сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ала ПРОХАРАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 7 г. Наваполацка. Роднае слова 2018/2

Слова ж "Мама" на ўсіх мовах толькі Мамаю гучыць

Сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі

Задачы: фарміраваць пачуццё шчырай удзячнасці матулі; выхоўваць культуру ўзаемаадносін; развіваць крэатыўнасць і асабістыя якасці вучняў праз творы мастацкай літаратуры, музыку, сцэнічнае мастацтва; спрыяць самараскрыццю асобы вучня.
Афармленне і абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, вытрымкі з вучнёўскіх сачыненняў, афарызмы, прыказкі. На сцэне - столік, на якім рассыпана засушанае лісце, стаяць яблыкі ў маленькім кошыку, ляжаць каштаны. Сцэну ўпрыгожваюць фотаздымкі з сямейных архіваў.

Ход мерапрыемства

Зала ўпрыгожана па-святочнаму: кветкі, шары, плакаты з выказваннямі пра матуль (вытрымкі з вучнёўскіх сачыненняў, афарызмы, прыказкі).

• Танец “Анёлы” (у выкананні вучняў).
• Выразнае чытанне празаічнага ўрыўка (вучні малодшых класаў).
Мама... Якое гэта простае і адначасова дзіўнае слова для кожнага з нас!.. Самае цёплае, самае простае, самае добрае.
Для любога з нас мама самая прыгожая, самая пяшчотная, самая любімая, самая лепшая і яшчэ шмат разоў самая-самая-самая...
Гэта наша першае слова, з яго пачынаецца жыццё. Матуля - наш самы родны, самы любімы ва ўсім белым свеце чалавек! Мы вымаўляем гэтае кароткае слова “матуля” і адчуваем ласку і клопат, дапамогу і цярпенне, бясконцую дабрыню і бязмежную любоў.
Колькі пяшчоты ў гэтым Прыгожым слове, якім мы называем адзінага і блізкага і роднага чалавека! Матуля...
На зямлі ў кожнага з нас ёсць і самая любімая наша мама. Яна вучыць мудрасці, дае парады і непакоіцца за нас. I з гадамі шчырая ўдзячнасць да роднага і блізкага чалавека толькі павялічваецца...
Настаўнік. Сёння ў гэтай утульнай зале сабраліся розныя па ўзросце вучні, бацькі, дарослыя людзі, каб згадаць пра самага важнага чалавека ў жыцці кожнага з нас. Пра матулю.

• Выразнае чытанне вершаў (вучні малодшых класаў).
Дарагое імя.
Свеціць як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля! –
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.
М. Хведаровіч.
Матуля
Больш, чым сонейка на небе,
Дзецям мамачка патрэбна,
Бо яна так дзетак любіць,
Іх выхоўвае, галубіць:
Колю, Васю, Таню, Мішу,
Надзю, Юлечку-малышку.
Так надзейна, так утульна
Побач з родненькай матуляй.
I ніхто, ніхто на свеце
Не заменіць маму дзецям.
Л. Андрэева.
Першае слова
Першы голас, які я пачула на свеце,
Быў голас маці.
Калыханку пад месяцам і на дасвецці
Спявала мне маці.
Гэта - першая песня
I першае слова
Зямлі маёй весняй.
Гэта - ціхая ласка I мары ахова.
Дзякуй, маці, за песню!
Запаветныя, родныя фарбы і гукі –
Усё застаецца.
Дзякуй, мама, за рукі,
Бяссонныя рукі,
За адданае сэрца!
Рукі цёплай пяшчоты,
Турботы і працы –
Ад ляноты лячылі.
Аніякай работы ў жыцці не цурацца
I мяне навучылі.
Не пакрыўджу цябе, 3 тваіх сцежак не збочу,
Засланю ад нягоды.
Я хачу, каб свяціліся радасцю вочы
I жыла ты заўсёды.
Э. Агняцвет.
Мама
Свет вялікі... Словы, словы...
Колькі іх - і не злічыць!
Слова ж “мама” на ўсіх мовах
Толькі мамаю гучыць.
I хоць розных моў таксама
Ў цэлым свеце о-ей-ёй!..
3 намі ж мамы, нашы мамы,
Размаўляюць на сваёй.
Той, што сэрцу вельмі блізка,
На якой зімой і ў май
Нам спявалі над калыскай:
“Спі, сыночак, засынай...”
Адганялі цень трывожны,
Атулялі дабратой...,
Хіба ж можна,
Хіба ж можна
Адцурацца песні той?
Нельга! Нельга нашу памяць
Лёгка выветрыць датла...
Калі крыўдзіў хто, ты ж маму
Клікаў...
Мама ўсё магла:
Адагнаць бяду, нягоды,
Холад, немарач, адчай...
Будзь жа добры ты заўсёды –
I яе не засмучай.
А. Бачыла.
• Праслухоўванне аўтарскай песні "Песня пра маці” (словы Г. Бураўкіна; выконвае вучань).

Настаўнік. Мама ўмела слухаць, як ніхто. Сядзім на лаўцы, яна галінкай шкрабае па зямлі, часам прыпыняючыся, каб не зачапіць мураша, які спяшаецца па сваіх справах. I адначасова адчувалася, што ўся яна - увага і павага.
- Ну, што там у цябе? - пыталася проста мама, калі надыхоДзіў патрэбны момант, і я разумеў, што цяпер можна казаць пра самае набалелае.
I я пачынаў выказвацца, гарачыўся, спяшаўся, нерваваўся.
Мама слухала, перапыняла іншы раз, перапытвала пра тое ці іншае, ёй незразумелае, але сёння я бачу, што тыя яе пытанні больш для таго, каб я сам спыняўся, каб засяроджваўся глыбей на словах...
- Гэткі ты гарачы.... Як тое сонца, - мама махала галінкай за плечы - з таго боку заходзячае сонца клала на яе плечы стракатую хусцінку са святла і ценяў.
- Дык нельга ж іначай, разумееш - нельга! - гарачыўся я.
- Ліні на цябе зараз вадой, - зашыпіш, - усміхалася мама.
- I зашыплю! - з гонарам за сваю рашучую адчайнасць адказваў я.
- Яно-то так, сынок, - спакойна казала мама. - Ды толькі вось хлеб заўсёды рэжуць халодным нажом (паводле “Мама і нож” В. Гапеева).

• Танец “Пяшчота”ў выкананні вучняў.
• Выразнае чытанне вершаў (вучні старэйшых класаў).
Светлы месяц у акне...
Светлы месяц у акне.
Ноч прыціхла над зямлёю.
Толькі мама не засне
3 думай доўгаю сваёю.
Дума тая, як сувой,
Як бясконцая дарога.
Адзінока ёй адной.
За дзяцей сваіх трывога.
Мае кожнае гняздо
I дзяцей сваіх таксама.
Апусцеў шумлівы дом,
Не пачуеш слова: “Мама”
Ці прыедзе хто? Калі?
Стыне клямка неспакоем.
Зноўку памяццю баліць
Сэрца маміна сівое.
Дні і ночы навылёт
Воч сваіх ты не змыкала.
Час супыніць калаўрот,
Кросны радасць не даткалі.
Хтось хусцінкаю ўзмахне.
I не будзе мне спакою.
Светлы месяц у акне.
Воблік мамы над зямлёю.
I. Рубін.
Мы ўсе
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль,
I гэты свет
Сагрэлі нам матулі.
Сны нашы - і
Дабравеснікі адтуль,
Дзе злыбяду матулі прыгарнулі,
Прыспалі,
Каб не кратала сыноў
Пасланніца эпохі лесуноў.
У неба зорнае зірні ўначы,
Дык гэта ж - ніва,
На якой матулі,
Рупліва жыта цёмнае жнучы,
Абначавалі,
Прысмерку не ўчулі.
Вязалі долі нашае снапы,
А кожны сноп на зерне не скупы.
Мы позіркам чыім
На свет глядзім?
Хто ясніць нашай роспачы аблокі?
Пад зоркамі матуль
Нам відна ўсім.
Свет без сузор’я роднага бязвокі.
Зямное мітусні пусты хатуль
Напоўнім чым
Пад зоркамі матуль?
Р. Барадулін.
• Праслухоўванне песні “Калыханка маме” (на словы Н. Мацяш).
Быць разам выпадае нам так мала...
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі –
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.

Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз мулкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі –
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.

Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі –
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.

• Выразнае чытанне празаічнага ўрыўка (вучні старэйшых класаў).
Самы родны і самы дарагі ў свеце чалавек - гэта, вядома, матуля. Яна заўжды побач з намі - у шчасці і ў горы. Яна верыць у нашы сілы нават тады, калі яны зусім на сыходзе, калі самі мы ўжо не верым ва ўласны поспех.
Матуля дзеліць з намі ўвесь боль дарослага жыцця, супакойвае, падтрымлівае і тады, калі між намі сотні кіламетраў, калі мы, вырасшы, пакідаем бацькоўскі ўтульны дом і шукаем сваю жыццёвую дарогу і асабістае шчасце.
Для мацярынскай любові няма межаў, як няма іх для памяці сэрца, у якім мы - маленькія дзеці, колькі б гадоў на самай справе нам ні было!

• Выразнае чытанне верша “Мама” С. Грахоўскага (вучань-выпускнік).
• Выразнае чытанне вершаў (вучні-выпускнікі).
Ліст да маці
Дабранач, мамачка, вітаю!
Даруй, што доўга не пісаў,
Бо шмат апошнім часам спраў.
Я ў снах лятаць не перастаў.
Расту, відаць, калі лятаю...
Я, як раней, - дзівакаваты:
Люблю маленства калыханку,
Люблю завею, дождж, маланку,
Цярплю гарэзна прыпяканку –
Ды добра ведаеш сама ты!
Лятаю я ў блакітных снах.
I дзякуй богу, што у сне.
Наяве часта цяжка мне,
Як цяжка снегу навясне.
Бо я душою вольны птах.
Кружыў і над азерцам кругам,
Якога ўжо няма даўно.
Ты там бяліла палатно.

Успомніш - як і не было...
Нырца давалі качкі цугам...
А то прымроіцца, бывае,
Старая хатачка-нябога –
Блішчыць жаўцюткая падлога,
3 кута ліецца ўсмешка Бога,
А ты так голасна спяваеш!
Жыцця святога непаўторнасць
На сэрца жалю навяла.

Тужу без роднага сяла...
Зноў ночка мройная сплыла –
Майго маленства незваротнасць.
Сярпок на небе, як калыска,
Люляе зорачкі высока.
Буслянкі сніў радзіннай клёкат...
Ты, мама, снішся мне здалёку,
Але ты блізка, вельмі блізка!
М. Ляшчун.
Маме
Скача вавёрачкай вогнік у грубцы.
Дыхае цёплай самотай пакой.
Мама ў валёнках і зношанай куртцы
Цэдзіць на кухні вячэрні ўдой.
- Холадна як! Аж да костак праймае,
Грэйся, дачушка, паленцаў падкінь.
Грэюся. Дзіўна, аднак жа, бывае:
Цела гарыць, а ў душы - скразнякі.
Кожны куточак да болю знаёмы,
Кожны разрэз на шпалерах знайду.
Дзе яшчэ будзе так лёгка, як дома?
Ды штось трывогу з душы не звяду.

Мама! Жыццё адлятае, як песня,
Шчасце ты смела ўплятала ў касу.
Лёс і не крыўдзіў цябе, і не песціў,
Употай не раз выцірала слязу.
Мама! Няўмольна гады прамінулі.
3 весняй паводкай сплыла маладосць.
Так ужо сталася... Выбач, матуля,
Я ў тваёй хаце сягоння як госць.
Мама! Чаму душу студзіць трывога?
I успамінамі сэрца лячу?
Вер, што сказаць табе трэба так многа...
Толькі... “Даруй мне за ўсё!” - прашапчу.
Т. Цвірка.
• Прагляд відэароліка “Нашы матулі” (з фотаздымкаў бацькоў і дзяцей - удзельнікаў мерапрыемства: з маленства да моманту выступлення).
• Выразнае чытанне (вучань-выпускнік).
На свеце ёсць адна святая асоба, на якую хочацца маліцца, да якой хочацца звяртацца і ў шчасці, і ў горы. Імя яе - Матуля.
Гэта багіня, якая дае жыццё, анёл, які ахоўвае заўсёды. Таму маліцца хочацца толькі на цябе, матулечка! I я малюся, малюся, малюся!
“Матуля!” - крычу я спрасонку, калі бачу нешта страшнае. “Матуля!” - клічу на дапамогу, калі мне цяжка. “Мамачка! Родненькая мая!” - вырываецца з грудзей, калі душу перапаўняе нечаканая радасць. Малюся...
Тваё сэрца - крыштальная чаша, напоўненая трывогай і ласкай. Яно б’ецца ўсё часцей. Што мне зрабіць, каб ніколі не разбілася яно? Як не разгневаць, не пакрыўдзіць цябе? Як зберагчы? Малюся!
Я малюся, каб ніколі твая крыніца дабрыні і цеплыні не абмялела, каб ніколі не бачыла я ў тваіх вачах слёз і суму, каб ты заўсёды была са мной! Малюся.
Матуля! Ты ў сэрцы маім! Цяпер, і ўвесь час, і назаўжды. Не пакідай мяне, матуля!..

Настаўнік. Мы заўжды будзем дзецьмі, пакуль жыве матуля, кліча родны дом, на парозе якога чакаюць бацькі... I да гэтага імгнення мы будзем бясконца шчаслівымі - нам будзе каго любіць і да каго вяртацца!

• Выкананне фінальнай песні “Дачакайся, матуля” (словы Г. Бураўкіна, музыка 3. Вайцюшкевіча; усе ўдзельнікі).

Калі шчасце атуліць
Ці заціхну ў журбе,
Я заўсёды, матуля,
Успамінаю цябе.
I нясу, як закляцце,
Перад Богам віну,
Што цябе, мая маці,
Я пакінуў адну.
Ты мне родная самая
Па душы, па крыві.
Ты жыві, мая мама,
Доўга, доўга жыві.

Сярод тлуму людскога
I ў прыцішаным сне
Цісне сэрца трывога –
Як ты там без мяне?
Пасля ростані горкай,
Перажыўшы зіму,
На бацькоўскім падворку
Я цябе абдыму.
Ты мне родная самая
Па душы, па крыві.
Ты жыві, мая мама,
Доўга, доўга жыві.

Больш ніколі спакусай
Зло мяне не кране,
Прад табой павінюся,
Як ніколі раней.
Ты мне родная самая
Па душы, па крыві.
Ты жыві, мая мама,
Доўга, доўга жыві.

Яшчэ на гэту тэму:

«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»     Адзіная мая