сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г I. ГАРЭЛІК, настаўніца ДУА «Чэрнікаўшчынскі вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа» Дзяржынскага раёна. Беларуская мова і літаратура 2017/12

«Прыйшла каляда да вашага двара!»

Сцэнарый школьнага свята для вучняў VI—IX класаў

У зале або ў музейным пакоі па-святочнаму прыбраны куток «Беларуская хатка». У куце на сене стаіць куцця.

Вядучы.
Сёння ў нашай хаце свята!
I гасцей як тут багата!
Усіх на свята запрашаем
I сардэчна вас вітаем —
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей.

Уваходзіць гаспадар. Гаспадыня каля печы гатуе посныя стравы на стол.

Гаспадар. Жонка!
Гаспадыня. Што табе трэба?
Гаспадар. Жонка, а жонка! Нешта ў нашай хаце сёння дужа горача.
Гаспадыня. Дык я ж тры дні ў печы паліла, пякла, варыла, хачу, каб калядоўшчыкі зайшлі, нашай хаты не міналі. Ой, стамілася я з усім гэтым. Жывём мы з мужам небагата: ёсць у нас пяць авечак, парсючок, куры, гусі, качаняты і адзін певень чубаты.
Гаспадар. А я вось сена на стол прынёс. Рыхтуй, жонка, абрус. (Дастае сена і раскладвае па ўсім стале.)
Гаспадыня (засцілае стол святочным абрусам і ставіць розныя посныя стравы). А я блінкоў напякла, кашы наварыла, вушкі з грыбамі, аўсяны кісялёк. Сядай за стол!

Гаспадар і гаспадыня садзяцца за стол.

Гаспадар (выцягвае з-пад абруса саломіну ). О, які добры ўраджай будзе ў нас сёлета! Жонка, паглядзі, якую я доўгую саломіну дастаў.
Гаспадыня. I сапраўды, якая доўгая саломіна! Гэта вельмі добрая прыкмета. (Са стала падаюць лыжкі.) Ой, нешта лыжкі пападалі. Мусіць, госцікі да нас завітаюць.

Чуецца стук у дзверы. Уваходзяць калядоўшчыкі з песняй «На новае лета». У руках драўляныя лыжкі, пранік, качалка.

На новае лета
Хай родзіцца жыта!

Прыпеў:
Шчодры вечар,
Багаты вечар*.

Жыта, пшаніца,
Усяка пашніца.

Жадаем табе,
Слаўны гаспадару...

Піва варыці,
Сыноў жаніці.

Пасаг збіраці,
Дачок выдаваці.

Залезь на баляску
I дастань каўбаску.
__________________ * Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.

Калядоўшчыкі паказваюць на дамашнюю каўбаску, якая вісіць каля печы.

Першы калядоўшчык. Вечар добры ў хату!
Гаспадар і гаспадыня. Добры вечар, добры вечар!
Другі калядоўшчык. Ці дома гаспадар?
Гаспадар. Дома, дома, каўбасу з печы дастае.
Трэці калядоўшчык. А ці дома гаспадыня?
Гаспадыня. Дома, дома, сталы прыбірае.
Чацвёрты калядоўшчык.
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму,
Нам не хочацца чакаць —
Загадай калядаваць.
Гаспадар і гаспадыня. Калядуйце, любыя, калядуйце, даражэнькія.
Першы калядоўшчык. Мы віншуем вас са святам. Шчасця вам, усяго багата!
Другі калядоўшчык. Каб была ў вас пшаніца, як прыгожая дзявіца!
Трэці калядоўшчык. Каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы!
Чацвёрты калядоўшчык. Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі!
Першы калядоўшчык. Каб козы мэкалі, а бараны бэкалі!
Другі калядоўшчык. Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва!
Трэці калядоўшчык. Шчодрага вам лета, багатага хлеба!
Калядоўшчыкі (разам). Сто год жывіце, дзетак расціце. Мы прыйшлі спяваці, шчасця вам каваці. Добры вечар, шчодры вечар!
Гаспадар і гаспадыня. Дзякуем, дзякуем!
Першы калядоўшчык. На тваім двары ўсе агні гараць!
Другі калядоўшчык. Усе агні гараць, ды сталы стаяць!
Трэці калядоўшчык. Усе сталы стаяць пазасціланы!
Чацвёрты калядоўшчык. Усе хлябы ляжаць павыпяканыя.
Калядоўшчыкі (разам). Добры вечар вам! Ці рады вы нам?
Гаспадар і гаспадыня (разам). Мы рады, ды вы хто такія?
Калядоўшчыкі (разам). Мы людзі простыя, з далёкага краю.
Гаспадыня. Адкуль ідзяце?
Першы калядоўшчык. Ідзём мы ад пана Года, што носіць бараду шыроку, як лапата, сіву ды калмату.
Другі калядоўшчык. Мы к лету ідзём, казу вядзём ды шчасце нясём.
Трэці калядоўшчык. Ці шырокія сцены, каб нам пагасцяваць? Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Гаспадыня добрая і вельмі шчодрая, але за што вас частаваць? 3 чым вы прыйшлі, калядоўшчыкі?
Чацвёрты калядоўшчык.
Гаспадынечка, як маліначка,
Не будзь такая, як шэльма злая!
Запалі свечачку, пайдзі ў клетачку,
Набяры мядочку цэлую бочку,
А будзе мала — дай кусок сала.
Першы калядоўшчык.
Мы прыйшлі да вас
3 казою шэраю, вясёлаю.
Гэй-га, каза,
Гэй-га, шэра!
Ну-ка, козачка, павярніся,
Усім нам пакажыся.

Каза важна ходзіць па хаце.

Другі калядоўшчык.
Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
Лезь, каза, на пол,
Пакажы хахол.
Каза (кажа і адначасова паказвае).
Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць.
Дзе каза рогам, там жыта стогам.
Дзе каза хвастом, там жыта кустом.
Дзе каза нагой, там жыта капой.

Калядоўшчыкі ходзяць вакол казы і спяваюць песню «Го-го-го, каза».

Го-го-го, каза, го-го-го шэра!
Дзе ты хадзіла? Дзе ты блудзіла?
А я хадзіла, а я блудзіла
Па цёмных лясах, шырокіх лугах.
А ў ляску, ляску на жоўтым пяску
Я стамілася, павалілася.

Каза падае і робіць выгляд, што памірае.

Гаспадыня. Ай, ай, памерла каза! Божа ж мой!
Трэці калядоўшчык. У нас каза вучоная, любіць пачастункі, хоча падарункі.
Гаспадыня. Зараз, зараз. Так добра яна спявала, зарабіла пачастункі.
Чацвёрты калядоўшчык. Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала!
Першы калядоўшчык. А на кожны ражок павесіць піражок.
Другі калядоўшчык. Паўмеркі жыта, каб каза была сыта.
Трэці калядоўшчык. Паўмеркі аўса, каб каза расла.
Гаспадыня.
Вось табе, каза, на правы рог Вялікі пірог!
На другі рог — два кальца каўбасы.
А на хвасточак — сала кусочак.

Каза падымаецца, матае галавой, дзякуе.

Чацвёрты калядоўшчык.
Ну, каза, падбірай ногі,
3 хаты выхадзі,
Бяду вывадзі,
Хай уцячэ хутчэй
Ад людскіх вачэй.
I ў гэтым дому
Не шкодзь нікому.

Каза робіць выгляд, што выносіць з хаты ліха.

Першы калядоўшчык.
Мы хадзілі, гулялі, калядавалі,
Прыйшлі к гаспадарчаму сталу,
Гаспадар наш, бацюшка,
Пачастуй гасцей.
Гаспадар.
Але за што вас частаваць?
Трэба песню заспяваць.

Калядоўшчыкі спяваюць песню «Ой калядачкі».

Ой, калядачкі, бліны-ладачкі.
Ой, люлі, люлі, бліны-ладачкі.
Ой, калядачкі, вы хутчэй, хутчэй.
Ой, люлі, люлі, вы хутчэй, хутчэй.
Напячом бліноў мы з дражджэй, з дражджэй.
Ой, люлі, люлі, мы з дражджэй, з дражджэй.
А калядныя бліны ладныя,
Ой, люлі, люлі, бліны ладныя.
Ой, калядачкі, вы вярніцеся,
Ой, люлі, люлі, вы вярніцеся.
На нас, міленькіх, агляніцеся.
Ой, люлі, люлі, агляніцеся.
Мы калядачкі наравіць будзем.
Ой, люлі, люлі, наравіць будзем.
Ой, на ігрышчы ўсе мы хадзіць будзем.
Ой, люлі, люлі, ды хадзіць будзем.

Гаспадыня. Вось дык танцоры, вось дык малайцы. Пасядзіце ў нас, пачастуйцеся. Усё ў нас ёсць — і квас, і каўбаска.

Калядоўшчыкі садзяцца за стол і частуюцца. Раптам чуецца стук у дзверы. Уваходзяць цыган з цыганкай. Цыган вядзе мядзведзя.

Цыган.
Добры вечар, гаспадару!
Вынесі ты нам каўбас пару.
Пахадзі каля печкі,
Пакаштуй перапечкі.
Гаспадар. А чым ты нас, цыган, парадуеш?
Цыган.
Я цыган багаты,
У мяне ў адным кармане
Вош на аркане, а ў другім —
Блыха на ланцугу.
Гаспадар. Таксама ў мяне мядзведзь ёсць. Мой мядзведзь калматы, злавіў яго дзед барадаты, ён мёд хацеў увесь злізаць, ну як тут было не схапіць яго ды на ланцуг не ўзяць. Зараз пацешыць вас, паслухмяны ён у нас.

Цыган з мядзведзем выходзяць на сярэдзіну хаты.

Цыган. Кланяюся нізка ўсім, Мішка таксама кланяецца. (Мядзведзь ківае галавою.) А ну, Міша, пакажы нам, як бабы хлеб месяць, як дзяўчаты перад люстэркам упрыгожваюцца, як мужык Янка з кірмашу дамоў вяртаецца. (Мядзведзь паказвае.)
Гаспадыня. Ну, а ты чым нас парадуеш, цыганка?
Цыганка. Я добра спяваю, танцую, гадаю.
Гаспадыня. Ну, здзівіла. У нас сваіх спевакоў і танцораў хапае. А вось паваражыць... Паваражы майму Лявону.
Цыганка. Залаты мой, дай я табе паваражу. Што было, што ёсць, а што яшчэ будзе. Хадзі, даражэнькі, да мяне, каб твая гаспадыня не чула. Дай мне сваю далонь. О... о... Усё бачу, зараз табе раскажу. Пакладзі сюды грошы, пазнаеш усю праўду, мой харошы. (Гаспадар дае ў руку грошы.) Бачу, бачу... Будзеш ты, Лявон, вельмі багатым, будзе ў цябе шмат золата.
Гаспадар. Навошта мне тваё золата, калі ў мяне даляры ёсць.
Цыганка. А як у цябе даляры ёсць, дык лагодна зірні на мяне. Бачыш, якая рыжая каса, ну чым я не краса?!

Гаспадар стаіць нерухома.

Гаспадыня. Лявон, чаго стаіш як укапаны? Частуй гасцей.

Гаспадар ідзе да гасцей і частуе іх.

Другі калядоўшчык. Засядзеліся мы ў вас, дарагія гаспадары. Ужо нават і першыя пеўні хутка пачнуць спяваць.
Трэці калядоўшчык.
Гаспадар, будзь здароў,
Як рыжык бароў,
Жыві ў раскошы,
Май торбу грошай.
Чацвёрты калядоўшчык.
Збожжа поўныя клеці,
Павагу на свеце,
I ўсяго даволі,
I бяды ніколі.
Першы калядоўшчык.
А вы здаровы бывайце
Ды праз год нас чакайце.
Шчасця ды долі,
А гора ніколі!
Другі калядоўшчык. Каб доўгія гады жылі, каб здаровы былі і пра нас не забываліся.
Трэці калядоўшчык. Каб вяліся свінні і авечкі, а вы жылі як чалавечкі.
Чацвёрты калядоўшчык. Каб ніколі ў вас рукавок не быў за ручнічок.
Першы калядоўшчык. Каб да лета дачакаліся, а зімою з Калядою сустракаліся.
Усе разам. Моцна кахайце, на гэтым бывайце.

Усе выходзяць і спяваюць песню «Бывайце здаровы».

Спіс выкарыстанай літаратуры

Васілевіч, У. А. Беларускі народны каляндар / У. А, Васілевіч. — Мінск : Ураджай, 1993. — 80 с.
Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў / В. Ліцьвінка. — 3-е выд. — Мінск : Беларусь, 2001. — 188 с.
Міхновіч, Н. А. Калядкі / Н. А. Міхновіч // Беларус. мова і літ. — 2000. — № 4. — С. 70—83.

Яшчэ на гэту тэму:

Калядныя акорды     Калядкі