сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна КУКСА, выхавацель дзіцячага сада № 66 Брэста Пралеска 7/8 1993г.

З чыстай думай у душы

Сцэнарый свята "Кірмаш"

Зала ўпрыгожана магчымымі дэкарацыямі кірмашу (вырабы з гліны, саломкі, вышыўка, ткацтва). За сталамі дзеці размалёўваюць дудкі, вазачкі з гліны, вышываюць, расхвальваюць свой тавар. Гучыць вясёлая музыка. Уваходзіць з "канём" Несцерка.

Несцерка. Добры дзень, сябры-браточкі! Эге-ге! Колькі вас тут сабралася, не раўнуючы, як дрэў у лесе. Ой, перапрашаю, можа, каго абразіў: як кветачак у лесе. Як тут красна! Як тут ясна! Скажы, галубок, куды гэта я трапіў?
Дзіця. Ты трапіў у дзіцячы сад.
Несцерка. Так, менавіта сюды я і запрошаны. Вельмі баяўся заблудзіцца. Якое ж тут свята?
Дзіця. Незвычайны вясёлы кірмаш.
Несцерка. Так, сюды, сюды. Гэтая кабыла, хоць і нягеглая, ды наравістая, невядома, што ёй у апошнюю хвіліну завіне, але, дзякуй Богу, усё абышлося. Худа-бедна — я ў вас. (Звяртаецца да дзяцей.) Ці ж вы пазналі мяне, га?
(Уваходзіць Марыля з некалькімі малымі. У іх кошыках вырабы з саломкі, вышываныя сурвэткі, дудкі, а ў Марылі ў руках стары гаршчок.)
Марыля. Ох, і ён тут! Прывітанне, Несцерка.
(Вітаюцца.)
Несцерка. Куды вы сабраліся? Што ў вашых кошыках?
Марыля і дзеці. На кірмаш! Вось вырабы нясём прадаваць!
Марыля. Мо і ты купіў бы ў нас гэты гаршчок?
Несцерка. Ай, які ладны! Паставіш у печ — як цацка!
Марыля. Асцярожна! Купляй хутчэй, гаспадыня дзякаваць будзе.
Несцерка. А мая ж ты ластаўка, не куплю!
Марыля. Чаму?
Несцерка. Грошай няма!
Марыля. Чаго ж ты без грошай на кірмаш сабраўся? Ну і панок, трасца табе ў бок.
Дзеці. А на нашым кірмашы не абавязкова мець грошы. Калі ведаеш прыказкі, прымаўкі, песню ці танец — можна набыць што хочаш.
(Пад акорды беларускай народнай мелодыі "Весялуха" малыя разбягаюцца па зале і выконваюць песню "Весялуха", затым ідуць на месцы. Да каня падыходзіць Марыля.)
Марыля. Кабыла стаіць, а гаспадара няма. Што за ліха? А худая якая! Быццам тыдзень не ела. Не кабыла, а, не раўнуючы, цялё. Пакуль ніхто не бачыць, трэба цыгану прадаць. Н-но!
Несцерка. Гэй, пані! Куды гэта ты нокаеш?
Марыля. Каб на цябе ліха! Каб ты прапаў!
Несцерка. Годзе, годзе, цётка, лаяцца. Здароўе папсуеш. Зрабі ласку, пакажы дарогу на кірмаш.
Марыля. Ці ты сляпы? Ці ты дурны? Мы ж на кірмашы! Давай, спявай ці скачы!
Дзеці. Паскачы, дзядзька Несцерка!
Несцерка. Магу і паскакаць, магу і песню праспяваць, але я вельмі цікавую гульню ведаю. "Курнаціца" называецца. Слухайце каманды, хто не выканае
— аддае свой фант, а пасля павінен яго выкупіць. Песняй ці скокамі.
(Праводзіцца гульня "Курнаціца".)
Вышай, ніжай, Курнаціца!
Кладзіся на правы бок!
Вышай, ніжай, Курнаціца!
Рукі ў бокі, ногі ў скокі!
Вышай, ніжай, Курнаціца!
За вуха вазьміся — пачынай круціцца!

(Пасля кожнай каманды Несцерка забірае фанты ў тых, хто прайграў.)
Несцерка. Цяпер пачынаем выкупляць фанты. Што прысудзім гэтаму фанту?
Дзеці. Расказаць верш! Праспяваць песню! Казку расказаць!
(Драматызацыя казкі А. Каско "Кірмаш".)

Апавядальнік.
Рана-раненька ў бары
Прачынаюцца звяры.
Праціраюць вочы птушкі,
Пчолы, камары і мушкі!
Сёння ж рана, як ніколі,
Ажыло ўсё наваколле.
Толькі выбліснуў прамень,
Пратрубіў у рог алень:
Алень.
На кірмаш, парра, сябрры!
Апавядальнік.
Стала весела ў бары!
Пчолкі першыя ўзляцелі:
Пчолкі.
Не праспаў ніхто нядзелі?
Апавядальнік.
Светлячкі ім адказалі:
Светлячкі.
Што вы, мы зусім не спалі!
Толькі зараз на зары
Патушылі ліхтары.
Бабёр.
На спіне стары бабёр
цэлы пук лазы прыпёр!
Вавёрка.
Прыскакала і вавёрка,
На галінках тонкіх вёртка
Паразвешвала грыбы:
Выбірай сабе любы!
I арэхаў мае процьму,
Хто з зубамі — падыходзьце!
Мураш.
Ці не час пачаць кірмаш?
Апавядальнік.
Пляснуў лапкамі мураш.
Толькі гэтак аб’явіў,
Шчодры бор загаманіў.
Больш за ўсіх крычыць сарока
На ялінцы невысокай,
Угаворвае шпакоў:
Сарока.
Зважце сушаных жукоў!
Апавядальнік.
Дзяцел шышачку нясе:
Дзяцел.
Падлятайце па чарзе.
Не рабіце тарараму —
Будзе ўсім па кілаграму!
Апавядальнік.
Шумна, весела ў бары.
Не заплачуць і бабры.
Разышоўся зай-шарак:
Зай.
Воўк, капусты дам за так.
Апавядальнік.
Ды завыў ваўчына-зух:
Воўк.
Дзе, скажы, купіць кажух?
Апавядальнік.
Зай сумеўся:
Зай.
Дзядзька Федзя, запытайся у мядзведзя.
Апавядальнік.
Звераняты дужа рады,
У бары кірмаш багаты.
Прапануе вожык ножык,
Кумкі-ліскі — кубкі, міскі,
Барсукі — брусніц кулькі,
Жураўліха — журавіны,
А малінаўка — маліны.
Што прынеслі — прадалі,
Што хацелі — набылі!
Несцерка.
Кумкі — кубкі, міскі — ліскі... кумкі, кумкі, кумкі...
(Дзеці смяюцца і паўтараюць скорагаворку разам з Несцеркам.)

Марыля (падышла да кабылы). Кую, кую ножку, паеду ў дарожку, кабылка сляпенька, дарожка крывенька. (Дзеці гэтак жа дражняць Несцерку.)
Несцерка. Чаго ты прычапілася да тае кабылы? Сядай во ды паехалі кірмаш паглядзім.
(Пад'язджаюць да першага стала, звяртаюць увагу на дудку.)
Несцерка. Што гэта ў цябе, шаноўны?
Дзіця. У лесе выразана, гладка вычасана, весела заліваецца
— як называецца? Я зрабіў з паперы, а можна зрабіць з галінкі: галінкі — вярбінкі.
Марыля. Вось і фант пара выкупіць.
Несцерка. I я ведаю, паважаны, што плача, а жалю няма.
(Спрабуе зайграць на дудцы. Не атрымалася, дзеці смяюцца, выбягаюць, каб выканаць музычныя нумары: "Зайграй жа мне, дударочку", "Я іграў на дудцы".)
Несцерка. Каля вуха завіруха, а на вуліцы — кірмаш! Хто выкупляе гэты фант?
Дзеці. Мы!
(Выконваецца песня "Сядзіць камар на дубочку".)
Несцерка. Паедзем далей глядзець і набываць. (Пад музыку рухаюцца па зале, спыняюцца каля вышываных вырабаў.)
Несцерка. Тпр-р-р! Ай, які цуд! Як гэта называецца?
Дзіця. Вышываная сурвэтка. Само нішто ў рукі не прыходзіць: пасядзець трэба.
Марыля. Відаць па рабоце, што майстар добры.
Несцерка. Можна, я паспрабую вышываць? Бачаннем жураўля не зловіш.
(Несцерка спрабуе вышываць, коле палец, вішчыць ад болю.)
Марыля. Ой, Несцерка, які майстар, такая і работа! Ад спеху нарабіў смеху! (Выцягвае з кішэні Несцеркі фант.) Надумаўся, дзе і калі вучыцца. На кірмашы можна набыць толькі гатовую рэч. Плаці, браце, выкупляй фант! Не грашыма, а ўменнем!
Несцерка. Я?! А каб ты здаровая была, найяснейшая! Запрашаю на "Лысага"!
(Танцуюць Марыля з Несцеркам і ўсе дзеці.)
Марыля. Стамілася-а!
Несцерка. Ці да стомы зараз? Сама ў імпэт уваходжу. Што б яшчэ набыць? Што прысуджаем гэтаму фанту?
Марыля. Зірні, якія ручнікі! У нас, на Беларусі, вельмі ж цудоўныя ды працавітыя жанчыны. Майстрыхі на ўсе рукі. I ткуць, і вышываюць.
Дзеці. Мы выкупляем гэты фант. За гэта — танец.
(Выконваецца танец з ручнікамі.)
Марыля. Вось гэты фант заслужыў песню.
(Малыя выконваюць прыпеўкі.)
1-е дзіця.
Люлі-люлі, дзеці,
Ездзілі ў карэце!
Зімой у вазочку
На сівым канёчку!

2-е дзіця.
Ходзіць певень па капусце,
Носіць сон у белай хусце.
Усім дзеЦям прадаваў,
А Ганульцы дарма даў!

3-е дзіця.
Я свайму малому Мішку
Пачытаю казку-кніжку.
Ён паслухае мяне
I ціхусенька засне.

4-е дзіця.
Ах ты ж мая птушачка,
Ах ты шчабятушачка!
Хораша ты пела.
Куды ж ты паляцела?

Несцерка. Што б яшчэ набыць? Адсохні тая рука, што сабе дабра не зычыць!
Дзіця. Набывайце песню "Бай".
Марыля. Вось мой фант! Гульня "Мікіта"!
Несцерка. Прыйшоў час і мне выкупляць свой фант.
(Кліча дзяцей, разам з імі садзіцца на дыванок, Несцерка распавядае пра Грамніцы.) Не з пустымі рукамі я да вас прыйшоў. Раскажу я вам пра Грамніцы. Грамніцы — зімы палавіца. Калі на Грамніцы адліга
— нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я — наесца вол травіцы. А яшчэ кажуць: да Грамніц — не скідай рукавіц. А як прайшлі Грамніцы, то не трэба і рукавіцы.
Сёе-тое з абрадаў засталося і на сённяшні дзень. Вось, напрыклад, свечкі. (Паказвае свечку.) У воск запраўлялі льняную нітку. Свяцілі свечку ў царкве. Выкарыстоўвалі яе ў самых розных выпадках: калі нараджалася дзіця, хрысцілі яго, адпраўлялі ў далёкую дарогу, калі паміраў чалавек.
Пры вясельнай змове таксама запальвалі грамнічную свечку. I калі засявалі раллю, і выганялі статак на пашу.
(Запальваюць свечку, гучыць беларуская народная песня.)
Несцерка. Шаноўнае спадарства! Ці ўсе на кірмашы, што прынеслі —прадалі, што хацелі — набылі?
Дзеці, Марыля. Чакайце, чакайце! Як ні славута і багата было на кірмашы, але на Беларусі была ў пашане Масленіца.
Дзіця. На Масленіцу ўсякаму трэба скібка, каб была сілка!
Марыля. На Масленіцу — найсмачнейшая страва — бліны і тварог з маслам.
Несцерка. Ух! Пакаштаваць бы!
Марыля. Калі ласка! Частуйцеся, людзі добрыя!
(Кухарка нясе бліны, тварог і масла.)
Несцерка. Эге! Усякая гаспадыня, калі поўная скрыня!
Дзякуй за песні і частункі!
За кірмаш вясёлы, падарункі!
Раскажу я ўсяму свету, як цудоўна было тут!
Як у песнях, так і ў скоках,
Як у справах, так і ў словах
Дзеці маюць спрыт!
Я іду ад вас у абновах,
3 чыстай думай у душы,
У гасцей спрашу шаноўных:
Адпачылі на кірмашы?

Пад беларускую мелодыю гасцей І дзяцей частуюць блінамі, тварагом, залітым маслам. Кірмаш заканчваецца.

Яшчэ на гэту тэму:

Ганненскі кірмаш вітаем, наша свята пачынаем!     Святочны кірмаш