сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля ЦЯЛКОВА, настаўнік пачатковых класаў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 73 г. Мінска. Роднае слова Люты 2010 г.

А ў нас сёння масленіца

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Мэта: садзейнічаць засваенню ведаў вучняў пра беларускія народныя святы, развіццю творчых здольнасцей вучняў, выхаванню любові да Бацькаўшчыны, павагі да беларускай народнай культуры.

Ход мерапрыемства

Клас аформлены ў стылі традыцыйнай беларускай хаткі: саматканыя ручнікі, вырабы з саломкі, беларускія народныя цацкі, драўляныя і гліняныя фігуркі жывёл, фрагмент плота, сплеценага з вербалозу.
Вучні апрануты у беларускія народныя строі.

1-ы вядучы. Добры дзень, сябры!
2-і вядучы. Падыходзьце бліжэй да нас, запрашаем у госці вас!
У нас сёння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Сядзела на тыну, на калу,
Кідала масла па каму.
А хто ўхопіць - так таму.
Маладая дзяўчына схапіла
Ды ў чарапочку стапіла...
У нас сёння Масленіца...
1-ы вядучы. Трэба гасцям дагадзіць і на лавы пасадзіць.
2-і вядучы. Калі ласка,госцейкі, сядайце ды вакол сябе паглядайце.
1-ы вядучы. Наша беларуская хата заселена дужа багата...
Цацкамі драўлянымі,
Ручнікамі саматканымі,
Зоркамі саламянымі,
Пеўнікамі маляванымі.
2-і вядучы. Вас, паважаныя, мы чакалі,
Свята без вас не пачыналі.
На нашым свяце
Не будзе часу сумаваці,
На свяце гэтым трэба
Спяваць, смяяцца, танцаваць.

Гучыць народная песня "Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець?..".

1-ы вядучы. Але ж не ўсе госці прыйшлі да нас. Каго ж няма? Адгадайце загадкі і даведайцеся, хто не з’явіўся на свята.
Як той час называецца,
Калі новы год пачынаецца,
Калі поле мяцеліцы студзяць,
Маразы траскатнёю будзяць? (Студзень.)

Аяк той час называецца,
Што са студзенем вечна братаецца,
Што куе ледзяныя путы
I пытае, ці добра абуты? (Люты.)

I хто ж гэта гаспадынька сівая,
Што пярынкі выбівае,
Зямлю белым пухам пакрывае? (Зіма.)
Пад музыку заходзіць Зіма.

Зіма. Гэта вы мяне чакаеце, мяне вітаеце?
Усе. Не, Зімачка, з табой мы будзем развітвацца, а чакаем мы Вясну-красну. Паглядзі на наша сонейка: яно амаль веснавое ўжо.
Зіма. Сапраўды, пара развітвацца, а гульня ў снежкі напомніць вам пра зімовыя забавы.

Гульня "Расчысцім дарожку Вясне".
Двое трымаюць вяроўку. Па баках яе снежкі з ваты. Дзве каманды кідаюць снежкі праз вяроўку. Па сігнале спыняюцца. Калі на баку Зімы аказалася больш снежных камочкаў, то яна забірае снег і развітваецца да наступнага года.

Усе. Ідзі, ідзі, зіма, аж да Кракава,
Зноў ты прыйдзеш аднакава.
Ідзі, зіма, да Кіева,
Ты нам лета пакінула.
Ідзі, зіма, да крынічкі
Ды забірай рукавічкі.
Кулік, кулік, замыкай зіму, адчыняй вясну.
Зіма развітваецца і сыходзіць.

1-ы вядучы. А ў нас сягоння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Села, пала на жэрдачку,
Шчабятала вестачку.
Усе. А якую вестачку?
1-ы вядучы. Што вясна ідзе, нам цяпло нясе.
2-і вядучы. Масленіца - шэра вутка,
Гаварыла вясна: буду, ды няхутка.
1-ы вядучы. А мы яе пагукаем.

Карагод "Гукаем вясну".
Усе. Прыйдзі, прыйдзі, вясна,
Прыйдзі, прыйдзі, красна
Да нас у таночак.
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам кветак,
Каб нам звіць вяночак.
Уваходзіць Вясна.

Вясна. Ну, вось і прыйшла я да вас.
Шла шляхам-дарогаю
Ды з Зімой сустрэлася.
Пра здароўе спыталася
Ды і развіталася.
1-ы вядучы. Жавароначак, ранняя птушка,
Ты чаго так рана ляціш?
А там, пры даліне снягі ды крыгі?
А там, пры дарозе снягі ды марозы?
2-і вядучы. А я тыя крыгі крыламі разаб’ю,
А я тыя снягі нагамі растапчу.
Вучні. А якія яшчэ птушачкі хутка прыляцяць?
Вясна. А вось мы цяпер разам і падумаем.

Вясна паказвае малюнкі з выявамі пералётных птушак, вучні называюць іх.


Вядучы. Што ж, як кажуць нашы людзі:
Хай усім вясёла будзе.
Жарты, песні, гучны смех,
Сумаваць на свяце - грэх.

Гульня "Сляпак".
Завязваюць хлопчыку вочы.

Вакол "слепака" дзеці водзяць карагод і спяваюць:

Наша сляпа бабулечка
Па вошчупу ходзіць.
Пытаемся ў бабулі:
- А хто цябе водзіць?
1-ы вядучы. А на гары ўжо народ збіраецца,
Там карагод - гульня пачынаецца.

Карагод "Іванка".
У сярэдзіну круга становіцца дзяўчынка з хустачкай у руцэ. Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па крузе і спяваюць:
А дзе той Іванка, што ўстае спазаранку? (3 разы)
Ён спрытны, працавіты, танцуе, пяе
I ў вучобе не адстае.
Іванка, прыбяжы, свой спрыт пакажы.
Дзяўчынка спыняецца каля хлопчыка, запрашае яго паклонам зайсці ў круг. Хлопчык выбягае на сярэдзіну круга са словамі:
Як топну нагой ды прытопну другой,
Кругам пакружуся, усім пакажуся.
Хлопчык танцуе з дзяўчынкай, дзеці пляскаюць у далоні, прыгаворваюць:
Танцуй, Іванка, танцуй, Марынка! (3 разы)
Хопіць, з круга выхадзі і Марынку забяры!
Хлопчык вядзе дзяўчынку на месца, у круг заходзіць другая дзяўчынка, і гульня працягваецца.

2-і вядучы. На Беларусі святкавалася Масленіца шырока і разнастайна. Гэта было вялікае народнае свята. Яно доўжылася цэлы тыдзень. Кожны дзень меў свае прызначэнне.
У першы дзень - сустрэча Масленіцы. Дзяўчаты і хлопцы каталіся з горкі, спявалі песні, гукалі вясну.
У другі дзень - ігрышчы. Ладзілі народныя гульні.
У трэці, сераду, частаваліся блінамі.
А вось у чацвер былі найбольш шумныя гуль­ні. Каталіся на санках, на конях.
У наступныя два дні хадзілі ў госці да сваіх родных.
У апошні - прасілі прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі, і развітваліся з Масленіцай.
Усе падзеі, якія адбываюцца на Масленіцу, маюць сімвалічны характар.
Вядучыя:
- Як па-іншаму называлася Масленіца? (Запусты, Масленка, Сырны тыдзень.)
- Чаму гушкаліся на арэлях? (Значэнне гушкання заключалася ў тым, каб у новым годзе рос доўгі і моцны лён.)
- Чаму многа і смачна елі? (Каб быць здаровымі і вырасціць добры ўраджай.)
- Якія стравы абавязкова ўжывалі на Масленіцу? (Масла, бліны, куццю, верашчаку.)
- Што і з якой мэтай спальвалі на Масленіцу? (Пудзіла - сімвал зімы - спальвалі, каб паскорыць адыход зімы і надыход вясны.)
1-ы вядучы. Чым гэта так смачна пахне? Можа, загадкі дапамогуць адгадаць?
Белая кабыла ўвесь лес з’ела. (Печ.)
Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако.)
Ніхто яго не трывожыць, яно само падыходзіць. (Цеста.)
2-і вядучы. Блінцамі пахне. 3 маслам.
1-ы вядучы. Кажуць жа, што на мазаны блін і кот інакш глядзіць.
Усе. А колькі ласункаў на стале! Відаць, гаспадары нас чакалі, на стол збіралі.
Вядучыя. Ну, дык годзе забаўляцца,
Трэба ж і падсілкавацца.
Да стала падыходзьце!
Будзьце як дома,
Бо тэрыторыя ўсім добра знаёма.
Вучні частуюцца блінцамі з маслам і мёдам.


Яшчэ на гэту тэму:

Гукайце, дзеці, Масленіцу!     А ў нас сёння масленіца...