сцэнарыі святаў на беларускай мове

Раіса БІЧАН, выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі, яслі-сад № 36 г Мазыра Гомельскай вобласці. Пралеска 10/2017

На сялянскім падворку

Тэатралізаванае прадстаўленне для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе; развіваць актыўнае маўленне; заахвочваць да выразнага чытання, выкарыстання інтанацыйных сродкаў выразнасці; узбагачаць слоўнікавы запас; развіваць творчыя здольнасці выхаванцаў; выхоўваць патрыятычныя пачуцці.
Матэрыял і абсталяванне: макеты дрэў, хаты, плятня, травы і кветак, седала, дэталі сялянскага падворка, грабенчык, муляж яйка, кошык, конь-скакалка, касцюмы для дзяцей: Пеўніка, Курачкі, Коціка, Мышкі, аўдыязапісы напеўнай, вясёлай, гучнай беларускай народнай музыкі па выбары педагагічнага работніка.

Ход мерапрыемства

Зала абсталявана пад сялянскі падворак (стаяць макеты дрэў, хаты, плятня, травы і кветак, лаўка — седала). Гучыць напеўная музыка.
Вядучы (В.).
Па надворку певень ходзіць,
(З’яўляецца Пеўнік.)
За сабою куры водзіць
I крычыць...
Пеўнік (б’е крыламі).
Сюды! Сюды!
(З'яўляецца Курачка.)
В. Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
(Курачка падбягае да Пеўніка.)
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
Пеўнік (б'е крыламі і крычыць).
Хто такі там?!
Хто такі?!
Я. Колас

Пеўнік заглядвае за хату, ганарыста ходзіць па двары, Курачка ўладкоўваецца на седала.
Курачка.
Кукарэку, певунок,
Пашый сабе кажушок,
Пашый штонікі з шаўкоў,
Залацістых паяскоў.
Пеўнік.
І пашыў я, і надзеў,
I ў люстэрка паглядзеў!
Кукарэку!

Гучыць вясёлая музыка, з’яўляецца Хлопчык на кані-скакалцы.
Хлопчык.
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка
У новай кашулі
Да майго дзядулі.
Скоранька паеду,
Каб паспець к абеду.

Заўважае Пеўніка, падыходзіць да яго.
В. Просіць пеўніка хлапец...
Хлопчык.
Ты пазыч мне грабянец,
Валасы я прычашу,
Табе хлеба накрышу.
Пеўнік.
Не прычэшаш валасы.
Мой грабенчык для красы.
А. Дзеружынскі

Пеўнік ганарыста адыходзіць ад Хлопчыка, які набліжаецца да Курачкі.
Хлопчык.
А курачка-рабушэчка!
Пазыч жа мне грабушэчка.
Курачка.
Не пазычу, не прадам!
Падыдзі ка мне— дарма дам.
Гуга-та, гута-та!

Хлопчык падыходзіць да Курачкі, тая дае яму грабенчык. Хлопчык дзякуе і адыходзіць.
В.
Кукарэку, певунок,
Залаценечкі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку там знайшоў.
Пачаў у куркі пытаць...
Пеўнік.
Ці умееш ты чытаць?
Курачка.
Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Штодзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.
I. Шуцько

Куд-кудак,
Куд-кудак!
Знесла яйка я з кулак.
(Дастае муляж яйка.)

Гучыць вясёлая музыка, з’яўляецца Дзяўчынка і падыходзіць да Курачкі.
Дзяўчынка.
Яйка курачка знесла,
Прыбяру яго на месца.
(Забірае яйка і кладзе ў кошык.)
Дзякуй, Курачка, табе,
Не пакінула ў журбе.

З’яўляецца Коцік, ласціцца да дзяўчынкі, потым лажыцца. Дзяўчынка падыходзіць да Коціка, гладзіць яго, прыгаворвае:
Дзяўчынка.
Коцік-варкоцік
Лёг на жывоцік.
Лапкі пад вушка —
Не трэба падушка.
Н. Галіноўская

Коцік, Коцік, дзе ж ты быў?
Коцік.
Я ўсю ноч мышэй лавіў.

Раздаецца гучная музыка, Курачка і Пеўнік пужаюцца і ўцякаюць. З’яўляецца Мышка.
Мышка.
Пі-пі-пі.
В.
Мышка, Мышка, дзе была?
Мышка.
Вунь на тым канцы сяла.
В.
Што рабіла?
Мышка.
Катоў лавіла,
Усіх загнала ў пасткі!

Коцік спалохана ўцякае.
Дзяўчынка.
А што далі?
Мышка.
Лычка каўбаскі,
Хлеба акрайчык
3 мезены пальчык
Дзяўчынка.
Дзе ж тое лычка?
Мышка.
Схапіла сінічка.
В.
Дзе ж той акрайчык?
Мышка.
З’еў малы зайчык.
З’елі хлеб, каўбаску,
Вам прыслалі казку.
В. Вітка

Пад гучную музыку важна выходзіць Коцік.
Коцік.
Мяў-мяў-мяў!
Я даўно з мышамі не гуляў.
Я тут, я тут — ваш страшны кот!
Хадзі да мяне, Мышка, ў рот!

Ловіць Мышку, Дзяўчынка абараняе. Усе ўцякаюць з залы.
Выходзіць Хлопчык.

Хлопчык.
А куды ж усе падзеліся?
В.
Наеліся, як маглі,
I адпачываць ляглі.
Досыць тут ужо гуляць —
Усім таксама трэба спаць.

Вядучы і Хлопчык пакідаюць залу.

ЛІТАРАТУРА:

1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Дубініна, Д.М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору / Д.М. Дубініна. — Мінск: Новое знание, 2016.