сцэнарыі святаў на беларускай мове

Заняткі вядзе фалькларыст Лія САЛАВЕЙ Роднае слова Лістапад 1995 г.

"Ішла Каляда, калядуючы..."

Метадычныя матэрыялы да свята

Каляды — вялікае гадавое (каляндарнае) свята беларусаў, такое, як Вялікдзень, Тройца, Купалле. Сваю назву яно атрымала ад рымскіх календаў (саlеndае) — каб лягчэй бы­ло вылічваць, калі якая падзея адбывалася, рымляне першыя дні кожнага месяца называлі календамі, пятыя — нонамі, трынаццатыя — ідамі, апошнія — канунамі.
Народы Еўропы і у старажытнасці не жылі ізалявана адзін ад аднаго, таму здабыткі навукі, культуры, літаратуры, музыкі часта станавіліся агульнымі. Рым як культур­ны цэнтр зрабіў велізарны ўплыў на еўрапейскія народы, якія ў большасці маюць адзінае індаеўрапейскае паходжанне. Вынаходніцтва календара, якім практычна карыстаецца увесь свет, належыць менавіта рымлянам. Яго, на узор егіпецкага сонечнага календара, увёў у 46 г. да н. э. рымскі вярхоўны каплан, пісьменнік і славуты палкаводзец Юлій Цэзар (да моманту юліянскай рэформы стары каляндар разыходзіўся з сонцам на 90 дзён). Было вырашана пачынаць адлік дзён года з 1-га януаруса-студзеня,таму што па традыцыі ў гэты час уступалі ў правы выбраныя консулы. Тады ж месяц квінтус (пяты) * перайменавалі ў юлюс у гонар ініцыятара вялікай і важнай рэформы. Каляндар меў вялікія пагрэшнасці, якія да 1582 г. далі разыходжанне з Сонцам у 10 дзён. Таму ў 1583 г. папа рымскі Рыгор XIII зноў правёў рэформу. Цяпер мы маем ва ўжытку грыгарыянскі каляндар, якім пачалі карыстацца амаль адразу ж, у XVI ст.
У Расеі стары юліянскі каляндар існаваў да кастрычніцкага перавароту, дакладней, да лютага 1918 г., калі ён быў адменены спецыяльным дэкрэтам. Але і цяпер руская праваслаўная царква карыстаецца юліянскім календаром, або «старым стылем», што не адпавядае стану нашага галоўнага свяціла на 13 дзён. Між іншым, праваслаўныя цэрквы іншых краінаў ужо перайшлі на «новы стыль», прыняты ваўсім свеце. У святочным календары беларусаў розныя каляндарныя сістэмы праяўляюцца досыць выразна і адыгрываюць негатыўную ролю, разводзячы вернікаў асноўных хрысціянскіх канфесіяў у святкаванні адных і тых жа святаў: католікі святкуюць Каляды разам з усёй Еўропай, а праваслаўныя — праз 13 дзён. Калі ўлічыць, што члены адной сям’і часам належаць да розных канфесіяў ці асобныя наогул не належаць ні да якіх, а дзяржава замацоўвае заканадаўча такі падзел, то калядныя канікулы, якія практыкуюцца, напрыклад, у нашых заходніх суседзяў, на Беларусі наогул немагчымыя, а само святкаванне выглядае нелагічным, абсурдным.
Нашы продкі збераглі ўспамін пра архаічны, але вельмі дапасаваны да стану прыроды звычай пачынаць год вясной, у час веснавога раўнадзенства. Абходы двароў на Вялікдзень валачобнікамі, многія дзеянні і ўяўленні гэтага часу сведчаць пра тое, што Вялікдзень быў святам Новага года, калі абуджалася да жыцця прырода. У многіх народаў індаеўрапейскага паходжання (іранцаў, таджыкаў, курдаў, народаў Афганістана і інш.) Наўруз («новы дзень») — навагодняе свята, якое спраўляецца вельмі радасна і маляўніча.
Пры разглядзе беларускай народнай паэзіі, звязанай з зімовай, каляднай абраднасцю, можна заўважыць выпадкі пераносу асобных вобразаў, матываў з вясны на зіму. Напрыклад у калядных велічальна-віншавальных песнях часам праступаюць матывы, неадпаведныя прыроднаму стану рэчаў: зялёнае . жыта, зялёны явар, зялёны сад-вінаград і інш.— прыкметы вясны, а не зімы. Гэта сведчыць пра першаснасць веснавога святкавання Новага года і паступовы перанос яго на зіму. Трэба сказаць пра яшчэ адну істотную з’яву — накладванне хрысціянскай міфалогіі і абраднасці на нашу спрадвечную язычніцкую абраднасць. Так, тэатралізаваныя абходы двароў калядоўшчыкамі з казой, жоравам, канём перамяжаліся з абходамі батлейкі (ад Батлеем-Віфліем — месца нараджэння Ісуса Хрыста), царкоўным набажэнствам у гонар Божага нараджэння папярэднічалі памінальныя вячэры ў гонар дзядоў — памерлых родзічаў (куцця бедная, альбо посная, багатая і вадзяная), варожбы і розныя магічныя дзеянні. Адразу ж пасля разгавення на першы дзень Калядаў пачыналіся ігрышчы, танцы, гульні, карагоды. Багаццем і разнастайнасцю тэатральна-абрадавых дзействаў, песнямі, музыкай, усімі спосабамі ўздзеяння на эмоцыі людзей язычніцкая стыхія выбівалася на першы план, адцясняючы ўласна хрысціянскі сэнс святкавання.
I народная язычніцкая плынь, і хрысціянская ў нашым стагоддзі значна паступіліся сваімі заваёвамі на карысць пазычаных дэсакралізаваных атрыбутаў навагодняга святкавання. Для прыкладу возьмем ёлку і Дзеда Мароза. Свя­точная ёлка прыйшла да нас з Нямеччыны, з Эльзаса. Там быў звычай ставіць на Каляды малую елачку і ўпрыгожваць яе пернікамі, яблыкамі, аблаткамі (свечкі з’явіліся позна, пад уплывам царкоўнай сімволікі). У іншых землях Нямеччыны напярэдадні Новага года дамы ўпрыгожвалі галінкамі елкі, бука, амялы, а раней загадзя зразалі галінкі яблыняў, вішняў, сліваў і ставілі ў ваду, каб яны да свята распусціліся — па іх варажылі аб здароўі сям’і і дабрабыце. Гэты звычай быў на Беларусі: зацвітуць галінкі вішні — шчасце ў дом, засохнуць — сям’ю можа наведаць смерць (так варажылі яшчэ у пачатку XX ст.) Традыцыя ставіць ёлку распаўсюдзілася ў нас праз школу ды клубы, яна прыйшла з горада, але стала для многіх людзей экалагічна непрымальнай.
Цяперашні, Дзед Мароз, раздатчык падарункаў дзецям, свядома сканструяваны паводле двух вобразаў: святога Мікалая, які, будучы епіскапам і вельмі багатым чалавекам, непрыкметна раздаваў падарункі бедным дзецям, і проста Мароза, якога перад Новым годам заклікалі на вячэру, каб вясной не марозіў пасевы. У іншых, менш атэістычных краінах, такі персанаж не існуе — там падарункі дзецям раздае святы Мікалай — Санта Клаус. У час падрыхтоўкі да правядзення Калядаў у школе трэба абапірацца на мясцовыя традыцыі. Толькі тады, калі мерапрыемства для дзяцей выкліча якіясьці светлыя ўспаміны ў іх бацькоў, а яшчэ важней — бабуляў і дзядоў, толькі тады мы можам спадзявацца, што падтрымалі пераемнасць традыцый і падрыхтавалі глебу для засваення інфармацыі роднага этнасу.

* Квінтус сапраўды пяты месяц, бо да рэформы Юлія Цэзара рымляне лічылі месяцы з сакавіка (марта) — месяца, прысвечанага богу Марсу.

Падборка песняў узята з выданняў «Беларускія народныя песні» / Запіс Р. Шырмы. Т. 3. Мн., 1962 і «Зімовыя песні» з серыі БНТ Мн., 1975.

Калядныя песні

Калядныя песні
Ой, ну, ну, каза, ой, ну, нябога,
Дасць табе наш пан паўзалатога.
Падзівіцеся, добрыя людзі,
На тую раду, старую бабу.
Старая баба салому сячэ,
Салому сячэ, пірагі пячэ.
На гары каза з казянятамі,
А ў даліне воўк з ваўчанятамі.
Як прыбег заяц, стаў казу лаяць:
— Ох ты, козінька, не гаспадынька!
Ох ты, козінька, не гаспадынька,
Узяла б сярпок, нажала б снапок,
Свае дзетачкі ды накарміла,
У ніцу лозу спаць палажыла!
Як лягла спаці — не магла ўстаці,
Не магла ўстаці, проша што даці:
Ці каўбасіцу, ці паляндвіцу,
Ці кусок сала, каб каза устала.
Ды нашай казе нямнога трэба:
Паўбочкі грэчкі на перапечкі,
Рэшата аўса наверх каўбаса,
Паўвоза сена, каб каза села.
Калядныя песні
Го-го-го каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе рожкі дзела?
На соль праела.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.

Го-га-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Лезь, каза, на пол,
Пакажы хахол.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
На печы авёс
Вялікі парос.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
На палу жыта
Нагамі збіта.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
А у тым жыце
Перапёлачка

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Вывела дзеці —
Міла глядзеці.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

Го-го-го, каза.
Го-го-го, шэра,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
Калядныя песні
Ішла каляда калядуючы,
Гэй, каляда, калядзіца!
Каля двору йшла ды бядуючы,
Гэй, каляда, калядзіца!
За ёй хлопчыкі ўсё жабруючы.
Гэй, каляда, калядзіца!
Прыйшла каляда к Ляксею на двор:
Гэй, каляда, калядзіца!
— Пане Ляксею, просім не трымаць,
Гэй, каляда, калядзіца!
Кароткі світкі — сцюдзёна стаяць.
Гэй, каляда, калядзіца!
Ці ты спіш-ляжыш, ці нас ня чуеш?
Гэй, каляда, калядзіца!
Пане Ляксею, дары каляду!
Гэй, каляда, калядзіца!
Калі не дасі бочкі пшаніцы,
Гэй, каляда, калядзіца!с
Бочкі пшаніцы, другой — ярыцы,
Гэй, каляда, калядзіца!
Дык ты аддасі панну Марыльку!
Гэй, каляда, калядзіца!
Калядныя песні
А ў гаспадара пасярод двара
Каляда!
Стаіць вішанька зеляненькая.
Каляда!
На тэй вішаньцы гарыць свечачка,
Каляда!
3 тае свечачкі упала іскарка,
Каляда!
3 тае іскаркі стала возера,
Каляда!
А ў тым возеры сам Бог купаўся.
Каляда!
— Просім Божаньку на вячэраньку,
Каляда!
На вячэраньку, на куцічаньку —
Каляда!
Не столькі з’ясі колькі нам дасі,
Каляда!
Не столькі сап’еш, нам болей нальеш!
Каляда!
Калядныя песні, тэкст ноты
Ой, ішла калядка калядуючы праз сяло,
Зайшла ж яна да пана Сцяпана пад вакно:
- Ой, пане Сцяпане, харошыя дочкі у цябе,
А што ж твае харошыя дочкі рабілі?
- А што ж мае харошыя дочкі рабілі?
А у стадоле ды усе пшанічаньку мералі.
Намералі трыццаць шанкаў і чатыры,
А тыя чатыры вам, каляднічкам, каляда.
Калядныя песні, тэксты, ноты
Добры вечар, пане гаспадару, ой, каляда, *
Харошыя маеш ты сыночкі, ой, каляда,
Ой, што ж яны ў цябе робяць, каляда?
У святліцы золата важаць, ой, каляда!
Наважылі трыццаць пудоў і чатыры, ой, каляда.
Тыя трыццаць пану гаспадару, ой, каляда,
А чатыры вам, каляднічкам, каляда.
____________
* кожны радок паўтараецца двойчы.
Калядныя песні, тэкст, ноты
Там за рэчкаю, там за быстраю, каляда,
Там за быстраю, каляда!
Ой, там Іванька стружа стрэланькі, каляда,
Стружа стрэланькі, каляда!
Стружа, малюе, на Дунай пускае, каляда,
На Дунай пускае, каляда!
- Ляціце, стрэлкі, да маёй дзеўкі, каляда!
Да маёй дзеўкі, каляда!
Няхай гатуе тонкі падаркі, каляда,
Тонкі падаркі, каляда!:
Тонкі падаркі для маёй мамкі, каляда,
Для маёй мамкі, каляда!
Майму татулю — тонку кашулю, каляда,  
Татку кашулю, каляда!
Мне, маладому, з руты вяночак, каляда,
3 руты вяночак, каляда!
Калядныя песні, тэксты, ноты
Ой, рана, рана куранькі пяюць,
Каляда, куранькі - пяюць!
Ой, яшчэ раней дзеванька устала,
Каляда, дзеванька устала!
Дзеванька устала, косу часала,
Каляда, касу часала!
Касу часала, свацейкаў ждала,
Каляда, сватоў чакала!
Ой, адзін сваток ды за садамі,
Каляда, ды за садамі;
А другі сваток — за варатамі,
Каляда, за варатамі;
А трэці сваток — з коньмі за сяньмі,
Каляда, з коньмі за сяньмі.
Што за садамі, тым адказалі,
Каляда, тым адказалі;
Што за варацьмі — хустачку далі,
Каляда, хустачку далі;
За сеньмі з коньмі — дзевачку ўзялі,
Каляда, дзевачку ўзялі.
Дзевачку ўзялі, ды што ж ёй далі,
Каляда, ды што ж ёй далі?
Далі панчошкі на белы ножкі,
Каляда, на белы ножкі,
I чаравічкі, хоць невялічкі,
Каляда, хоць невялічкі.
Калядныя песні, тэксты, ноты
Ой, куры, куры, не пейце рана,
Добры вечар!
Ды не будзіце Іваньку-пана,
Добры вечар!
Іванька устаў, у сянёх пахадзіў,
Добры вечар!
Званком пазваніў, служак пабудзіў:
Добры вечар!
- Уставайце, служкі, коней сядлайце,
Добры вечар!
Ды паедзем мы на паляванне,
Добры вечар!
На паляванне на прагулянне,
- Добры вечар!
Куну сачыці, панну сватаці.
Добры вечар!      
Асачылі куну а на дзераве,
Добры вечар!
Згледзелі панну дый у цераме.
Добры вечар!

Яшчэ на гэту тэму:

Ой, Каляда, ой, Каляда!     Каляда-калядзіца