сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. М. АНТОНАВА, настаўніца пачатковых класаў. г. п. Жалудок. Пачатковая школа 2000/1

Прырода - наш дом

Сцэнарый ранішніка ў IV класе

Клас упрыгожаны малюнкамі роднай прыроды. Гучаць у грамзапісе галасы птушак. Вучні чытаюць урыўкі з вершаў.
1-ы вучань.
Лес ідзе да небакраю,
Рэчка, горачка, раўніна.
Вечна сэрцу дарагая
Беларуская карціна.
2-і вучань.
Ля крыніцы — медуніцы,
Дзе даліна — канюшына,
Дзе лясочак — верасочак.
Ой ты, родная мясціна.
3-і вучань.
А пад ветрыкам у полі
Хваляй ціха жыта ходзіць.
На прасторы, на прыволлі
Мне яно настрой лагодзіць.
4-ы вучань.
Жыта наша — з васількамі,
Наша неба — з жаўрукамі.
Апяваюць песняй звонкай
Птушкі родную старонку.
5-ы вучань.
Лес ідзе да небакраю,
Рэчка, горачка, раўніна.
Вечна сэрцу дарагая
Беларуская карціна.
6-ы вучань.
Я красу тваю кахаю,
Рэк, лясоў, палёў гамонку.
Непаўторная, святая
Беларуская старонка.

Вядучы. Цудоўныя краявіды — дубровы, бярэзнікі, лясы — устаюць перад вачамі, калі слухаеш песні птушак. Але ўся гэта прыгажосць можа знікнуць. Чаму? (Вучні адказваюць на пытанне.) Вось у гэтай кніжачцы (паказвае кнігу "Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь"), самым галоўным дакуменце нашай дзяржавы, запісана:

Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.
Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.
Ахова прыроднага асяроддзя — абавязак кожнага.

Чалавек наносіць прыродзе вялікія і малыя раны. Вучоныя-біёлагі ўсяго свету забілі трывогу: прырода ў небяспецы! Калі прыходзіць бяда ў дом, а прырода — гэта наш з вамі дом, то ніхто не павінен застацца абыякавым. Трэба спяшацца на дапамогу. А як гэта зрабіць?
7-ы вучань. У школе мы даведаліся аб правілах паводзін у школе, грамадскіх месцах. Але ёсць яшчэ правілы паводзін у прыродзе. Давайце ўзгадаем іх.
Прадстаўнікі ад кожнай зорачкі называюць адно з правіл паводзін у прыродзе.

8-ы вучань. Нельга ламаць дрэвы і кусты.
9-ы вучань. Нельга рваць кветкі.
10-ы вучань. Нельга раскладваць вогнішчы ў недазволеных месцах.
11-ы вучань. Нельга знішчаць жаб, змей і іншых жывёл. Выходзіць хлопчык, які хоча сарваць кветку ў вазоне.
12-ы вучань. Спыніся! Што ты робіш? Кожная зламаная галінка, кожная сарваная кветка, кожны злоўлены матылёк — гэта маленькая рана, нанесеная прыродзе. I калі адну рану нанясеш ты, другую — твой сябар, трэцюю, чацвёртую, пятую іншыя — што ж станецца з прыродай?
13-ы вучань.
Калі сарву я кветачку,
Галінку зломіш ты,
Калі ўсе на зямлі
Загубяць па раслінцы,
Чым дыхаць будзем мы?
14-ы вучань. 3 кожным годам на нашай планеце застаецца ўсё менш лясоў, забруджваюцца паветра і вада. Знішчаюцца расліны і жывёлы.
15-ы вучань. Многія расліны і жывёлы, якія раней сустракаліся даволі часта, цяпер сталі рэдкімі. Яны занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, створаную ў 1981 г. Гэта сігнал небяспекі, просьба аб дапамозе.
Выходзяць вучні, якія прадстаўляюць жыхароў Чырвонай кнігі: чорнага бусла, бурага мядзведзя, гарлачыкі, кураслеп лясны.
Гарлачыкі белыя і жоўтыя — шматгадовыя водныя травяністыя лекавыя расліны, цвітуць у ліпені — жніўні. Кветкі радуюць людзей сваёй прыгажосцю. На ноч апускаюцца пад ваду. Па гэтых кветках можна вызначыць надвор’е: калі будзе пахмурна, яны таксама хаваюцца пад ваду і днём. Шмат гарлачыкаў на Жалудоцкім вадасховішчы. Ахоўваюцца расліны ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку, Юхавіцкім, Асвейскім заказніках.
Кураслеп лясны — шматгадовая травяністая дэкаратыўная расліна. Кветкі белыя з прыемным пахам. На ноч і ў час дажджу яны закрываюцца і нікнуць. Ахоўваецца кураслеп у Белавежскай пушчы, заказніках “Мазырскія яры”, “Стрэльскі".
Буры мядзведзь — самы буйны драпежнік на Беларусі — хутка бегае, плавае. Ходзіць па лесе асцярожна і амаль бясшумна. Вельмі любіць мёд. Лічыцца, што на нашай тэрыторыі жыве 100 — 120 асобін. Корміцца буры мядзведзь ягадамі чарніц, журавін, малін, жалудамі, парасткамі асіны, рабіны, дубу. Палюе на дзікоў, ласёў, аленяў, казуль. Зрэдку нападае на свойскіх жывёл, разбурае пчальнікі. Жыве 15 — 18 гадоў.
Чорны бусел жыве ў глухіх мясцінах, прылятае ў пачатку красавіка, гнёзды робіць у кронах дубоў, сосен, вольхаў. Корміцца жабамі. 3 даўніх часоў лічылі, што чорны бусел прыносіць бяду, таму яго знішчалі. Гэту птушку можна ўбачыць на рацэ Нёмане каля вёскі Орля. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, заказніках, Белавежскай пушчы.
Вядучы. Але ж гэта яшчэ не ўсе жыхары Чырвонай кнігі. Якія жывёлы, расліны ахоўваюцца дзяржавай?
Вучні адказваюць, а вядучы паказвае выявы раслін і жывёл.

16-ы вучань.
“Чырвоная кніга"
Выдадзена па-беларуску...
Гартаю яе з нейкім сумам
I пачуццём асабістай віны.
Так, нам трэба ахоўваць
Тыя кветкі і жывыя істоты,
Якім пагражае знішчэнне.
С. Шушкевіч. “Чырвоная кніга".
Вядучы. Справа аховы прыроды, як і справа міру, тычыцца кожнага жыхара Зямлі! Па рашэнню ААН кожны год 5 чэрвеня святкуецца Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Наша дзяржава шмат чаго робіць па ахове прыроды.
Паказваюцца кадры дыяфільма аб дзеяннях дзяржавы па ахове навакольнага асяроддзя.
А што мы з вамі зможам зрабіць, каб кожны куточак прыроды стаў нашым домам?
Кожная зорачка агучвае свой лозунг.

1. Многа лесу — не губі, мала лесу — зберажы, няма лесу — пасадзі.
2. Згубіць дрэва — пяць хвілін, вырасціць — сто гадоў.
3. Разбураючы мурашнік, ты разбураеш дом сваіх сяброў.
Вядучы. А ці ведаеце вы свет прыроды, сярод якой жывяце?
Я прапаную вам адказаць на некалькі пытанняў.
Якое дрэва найбольш распаўсюджана на Беларусі? (Сасна.) Чаму? (Непатрабавальная да глебы, вільгаці. Расце ў любых экалагічных умовах.)
Які музычны інструмент робяць з сасны? (Скрыпку.)
Хлопчык заблудзіўся ў лесе. На соснах ён заўважыў імхі і лішайнікі. Як можна вызначыць стораны гарызонта?
Якое дрэва самае даўгавечнае? (Дуб.)

Дуб — дрэва старажытных паданняў, легенд і казак. Нашы продкі лічылі яго свяшчэнным дрэвам бога грома і маланкі Перуна. Дубовая галінка азначала магутнасць. Вянком з дубовых галін узнагароджвалі за воінскія подзвігі. У нашай мясцовасці на дубовых лістах пяклі хлеб, каб людзі былі здаровыя і дужыя, як дубы.

У казцы злая мачыха пасылае маленькую дзяўчынку зімой у лес і загадвае ёй прынесці свежых ягад. Добры чарадзей дапамагае дзяўчынцы і з-пад снегу дастае ягады. Ці можа гэта быць на самай справе? (Так. Гэта брусніцы, журавіны.)

Вы паказалі добрае веданне таямніц роднай прыроды, а значыць, можаце стаць сапраўднымі яе абаронцамі. Дзякуй вам! Няхай цудоўныя птушыныя спевы заўсёды гучаць у вашых сэрцах, а ахова і паляпшэнне навакольнага асяроддзя стане не толькі абавязкам, але і адным з правіл усяго вашага жыцця.



Яшчэ на гэту тэму:

Шчаслівы выпадак     Прыйшла вясна шумлівая