сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя ШЧУПЛЯКОВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 п. Дружны Пухавіцкага раёна. Роднае слова Красавік 2010 г.

“Ты кажаш, я не ведаю вайны…”

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Мэты і задачы: пашырыць веды вучняў пра Вялікую Айчынную вайну; дапамагчы ўсвядоміць, што вайна - гэта нястачы, смерць, ахвяры, а мір ва ўсім свеце - шчасце і радасць; выхоўваць патрыятычныя пачуцці і павагу да тых, хто здабываў для нас Перамогу.
Абсталяванне: выстава кніг, малюнкаў, прысвечаных Дню Перамогі; жывыя кветкі; слайдаскоп ці мультымедыйны праектар для дэманстрацыі ілюстрацый.
Эпіграфы:
Я вас прашу, не зведаў хто войны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй -
Каб потым ёй не зарасці травой.
Анатоль Вярцінскі.

Гаварыць,
Лішніх слёз не ліць,
Памяць не любіць слёз.
Заклінаць,
Каб нашчадкаў зямлі
Абмінуў непапраўны лес.

Данута Бічэль-Загнетава.


1-ы вядучы. Амаль 66 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 66 га­доў над намі блакітнае, мірнае неба. I гэта не падарунак лесу. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды змагаліся за тое, каб мы былі шчаслівыя. Няшмат засталося тых, хто, не шкадуючы сябе, крок за крокам праз усе страты, боль, смутак набліжаў Перамогу. Яна прыйшла да нас з яркай, непаўторнай вясной. Гэта свята са слязьмі на вачах. Кожная сям'я захоўвае памяць пра сваіх блізкіх, пра сваіх герояў.
2-і вядучы. Давайце і мы ўспомнім пра людзей, якія прайшлі праз пекла вайны, пра людзей, якія аддалі свае жыццё ў імя Перамогі.

Гучыць ціхая музыка.
Вучань (за сцэнай) чытае ўрывак з верша "Дрэвы забылі пра буры і страты..."Максіма Танка:

Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае загаіла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая!..

Інсцэніроўка песні "Алёша". Гучыць мелодыя песні. Пасля слоў "Цветов он не дарит девчатам, девчатам, / Они ему дарят цветы..." песня абрываецца. На сцэне паступова гасне святло. Гучыць жалобная музыка. Святло запальваецца. У цэнтры сцэны помнік савецкаму салдату (салдат нёрухома стаіць на пастаменце, трымаючыў руках аўтамат). Каля помніка - дзве шарэнгі дзяўчат, апранутых у цёмнае адзенне.


1-ы вядучы. Магіла невядомага салдата. Хто ён? Твой сын, брат, бацька, муж?
2-і вядучы. Сюды ідуць маці, бацькі, якія не дачакаліся сыноў і дачок.
1-ы вядучы. Ідуць удовы.
2-і вядучы. Ідуць унукі, якія ведаюць дзядуляў толькі па фотаздымках.
1-ы вядучы. I кожны думае, што, можа быць, менавіта тут ляжыць яго родны чалавек.
2-і вядучы. Невядомы салдат зрабіў крок у бессмяротнасць.

Да помніка падыходзіць старая жанчына ў чорнай вопратцы. Спыняецца, ускладае кветкі, ціха плача.

Жанчына. Ты тут ляжыш... А я засталася... Дзякуй табе, сынок, за ўсё, што ты зрабіў.
1-ы вядучы. Яна не спяшаецца пайсці адсюль. Яна ўпэўнена, што яе сын ляжыць тут.

Жанчына павольна адыходзіць у глыб сцэны.
Да помніка падыходзяць сівы мужчына і хлапчук. Мужчына становіцца на калені перад чырвонай плітой і цалуе граніт. Хлапчук ускладае кветкі.


2-і вядучы. I старая жанчына, і мужчына, і хлапчук доўга стаяць каля помніка, ведаючы, што менавіта тут ляжыць той, каго не можа забыць сэрца. Прайшло ўжо 66 гадоў, як змоўклі гарматы.
1-ы вядучы. I толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы зберагчы мір.
2-і вядучы. Гэта было 6 найлепшым помнікам загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
1-ы вядучы. Так, сённяшняе пакаленне не ведае жахаў вайны.
2-і вядучы. Але ўзімку і ўлетку, у спёку і сцюжу прыходзяць нашы землякі да брацкіх магіл, каб аддаць даніну павагі загінулым.
1-ы чытальнік дэкламуе верш "На радзіме маёй"Алега Салтука,
1-ы вядучы. Удзячныя нашчадкі схіляюць галовы перад помнікамі героям Вялікай Айчыннай вайны.
2-і вядучы. Пра што яны думаюць?
1-ы вядучы. Мне здаецца, што кожны з нас каля помніка Перамогі думае пра адно і тое: пра смеласць і адвагу салдат, гераізм і самаадданасць партызан і пра ўсіх тых, хто, як мог, набліжаў дзень Перамогі.
2-і вядучы. Перад вачыма паўстаюць старонкі мінулай вайны. Пяцярых сыноў адправіла на вайну беларуская жанчына Настасся Фамінічна Купрыянава. Усе яны загінулі, абараняючы Радзіму. Сын Пётр паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава.
1-ы вядучы. Каля горада Жодзіна з мармуру і бронзы ўзведзены манумент у гонар маці-патрыёткі.
2-і вядучы. У памяці народа навечна засталіся 29 трагічных дзён - менавіта столькі дзён мужна змагаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці і не скарыліся ворагу.
1-ы вядучы. 250 дзён гераічнай абароны Севастопаля.
2-і вядучы. 900 дзён блакады Ленінграда.
1-ы вядучы. 103 дні вялікай бітвы пад Масквой.
2-і вядучы. 201 дзень стойкасці і мужнасці абаронцаў Сталінграда.
1-ы вядучы. 150 дзён змагання на Курскай дузе.
2-і вядучы. Увесь народ узняўся на абарону Радзімы: фашысты не шкадавалі ні жанчын, ні старых, ні дзяцей.
1-ы вядучы. Дзеці вайны... Яны рана і хутка станавіліся дарослымі. Не дзіцячы гэта цяжар, вайна, а яны адчулі яго напоўніцу.
2-і вядучы. Дзеці свайго народа, яны адпраўлялі воінам Чырвонай Арміі пасылкі, збіралі грошы ў фонд дапамогі сем'ям ваеннаслужачых. Ваявалі самі.
1-ы вядучы. Званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена Марату Казею, Валю Коціку, Лёню Голікаву і Зіне Партновай.
2-і чытальнік дэкламуе верш "Дзеці вайны" Пімена Панчанкі.

2-і вядучы. У час Другой сусветнай вайны загінула 50 мільёнаў чалавек, з іх - 20 мільёнаў жыццяў савецкіх людзей, аддадзеных за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На сцэну выходзяць салдат і хлопчык.

Салдат. Табе дванаццаць. Ты нарадзіўся і вырас на мірнай зямлі. Ты ніколі не чуў выбухаў снарадаў. Ты бачыш, як будуюць новыя дамы. Ты ведаеш, якое шчасце жыць, марыць. Але ты не ведаеш, што чалавечае жыццё можа абарвацца імгненна.
Хлопчык чытае верш "Ты кажаш, я не ведаю вайны..." Ніла Гілевіча.
Гучыць голас чатырохгадовага хлапчука (за сцэнай):


Раніцай, раніцай...
Рана-раненька, ледзь сонца ўзыдзе...
Я чакаў, што мама прыйдзе па мяне,
Нечым цёплым, цёплым-цёплым ахіне...
Мама прыйдзе, мама ўпросіць вартавых
Адпусціць мяне дадому, да сваіх...
Але раніцы не было.
Але сонца ў той дзень для мяне не ўзышло.
Уначы, калі гуртам
мы плакалі ціха за дротам, -
Засвяцілі пражэктары раптам,
наўсцяж адчынілі вароты I спусцілі на нас
зграю страшных аўчарак вялізных:
Мы не зналі, што іх
доўгі час не кармілі наўмысна...
Пакрамсаны, паклычаны ікламі,
ледзьве жывы,
Я ляжаў і стагнаў на дарозе,
пакуль не дабіў вартавы...
Ніл Гілевіч. А раніцы ўжо не было.


Хлопчык. Скажыце, а вы хацелі б, каб вайна адыходзіла ад нас, вашых унукаў, усё далей? Каб мы забыліся пра яе?
Салдат. Так, мы ваявалі за тое, каб вайна адышла ў нябыт. Але мы ўсё ж хочам, каб помнілі пра нас. Вайна - гэта наша агульная памяць.

На сцэну выходзяць вучні і чытаюць пад гукі ціхай мелодыі ўрывак з паэмы "Гарыць, гарыць мая Лагойшчына"Ніла Гілевіча.

1-ывучань.
У свеце знаюць смутак Лідзіцэ
I Арадур у горкай скрусе.
А партызанкай першай лічыцца
Зямля бясстрашнай Беларусі.
2-і вучань.
Павек забойцаў ненавідзячы,
Мой край і кроплі не прыдумаў
Пра нашых дзевяць тысяч Лідзіцэ
I дзевяць тысяч Арадураў.
3-і вучань.
У нас агонь каціўся вёрстамі,
Па ўсёй зямлі гудзеў лавінай,
Забраўшы кожнага чацвёртага
I - два мільёны з палавінай!
1-ы вучань.
У нас усе бары і ельнікі –
Музеі славы несмяротнай.
Вы знайце гэта, пераемнікі
Вялікай доблесці народнай.
2-і вучань.
Не забывайце сцежкі даўнія,
Што мсціўцы вытапталі ў лесе,
Калі праз ночы легендарныя
Вам светлы дзень насустрач неслі.
3-і вучань.
Не забывайце, што не ўсе яны
Садзяцца сёння між гасцямі,
Што нашы долы-горы усеяны
Не толькі ворагаў касцямі.
1-ы вучань.
Усё, чаму яны не здрадзілі:
I праўду іх, што ў бой вадзіла,
I веру іх, якой не страцілі, -
Спытае заўтра з нас Радзіма.
2-і вучань.
Столькі зведаўшы гора, нягод,
Столькі слёз, і крыві, і агню -
Беларусь, ты на тысячы год
Заслужыла сабе цішыню.
Ні пра што не забыўшы ад той
Гераічнай і грознай пары, -
Больш за ўсё ты вартуеш спакой,
Больш за ўсё цэніш міру дары...
Ніл Гілевіч. А раніцы ўжо не было.

Гучыць фрагмент "Рэквіема" В. Моцарта.
1-ы вядучы. Нашы бабулі і дзядулі спадзяваліся, кахалі, радаваліся жыццю. Але вайна парушыла іх мары.
2-і вядучы. Родныя вы нашы! У смутку вялікім схіліўшы галовы, стаім перад вамі. Вы не скарыліся лютым забойцам у чорныя дні фашысцкай навалы. Вы смерць прынялі, ды полымя сэрцаў вашай любові да нашай Радзімы навек незгасальнае. Памяць пра вас у нас назаўсёды, як неўміручая на­ша зямля і як вечна яркае сонца над ёю!
Паводле гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць".

1-ы вядучы. Пра жудасныя дні вайны нам нагадвае зварот хатынцаў да ўсіх людзей, напісаны святою крывёю пакутнікаў. Ён гучыць як наказ будучым пакаленням:
Людзі добрыя, помніце!
Мы любілі жыццё, і Радзіму,
I вас, дарагія.
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак
Абернуцца ў мужнасць і сілу,
Каб змаглі ўвекавечыць вы
Мір і спакой на зямлі,
Каб нідзе і ніколі
У віхуры пажараў
Жыццё не ўмірала.
Надпіс на мемарыяльным вянцы ў Хатыні.

Гучыць мелодыя песні "Хатынь" (муз. I. Лучанка).
3-і чытальнік дэкламуе верш "Хатынь" Сяргея Законнікава.
4-ы чытальнік дэкламуе верш "Званіце, званы, у Хатыні" Станіслава Шушкевіча.


1-ы вядучы. Вайна... Маладое пакаленне на­шай краіны ведае пра яе па ўспамінах ветэранаў, кадрах кінафільмаў, творах мастацкай літаратуры. Мы захапляемся мужнасцю ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, чуем, як гучыць пераможны салют у маі сорак пятага года.
2-і вядучы. Вайна адышла ў мінулае, стала старонкай гісторыі.
Гучыць "Жалобны марш" Ф. Шапэна. Пад музыку вучні па адной страфе чытаюць верш "Рэквіем' Анатоля Вярцінскага.
1-ы вядучы. Стаяць на беларускай зямлі помнікі, мемарыяльныя ансамблі, абеліскі. Велічныя і сціплыя.
2-і вядучы. Успаміны відавочцаў не даюць нам забыць трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
1-ы вядучы зачытвае ўрывак з успамінаў Ц. Ламакі, жыхара мястэчка Рудзенск.

У ліпені 1943 года настаўнік школы вёскі Рудзенск пасвіў карову каля чыгункі. Немцы, якія ахоўвалі чыгунку, затрымалі яго, абвінаваціўшы ў тым, што гэта ён падклаў міну пад рэйкі. Доўгі час мучылі. Нарэшце перадалі паліцаям, якія яго і расстралялі.
У жніўні 1943 года немцы павесілі невядомага чалавека, абвінаваціўшы ў тым, што ён партызан.

2-і вядучы зачытвае ўрывак з успамінаў Р. Казанцавай, жыхаркі города Мар'іна Горка.

У вайну мне было 14 гадоў. У пачатку вайны яшчэ хадзіла ў школу. Аднойчы, ідучы ў школу, я пераходзіла чыгунку паблізу таго месца, дзе цяпер абсталявана пляцоўка для стаянкі аўтамашын, і ўбачыла жудасную карціну. Паабапал чыгункі ў ледзяной скарынцы лужын ляжалі трупы палонных чырвонаармейцаў. Іх было шмат: дзесяткі, магчыма, сотні. Некаторыя з прахожых баязліва падыходзілі, каб паглядзець, ці няма знаёмых сярод забітых.
На чыгунцы стаяў эшалон, у якім у бок Мінска везлі палонных. Ён спыніўся ў Мар'інай Горцы ноччу.
Стралялі той ноччу бесперапынна і доўга. Прыслухоўваючыся да гэтага жудаснага голасу вайны, мае бацькі нават меркавалі, што высадзіўся савецкі дэсант і дае бой захопнікам. Аднак, як толькі ўзышло сонца і маці выйшла на двор, усе стала ясна: у нашым хляве хаваліся двое палонных, якім пашанцавала пераадолець смяротную зону, што прастрэльвалася з кулямётаў. Пасля па горадзе хадзілі патрулі, шукалі ўцекачоў.
Маці аднесла гасцям кавалачак хлеба і ўвесь дзень малілася, каб ніхто іх не ўбачыў, бо тады фашысты расстралялі б усю нашу сям'ю. Наступнай ноччу ўцекачы пайшлі з нашага двара.
1-ы вядучы. За тое, што на світанні мы чуем песні жаўрукоў, а не выбухі бомбаў, што радуемся цудоўным краявідам прыроды, што нашы вочы свецяцца шчасцем, вялікі дзякуй і нізкі паклон вам, салдаты Вялікай Айчыннай, яе ветэраны!
2-і вядучы. Усё менш застаецца тых, хто абараняў нашу Радзіму. На жаль, час бязлітасны. Тым не менш у нас у гасцях сёння ветэраны.

Слова даецца ветеранам.

1-ы вядучы. Сённяшняй цішынёй, светлым жаданым мірам, бесклапотным дзяцінствам мы абавязаны Вялікай Перамозе.
2-і вядучы.
За свет, з пажару ўратаваны,
за радасць нашых ясных дзён, -
вайны мінулай ветэраны,
прыміце ўдзячнасці паклон!
Вучні дораць ветэранам кветкі.

1-ы вядучы. У глыбокім смутку схіляем мы галовы перад ахвярамі фашысцкай навалы. Ушануем хвілінай маўчання ўсіх тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і быў закатаваны ў канцэнтрацыйных лагерах.

Хвіліна маўчання.
Гучыць песня "Журавли" (муз. Я. Фрэнкеля, сл. Р. Гамзатава).
1-ы чытальнік дэкламуе верш "Урок арыфметыкі" Анатоля Грачанікава.

Інсцэніроўка ўрыўка з драматычнай балады "Радавыя" Аляксея Дударава

Па сцэне мітусяцца людзі. Здалёк павольна-павольна ідзе Дзерваед, Брудны, запылены, расхрыстаны, без каскі. Сівы ўвесь, нават бровы сівыя. Змучаныя вочы ўвесь час глядзяць пад ногі. Цягне за рэмень аўтамат, спатыкаецца. Падыходзіць да сцяны, прытуліўся да яе. На сцэне з'яўляецца маладая бялявая Жанчына з дзіцем на руках. Доўгая, вышываная чырвоным белая-белая сарочка. Стаіць і калыша дзіця. Бязгучна, запаволена.

Дзерваед (цяжка). Жывы, жывы я, Мар'я... Хочаш не хочаш, а жывы... Даруй ты мне... Нацярпеўся... Так нацярпеўся...
Мар'я не адказвае. Калыша дзіця.
Пуста ў маім сэрцы, Мар'я... Выкіпела ўсё... Адпусці ты маю душу! Хоць трошкі на вайну спішы. Хоць трохі, Мар'я...
Мар'я не адказвае. Калышучы дзіця, знікае. Уваходзіць Бушцец. Салянік вядзе Адуванчыка з перабінтаванай галавой. Адуванчык плача.
Бушцец. Ну, вось і ўсё, Мішка... Старыя твае і дзеткі малыя ў Ленінградзе з голаду памерлі ў блакаду, жонку на фронце забіла, сам ты пяць разоў быў паранены і два разы кантужаны і лёг касцьмі на чужой зямлі перад канцом вайны... Два гады пад адным шыняльком спалі, з аднаго кацялка елі. Мне б зараз выць, валасы на сабе рваць... Нават рады, што не мяне сёння, а яго паклалі...
Салянік. Ужо і плакаць не можаш?..
Бушцец. Чым плакаць? Калі б па адной слязінцы на кожную смерць, на ўсё, што бачыў, ды я б па кропельцы распляскаўся ад Ржэва да Германіі...
Салянік. Цяжка табе будзе... Калі ўсё высахла...
Пауза. Уваходзіць старшына Дугін.

Дугін. Бушцец!
Бушцец. Што?
Дугін. Не што, а я! Хадзі сюды...
Бушцец (падыходзіць). Ну, я...
Дугін (шэптам, зацята). Ты ў склепе быў?
Бушцец. У якім склепе?  
Дугін. Ты тут Ваньку не строй... пакажы сваю фінягу!
Бушцец, крыва ўсміхнуўшыся, дастае з-за спіны трафейны эсэсаўскі корцік, падае Дугіну. Той разглядвае.
Бушцец. Ну што ты, старшына... Я б яго выцер ці ў сажалцы спаласнуў... (І нечакана ўзвіўся.) Я з атакі, а не з бульварчыка!
Дугін. Разгаворчыкі! (Спакойна, вяртаючы корцік.) Адным словам, вось што, Сярожа: загад Вярхоўнага ты ведаеш... Ведаеш ці не?
Бушцец. Ну, ведаю...
Дугін. Не "ну"…
Бушцец. Так точна, таварыш старшына! За
жорсткае абыходжанне з мірным насельніцтвам або з ваеннапалоннымі...
Дугін. Вось іменна... Ведаеш. Ты мне блізкі чалавек... Брат. Але звярэць, стаць такімі, як яны, я табе не дам! Чуеш? Яшчэ што-небудзь... я цябе без трыбунала... Сам... Усёк?
Бушцец. Усёк.
Дугін. Мы з табой славяне, Сярожа... I прыйшлі сюды заваёўваць сімпатыю...
Бушцец. А я з немкай жаніцца не збіраюся. Сімпатый мне не трэба.
Дугін. Мне таксама. Тваім дзецям можа спатрэбіцца.
Бушцец. Чаму ж яны пра гэта не думалі?
Дугін. Мы з табой не яны! Я так думаю... Пытанні ёсць?
Бушцец. Табе сны сняцца, Дугін?
Дугін. Я чацвёрты год не высыпаюся...
Бушцец. А я засынаць баюся! Загад... Вярхоўны ў Маскве, а я тут... Бацька, маці, сястрычкі маленькія зямлю параць... Жонку ў канцлагеры спалілі... Мяне ад Люські з вясельнага стала ўзялі пасля першай чаркі... "Горка" нават не крычалі! Ведаеш, што мне сніцца?! Ад самага Ржэва! Вяселле мае. Сядзім за сталом усе ў белым... I перад кожным чарка... А ў чарцы кроў заместа віна... I ўсе госці глядзяць на мяне! Я з Люськай павінен выпіць... Тады ім не давядзецца... Я устаю, бяру гэтую чарку... I прачынаюся... Халодны пот, а ў роце салены смак... (Жорстка.) Пытанні ёсць?!
Дугін. Пайшлі вып'ем... Вайна хутка скончыцца... I трэба будзе жыць... Разумееш, жыць...
Бушцец. Жыць...

Апускаецца заслона.
Гучыць урачыстая музыка. 2-і вядучы чытае пісьмо Невядомаму салдату.

Добры дзень, Невядомы салдат! Мне вельмі шкада, што ты загінуў. Мне здаецца, што ты ўсім сэрцам успрыняў бяду, якая прыйшла на нашу зямлю. Я думаю: ты зрабіў усё для таго, каб ніколі не было на нашай Радзіме стогнаў, крыкаў, каб ніколі не было болю, пакутаў, слёз і смерцяў. Ты, напэўна, хацеў, каб наша зямля была падобна да заквітнелага саду, дзе жылі б шчаслівыя, добрыя, міласэрныя людзі.
Дзякуй табе за тое, што ты абараняў нашу Радзіму. Ты ахвяраваў сабою дзеля мяне, дзеля ўсіх маіх блізкіх. Ты ваяваў за тое, каб на зямлі быў мір, каб людзі жылі ў згодзе. Дзякуй табе за ўсё!
На жаль, і цяпер у некаторых краінах ідуць войны, але, я думаю, людзі будуць змагацца за Мір. Бывай, Невядомы салдат!

2-і чытальнік дэкламуе верш "Надпіс на помніку ў вёсцы Шунёўка" Рыгора Барадуліна.
3-і чытальнік дэкламуе верш "Трасцянец" Анатоля Вялюгіна.
Гучыць песня "День Победы" (муз. Д. Тухманава, сл. У. Харытонава).


Яшчэ на гэту тэму:

Наш доўг – наша памяць     "Мы захаваем для нашчадкаў мір!"