сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга МАЗЕЦ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, яслі-саа № з г.Слоніма Гродзенскай вобласці. Пралеска 05/2018

Падарожжа з Несцеркам па вуснай народнай творчасці

Заняткі па адукацыйнай вобласці «Развіццё маўлення i культура маўленчых зносін» для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмны змест: далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе; развіваць рэпрадуктыўнае маўленне дзяцей на беларускай мове, разуменне зместу, вобразных выразаў у загадках і іншых малых формах фальклору, сэнсу прымавак і прыказак, уменне эмацыянальна ўспрымаць твор; замацоўваць формы ветлівасці, правільнае вымаўленне гукаў роднай мовы (фрыкатыўны [г], цвёрды [ч]); выхоўваць асновы нацыянальнага светапогляду.
Матэрыял і абсталяванне: касцюм Несцеркі для дарослага, торба з кнігай (дзіцячы фальклор), 3 дзіцячыя беларускія народныя касцюмы, 2 шапачкі-маскі валоў, абруч, карткі з мнематабліцамі забаўлянак і загадак, мультымедыйная прэзентацыя, мультымедыйная ўстаноўка, аўдыязапісы: беларускай народнай, казачнай музыкі, мелодыі «Беларуская полька» (апрац. Д. Камінскага), песні «Бывайце здаровы» (сл. А. Русака, муз. I. Любана).
Папярэдняя работа: знаёмства дзяцей з малымі формамі вуснай народнай творчасці, падрыхтоўка інсцэніроўкі.

Ход заняткаў

Гучыць беларуская народная музыка. У залу ўваходзіць Несцерка.
Несцерка. Дзень добры, дзеці! Ці пазналі вы мяне? (Пазналі. Прывітанне, Несцерка.)
Якія малайцы, правільна адказалі! А як яшчэ можна вітацца? (Добрай раніцы, дабранак, добры дзень, дабрыдзень, добры вечар, шчырыя вітанні.) Ці ведаеце вы, што вітацца — гэта зычыць адзін аднаму ўсяго самага добрага? Чаго можна пажадаць? (Здароўя, шчасця, добрага настрою.) Правільна, дзеці! Давайце зараз яшчэ раз павітаемся: шчырыя вітанні!
Дзеці паварочваюцца адзін да аднаго і вітаюцца: «Шчырыя вітанні!»
Несцерка. Дзеці, я вельмі люблю падарожнічаць па роднай Беларусі, збіраць жарты, забаўлянкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі. У сваю торбачку я сабраў іх ужо шмат. Жадаеце са мной у такое незвычайнае падарожжа? (Так!) Сядайце, калі ласка, у чароўны цягнік.
Дзеці займаюць месцы на крэсельцах — «садзяцца ў цягнік». Гучыць казачная музыка, на экране з’яўляецца выява цягніка, дзеці ўслед за Несцеркам прагаворваюць гукі [ч] і [г], робяць кругавыя рухі сагнутымі ў локцях рукамі — «едуць на цягніку», пакуль на экране не з’яўляецца малюнак станцыі і яе назва.
Несцерка. Першая станцыя, на якой мы апынуліся, «Жартоўная».
Несцерка расказвае забаўлянку і суправаджае яе адпаведнымі зместу жартоўнымі рухамі, каб дзеці засмяяліся:
Дзінь-дзілінь-баў!
Саўка прапаў!
Палажылі Саўку
На белую лаўку.
Лаўка трасецца,
Саўка смяецца.
Курачка сакоча,
Савачка рагоча.
Дзінь-дзілінь-баў!
Саўка прапаў!

Ці спадабаўся мой жарт? (Так!) Дзеці, ці ведаеце вы жарты?
Дзеці. Ведаем!
А шэрая козанька —
Тапу-тапу скоранька —
Пераскочыла праз плот
Ды пабегла ў агарод.
Аб’елася цыбуліцы —
Крычыць, бяжыць па вуліцы;
Аб’елася часнаку —
Крычыць, бяжыць па таку.

Інсцэніроўка «Антон ды Антоніха»

Гучыць беларуская народная мелодыя «Беларуская полька». Выходзяць дзеці ў беларускіх народных касцюмах: валы (два хлопчыкі ў шапачках-маскаху абручы) і хлопчык (Юрка), які трымаецца за абруч. Дзеці выконваюць дзеянні ў адпаведнасці з тэкстам.
Трах-бах-тарабах,
Ёдзе Юрка на валах,
А волікі тупу-тупу,
Юрка з возу цупу-лупу.

Несцерка смяецца і запрашае ўсіх дзяцей на танец.

Фізкультхвілінка — танец «Беларуская полька»

(пад бел. нар. мелодыю)
Несцерка. Малайцы! Хуценька займайце месцы ў нашым цягніку. Адпраўляемся далей!
Дзеці«едуць на цягніку», пакуль на экране не з’яўляецца малюнак станцыі«Забаўляльная».
Несцерка. Калі вы былі маленькія, вас песцілі вашы матулі: расказвалі забаўлянкі, пелі песенькі. А ці ведаеце вы іх?
Дзеці расказваюць забаўлянку па мнема- табліцы і пры дапамозе пытанняў дарослага:
- Дзе ішоў Ягорачка? (Горкай, горкай, горачкай.)
- Каго не баяўся, чаго не пужаўся? (Ваўкоў не баяўся, страхаў не пужаўся.)
- Што выразаў Ягорачка? (Дудачку-свісцёлачку.)
- Як зайграў Ягорачка? (Птушачкай-пяюшачкай.)

Дзеці.
Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.
Ваўкоў не баяўся,
Страхаў не пужаўся.
Выразаў Ягорачка
Дудачку-свісцёлачку.
I свістаў ён птушачкай,
Птушачкай-пяюшачкай.
Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.

Несцерка. Добра. Я хачу вас пазнаёміць яшчэ з адной забаўлянкай.
Несцерка расказвае забаўлянку, суправаджае рухамі адпаведна тэксту, на мультымедыйным экране дэманструюцца выявы па змесце твора.
Іграў я на дудцы,
Седзячы на будцы.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
Грае мая дудка,
Пяе весялушка.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
Як зайграла дудка —
Прыбег скакаць Юрка.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
А за Юркам Янка,
А за Янкам Танька.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!

Несцерка. Як я граў? (Ту-лю, ту-лю, ту- лю-лю, ту-лю-лю!) На чым я граў? (На дудцы.) Што такое дудка? (Музычны інструмент.) На чым сядзеў? (На будцы.) Што такое будка? (Дом для сабакі.) Калі грала дудка, пела... (весялушка). Як зайграла дудка, хто прыбег скакаць? (Прыбег скакаць Юрка.) Хто прыбег за Юркам? (Янка.) Хто прыбег за Янкам? (Танька.)
Дзецям прапануюць расказаць забаўлянку па мнематабліцы.
Несцерка. Добра, дзеці! Не стаміліся? (Не!) Давайце з вамі пагуляем у беларускую народную гульню.

Беларуская народная гульня «Вожык і мышы»

Несцерка. Хутчэй займайце месцы, наш цягнік рухаецца далей.
Дзеці «едуць на цягніку», пакуль на экране не з’яўляецца малюнак станцыі «Загадкавая».
Несцерка. Наступная станцыя — «Загадкавая». Я ведаю шмат розных загадак.
Пасярод двара
Стаіць гара:
Спераду — вілы,
Ззаду — мятла. (Карова.)

Правільна! Дзеці, а вы ведаеце загадкі? (Так.)
Дзеці (загадваюць Несцерку загадкі па карках з мнематабліцамі):
Дзве маткі маюць пяць сыноў, а кожны з іх адно імя. (Рукі і пальцы.)
Хвост мой пушысты,
Кажух мой агністы,
Хітрай называюць
I курэй хаваюць. (Ліса.)

Два брушкі,
Чатыры вушкі. (Падушка.)

Несцерка. Малайцы! Наш цягнік чакае нас.
Дзеці «едуць на цягніку», на экране з’яўляецца малюнак станцыі«Павучальная».
Несцерка. Дзіўная назва ў станцыі! Гэта таму, што нас тут сустракаюць прыказкі і прымаўкі — мудрасць народа. Ці ведаеце вы прыказкі і прымаўкі пра асвету?
Дзеці называюць прыказкі і прымаўкі:
- Вучэнне — свет, а невучэнне — цемра.
- Дрэнныя тыя рукі, што не ведаюць ніякай навукі.
- Вучыцца ніколі не позна.
- Што напісана пяром, не вырубіш тапаром.
- Навука даражэй за ўсякае багацце.
- Не той шмат ведае, хто доўга жыў, а той, хто шмат вучыўся.
- У каго веды — у таго і сіла.

Несцерка. Дзякую, мае даражэнькія, што
так мяне і сябе пацешылі. Жарты, дражнілкі,
забаўлянкі, загадкі, прыказкі, прымаўкі — гэта ўсё скарб нашага народа.
Доўга скарб збіралі гэткі
I матулі,
I дзядулі,
Каб яго пачулі дзеткі,
Каб дарослыя пачулі.
П. Макаль

Сёння мы з вамі назбіралі яго многа ў маю торбу. (Дэманструе кнігу ў торбе.) Я пакіну торбу вам. Не забывайце гэты скарб, шануйце яго, карыстайцеся ім у паўсядзённым жыцці! Дамовіліся? (Так!) Тады светлым будзе ваша жыццё! А зараз надышла пара вяртацца. Сядайце ў цягнік.
Дзеці «едуць на цягніку». Гучыць казачная музыка, на мультымедыйным экране з’яўляецца выява дзіцячага сада.
Несцерка. Вось мы і вярнуліся. Што мы рабілі ў нашым падарожжы? (Адказы дзяцей.) А зараз час развітвацца. Як гэта зрабіць па-беларуску? (Да пабачэння, бывай здаровы, да сустрэчы, пабачымся, усяго найлепшага, шчасліва, пакуль, бывай.) Усё так. Але мне больш за ўсё падабаецца так: бывайце здаровы, жывіце багата! Давайце так і развітаемся.
Развітваюцца, Несцерка выходзіць з залы пад гучанне аўдыязапісу песні «Бывайце здаровы».

ЛІТАРАТУРА:

1. Читаем детям : хрестоматия : пособие для педагогов учреждений дошкольного образования. В 3 т. Т. 1. До 3 лет / сост.: А. Н. Саченко, Л. А. Смаль. — Минск: Экоперспектива, 2015.
2. Дубініна, Д. М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д. М. Дубініна, А. А. Страха, Д. У. Дубінін. — Мазыр : Белы Ве- цер, 2014.
3. Залаты клубочак: загадкі, лічылкі, скорагаворкі / уклад. У.А. Васілевіч; маст. Т. П. Беразенская. — Мінск: Маст. літ., 2007.
4. Мудрасць жыцця: прыказкі, прымаўкі / уклад. А. I. Гурскі; маст. Т. П. Беразенская. — Мінск: Маст. літ., 2007.

Яшчэ на гэту тэму:

"Дала мне маці гэту мову!"     Любі, ведай, шануй роднае слова!