сцэнарыі святаў на беларускай мове

I. М. СЫРАМАЛОТАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі Хонаўскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Беларуская мова і літаратура 12/2016

«...Вечна юны, як наша зямля»

Літаратурна-музычная кампазіцыя па творчасці М. Багдановіча для вучняў IX класа

Мэта: паглыбіць веды па біяграфіі і творчай спадчыне М. Багдановіча, пазнаёміць з некаторымі новымі для вучняў аспектамі яго творчасці; удасканальваць уменне выразна чытаць мастацкія творы; на прыкладзе асобы М. Багдановіча, на яго вершах выхоўваць у вучняў пачуццё прыгожага, любоў да Радзімы; зацікавіць творчасцю паэта.
Абсталяванне: партрэт М. Багдановіча, мультымедыйны праектар, аўдыя і відэазапісы, выстава кніг М. Багдановіча, літаратурных прац пра яго жыццё і творчасць; выстава вучнёўскіх; ілюстрацый да вершаў паэта.
Афармленне: беларускі ручнік з арнаментам, букет васількоў на століку, плакаты з выказваннямі вядомых пісьменнікаў пра Багдановіча і яго творчасць:

Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт і майстар паэтычнай формы. Сярод беларускіх паэтаў Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем І пачуццём паэзіі.
Якуб Колас.

Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з іх выдаць выбранае, але ёсць і паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх і належыць Максім Багдановіч.
Максім Танк.

...Унутраны агонь паэзіі Максіма Багдановіча з цягам часу не згасае... і ў будучым мы ў яго паэзіі знойдзем сябе, таму што «ўсе разам ляцім да зор».
Эмілія Легутэ (літоўская пісьменніца).

Эпіграф:
Вечна светлы і вечна дужы
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся — і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Уладзімір Караткевіч. «Багдановічу».

Ход мерапрыемства

Гучыць аўдыязапіс песні «Магдалена» (верш М. Багдановіча, муз. У. Мулявіна).
Настаўнік. «Вялікі грамадзянін і патрыёт, ён усё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню народу... Чалавек шырокай адукацыі, энцыклапедыст у самым поўным сэнсе гэтага слова, Максім Багдановіч ад самых пачаткаў сваёй творчасці быў у абсягу перадавых агульначалавечых ідэй, у якіх ён знаходзіў месца беларускай нацыянальнай думцы... Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі», — так пісаў Кузьма Чорны пра Максіма Багдановіча.

У гэтым годзе мы святкуем 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча — паэта з рэдкім мастацкім дарам, самай яркай зоркі пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа на небасхіле беларускай паэзіі.

Дэманструюцца слайды з партрэтамі М. Багдановіча, гучыць спакойная мелодыя, на яе фоне чытальнік выконвае верш паэта «Мая душа».
Першы чытальнік.
Мая душа, як ястраб дзікі,
Што рвецца ў неба на прастор,
Вартуе вольных птушак крыкі, —
Мая душа, як ястраб дзікі.

Учуўшы іх, страсе вялікі
Свой сон, шыбне ды вышай гор, —
Мая душа, як ястраб дзікі,
Што рвецца ў неба на прастор!

Першы вядучы. Дзявятага снежня 1891 года ў Мінску нарадзіўся Максім Адамавіч Багдановіч. Таленту яму было дадзена ад прыроды столькі, што ён мог бы выкрасаць ім чарадзейны агонь паэзіі яшчэ доўгія гады. Максім пісаў на роднай беларускай мове. Мове бацькоў і прадзедаў ён навучыўся з кніг.
Другі вядучы. Бацька паэта быў выдатным беларускім вучоным-этнографам, меў багатую бібліятэку самых разнастайных кніг пра Беларусь, якімі захапіўся ў дзяцінстве Максім. Менавіта гэтыя кнігі абудзілі ў ім цікавасць да роднага краю, яго трагічнага лёсу, яго людзей і прыроды — цікавасць, якая перарасла затым у самаахвярную любоў, вялікую мэту ўсяго жыцця.
Дэманструюцца фотаздымкі бацькоў паэта.

Першы вядучы. Маці паэта — Марыя Апанасаўна Мякота — працавала настаўніцай, любіла літаратуру і нават сама спрабавала пісаць апавяданні.

Жыццё так склалася, што маці Максіма Багдановіча памірае на 28 годзе жыцця ад сухотаў. Страта маці — дарагога і любімага чалавека — вострым болем адбілася ў сэрцы Максіма, а пазней і ў творчасці пакінула глыбокі след.

Другі чытальнік (выконвае верш М. Багдановіча «Скрылась кветамі ў полі магіла...» ).
Скрылась кветамі ў полі магіла,
Зарасла бур’яном і травой,
I ўжо памяць людская забыла,
Хто пахованы тут пад зямлёй.

I ўжо, пэўна, ніхто не спазнае,
Што не просты пясчаны курган,
А старая магіла сцяпная
Там ляжыць, дзе красуе бур’ян.

Ці ж не гэтак схаваў ад вас, людзі,
Маёй мовы блеск пекны і жар
Тую тугу, што цісне мне грудзі,
Ад каторай марнее пясняр?

Другі вядучы. Пасля смерці маці сям’я Багдановічаў пераехала ў Ніжні Ноўгарад. Вучыцца Максім пачаў з шасці гадоў. Да гэтага з ім займаўся бацька, які меў педагагічную адукацыю. У 1902 годзе Максім паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Калі Багдановічу споўнілася 16 гадоў, віленская газета «Наша ніва» надрукавала яго першы твор — апавяданне «Музыка».

Дэманструецца слайд з выявай будынка гімназіі, факсімільнае выданне газеты «Наша ніва».

Першы вядучы. У сямнаццаць гадоў Максім напісаў вершы, якія мы сёння называем хрэстаматыйнымі. Усе, хто ведаў паэта, не праміналі кожны раз падкрэсліць, што гэта быў прыгожы юнак, высокі, з каштанавымі валасамі, якія хваліста пераліваліся, з карымі вачыма, адухоўленым тварам. Максімам-кніжнікам называлі яго бацька і сябры-гімназісты. Кнігі ляжалі ў яго на стале, ён прыносіў іх з гімназічнай і ліцэйскай бібліятэк, ад знаёмых — адусюль, дзе можна было іх дастаць.
Другі вядучы. Максім Багдановіч падаў свой паэтычны голас у нялёгкі час, калі беларускі народ быў так моцна і бязлітасна прыгнечаны, што, здавалася, ужо немагчыма абудзіць яго душу і ўратаваць мову...
Ён жа пачуў і зразумеў, што ўратаваць душу народа ад згубы пад сілу толькі слову, толькі песні.

Гучыць раманс «Зорка Венера» (сл. М. Багдановіча, муз. С. Рак-Міхайлоўскага).

Трэці чытальнік (выконвае верш М. Багдановіча «Мае песні»).
I
Калі смутак моцна дзьме душу маю,
I шкада мне дзён загубленых сваіх, —
Я паціху песні сумныя пяю,
Ўсю жуду сваю выкладваю у іх.
Ціха песня разліваецца, звініць,
Вымаўляе, як я моладасць згубіў,
Як дагэтуль не патрапіў палюбіць
I саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.

II
А як родную згадаю старану,
Як згадаю яе беднасць і нуду, —
Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, —
Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.
Грозна песня разліваецца, грыміць,
Долю горкую, мужыцкую кляне,
Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,
Бо ім цяжка жыць у роднай старане.

Першы вядучы. Максім Багдановіч марыў аб вучобе ў Пецярбургскім універсітэце. Хацеў прысвяціць сябе навуковай дзейнасці. Яго цікавіла беларуская філалогія. Але нязгода бацькі, слабае здароўе і матэрыяльная незабяспечанасць былі перашкодай для гэтага. У 1911 годзе паэт паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй.
Другі вядучы. Ліцэйскі перыяд быў самым плённым у паэтычнай дзейнасці М. Багдановіча. У гэты час ён напісаў свае лепшыя творы. У 1913 годзе выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Вянок». (Дэманструюцца слайд «Вокладка зборніка вершаў “Вянок”» і факсімільнае выданне зборніка паэта.) Гэта была яго першая і апошняя выдадзеная пры жыцці кніга. У ёй ён сказаў пра ўсё самае важнае, самае дарагое, чым жыла яго душа, чым поўнілася набалелае сэрца.

Зборнік Вянок

Першы вядучы. Максім Багдановіч быў вялікім жыццялюбам і гуманістам. Яго ідэйна- эстэтычнае крэда трымалася на светлай веры ў чалавека, на глыбокай павазе да яго асобы. Менавіта адгэтуль вынікала яго абвостраная цікавасць да ўнутранага, духоўнага свету людзей, да патаемных пачуццяў і думак жывой чалавечай душы.
Другі вядучы. 3 жыццём Багдановіча цесна спалучаны лёс Ганны Какуевай. (Дэманструецца слайд «Фотаздымак Ганны Какуевай».) Яна — сястра таварыша Максіма, гімназістка, удзельніца вясёлых вечарынак, якая на ўсё жыццё паланіла сэрца паэта. Гэта была прыгожая дзяўчына з тонкімі рысамі твару і цёмнымі вачыма. Добра ведала некалькі замежных моў, цудоўна грала на піяніна.

Светлае пачуццё кахання стала асновай паэмы «Вераніка», у якой паэт стварыў вобраз каханай, поўны высокай красы і чароўнасці.

Першы вядучы. Але марам паэта не суджана было здзейсніцца, яны мелі зусім нядоўгі век. Цётка Ганны, якая апекавала дзяўчыну, уведаўшы пра хваробу Максіма на сухоты, зрабіла ўсё, каб перашкодзіць каханню, і амаль сілаю выдала яе замуж за іншага. Розумам паэт адчуваў заканамернасць такога кроку. Розумам, але не душой.
Чацвёрты чытальнік (выконвае верш М. Багдановіча «Трыялет»: «Мне доўгае расстанне з Вамі...» ).
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
I трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.

Гучыць песня «Вераніка» (сл. М. Багдановіча, муз. I. Лучанка).
Другі вядучы. Надыходзіла вясна 1917 года, апошняя ў жыцці Багдановіча. Здароўе яго з кожным днём пагаршалася. Паявіліся трывожныя сімптомы, але паэт не здаваўся, не падаў духам. Гэта быў чалавек выключнай сілы волі, настойлівы, мэтанакіраваны, да канца адданы сваёй справе.
Першы вядучы. Апошнія творы ён пісаў зусім хворы, задыхаючыся ад кашлю, велізарным намаганнем волі перамагаючы слабасць. Адзін з апошніх сваіх твораў «Страцім- лебедзь» на тэму біблейскага міфа, які нагадалі яму вайна, гібель мільёнаў і свой уласны лёс, ён чытаў, — як згадваў Змітрок Бядуля, —«усхвалявана, глухаватым голасам. Канцоўку ён прагаварыў надломаным тонам»;
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Максімавых.

Паэма М. Багдановіча «Страцім-лебедзь» чытаецца пад сумную мелодыю народнай песні.

Пяты чытальнік.
Не анёл у трубу ўструбіў —
3 хмары Бог старому Ною гаварыў:
«Поўна з краем чаша гневу майго
На людскія грахі ды бясчыннасці.
Вось надойдзе часіна суворая,
Лінуць з неба залівы бязмерныя
I абмыюць ад бруду смуроднага
Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет».

Шосты чытальнік.
Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг
3 таго дзерава ліванскага.
Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,
А ўдаўжкі — болей тысячы.
Ды ўзяў туды Ной і птах, і звяроў,
Каб не звёўся іх род на зямлі.
Ды не плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Яго звычаі — арліныя,
Яго ўцехі — сакаліныя;
Пер’і-пер’ечкі бялеюцца
Ды на золаку агнявеюцца.
У яго крыле — трыста тры пяры:
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — што мяцель гудзіць.

Сёмы чытальнік.
Як учнуць дажджы — пацякла вада,
Разлілася горш ад павадкі.
Затапіла ўсе лугі-лагі,
Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;
Уздымаецца вышэй ад гор.
Птахі ў небе стаяй лётаюць,
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,
Выглядаюць стуль прытулачку.
А па ўсёй зямлі толькі хвалі б’юць,
Толькі хвалі б’юць белай пенаю.

Восьмы чытальнік.
Ды па іх дужы, смелы плавае
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — як мяцель гудзіць.
I населі тут на лебедзя
Птахі дробныя ўсёю стаяю.
Лебедзь з сілы выбіваецца,
Птахі ажна усцяшаюцца.
Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,
На чацвёрты стаў прасіць-маліць:
«Вы ўзляціце хоць на час які,
Выбіваюся з астатніх сіл.
Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!
Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»

Дзявяты чытальнік.
Не паслухалі птахі лебедзя.
Пацямнела у яго ў вачах,
Крыллі ўрэшце падламаліся,
Галава ў ваду апусцілася.
I пайшоў на дно мора сіняга
Страцім-лебедзь — моцны, горды птах.

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Страцімавых.

Другі вядучы. Хвароба апаноўвала Максіма, не адступала ад яго. Ён не мог гаварыць. I ўсё ж, паміраючы, паэт знайшоў у сабе сілы, каб сказаць, што недарма пражыў на свеце, што пакідае свайму народу кніжку-памятку аб сваім жыцці. Апошняе, што ён напісаў, — мужныя словы, поўныя веры ў каштоўнасць зробленага:
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю...
Першы вядучы. Так пачынаўся апошні верш паэта Максіма-кніжніка.
Памёр Максім Багдановіч 25 мая 1917 года ў Ялце. (Дэманструецца слайд «Ялта. Дом, дзе паэт правёў свае апошнія дні».) 3 ім не было ні родных, ні сяброў. За некалькі дзён да смерці ён напісаў бацьку: «Будзь здароў, стары верабей. Маладому вераб’ю блага».

Дом у Ялце дзе жыў Багдановіч

Пахаваны паэт у Ялце на Ауцкіх (цяпер Брацкіх) могілках. (Дэманструецца слайд «Помнік на магіле паэта ў Ялце».)
Прагляд фільма-прэзентацыі «Жыццёвы і творчы шлях М. Багдановіча».

Другі вядучы. Многія вершы беларускіх паэтаў хочацца параўнаць з кветкамі. Кветкі суправаджаюць нас усё жыццё, яны патрэбны нам заўсёды, таму што без хараства чалавек не можа жыць.
Кветкамі зямлі па праву можна назваць і вершы Максіма Багдановіча. Ён быў песняром красы, паэтызаваў прыгожыя і неўвядальныя чалавечыя пачуцці.

Дом у Ялце дзе жыў Багдановіч

Першы вядучы. Прапануем вам, шаноўныя, ускласці свой незвычайны букет у гонар памяці таленавітага паэта — гэта букет ведаў. А таму давайце высветлім, некалькі добра і глыбока вы ведаеце біяграфію паэта, яго творчую спадчыну.
Каб наш букет стаў вялікім і рознакаляровым, калі ласка, дадавайце ў яго свае краскі-адказы.
У кожнага на сталах ляжаць кветкі-валошкі, зробленыя з каляровай паперы. Пры. правільным адказе адна з кветак прымацоўваецца на дошцы ў вянок памяці Максіма Багдановіча.

Віктарына па творчасці М. Багдановіча

1. Як звалі бацьку Максіма Багдановіча? 3 якім знакамітым рускім пісьменнікам ён сябраваў? (Адам Ягоравіч Багдановіч. 3 Максімам Горкім.)
2. Назавіце першы твор М. Багдановіча. У якой газеце ён быў надрукаваны? («Музыка», у газеце «Наша ніва».)
3. Назавіце прозвішча беларускага пісьменніка, з якім М. Багдановіч сябраваў апошнія гады жыцця. (Змітрок Бядуля.)
4. Кім працавала маці Максіма Багдановіча? ( Настаўніцай.)
5. Як звалі дзяўчыну, з якой звёў лёс М. Багдановіча ў Яраслаўлі? (Ганна Какуева.)
6. У якім годзе выйшаў першы зборнік Максіма Багдановіча? Як ён называецца? (У 1913 годзе. «Вянок».)
7. На помніку М. Багдановічу напісаны словы: Хоць зернейкі засохшымі былі, Усё ж такі жыццёвая іх сіла Збудзілаея і буйна ўскаласіла Парой вясенняй збожжа на раллі. 3 якога твора ўзяты гэтыя радкі? (3 санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...».)
8. 3 якога твора наступныя радкі: «...Узмахне крылом — быццам бор шуміць, // Узмахне другім — як мяцель гудзіць...» («Страцім- лебедзь».)
9. Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць, У небе зоркі ад марозу Пахаладзеўшыя дрыжаць... Як называецца верш М. Багдановіча, радкі якога прагучалі? («Зімой».)
10. Як называецца апошні верш Максіма Багдановіча? («У краіне светлай, дзе я ўміраю...».)
11. Прадоўжыце, калі ласка, паэтычныя радкі і скажыце, як называецца гэты верш: «Ад родных ніў, ад роднай хаты...». («...У панскі двор дзеля красы // Яны, бяздольныя, узяты // Ткаць залатыя паясы...»; «Слуцкія ткачыхі».)
12. Якую казку для дзяцей напісаў М. Багдановіч? («Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык».)
13. Назавіце гарады, у якіх жыў М. Багдановіч. (У Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.)
14. Якую беларускую народную песню любіў Максім Багдановіч? («Не кувай ты, шэрая зязюля...».)
15. Якімі вершаванымі формамі М. Багдановіч узбагаціў беларускую паэзію? (Санет, трыялет, рандо, рандэль, тэрцыны і інш.)
16. Як называецца першы ў беларускай паэзіі ўрбаністычны цыкл вершаў, створаны М. Багдановічам? («Места».)
17. Якімі вершамі М. Багдановіч запачаткоўваў у беларускай паэзіі і літаратуры гістарычную тэму? ( «Летапісец», «Перапісчык», «Слуцкія ткачыхі», «Кніга».)
18. У які паэтычны цыкл уваходзяць вершы «Лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»? («У зачарованым царстве».)
19. Як называецца былы фальварак каля Маладзечна, дзе летам 1911 г. гасцяваў М. Багдановіч? Якія творы ён там напісаў? (Ракуцёўшчына; стварыў паэтычныя цыклы «Старая Беларусь» і «Места» — уся го 17 вершаў, дзве паэмы — «У вёсцы» і «Вераніка».)
20. 3 якога верша гэтыя радкі: «...Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі // Сінякрылы матылёк»? («Маёвая песня»; «Па-над белым пухам вішняў...».)

Другі вядучы. Верш «Па-над белым пухам вішняў...» загучаў песняй (музыка Ігара Паліводы). Паслухайце, калі ласка, яе.
Вось на гэтай светлай вясновай ноце мы і скончым літаратурна-музычнае свята, прысвечанае Максіму Багдановічу. Хай яго паэтычнае слова не сыходзіць з нашых вуснаў.

Яшчэ на гэту тэму:

«Вечна юны, як наша зямля...»     “І свеціцца зорнае слова Максіма”