сцэнарыі святаў на беларускай мове

Часлава СТАНІШЭЎСКАЯ, Ірына ЮРЧУК, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 94 г. Мінска. Роднае слова. Май 2011 г.

"Жыві і помні..."

Літаратурна-музычная кампазіцыя

На экране дэманструецца мультымедыйная прэзентацыя.

1-ы вядучы. Мы хочам правесці вас па зямлі, якая для нас найдаражэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут.
Якая яна, мая зямля?.. Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, пушчы, падобныя да гатычных храмаў, бясконцыя стужкі рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца. Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.
Меднастволы, як выліты, высіцца бор,
Зацвітае на ўзлессі блакітны чабор,
Заглядзелася сонца ў люстра азёр, -
Гэта ты, мая Беларусь!..
2-і вядучы. Гэта гераічная і шматпакутная беларуская зямля. Безліч разоў грукаталі па ёй калясніцы вайны, але ніколі, запомніце гэта, ніколі ў гэтых войнах яна не была агрэсарам. Іншая справа, што заўсёды бараніла сваю праўду і веру.
Ты ляці, мае слова, праз палі і лясы,
Прывітайся з краінай маёй дарагою,
Беларусь, я - твой воін адданы і сын,
Мае думкі і сэрца заўсёды з табою.

Гучыць песня "Люблю цябе, Белая Русь" (сл. У. Карызны, муз. Ю. Семянякі).


1-ы вядучы. Мінулае... Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва калі гэтае мінулае - ВАЙНА.
Больш за 65 гадоў адлічыў час, калі Беларусь вызвалілася з-пад фашысцкага іга. Але да сёння засталіся суровая праўда, боль і... памяць.
2-і вядучы. Памяць нашай зямлі... Дык як жа іначай, калі кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у апошнюю вайну. А колькі брацкіх магіл?.. Канцлагеры, дзе кожную хвіліну для кагосьці навекі згасаў свет, і шыбеніцы, і расстрэлы. I ў лясах амаль чатырыста тысяч чалавек пад ружжом, якія часам цаною жыцця абаранялі ад ворага Радзіму.

Пад акампанемент гітары вучань выконвае песню "Дарогі" (сл. Л. Ашаніна, муз. А. Новікава).


1-ы вядучы. Сёння пройдзем гэтымі дарогамі, якія нам нельга забываць, каб глыбей адчуць і шчасце міру, і радасць Вялікай Перамогі. Хай ажывуць у памяці старонкі слаўнага мінулага.
За сцэнай у запісе гучаць словы: "Ад Савецкага інфармбюро. Сёння, 22 чэрвеня 1941 года, у 4 гадзіны раніцы, без аб'яўлення вайны германскія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы межы ў многіх месцах і падверглі бамбёжцы са сваіх самалётаў нашы гарады".
Песня "Свяшчэнная вайна" (сл. У. Лебедзева-Кумача, муз. А. Аляксандрава).


2-і вядучы. Так пачалася Вялікая Айчынная, якая страшэннай віхурай пранеслася па нашай зямлі, разбураючы і знішчаючы ўсё, што стваралася з вялікай любоўю і стараннасцю.
3 першых хвілін вайны мільёны савецкіх людзей розных нацыянальнасцей, пакаленняў і сацыяльных слаёў узняліся на абарону Радзімы.
1-ы вядучы. Год 1941-ы... Легендарны подзвіг здзейснілі абаронцы Брэсцкай крэпасці. Штаб абароны крэпасці ўзначаліў капітан Іван Зубачоў і палкавы камісар Яфім Фамін. Кіраваў абаронай маёр Пётр Гаўрылаў. 22 чэрвеня крэпасць была акружана. Супраць невялікага гарнізона фашысцкае камандаванне накіравала цэлы армейскі корпус. Крэпасць падверглася жорсткай бамбардзіроўцы з паветра і бесперапыннаму артылерыйскаму абстрэлу. Баі ўжо ішлі на подступах да Смаленска, а крэпасць усё стаяла.
Абаронцы крэпасці пратрымаліся каля месяца, хоць у планах захопнікаў адводзілася некалькі гадзін. Пра іх неўміручы подзвіг нам нагадваюць надпісы на сценах крэпасці: "Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!"

1-ы чытальнік.
Зямля зайшлася ад дыму,
Ад грому,
Сярод белага дня - туманы,
туманы...
2-і чытальнік.
Глядзі, зразае вайна,
Як пілою,
Усё, што жыло, што расло,
Што сеялі...

Дэманструюцца кадры з фільма "Брэсцкая крэпасць" (рэж. А. Котт) пра першыя дні вайны, гучыць музыка.

2-і вядучы. Мужныя, цяжкія дарогі 1941-га. Ідуць кровапралітныя баі па ўсёй Беларусі, пад Ленінградам, на шырокіх прасторах Смаленшчыны, Правабярэжнай Украіны.
У пачатку ліпеня 1941 г. савецкае камандаванне вырашыла стварыць лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра. Тры дні ішлі баі ў Барысаве. Жорсткі танкавы бой адбыўся ў раёне Сянно і Лепеля.
Гераічнай і адначасова трагічнай старонкай Другой сусветнай вайны стала бітва за Магілёў. Больш за тры тыдні з 3 да 26 ліпеня 1941 г. войскі 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава адбівалі шматлікія атакі ворага. Бітва пад Магілёвам ста­ла значным укладам у зрыў плана "раптоўнай вайны".

3-і чытальнік.
Год гарачых баёў і суровых нягод,
Год рыдаючых рэк і патоптаных ніў.
Гэты сталлю і полымем хрышчаны год
Нас з нянавісцю кроўю братоў парадніў.
4-ы чытальнік.
Калі над Радзімай пажары шугалі
I неба гуло ад грымот, -
Пад шумнымі соснамі мы прысягалі
Табе, беларускі народ!

1-ы вядучы. Год 1942-і... Баі дні і ночы. Прыкрытыя адступленні. Пакуты мільёнаў людзей, бежанцы, дарогі, узараныя снарадамі, начыненыя мінамі, перагароджаныя калючым дротам.
Змагаецца блакадны Ленінград, ідзе мужная і самаахвярная абарона Сталінграда. Надыходзіць карэнны пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Гітлераўскі план "маланкавай вайны" сарваны.

5-ы чытальнік.
Я нямала прайшоў за вайну дарог,
А цябе такой непаўторнай збярог...
Бой мацнее!
Я хутка к табе прыйду,
Да грудзей набалелых тваіх прыпаду,
Пакланюся лясам і палеткам шырокім.
Толькі цяжка праходзіць апошнія крокі
Да цябе, мая Беларусь!

2-і вядучы. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны Беларусь увайшла як рэспубліка-партызанка. Сёння ўсяму свету вядомы імёны яе сыноў-партызанаў.

Удзельнікі кампазіцыі называюць імёны: Іван Бумажкоў і Фядосій Смалячкоў, Пётр Машэраў і Васіль Корж, Вера Харужая і Канстанцін Заслонаў, Уладзімір Лабанок і Людвіг Сяліцкі, Алена Мазанік і Мікалай Пакроўскі...
Гучыць "Лясная песня" (сл. А. Русака, муз. У. Алоўнікава).


6-ы чытальнік.
Зямля! Не ведала ты, мусіць,
Мужнасці такой сярод вякоў –
Ах, колькі легла ў Беларусі
Яе дачок, яе сыноў...
1-ы чытальнік.
Сорак трэці. Віхура смяротная,
Ёй - ні краю яшчэ, ні канца,
Як ты бачна, бяда ўсенародная,
У паглядзе падлетка-байца.

1-ы вядучы. 1943-і... Год увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як год перамог. Пералом у вайне адбыўся. Абарона Айчыны - асноўная ідэя, якая аб'яднала людзей незалежна ад нацыянальнасці, месца пражывання, рэлігійнай прыналежнасці. Адстаяць Бацькаўшчыну стала святой справай, абавязкам для кожнага жыхара Беларусі. Нішто не магло зламаць волю народа.

2-і чытальнік.
Думаў я, пройдуць зімы і вёсны,
Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны.
Сэрца забудзе часіну цяжкую...
Боль не сціхае. Маўчаць не магу я.

За сцэнай гучаць званы.


2-і вядучы. Гудуць званы. Гудуць журботна і сурова. Над светлымі бярозавымі гаямі, над задуменнымі барамі Лагойшчыны, над Беларуссю, над усёй зямлёю плыве народжаная мемарыяльнай бронзай мелодыя. I ў гэтай трывожнай і ўрачыстай мелодыі гучыць рэквіем і гімн. Рэквіем у памяць мільёнаў расстраляных, павешаных, закатаваных, спаленых жывымі. Гімн людзям, што не скарыліся, не сталі перад ворагам на калені, загінулі з імем маці-Радзімы на вуснах.
1-ы вядучы. Мерна і вечна адбіваюць хатынскія званы наказ будучым пакаленням, напісаны святою крывёю пакутнікаў: "Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць
і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала..."

Сэрца, слухай званы,
Помні ўсё, не астынь,
Як дагэтуль не стыне
На лясной лугавіне
Мая рана, мой боль,
Мая памяць - Хатынь.
3-і чытальнік.
Гарыць агонь.
Шумяць бярозкі
Над горкай памяццю бяды.
Сабраны спаленыя вёскі,
Нібыта ў пантэон, сюды.
4-ы чытальнік.
Яны жывыя,
Ім расці.
Звіняць званы
Над мёртвай вёскай,
Якой на карце не знайсці.
5-ы чытальнік.

Яна навек
У нашым сэрцы.
Што здолелі -
Мы збераглі,
Каб мужных паказаць бяссмерце
На непакоранай зямлі.

Галасы за сцэнай.

Апошні крывавы пажар на Радзіме,
Апошнія мы тут згарэлі жывымі -
Мужчыны, жанчыны
I дзеці...
І дзеці...
I дзеці...
Любуйцеся ж гэтай дзівоснай зямлёю,
Як некалі мы любаваліся ёю -
Мужчыны, жанчыны і дзеці, і дзеці...
I хай вам раскажуць тут нашыя цені,
Як жудасна мы паміраць не хацелі -
Мужчыны, жанчыны і дзеці, і дзеці...
2-і вядучы.
Імем расстраляных,
закатаваных, паўшых
мы вам свет завяшчаем
без слёз, без вайны.
Толькі ў вашых сэрцах,
у памяці вашай
хай ніколі не моўкнуць
нашы званы!

Хвіліна маўчання. Звон узмацняецца...
1-ы вядучы. Гэты звон зліваецца сёння з Бухенвальдскім набатам, з жалобнай музыкай над магіламі ахвяр Дахау, Маўтхаўзена, Асвенцыма (Аўшвіца), Лідзіцэ, Арадура, Трасцянца. Сёння з намі гаворыць сама Гісторыя, гаворыць Подзвіг, гаворыць вечная Памяць пра людзей, якія згарэлі ў пякельным агні вайны, памерлі ад голаду, здзекаў, былі закатаваныя фашыстамі.
Вечная ім Памяць!
Верш "Дзеці вайны"Пімена Панчанкі.

Гучыць мелодыя песні "Два полі" (муз. Э. Ханка, сл. А. Вярцінскага). Вучні ў рытме музыкі рэчытатывам выконваюць верш.


6-ы чытальнік.
Праклён табе, разбойніцкая бомба!
Ты свіснула на досвітку ружовым
Над нашым сном, над нашай мірнай хатай
Іржаваю пілой праскрыгатала,
На два жыцці, на дзве балючыя часткі
Распілавала нашу маладосць.
I ў тым жыцці, што толькі перажыта,
Цвілі рамонкі, даспявалі вішні,
Зязюля кукавала, паравозы
Густымі галасамі запрашалі
Завезці нас у Крым ці на Каўказ.
А на стале маім ляжаў самотна
Пачаты ліст да той, да сінявокай...
I - новае жыццё! Яго абрысы
Я не паспеў тады яшчэ разгледзець,
Аслеплены пажарамі вайны.

Выконваецца ўрывак з верша "Рэквіем па кожным чацвёртым"Анатоля Вярцінскага.

1-ы чытальнік.
Вы бачылі лес,
дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той,
дзе кожнай другой няма сасны
ці сама меней - чацвёртай?
Тое ж было і з народам маім.
Сякера ваеннай навалы
прайшлася бязлітасна па ім,
і - прагалы, прагалы.
Яны і сёння не зараслі,
свіцяцца прасторай мёртвай...
Вы бачылі лес,
дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той?..

Інсцэніроўка ўрыўка з апавядання "Метеntо тоrі" Янкі Брыля.
2-і вядучы. Год 1944-ы... Гэта год нашых вялікіх перамог над ворагам. 3 ліпеня была вызвалена сталіца Беларусі - горад Мінск. Гэты дзень сёння адзначаецца як свята вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як Дзень Рэспублікі, як Дзень Незалежнасці.
1-ы вядучы. Год 1945-ы... Гэта год вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Еўропу. Савецкі салдат выратаваў Чэхію і Славакію, Венгрыю і Румынію, Польшчу і Югаславію, Аўстрыю ад карычневай чумы фашызму. 24 залпамі з 324 гармат салютавала Масква адважным воінам, якія вызвалялі Берлін і ўзнялі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам.

2-і чытальнік.
Зямля закружылася ў гудзе,
Успыхваюць фарбы, плывуць.
Зусім незнаёмыя людзі Цалуюцца.
Плачуць. Пяюць.
3-і чытальнік.
О, ранак Дзявятага мая!
Ты самы шчаслівы ў жыцці.
Салдат незнаёмы ўзнімае
Дзіцятка да сонца: "Расці!"

Песня "Дзень Перамогі" (сл. У. Харытонава, муз. Д. Тухманава).

4-ы чытальнік.
Слава вам, адважныя салдаты
Самай страшнай і святой вайны!
5-ы чытальнік.
Навекі слава доблесным салдатам,
Што пераможна йшлі за свой народ
Ад легендарных камняў Сталінграда
Да брандэнбургскіх выклятых варот!
6-ы чытальнік.
Навекі слава тым, хто ў полі ратным
Загінулі за родныя палі.
За наш народ, за лес народаў братніх,
За дзень наступны усяе зямлі.

2-і вядучы. Сёння ў нашай зале прысутнічаюць ветэраны, удзельнікі той памятнай вайны.
Дарагія ветэраны! Дзякуй вам, што ў нашай краіне цяпер мір, і мы маем магчымасць жыць, вучыцца, радавацца сонцу, ажыццяўляць свае планы і задумы...
Словы пашаны, удзячнасці ветэранам за іх ратны подзвіг.

1-ы вядучы.
Людзі франтавога пакалення.
Людзі легендарных перамог.
Вы-
I слава наша,
I сумленне,
I апора вы
У дні трывог.
2-і вядучы.
Кветкай жывой палымнее
Вечны агонь памяці,
Вечны агонь мужнасці,
Вечны агонь вернасці
Праўдзе,
Народу,
Айчыне сваёй!

Гучыць песня "Майскі вальс" (сл. М. Ясеня, муз. I. Лучанка).

1-ы вядучы.
Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны ліст твой распраўлю рукою старанна.
Узніму з папялішчаў твае гарады я,
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвіла
I у шчасці расла,
Дарагая мая Беларусь!
2-і вядучы.
Хай славіцца дзень нашых подзвігаў мірных
I дзень наш наступны.
Пры Вечным Агні людзі шчасце ўбачаць.
А полымя плешчацца сцягам гарачым
I іскрамі вее.
Каму заляцяць тыя іскры у сэрца,
Яно не счарсцвее ў таго аж да смерці
I не зледзянее.

Спіс літаратуры


Яшчэ на гэту тэму:

Вайна - боль і памяць народа     "І памяць гаворыць з намі..."