хустачку і крычыць: «Хустачка!». Хлопцы выбягаюць, каб падхапіць хусцінку. Той, хто зловіць яе, запрашае дзяўчынку на польку. Пара выходзіць у сярэдзіну кола і танцуе. Далей хустачка перадаецца наступнай дзяўчынцы. Гульня працягваецца, пакуль самі гульцы не вырашаць яе спыніць.

Першая дзяўчынка. Ой, замарыліся ўжо! Хопіць гуляць.
Другая дзяўчынка (выносіць кашу ў гаршку). А цяпер, даражэнькія, накормім смачнай кашай нашу зямельку-маці. Яна ж згаладалася за зіму, праўда?
Дзеці (выгукваюць разам). Накормім, накормім!

Гаршчок перадаецца хлопцу. Наладжваецца шэсце да месца закопвання кашы. Наперадзе ўрачыста хлопчык з дзяўчынкаю нясуць кашу. Гаршчок закопваецца ў зямлю хлопчыкамі. Дзяўчынкі ў гэты час спяваюць песню «Благаславі, Божа», выконваючы рытуальныя дзеі.

Благаславі, Божа, (паклон да зямлі)
Зіму замыкаці.
Благаславі, Божа, (паклон да зямлі)
Вясну красну пеці.
На ціхае лета,
На буйнае жыта. (Паднятымі ўверх рукамі імітуюць жыта, якое хіліцца з боку ў бок.)
Каб нашае жыта
У трубы павілося,
На бок схілілося. (Кладуць левую руку на пояс, хіляцца ў левы бок.)
На полі снапамі, (імітуюць сноп рухамі рукамі ўверх-уніз паралельна)
А ў гумне тарпамі.
А ў млыне прыполна. (Прысядаюць.)
А ў дзяжы падходна, (устаюць)
А ў пячы пячыста,
На стале краіста.
Усім добрым людзям —
Добрага здароўя! (Паклон да зямлі.)

Першы хлопчык. Дай вам, Божа, добрыя людзі, доўга жыці, вясёлымі быці!
Трэцяя дзяўчынка. Хай вашы дзеткі будуць, як у полі кветкі!
Другі хлопчык. Хай ваша ніва будзе ўрадліва!
Чацвёртая дзяўчынка. Дай вам, Божа, жыці, быці, унукаў, праўнукаў пажаніці!
Трэці хлопчык. Даём гэтыя манеткі на добрыя дзеткі!
Першая дзяўчынка. А птушыныя перцы кожнаму дорым ад сэрца!
Усе разам. Каб увесь год, як птушкі ляталі, вясну-красну сустракалі-праважалі!

Наладжваецца адыход з месца правядзення абраду пад песню «Жавароначкі, прыляціце».

Спіс выкарыстанай літаратуры

Катовіч, А. Веснавыя святы / А. Катовіч, Я Крук. — Мінск : Маст. літ., 2005. — 359 с.
Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў / В. Ліцьвінка. — Мінск : Беларусь, 1998. — 190 с.
Смятаннікаў, В. С. Беларусазнаўства / В. С. Смятаннікаў. — Мінск : Беларус. навука, 2000. — 149 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Гуканне вясны     Вясна-красна, завітай да нас!