сцэнарыі святаў на беларускай мове

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі № 8 г. Мінска. Роднае слова 2012/6

Янка Купала і Якуб Колас

Гульня для старшых класаў

У гульні прапануецца прасачыць і параўнаць жыццёвыя і творчыя шляхі паэтаў.
Правілы гульні

Удзельнічаюць дзве каманды: каманда Янкі Купалы і каманда Якуба Коласа. У першым і другім турах (а таксама некаторыя пытанні іншых тураў) гучаць агульныя пытанні, удзельнікі даюць адказы пра пісьменніка, якога прадстаўляе іх каманда. Для падрыхтоўкі адказу камандам даецца адна хвіліна. Хто гатовы адказваць, паведамляе вядучаму. Каманда, якая першая дасць правільны адказ, атрымлівае два балы, другая каманда за правільны адказ атрымлівае адзін бал. У выпадку няправільнага адказу другая каманда мае права адказаць за супернікаў, тады за правільны адказ яна атрымлівае тры балы.

3 трэцяга тура на пытанне адказвае толькі адна каманда, якая раней падрыхтавала адказ. Максімальны час на падрыхтоўку адказу - адна хвіліна. За правільны адказ каманда атрымлівае два балы.

Няправільныя адказы балаў не прыносяць.

I Тур. Крыху біяграфіі
• Бліц.

Міні-гульня для аднаго з удзельнікаў ад кожнай каманды. Праводзіцца па агульных правілах першага і другога тураў. Пасля бліц-апытання два балы даецца камандзе, удзельнік якой на- браў больш балаў.

1. Сапраўднае імя пісьменніка.
Янка Купала: Іван Дамінікавіч Луцэвіч.
Якуб Колас: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
2. Дата нараджэння пісьменніка.
Янка Купала: 7 ліпеня 1882 г.
Якуб Колас: 3 лістапада 1882 г.
3. Дзе нарадзіўся пісьменнік?
Янка Купала: фальварак Вязынка.
Якуб Колас: засценак Акінчыцы (недалёка ад Стоўбцаў).
4. На якой мове пачынаў пісаць вершы?
Янка Купала: на польскай мове.
Якуб Колас: на рускай мове.
5. Як называецца першы апублікаваны верш пісьменніка?
Янка Купала: “Мужык”.
Якуб Колас: “Наш родны край”.
6. Дзе ён быў апублікаваны?
Янка Купала: газета “Северо-Западный край”.
Якуб Колас: газета “Наша Доля”
7. У якім годзе гэта было?
Янка Купала: у 1905 г.
Якуб Колас: у 1906 г.
8. Кім былі бацькі пісьменніка?
Янка Купала: збяднелыя шляхцічы.
Якуб Колас: бацька быў ляснік.
9. Калі выйшаў першы зборнік?
Янка Купала: у 1908 г.
Якуб Колас: у 1910 г.
10. Як называўся першы зборнік паэта?
Янка Купала: “Жалейка”.
Якуб Колас: “Песні жальбы”.
11. У якіх навуковых установах працавалі паэты?
Янка Купала: Інстытут беларускай культуры, Акадэмія навук.
Якуб Колас: Інстытут беларускай культуры, Акадэмія навук.
12. У якім годзе было прысуджана званне народнага паэта Беларусі?
Янка Купала: у 1925 г.
Якуб Колас: у 1926 г.
13. Калі памерлі пісьменнікі?
Янка Купала: 18 чэрвеня 1942 г.
Якуб Колас: 13 жніўня 1956 г.
14. Дзе памерлі пісьменнікі?
Янка Купала: у Маскве.
Якуб Колас: у Мінску.
15. Дзе пахаваны пісьменнікі?
Янка Купала: быў пахаваны ў Маскве, а ў 1962 г. урна з прахам Янкі Купалы перавезена ў Мінск на Вайсковыя могілкі.
Якуб Колас: на Вайсковых могілках у Мінску.
• Апытанне.

1. Галоўнае ў жыцці моладзі атрымаць добрую адукацыю. Да адукацыі імкнуліся і нашы пісьменнікі. Пералічыце, дзе вучыліся Янка Купала і Якуб Колас.

Янка Купала: у вандроўнага настаўніка, у Сен- ніцкім двухкласным народным вучылішчы (зіма 1889 - 1890 гг.), у народным вучылішчы ў мястэчку Бяларучы (з восені 1897 да вясны 1898 г.), на курсах Чарняева ў Пецярбургу (1909 - 1913), у народным універсітэце імя А. Шаняўскага ў Маскве (1915).

Якуб Колас: у вандроўнага настаўніка, потым у народнай школе ў вёсцы Мікалаеўшчына, у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1898 - 1902), у Аляксандраўскім ваенным вучылішчы (скончыў у 1916 г.).

2. Каб жыць, трэба працаваць - гэта ведаюць усе. А кім працавалі пісьменнікі?

Янка Купала: вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага следчага, малодшым прыказчыкам, памочнікам вінакура на бровары, бібліятэкарам, супрацоўнічаў у газеце “Наша Ніва”, сакратаром у “Беларускім выдавецкім таварыстве”, адказным рэдактарам “Нашай Нівы”, сакратаром часопіса “Вольны сцяг”, працаваў у Акадэміі навук.

Якуб Колас: настаўнікам, школьным інспектарам, выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і БДХ віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР.

3. У пачатку мінулага стагоддзя пісаць рэвалюцыйныя вершы пад сапраўдным прозвішчам было вельмі рызыкоўна. А якія псеўданімы былі ў нашых песняроў?

Янка Купала: Вайдэлота, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Стары Мінчук, Вінцук з-пад Мінска, Цімох Каруза.

Якуб Колас: Тарас Гушча, Агарак, Адзінокі, Альбуцкі К., Андрэй “сацыяліст”, К. Беларус, Тамаш Булава, Груд Ганна, Дзямянаў Гуз, Дзядзька Карусь, Карусь Лапаць, Мікалаевец, Дубовы ліст, Кудеснмк, Стары шут, Торба Іван.

4. Сёння Івана Луцэвіча і Канстанціна Міцкевіча ўсе ведаюць пад псеўданімамі Янка Купала і Якуб Колас. А чаму пісьменнікі пакінулі сабе менавіта такія імёны?

Янка Купала: паэт нарадзіўся ў ноч на Купалле. Таму і псеўданім - Янка Купала. Ёсць меркаванне, што такое імя яму раіў беларускі пісьменнік Ядвігін Ш.

Якуб Колас: будучы студэнтам, Канстанцін Міцкевіч захапляўся творчасцю рускага пісьменніка Якубовіча-Мельшына. Асабліва яму падабаўся верш пра колас. Так, гартаючы кнігу Якубовіча-Мельшына, малады Канстанцін Міцкевіч і назваў сябе Якуб(овіч) Колас.

5. У розныя часы і Янка Купала, і Якуб Колас мелі праблемы з прадстаўнікамі ўлады. Узгадайце, калі і ў чым абвінавачвалі пісьменнікаў.

Янка Купала: стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій улетку 1930 г. Яго рэгулярна выклікалі ў АДПУ, патрабавалі паказанняў пра “контррэвалюцыйную” арганізацыю “Саюз вызвалення Беларусі”, лідарам якой ён нібыта быў. Супрацоўнікі АДПУ не пакідалі Янку Купалу ў спакоі да яго смерці.

Якуб Колас: за ўдзел у настаўніцкім нелегальным з’ездзе Якуба Коласа асудзілі на тры гады турэмнага зняволення (1908 - 1911). У 1937 г. на яго завялі справу. Яго абвінавачвалі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, у арганізацыі “Саюза вызвалення Беларусі”. 6 лютага 1938 г. у доме пісьменніка супрацоўнікі АДПУ шукалі зброю. Пагроза арышту над Якубам Коласам вісела да 1953 г. Але арыштаваны ён не быў.

II тур. Старонкі творчасці
Каманды па чарзе чытаюць на памяць вершы “сваіх” пісьменнікаў (за кожны верш каманда атрымлівае адзін бал).

1. Свой першы верш не апублікаваў ні Янка Купала, ні Якуб Колас (яны былі надрукаваны пазней). Узгадайце гэтыя вершы, калі яны былі напісаны і што з імі звязана.

Янка Купала: вершы пачаў пісаць у 1903 г. на польскай мове, некаторыя з іх былі апублікаваны ў часопісе “Ziarno” (“Зерне”). Адзін з самых вядомых вершаў - “Мая доля” (1904). Маці народнага паэта - Бянігна Іванаўна - была ўпэўнена ў тым, што калі Янка Купала пісаў бы вершы па-польску, то быў бы больш шчаслівы і заможны.

Якуб Колас: адзін з першых вершаў “Вясна” напісаў у 12 гадоў. За гэты верш бацька даў малому Кастусю сярэбраны рубель - на той час вялікія грошы.

2. Шмат вершаў і апавяданняў напісалі паэты. Творы выходзілі асобна і зборнікамі. Назавіце дарэвалюцыйныя зборнікі.

Янка Купала: “Жалейка” (1908), “Гусляр” (1910), “Шляхам жыцця” (1913).

Якуб Колас: “Песні жальбы” (1910), кніга прозы “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914).

3. Адзін за адным выходзілі ў свет новыя творы беларускіх песняроў. Узгадайце, у якой паслядоўнасці гэта адбывалася. Каманды атрымліваюць лісты з назвамі твораў, якія павінны размясціць у храналагічным парадку.

Янка Купала: зборнік “Жалейка” (1908), п’еса “Паўлінка” (1912), зборнік “Спадчына” (1922), верш “Хлопчык і лётчык” (1935), зборнік “Шляхам жыцця” (1913), верш “Беларускім партызанам” (1941), паэма “Гусляр” (1910).

Якуб Колас: кніга прозы “Апавяданні” (1912), зборнік “Родныя з’явы” (1914), аповесць “Дрыгва” (1934), паэма “Суд у лесе” (1943), заканчэнне паэмы “Сымон-музыка” (1925), выданне кнігі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1910), заканчэнне паэмы “Новая зямля” (1923).

4. Назавіце галоўных герояў п'есы “Тутэйшыя" і паэмы "Новая зямля".

Янка Купала: Мікіта Зносак, Гануля Зносчыха, Лявон Гарошка, Янка Здольнік, Аленка, Наста Пабягунская, Генрых Мотавіч Спічыні, Усходні вучоны, Заходні вучоны.

Якуб Колас: Міхал, Антось, Ганна, Уладзя, Алесь, Кастусь.

5. Назавіце знакамітыя творы пісьменнікаў ваеннай пары.

Янка Купала: “Паўстаў народ”, “Беларускім партызанам”, “Хлопчык і лётчык на вайне”, “Зноў будзем шчасце мець і волю”, “На Гітлера звера” і інш.

Якуб Колас: паэмы: “Суд у лесе”, “Адплата”, “Сустрэча з ворагам”; апавяданні: “У разведцы”, “Санітарка Таня”; вершы: “Душою і сэрцам мы з вамі, героі”, “Фашысцкім бандытам”, “На абарону”, “Над магілай партызана”, “Байцам і камандзірам Чырвонай арміі” і інш.

III тур. Янка Купала і Якуб Колас - сябры
1. Назавіце аўтара наступных радкоў:
Без Коласа ў Купалы менш красы,
А без Купалы пабяднее Колас.
(Мікола Маляўка.)
2. Янка Купала і Якуб Колас былі сябрамі. У 20 - 30-я гг. падчас сталага жыхарства ў Мінску яны сустракаліся амаль штодня. Калі і пры якіх абставінах адбылася іх першая сустрэча?

(Сустрэліся яны ў жніўні 1912 г., пасля пяці гадоў завочнага знаёмства. Янка Купала ехаў да Якуба Коласа, і сустрэліся яны на хутары Смольня. Даехаўшы да Стоўбцаў, Янка Купала пайшоў пешшу праз лес і заблудзіўся. Ён баяўся, што прыйдзецца заначаваць у лесе. Але потым успомніў, што Якуб Колас жыве на беразе Нёмана і стаў трымацца нізін, ад якіх цягнула вільгаццю. Гэтыя нізіны і вывелі яго на дарогу.)

3. Пра гэтую сустрэчу пісьменнікі не раз яшчэ ўзгадаюць, напішуць вершы, артыкулы. Але і іншыя дзеячы мастацтва не абмінулі сваёй увагай першую сустрэчу песняроў. Так, у 1959 г. была напісана карціна, на якой адлюстравана іх першая сустрэча. Узгадайце мастака і назву карціны.

(Яўген Харытоненка. “Першая сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Фонд Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.)

4. Праз год пісьменнікі пабачыліся зноў.У Вільні. Падчас вясельнага падарожжа Якуба Коласа. Пасля чаго лёс разлучыў сяброў на доўгія гады. Калі і дзе адбылася наступная сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа?

(У Мінску ў 1921 г.)

5. Пісьменнікі сябравалі сем'ямі, часта сустракаліся. Два паэты былі неразлучнымі: у падарожжах, на сустрэчах з чытачамі, на розных урачыстасцях, на адпачынку. Часта бавілі час за гульнёй. За гэтым заняткам сябры маглі прасядзець усю ноч. У якую гульню яны гулялі?

(У шахматы.)

6. Янка Купала і Якуб Колас вельмі любілі шахматы. Падчас адпачынку ў санаторыі Якуб Колас у адным з лістоў да жонкі пісаў:"Работы няма, а час праходзіць. Вольныя ж мінуты часта запаўняюцца шахматамі. Але Янка часцей абыгрывае мяне..." Пра любоў песняроў да шахмат ведала шмат людзей, у тым ліку і мастак, які напісаў карціну "Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы". Назавіце імя гэтага мастака.

(Генрых Бржазоўскі.)

7. 18 чэрвеня 1942 г. у Маскве трагічна загінуў Янка Купала. Якуб Колас у той час напісаў:"Парваліся струны, разбіты / Цудоўныя гуслі твае. / Краіна жалобай спавіта - / Байца-песняра не стае. / Спі спакойна, спачывай - / Не забудзе цябе край". Як называецца гэты верш?

(“Над магілай друга’'.)

ІV Тур. Беларускія песняры i свет

1. У гэтым вершы Максім Горкі ўбачыў"нешта накшталт беларускага гімна" і пераклаў на рускую мову. Пазней гэты верш быў перакладзены на 82 мовы свету. Польскі кампазітар Людамір Рагоўскі, аўтар балета "Купала" напісаў да гэтага верша музыку. Яна да рэвалюцыі выконвалася як беларускі гімн. Пра які верш ідзе гаворка?

(“А хто там ідзе”.)

2. Янка Купала і Якуб Колас акрамя літаратурнай дзейнасці займаліся яшчэ і навуковай. Яны працавалі ў Інстытуце беларускай культуры, потым у Акадэміі навук БССР. Якуб Колас быў заслужаны дзеяч навук Беларусі. А Янка Купала быў акадэмікам не толькі Акадэміі навук БССР... У якой яшчэ краіне Янка Купала быў абраны акадэмікам?

(Ва Украіне.)

3. "...У Беларусі ёсць два паэты: Янка Купала і Якуб Колас - вельмі цікавыя хлопцы! Так прымітыўна-проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкі такіх якасцей! О Божа! Вось бы добра было!"Хто так пісаў?

(Максім Горкі ў 1910 г.)

4. Памяць пра беларускіх песняроў захоўваюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Пералічыце гарады замежных краін, дзе памяць пра Янку Купалу і Якуба Коласа ўшанавана ў назвах вуліц або дзе ўстаноўлены ім помнікі (удзельнікі адказваюць па правілах першага і другога тураў).

Янка Купала: Масква, Нью-Ёрк - помнікі; Кіеў, Херсон, Сумы, Ніжні Ноўгарад, Іркуцк, Орск, Валгаград, Чабаксары, Гайнаўка (Польшча) -названы вуліцы; Вільнюс - мемарыяльная дошка.

Якуб Колас: Кіеў, Гайнаўка (Польшча) - названы вуліцы; Ташкент (названа вуліца; на будынку, дзе жылі пісьменнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны захавалася мемарыяльная дошка).

V Тур. Песняры i мастацтва
Драматургія.

Праз паўгода пасля напісання гэтая п'еса была пастаўлена ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком, праз месяц яе маглі бачыць жыхары Пецярбурга. Сёння п'еса - візітная картка аднаго з беларускіх тэатраў, менавіта з яе тэатр пачынае кожны новы тэатральны сезон. У 1952 г. па спектаклі быў зняты аднайменны кінафільм, і стаў ён першым беларускім фільмам-спектаклем (рэжысёр А. Зархі), а ў 1973 г. пастаўлена аперэта. Назавіце п'есу.

(“Паўлінка”.)

Кінематаграфія.

Па матывах гэтай аповесці Якуб Колас у 1937 г. напісаў п'есу"У пушчах Палесся", пазней кампазітар А. Багатыроў стварыў оперу, а "Беларусьфільм" зняў чатырохсерыйны фільм “Талаш". Прататыпам галоўных герояў гэтых твораў стаў палескі селянін Васіль Талаш, які партызаніў падчас дзвюх войнаў. Пра якую аповесць ідзе гаворка?

(“Дрыгва”.)

Жывапіс.

Першы жывапісны партрэт Янкі Купалы быў напісаны ў 1920 г. у Мінску. У наступным годзе з'явіліся яшчэ два партрэты Янкі Купалы гэтага ж мастака. Яны добра ведалі адзін аднаго, сябравалі, часта бачыліся на працягу некалькіх гадоў (пакуль мастак не з'ехаў у Ленінград). Цяпер гэтыя партрэты знаходзяцца ў літаратурным музеі Янкі Купалы і ўпрыгожваюць выставы. Назавіце мастака першых жывапісных партрэтаў Янкі Купалы?

(Дзмітрый Полазаў.)

Гэтая серыя пейзажаў-рэканструкцый і інтэр'ераў-рэканструкцый, што згадваюцца ў паэме "Новая зямля" і трылогіі “На ростанях". Праца над серыяй пачалася ў 1986 г. і доўжылася тры з паловай гады. Усяго было створана 23 карціны. На карцінах-інтэр'ерах аўтар адлюстраваў побыт сялян пачатку мінулага стагоддзя: калыска, печ, кросны, прылады сялянскага побыту. Палотны з'яўляюцца ўласнасцю літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Назавіце мастака і назву серыі карцін.

(Уладзімір Сулкоўскі. “Радзіма Якуба Коласа")

Ілюстратары кніг.

Гэты чалавек - народны мастак Беларусі - для дыпломнай працы ў інстытуце абраў тэму "Ілюстрацыі паводле паэмаў Янкі Купалы". Ён выдатна абараніў сваю працу і атрымаў дыплом Акадэміі мастацтваў СССР. Неўзабаве выдавецтва"Беларусь" прапанавала яму праілюстраваць падарункавае выданне паэзіі Якуба Коласа пад назвай "3 майго летапісу". Потым ён ілюстраваў кнігу паэм Янкі Купалы, якая выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", а затым -"Новую зямлю"Якуба Коласа. Назавіце гэтага мастака.

(Васіль Шаранговіч.)

У 1928-1929 гг. у выданні Дзяржаўнага выдавецтва БССР выйшаў у свет першы збор твораў Якуба Коласа ў двух тамах. ЁН быў праілюстраваны мастаком з Іркуцкай вобласці. Назавіце мастака.

(Генадзь Змудзінскі.)

Мастацкі твор пра песняра.

30-я гады мінулага стагоддзя - гады выпрабаванняў для дзеячаў беларускай навукі і культуры. Янка Купала, як і іншыя пісьменнікі, быў ахвярай супрацоўнікаў АДПУ. Яго кожную ноч выклікалі следчыя, прымушалі прызнацца ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Трагедыю жыцця народнага паэта паказаў у сваёй п'есе Алесь Петрашкевіч. Узгадайце, як яна называецца.

(“Воля на крыжы”.)

Шмат мастацкіх твораў прысвечана Якубу Коласу. У адным з вершаў, прысвечаных пісьменніку, Максім Танк напісаў: "Прысеў на валуне гранёным, / Дзе на Маскву ідзе шаша, / Паслухаць музыкі Сымона, / Гамонкі дзеда Талаша".

3 якога верша гэтыя радкі?

(“Ля помніка Якубу Коласу’’.)

VI Тур. Памяць

1. Назавіце беларускія мястэчкі, дзе знаходзяцца філіялы літаратурных музеяў пісьменнікаў (удзельнікі адказваюць па правілах першага і другога тураў).

Янка Купала: Вязынка, Ляўкі, Акопы, Яхімоўшчына.

Якуб Колас: Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток.

2. У 1991 г. да 110-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа Дзяржаўны банк СССР планаваў выпусціць у свет памятныя манеты з іх выявамі, але ў хуткім часе Савецкі Саюз распаўся. Тым не менш манеты ўсё ж такі выйшлі ў свет. Банк якой краіны іх выпусціў?

(Нацыянальны банк Расійскай Федэрацыі.)

3. Нацыянальны банк Беларусі таксама выпусціў памятныя манеты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Калі гэта адбылося?

(У 2002 г„ да 120-годдзя пісьменнікаў.)

4. Імя Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Беларусі носяць нацыянальныя тэатры. Купалаўскі тэатр у Мінску ведаюць, мабыць, усе. А ў якім горадзе знаходзіцца тэатр імя Якуба Коласа?

(Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.)

5. У сталіцы помнік Янку Купалу знаходзіцца ў Купалаўскім скверы, а Якубу Коласу - на плошчы Якуба Коласа. Назавіце скульптараў гэтых помнікаў (удзельнікі адказваюць па правілах першага і другога тураў).

Янка Купала: А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі.

Якуб Колас: 3. Азгур.

6. Янка Купала і Якуб Колас неаднойчы былі лаўрэатамі літаратурных прэмій. 3 цягам часу былі заснаваны прэміі, якія носяць іх імёны. У якім годзе заснаваны літаратурныя прэміі імя Янкі Купалы і імя Якуба Коласа? Чым яны адрозніваюцца (удзельнікі адказваюць па правілах першага і другога тураў)?

Янка Купала: Дзяржаўная прэмія Беларусі, якая прысуджаецца ўрадам рэспублікі за выдатныя творы ў галіне паэзіі і драматургіі. Заснавана пастановай Савета Міністраў БССР у 1957 г.

Якуб Колас: Дзяржаўная прэмія Беларусі, якая прысуджаецца ўрадам рэспублікі за выдатныя творы ў галіне прозы і літаратуразнаўства з 1959 г.

Вынікі
Пасля гульні падводзяцца вынікі, падлічваюцца балы, узнагароджваюцца пераможцы.

Яшчэ на гэту тэму:

Купалаўскі баль     "Я адплаціў народу, чым моц мая магла..."