сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірэна Уладзіміраўна МОНІНА — мастак народнай творчасці, выкладчык спецдысцыплінаў гімназіі № 23 г. Мінска. Роднае слова Студзень 2005 г.

Гуканне вясны

Сцэнар вясновага народнага свята

Парады да арганізацыі

Вясна — гэта час, калі дзеці і моладзь могуць знайсці вольную хвіліну для сустрэч і забаў на прыродзе. Таму цяжка вылучыць нейкі пэўны дзень святкавання вясновага каляндарна-абрадавага цыкла, асабліва цяпер, калі ў жывой традыцыі напластаваны і памяць продкаў, і царкоўныя каноны, і жорсткія дырэктывы атэістычных уладаў. Праўда, і хрысціянская царква з яе тысячагадовай традыцыяй на Беларусі, і камуністычная дзяржава за восем дзесяцігоддзяў здолелі толькі перайменаваць спрадвечныя святы, адцягнуць ад іх увагу ды далучыць да сваіх ідэй і сімвалаў. Пошукі Гармоніі, адзінства чалавецтва з прыродай або перамагалі — і тады этнасы квітнелі, або занепадалі — і тады народ пачынаў выраджацца.
Ва ўмовах гарадскіх школ, калі дзеці прывязаны да абмежаванай прасторы і памяшканняў, святкаванне вясны набывае надзвычай важнае выхаваўчае і аздараўленчае значэнне. Кожны дасведчаны чалавек разумее, што горад перанасычаны электрамагнітнымі палямі, ад якіх нават прыборы трэба ізалёўваць. Дзіцячы ж арганізм - гэта цэлая сістэма біялагічных, хімічных, электрамагнітных працэсаў. Вось чаму арыентацыя дзіцячай душы і розуму на Сонца і Сусвет — элементарная ўмова нармальнага функцыянавання асобы. На жаль, плануючы школьны працэс, мы не заўсёды вывяраем яго па гэтым аспекце. Перш чым вывесці дзяцей і падлеткаў на прастору прыроды, трэба даць ім тэарэтычныя звесткі пра вясну як прыродны цыкл у жанрах мастацкай творчасці. А для масавых мерапрыемстваў можна выбраць адзін-два дні ў школе ці на прыродзе. Свята вясны, вядома, можна разглядаць і як мастацкае азнаямленне з фальклорна-міфалагічнай спадчынай народа. Але ў кожным выпадку варта па магчымасці ўзмацняць містычны пачатак, рытуальны бок дзейства. Адчуваць жывы голас абраду, самому рухацца ў рытуале, трымаць у руках сімвалы адраджэння прыроды — гэта санацыя, аздараўленне псіхікі і цела.
Геаграфія Беларусі вымагае прывязваць Гуканне вясны да раўнадзенства. Сапраўды, 18 -21 сакавіка вясну яшчэ трэба клікаць. Ды і на Вялікдзень не кожны год можна ступіць босымі нагамі на зямлю. Таму Сонца набывае самы жыццярадасны змест як носьбіт цеплыні.

Што датычыцца падрыхтоўкі мерапрыемстваў, то яна традыцыйна ўтрымлівае некалькі абавязковых момантаў:

1. Адбор аўдыёзапісаў абрадавых спеваў.
2. Апісанне карагодаў і гульняў.
3. Падбор святочнага адзення.
4. Падрыхтоўка абавязковых сімвалаў з разнастайных матэрыялаў: птушачак з паперы, цеста, саломкі, гліны; сонейка ў малюнках, адзежы, выпечках, драўляным коле, пісанках, выцінанках, вырабах з саломкі.
Непарушным павінна стаць правіла ствараць фанатэку каляндарна-абрадавай музыкі і спеваў, а таксама рабіць фотаальбомы і відэазапісы ўсяго, што мае дачыненне да кожнага каляндарнага свята. Па-першае, гэта гістарычныя дакументы, вартасць якіх з кожным годам узрастае. Такі матэрыял незаменны падчас замежных сустрэч і паездак, бо іншаземцаў заўсёды цікавяць непаўторныя этнічныя і рэгіянальныя асаблівасці народа. Па-другое, уласныя запісы, сабраныя ў фанатэцы, відэатэцы, бібліятэцы, праз год-два могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы чарговага свята, нават урока па адпаведных тэмах. Усё гэтае багацце павінна сістэматызавацца і захоўвацца ў фальклорна-этнаграфічных кабінетах і школьных музеях, а копіі запісаў стануць добрымі сувенірамі для гасцей школы і ў замежных паездках.
Па магчымасці ў тэкстах прыведзены апісанні карагодаў і гульняў, іх можна таксама знайсці ў спецыяльных фальклорных выданнях.
Вясновыя святы - гэта дэманстрацыя святочных убораў. Можна прапанаваць гледачам ацаніць найпрыгажэйшых удзельнікаў. Акрамя таго, трэба адзначыць прызам найлепшы святочны строй гледачоў і удзельнікаў, які найбольш адпавядае вясноваму настрою і сведчыць пра творчы падыход гаспадара да яго падрыхтоўкі.
Нельга прапусціць надзвычай спрыяльны момант для паказу ўзораў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і творчасці ў іншых жанрах, усяго, зробленага сваімі рукамі. Трэба заахвоціць кожнага і асабліва адзначыць лепшыя творы. Атмасфера школы, настрой настаўнікаў павінны быць такімі, каб ніводная праява творчасці не засталася незаўважанай, няўхваленай!
На вясновых святах у школе абавязкова павінна быць кола, найлепш ад калаўрота, бо яно — увасабленне Сонца. 3 галінак дрэў трэба рабіць не букеты, а святочныя сімвалы для кожнага ўдзельніка — на каляровых стужках падвешваць птушачак з саломкі і цеста. Акрамя жаваранкаў, з паперы можна рабіць і іншыя прадметы: кошычкі, місачкі, ручнікі і да т. п.
Да месца папяровыя, саламяныя ці зробленыя з лучынак ветракі, іншыя цацкі. Кожны дарослы ці малы павінен у гэтыя дні патрымаць у руках сонечныя святочныя сімвалы. Найлепшыя, паўторым, павінны трапіць у калекцыю са звесткамі пра іх аўтара. Не трэба баяцца, што шафы ў кабінетах будуць перапоўнены. I вядома ж, вучні ўсіх узростаў павінны ўдзельнічаць у свяце: большыя пераважна ў парах, паміж якімі бегаюць з цацкамі самыя малыя.
Нам падаецца, што ў залежнасці ад суквецця талентаў (як настаўнікаў, так вучняў і бацькоў), свята можа быць праведзена ў два этапы: Гуканне вясны і Вялікдзень.

Сцэнар свята

Чытальнік.
Вясна, вясна жаданая!
Ты прыйдзеш зноў, ты вернешся!
Вясёлы спеў, прыветлівы
Вады ў руччах пачуецца.
Ачнецца гай і з песнямі
Ў зялёны ліст адзенецца.
Напоўніць лес птушыны свіст,
Травою луг акрыецца.
А з полудня з маланкаю
Хмурыначка націснецца.
І першы гром, як музыка,
Таемна так пракоціцца,

Гучыць песня "Вол бушуе".

Ноты песні Вол бушуе
Вол бушуе - вясну чуе, (2)
Воран крача - сыра хоча;
Воран крача — сыра хоча, (2)
Дзеўка плача — замуж хоча.
— Не бушуй, воле, пойдзеш ў поле, (2)
— Да і ў полі наарэшся.
Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж, (2)
Да й замужам нажывешся.
Наараўся вол, улёгся, (2)
Воран крача, сыра з’еўшы.
Воран крача, сыра з’еўшы, (2)
Дзеўка плача, сына меўшы.

Чытальнік.
Уцякай, Мароз-дзядуля,
Чуеш ты, стары, ці не?!
На пагорках булі-гулі,
Песня чуецца вясне!
А зіма аж пачарнела,
Годзе ей ўжо кроены ткаць.
Гэй, маленства, гучна, смела
Выйдзем весну сустракаць!

Малыя з галінкамі у карагодзе заклікаюць "Жавароначкі, прыляціце".

Ноты песні Жавароначкі прыляціце
Жавароначкі, прыляціце!
Вясна-красна на ўвесь свет!
Вясну красную прывядзіце!
Ідзе вясна, йдзе красна!
А зімушку праганіце!
Вясна-красна на ўвесь свет!
Бо зімушка надаела,
Ідзе вясна, йдзе красна!
Многа хлебушка пераела,
Вясна-красна на ўвесь свет!

Чытальнік.
Жаваронак, рання птушачка,
Чаго так рана з выр’ю вылятаеш?
А там пры даліне — там ляжаць крыгі,
А там пры дарозе — снягі і марозы.
Жаваронак.
А я тыя крыгі крыламі разаб’ю,
А я тыя марозы нагамі растапчу.
Чытальнік (рытмічна прамаўляе):
Сонейка, выйдзі
Зімою ў вазочку,
Зіму замыкаці,
Вясною ў чаўночку,
Зіму замыкаці,
А ў цёплым леце
Вясну заклікаці!
У залатой карэце!
Адзін з малых.
Сонейка, сонца!
Выглянь у ваконца,
Выскаль мне зубкі,
Дам табе бубкі!
Малая (прытанцоўвае).
Ты пчолка яра,
Ты вылець з-за мора,
Зіму замыкаці,
Вясну сустракаці!
Ты вынесі ключыкі,
Ключы залатыя,
Сцюжы замкнутыя!
Адамкні нам летачка,
Летачка і кветачкі!
Чытальніца.
Прыйдзі, прыйдзі, Вясна,
Абудзі са сна,
Падыграй таночак,
Прынясі нам красак...
Чытальнік.
Пірагоў, каўбасак...
Чытальніцы.
Падыграй таночак,
3 намі зві вяночак!

З’яўляецца Ліхая баба — мокрая Снягурка.

Ліхая баба.
Ваша вясна,
3 мокрага ветру красна,
3 току саломку вытрасла,
3 пуні сянца вынесла.
3 засекаў муку вымела,
3 кубельца сала вынула.
Лепш бы нам бохан хлеба прынясла
Ваша смаркатая вясна,
Ды ступу солі,
Ды сала чым болей!
Жаваронак.
Дзяўчаткі, звіце вяночак,
Дзяўчаткі, вядзіце таночак!
Я да вас з сонейка лячу,
Злосную Бабу-Снягурку нагамі растапчу!
Чытальнік.
Уцякай, мокрая бабуля!
Чуеш Жаваронка, ці не?
На пагорках булі-гулі,
Песні чуюцца вясне!

Карагод.
Вясна, вясна жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся!
Зялёны ліст
І птушак свіст
На жыта род,
На статак плод,
На пчолкі мёд!
На вяночкі заплятаныя,
На вясёлы карагод!

Чытальнік.
Шуміць-гудзе, вясна ідзе...
Шчасце й радасць людзям нясе.
У небе песня зазвінела,
Лясы, палі абудзіла.
Пралесачкі зацвіцелі
I птушачкі прыляцелі.
Вол бушуе - вясну чуе,
Дзеўка плача — замуж хоча.
Досыць, дзевачка, плакаці,
Пойдзеш замуж - нажывешся.
Прыбягаюць дзеці з цацкамі-ветракамі, спяваюць.
Едзіць вясна, едзіць
На залатым кані,
У зялёным саяні,
На сасе седзячы,
Сыру землю аручы,
Правай рукой сеючы,
А смыком скародзячы.
Вязець, вязець вясна,
Вязець, вязець красна
Ясныя дзянёчкі,
Чыстыя дажджочкі,
Зялёныя травы,
Красныя цвяточкі
Нам на вяночкі.

Выходзіць дзяўчына ва уборы Вясны і малыя дзяўчаткі, упрыгожаныя вяночкамі, кветкамі, усе трымаюць у руках папяровых птушак. Спяваюць вяснянкі з прыпевам "Вясна красна на увесь свет" і "Зялёны явар кудравы". У дзіцячых прыгаворках выкарыстоўваецца не мелодыя, а рытм (прыгадаем "Дожджык, дожджык, секані, я паеду на кані / бабу з поля прагані").
Зазначым, што асаблівасць фальклору — "імправізацыя ў межах канона".
3 прыходам дзяўчыны-Вясны ўдзельнікі спяваюць за сцэнай або ў карагодзе (ці гучыць музычны фон дзеяння), да якога могуць далучыцца чытальнікі.


Чытальнікі.
Завілася пчолка над варотамі.
Гэй люлі, гэй люлі.
Красна сонца заіграла над людзьмі.
- Што ж ты, Вясна, наша красна, прынясла?
Вясна.
- Прынясла цёпла летца для вас.
Малым дзеткам па яечку,
Старым бабкам па кіёчку,
Красным дзеўкам па вяночку,
Маладушкам па сярпочку.
Стары бабкі чапцы шыці,
Красны дзеўкі вянкі віці,
Маладушкі жыта жаці.
Красны дзеўкі на вулачку,
Маладушкі за люлечку.
Красны дзеўкі гулі ды гулі.
Маладушкі люлі ды люлі.
Чытальнік.
А ўжо недалечка краснае яечка,
Зялёны явар кудравы.
I пірагі з мясам, і мядовік з квасам,
Зялёны явар кудравы.
Босымі нагамі ходзім з пірагамі,
Зялёны явар кудравы.
Нам не трэба санкі, мы нясём пісанкі,
Зялёны явар кудравы.
Велікодным ранкам у рэшаце пісанкі,
Зялёны явар кудравы.
Сонца, сонца цэлы дзень.
Мы святкуем Вялікдзень.

Вясна.
Хай загляне сонца
Кожнаму ў ваконца!
Хай выходзяць дзеці
Вясну шчасну пеці!
Дзеўка і кабета,
Дужа будзь на лета,
На буйное жыта,
Каб былі ўсе сыты!
Каб нашае жыта
У трубы павілося,
Набок схілілося
На далонь калоссе!
На полі снапамі,
У гумнах пад цапамі,
У млыне прымольна,
У дзяжы падходна,
У печы пячыста,
На ручнік краіста,
Багата і чыста,
На стале ўкройна,
Сям’і на здароўе!
Вясна шчасна на ўвесь свет,
Каб жаніў унукаў дзед!
Каб зямлю нагрэла сонца,
Каб чмялі гулі бясконца,
Каб жылося і вялося,
Каб елася і пілося,
Каб пілося і елася
І спяваць хацелася!

Абрадавая дзея пераходзіць у "чыстую забаву". Калі дагэтуль словы і спеў мелі магічны сэнс і ўздзеянне, то далей ідзе звыклая рэкрэацыя. У рэжысуры гэта прыём плаўнага пераходу ад відовішча да адпачынку. Заключны акт мерапрыемства абвяшчае мелодыя песні "Явар яваровы".

Завадатары.
Явар, яваровы людзі, Што вы тут рабілі?

Удзельнікі.
Мы рабілі моста
На пана старосту.
Перша капуста,
Друга распуста.
Сцежкамі запускалі,
Аднаго з іх застаўлялі
Перша малявана,
Друга затрымана.
Ты куды ідзеш — улева ці управа?

Гэта сігнал для ўдзельнікаў гульні. Завадатары — два хлопцы — утвараюць браму, стаўшы твар у твар і паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы, пачынаюць спяваць. Удзельнікі праходзяць гужам пад брамай, на словах "затрымана" брама зачыняецца — гэта значыць, нехта апынуўся паміж рук завадатараў, якія пытаюцца: "Ты куды ідзеш — улева ці управа?" Затрыманы адказвае і адпаведна становіцца за правым або левым "шулам брамы", кладучы далоні выцягнутых рук на плечы таго, каго ён выбраў. Гульня пачынаенца зноў, але удзельнікі праходзяць гужам у абедзве аркі брамы. Потым у 3-ю, 4-ю і г. д., пакуль не застанецца адзін удзельнік.
Ён абвяшчае новы строй — ручаёк, і першы праходзіць ззаду праз ручаёк, выцягваючы наперад абранага ім. Новая гульня-працяг суправаджаецца новым спевам.

Ноты песні Вясна на калочку
Вясна, вяс(ы)на на калочку,
Не напрала на сарочку.
Вясна, вяс(ы)на на прыпечку,
Не напрала на світачку.
Вясна, вяс(ы)на да й на печы,
Не напрала да й на плечы.

Першы радок кожнай страфы паўтараецца.
Іншыя гульні і забавы падбіраюцца арганізатарамі свята.

Такім чынам, магічныя дзеянні спалучаюцца з побытам святочнага дня — гульнямі, забавамі, узнагародамі. Але надзвычай важна, каб не было сімволікі і рытуалаў іншых каляндарных абрадаў, акрамя пазначаных вышэй. Таму да месца будуць узоры выцінанак-вяснянак. Іх можна выкарыстоўваць як паштоўкі-вітанкі і віншаванні. Паводле ўзораў выцінанак можна распісваць валачонне — велікодныя фарбаваныя яйкі. Найлепшыя узоры пісанак можна запоўніць расплаўленым воскам. Абавязкова сфатаграфуйце пісанкі і збярыце альбом з подпісам аўтара.

Вясёлых святаў!



Яшчэ на гэту тэму:

Ой, Вясна вясёлая     Гуканне вясны