сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла ФЁДАРАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Запольскай сярэдняй школы. Роднае слова 2017/10

Пакровы

Пазакласнае мерапрыемства (VI клас)

Мэты: пашыраць звесткі пра беларускі нацыянальны строй, вучыць вызначаць адметнасці і традыцыі беларускага адзення, аднаўляць гістарычную спадчыну беларускага народа; выхоўваць паважлівыя адносіны да народных звычаяў і абрадаў.

Ход мерапрыемства

Збіральніца.
Добры дзень,
Святочны дзень!
Вам, людзі добрыя,
Госці званыя,
Калегі слаўныя!

Даўно да вас збіраліся ды ледзь-ледзь выбраліся. Пакуль ехалі, кола зламалася, вось згубілася, мы ў яму ўваліліся, а ў яме - мядзведзь. Ледзь - ледзь адбіліся. Ды вось сюды з’явіліся.
Ці паверылі вы маім байкам? Пэўна, вы зразумелі, што я не аўтар, а збіральніца. Люблю збіраць гульні, забаўкі, абрады.
У фальклорную скарбніцу
Рада ўнесці хоць драбніцу.
Захаваць ад забыцця
Рысы нашага жыцця.

• Прадстаўленне беларускіх народных касцюмаў.
Адначасова з паказам касцюмаў ідзе прэзентацыя "Беларускае народнае адзенне".

Збіральніца. Што такое быць стыльным? Што такое мода? Кожны сучасны чалавек рана ці позна задае такія пытанні. Адзенне чалавека можа “распавесці” пра тое, што ён сам найперш хацеў бы паведаміць пра сябе.
Беларускі народны касцюм фарміраваўся на працягу стагоддзяў.
Сёння мы выбіраем колер адзення і дэкор найперш з эстэтычных і пракТычных меркаванняў. У старадаўнія часы колер і арнамент надзяляліся магічным уздзеяннем на людзей і прыроду і мелі глыбокі сэнс.
Так, у жаночых касцюмах часта сустракаліся блакітны, сіні і белы колеры: у спадніцах, камізэльках, галаўных уборах.
Бясконцасць, вечнасць, ісціна, вера і вернасць, духоўнасць - гэткія асацыяцыі выклікае сіні колер. Блакітны - колер мары і ідэальнасці, сімвалізуе чысціню, вернасць, далеч.Гэта колер Багародзіцы, Дзевы Марыі.
Там, дзе ёсць белы колер, усё на імгненне становіцца чыстым, некранутым лістом. Белы колер - перш за ўсё колер волі, маральнай чысціні і мудрасці. Белы меў значэнне новага свету, новых ведаў, чысціні і першапачатковасці.
Чытальнік.
Колер памяці белы і сіні...
Так пра вас лёгка мне ўспамінаць!
Неба яснае зоркамі спела,
Адлівала ў снягах давідна.
На марозе звінелі яліны,
Пакідалі завеі кругі.
I згаралі, як знічкі, хвіліны.
Тая ноч - са святла і тугі.
А. Канапелька.
Збіральніца. Вялікая роля надавалася камізэлькам, што вельмі шчыльна абцягвалі спіну і грудзі і знешнім выглядам нагадвалі гарсэт.
Чырвоны колер з даўніх часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, братэрства, барацьбу за праўду, Гэта колер жыцця, яркай радасці. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця.
Лічыцца, што ён паляпшае апетыт і лечыць душэўныя пакуты. Чырвоны нібы абяцае: хутка надыдзе ўсход, будзе новае нараджэнне.
Зялёны колер - гэта колер прыроды, палёў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны. Гэта колер дабра, росту, развіцця, міру.
У вышываных на палатне арнаментах былі зашыфраваны самыя значныя з’явы ў жыцці людзей нашага краю, іх веды і ўяўленні. Вельмі распаўсюджаны былі знакі сонца і зямлі. Іх спалучэнне азначала надыход вясны, абуджэнне прыроды. Калядная васьміканцовая зорка азначае таксама чалавека, маці, дзяцей, сям’ю. Сама жанчына ўвасабляла свой вобраз праз кветкі, птушачку-галубку, дрэвы: бярозу, рабіну, каліну. Ёсць нават асобны сімвал моцнай сям’і, які вышываўся, каб “запрасіць” сямейнае шчасце ў дом.
Акрамя эстэтычнай функцыі, арнамент традыцыйна нясе інфармацыю пра гаспадара, а раней выконваў і ролю абярэгу ад злых сіл. Таму пры стварэнні ўзораў у народным стылі неабходна ўлічваць сэнсавае значэнне іх асобных матываў.
Адрозніваліся жаночыя касцюмы і галаўнымі ' ўборамі: дзяўчаты насілі вянкі і стужкі, а пасля вяселля дзяўчыне павязвалі хустку ці надзявалі чапец.
Шчодра распісаныя нашымі бабулямі кашулі, спадніцы і сёння выклікаюць замілаванне і добрую зайздрасць. Так што, перабіраючы бабулін куфэрак, не выкідайце рэчы яе маладосці. Хто ведае, можа, народны касцюм, вышыты беларускім арнаментам, зойме першае месца на паказе моды будучыні?

• Музычны нумар.
• Інсцэніроўка.
Сцэна - “беларуская хата ”. Маці ўпрыгожвае пакой, збірае на стол.

Маці. Шаноўнаму госцю - шаноўнае месца. Госці ў хату - радасць у дом. Дзеткі, прачынаемся, хутка да нас госці завітаюць.
Раніца прыйшла,
Новы дзень прывяла.
Свята ў хату зазірнула
Ды цяпло ў дом вярнула.

Дачка. Мама, а што ў нас у хаце так прыгожа?
Маці. Сёння свята.
Сын. А якое? Раскажы.
Маці. Свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Як звычайна, мы пачынаем наш дзень з малітвы, а сёння пачытаем малітву Багародзіцы, бо яе дзень.
Пачатак гэтаму святу паклала гісторыя, якая адбылася ў X стагоддзі падчас усяночнай службы ва Улахернскай царкве ў Канстанцінопалі. Андрэй і яго вучань Епіфаній убачылі ў паветры, над людзьмі Маці Божую, вакол якой стаялі прарокі, апосталы і анёлы, што схіліліся ў малітве аб збаўленні горада ад асады ворагаў. Багародзіца зняла з сябе бліскучы амафор - шырокі пакроў - і накрыла ім усіх людзей, і ўзнесла малітву Госпаду аб выратаванні свету, збаўленні ад бед і пакут. Святая Багародзіца прасіла Госпада Ісуса Хрыста прыняць малітвы ўсіх людзей, што да яго звярталіся. У памяць пра гэтую падзею ўжо многа гадоў святкуюць дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Дачка. А што трэба рабіць у гэты дзень?
Маці. Як і на кожнае свята, існуюць свае традыцыі. 3 гэтага дня першы раз паляць печы, і абавязкова паляць імхом, каб пачысціць і ад бруду, што назбіраўся за лета, і ад нячысцікаў.
Сын. А яшчэ што робяць?
Маці. А яшчэ ў гэты дзень гаспадыні пякуць тонкія блінцы. Потым бяруць адзін блінок, разрываюць яго на чатыры кавалкі і кладуць у кожны куток, каб холад не пускаць у хату.
Дачка. Паглядзіце!
Сын. Вандроўныя гандляры ідуць!
Маці. Хуценька гандляра сустракайце.
Гандляр.
Падыходзьце, набывайце!
Вось яны якія, лыжкі распісныя!

Дзеці спяваюць прыпеўкі.

Прыйшоў бацюхна Пакроў,
Прыйшла да нас гуляначка,
Хутка-хутка нам сыграе
Звонкая тальяначка.

Паскакаць нам дайце,
Тупнуць нам дазвольце.
Няўжо ў гэтай хаце
Масніцы лопнуць?!

А нашыя дзевачкі
Толькі на прыпевачкі:
Сена грэбці не хачу,
Бо я ножкі прамачу.

Мы смяяліся і пелі,
Пакуль вам не надаелі,
А цяпер наш шчыры смех
Мы пасадзім ў доўгі мех.

Маці. Пасядзі, адпачні. Што ў кошыку, пакажы?
Гандляр. Адгадайце загадку, адразу ўбачыце адгадку.

Латка на латцы, не сшыты іголкаю. (Капуста.)
Смачная кашка,
А дастаць цяжка:
Не разаб’еш гаршка –
Не з’ясі камячка. (Гарэх.)
Завітала ў хату пані
Ў чырвоным каптане,
Як пачалі распранаць -
Сталі плакаць, праклінаць. (Цыбуля.)
Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык.)
Хоць і красна, ды не дзеўка,
Хоць з хвастом, ды не мыш. (Бурак.)

Гандляр. Вось якія малайцы. Ну а цяпер патанчым.

• Танцавальны нумар.

Маці. Ну што ж, спявалі, танцавалі, час і адпачыць, і пачаставацца. Калі ласка, самі спрабуйце і гасцей частуйце.
Пару бульбін,
Шэсць гуркоў,
Пяць марковін
На Пакроў.
А яшчэ грыбоў дабавім
I мясца туды ўставім.
Вось вам восеньскі Багач,
Прывядзе ён вас да ўдач.

Дзеці (па чарзе). Бацюхна Пакроў пакрыў хату цяплом, а людзей дабром. Прыміце, калі ласка, нашы пажаданні.
Не ведайце стомы
На працы і дома,
Нясіце гульнёвы настрой,
Каб дзеці смяяліся,
Каб ўсе мы ядналіся
На радасць,
На шчасце
Дабро і любоў!