сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена СЯРОГІНА, Наталля ЦІМАКОВА, выхавацелі - Бабруйскага дзіцячага дома для дзяцей з затрымкай у псіхічным развіцці. Пралеска 199?/6

Мы едзем на цягніку

Прагулка ў малодшай і сярэдняй групах

Выхавацель. Якое цудоўнае надвор'е! Як ярка свеціць сонейка! Так і хочацца адправіцца ў падарожжа. Куды б вы хацелі паехаць?
Дзеці. У лес. На рэчку. На луг.
Выхавацель. Паспрабуем паспець усюды, куды нам хочацца. А на чым паедзем?
Дзеці. На аўтобусе. На цягніку. На машыне.
Выхавацель. Давайце паедзем на цягніку. Я буду электравозам. Вова — машыністам, а ўсе іншыя дзеці — вагончыкамі. Дарога наперадзе дальняя, трэба праверыць, ці спраўны наш цягнік.

Праводзіцца гульня "Цягнік". Дзеці выконваюць гульнявыя практыкаванні: "Праверым колы", "Адрамантуем электравоз”, “Паглядзім пад вагончыкі".
Практыкаванні можна паўтарыць.


Выхавацель.
Пасажыры, па вагонах!
Колы цягніка звіняць "стук-стук”,
Вагончык вагончыку — лепшы друг.
I ўсе ў цягніку даўно сябры,
Мы будзем радасць сонейку дарыць.

Дзеці ланцужком ідуць адно за адным, з хадзьбы пераходзяць на лёгкі бег.

Выхавацель.
Тупаталі ножкі: 'Туп-туп-туп",
Па шляху-дарожцы: "Туп-туп-туп”.
3 купінкі на купінку: "Добры шлях",
Тупаем мы весела па лугах.

Прыпынак першы — "Зайчык".

Гульнявыя практыкаванні: хадзьба і бег па сцяжынцы, па звілістай дарожцы, скачкі з купіны на купіну (цераз абручы).
Дзеці знаходзяць моркву.


Выхавацель. Ды тут жа зайчыкі жывуць! Якія яны пушыстыя! Якія ў іх доўгія вушкі, хуткія лапкі. (Дзеці паказваюць.)
Праводзяцца гульні "Шэры зайка мыецца", "Ліса і зайкі" з музычным суправаджэннем.

Прыпынак другі — "Сажалка".

Гульні дзяцей з вадой. Варта загадзя падрыхтаваць для іх цацкі: рыбкі, качкі, караблікі і г. д.

Прыпынак трэці — "Лясная палянка".

Выхавацель.
Добры дзень у хату, лета.
Сонцам раніца сагрэта.
Мы ў лясочак пабяжым,
На палянцы паляжым.
Добры дзень, краса рамонка,
Добры дзень, званочак звонкі.
Наш вясёлы паравоз
Нас у луг да вас прывёз.
Лета добрае вітаем,
I смяёмся, і спяваем.

Лета. (2-1 выхавацель надзявае вяночак). Добры дзень, дзеткі.
Лета, лецейка прыйшло
I ў госці прывяло
Мячык, лодку і вясло,
Гарадкі і валейбол,
I задзірысты футбол.
Хто, скажыце, даімчыць
Самым першым да ляшчын?

Раскідвае мячы. Гульні з мячамі (падкідванне ўверх, кіданне наперад рознымі спосабамі, кіданне ў абруч). Потым дзеці садзяцца на кукішкі.

Выхавацель. Дзе ж мае дзеткі, штосьці я іх не бачу? Вось яны…
Лета. Не, гэта не дзеткі, гэта кветкі. Якія яны прыгожыя, як хутка растуць.

Дзеці паступова падымаюцца і выцягваюць уверх рукі. Пальчыкавая гімнастыка: цягнуцца да сонейка, разгортваюць пялёсткі — разводзяць пальчыкі Сонейка схавалася за хмару, і пялёсткі закрываюцца — пальцы разам (паўтарыць). Кветкі выраслі, ветрык калыша іх — узмахі рукамі. Наляцеў моцны вецер, але хутка супакоіўся — дзеці апускаюць рукі.
Праводзіцца гульня "Злаві матылька".


Выхавацель.
Кветка вочкі адкрывае,
Спаць ніколькі не жадае.
Варухнулася, ўзляцела.
Кветка лётаць захацела!
Паляцела на кусток,
Ты злаві яе, дружок.
Дзеці бегаюць басанож, падскокваюць, каб злавіць матылька.
Выхавацель.
Лета, лета прыляцела
I цяплом усіх сагрэла,
Басаножыць па сцяжынках
Так імкліва, безупынку!
Мы бяжым, мы імчым
У зялёны гай
Басанож, басанож,
Нас не запыняй!
Дзеці ходзяць басанож па дарожцы здароўя (масажоры, пілавінне, каменьчыкі, пясок, гумавы дыванок, рабрыстая дошка).
Хадзьба з пераступаннем цераз прадметы-"жучкі".

Выхавацель.
Смела тупай, Танечка,
Смела тупай, Ванечка!
Вышэй ножкі падымайце,
На жучка не наступайце!
Праводзіцца гульня "Карагод".
Выхавацель.
Ты — рамонак, я — ўюнок,
Будзе сонечны вянок.
Далучайцеся, валошкі,
Будзе кветак болей трошкі.
А цяпер мы — ручайкі,
Паімчымся да ракі,
Пабяжым да возера,
Мы — такія розныя!
Мы — праменьчыкі, мы — промні,
Нас заўсёды дзеці помняць!
Круг шырэй — мы побач з вамі,
Патанцуйце разам з намі.
Дзеці, мы так загуляліся на палянцы, што наш цягнік паехаў. Што ж рабіць? Але не будзем засмучацца. Паглядзіце, вунь на лузе пасвяцца коні. Запражом іх і паскачам.

Праводзяцца гульні "Конікі" і "Таксі" (з абручамі).
Дзеці вяртаюцца на ўчастак. Тут выхавацель прапануе ім выбраць гульню, якая больш падабаецца:
а) з пяском (вядзерцы, рыдлёвачкі, формачкі, машынкі, дэталі з будаўнічага набору);
б) з лялькай (лялькі, вопратка для іх, каляскі, посуд, мяккія цацкі);
в) з цацкамі для рухомых гульняў (мячы, абручы, веласіпеды, самакаты, лейцы);
г) з вадой (маленькі басейн, цацачныя рыбкі, пырскаўкі);
д) маляванне крэйдай на асфальце. Дзеці выконваюць працоўныя даручэнні: паліваюць кветкі, збіраюць сухія галінкі на ўчастку.