сцэнарыі святаў на беларускай мове

Марыя Сцяпанаўна МАЦЮКЕВІЧ — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №11 г. Салігорска. Роднае слова 1.2001

Пуцяводная зорка беларусаў

Вусны часопіс, прысвечаны Еўфрасіні Полацкай

Мэты: узнавіць веды вучняў пра Еўфрасінню Полацкую, набытыя на "уроках гісторыі Беларусі, дапамагчы ім адчуць, што святая Еўфрасіння стаіць у ліку самых слынных беларускіх постацяў, якімі ганарыцца наша краіна, бо іх жыцці — узор шчырай, ахвярнай любові да Айчыны, да чалавека;
развіваць маналагічную мову, уменне лагічна разважаць, аналізаваць учынкі і паводзіны герояў твораў (на прыкладзе гераіні аповесці Вольгі Іпатавай "Прадыслава");
выхоўваць у вучняў любоў і павагу да гісторыі роднага краю, цікавасць да твораў мастацкай літаратуры, прысвечаных адлюстраванню падзей далёкай мінуўшчыны.

Абсталяванне: абразок Еўфрасінні Полацкай, фотаздымкі фрэсак Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы, выявы асветніцы, фотаздымак Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы, выява крыжа, зробленага Лазарам Богшам, ілюстрацыі вучняў да аповесці Вольгі Іпатавай "Прадыслава", літаратура пра Еўфрасінню Полацкую, выстава кніг пісьменніцы Вольгі Іпатавай, магнітафонныя запісы песняў.

1-я старонка

 "НІБЫ ПРАМЕНЬ СОНЕЧНЫ"

Гучыць песня "Мой родны кут..." (тэкст Я. Коласа, музыка I. Лучанка).

Вучань.
За плячыма ў мяне — курганы, валатоўкі,
Плінфа звонкая храмаў, муры, камяні...
Столькі смутку і веры нязломнае столькі
У дапытлівым назірку строгай радні.
Той радні, у якой нават слова забралі
І тапталі яе, аж касцей чуўся хруст.
Ды, як рунь на палетках, нашчадкі ўставалі,
Кліч над светам не моўкнуў; "Жыве Беларусь!"
Будзіць дзень малады крэўнай долі званіца,
Асвячоная потам, слязой землякоў.
Што было, тое чуецца, бачыцца, сніцца,
Бо не сорак гадоў мне, а дзесяць вякоў.
Мой народ ні агнём, ні мячом не скарылі,
Не купілі за злата душу хіжакі.
Я трымаю "Псалтыр", друкаваныСкарынам,
Як малітву, чытаю Купалы радкі.

Вучаніца.
Прада мной — гарады, вёскі, рэкі, азёры,
Векавыя бары і ў стагах сенажаць.
Нада мной — неба ў чыстых, задумлівых зорах,
Што, як матчыны вочы, у сэрца глядзяць.
Гэты скарб адабраць у мяне немагчыма,
Перад тым, як пайсці за яго ў чорны дым,
Пакладу галаву на калені Айчыне,
На калені ж не стану я ні перад кім.
Ні прад сілай тупой ваяўнічага зброду,
Што на мову дзясніцу пагарды падняў,
Ні прад людам тутэйшым, што выйшаў з народу,
А сапраўдным народам дагэтуль не стаў.
Дык ці ж можна ад роду свайго адцурацца,
Ад дзядоўскіх крыжоў і магіл уцячы?!
Абачніцеся, людзі, каб разам трымацца
Каранёў, што пасобяць наш лес зберагчы.
Беларусь! Словам праўды сляпых,безгалосых,
Неразумных сыноў і дачок наталі.
Хай душа затрымціць, нібы дзятлінка ў росах,
I тады пасвятлее на роднай зямлі.
С. Законнікаў. Слова пра годнасць.

Педагог. Згодна з законам "Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь" урокі і пазакласныя заняткі па літаратуры закліканы спрыяць адраджэнню гістарычнай памяці і нацыянальнай свядомасці, выхаванню чалавека-грамадзяніна, патрыёта Беларусі, добрага гаспадара, адказнага за вынікі сваёй дзейнасці перад сучаснікамі і нашчадкамі. Вядомы літаратуразнаўца, прафесар Адам Мальдзіс лічыць, што чалавека можна параўнаць з птахам, адно крыло ў якога — мінулае, другое — будучае. Калі не дзейнічае адно крыло, то птах траціць раўнавагу, арыентацыю ў часе і прасторы і непазбежна падае ў прорву бездухоўнасці. Слушнае і яшчэ адно сцвярджэнне Адама Восіпавіча: "Калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, ён становіцца перакаці-полем, якому ўсё роўна, што пне: культура, памяць ці зямля". Навучыцца правільна арыентавацца ў часе і прасторы дапаможа наш сённяшні вусны часопіс, які мае назву "Пуцяводная зорка беларусаў" і прысвечаны адной са слаўных старонак нашай мінуўшчыны — жыццю і асветніцкай дзейнасці Еўфрасінні Полацкай — прапраўнучкі славутай Рагнеды. Першая старонка часопіса — "Нібы прамень сонечны" — змяшчае жыццяпіс асветніцы.

Вучаніца. У Евангеллі ёсць цудоўная прытча пра сейбіта, які ранняй вясной выйшаў у поле, каб даверыць зямлі каштоўнае зерне будучага жніва. Ідзе сейбіт па свежых барознах і старанна рассейвае насенне. Частка зерня падае пры дарозе, частка — на камяністую глебу ці ў зямлю, зарослую калючкамі. Але тое, што упала на добрую глебу, дасць у сто разоў багацейшы ўраджай.
Вось такім першым вялікім сейбітам дўхоўнага насення — сярэднявечнай духоўнай культуры, хрысціянскай веры, дасягненняў еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі на старабеларускіх землях — была наша славутая асветніца князёўна Прадслава са слаўнага горада Полацка, якая на заранку нашай гісторыі, у XII стагоддзі, зразумела вялікую ролю асветы ў жыцці народа і аддала гэтай справе ўсе свае здольнасці і сілы.
Яна нарадзілася на пачатку XII стагоддзя ў сям'і полацкага князя Святаслава-Георгія і даводзілася ўнучкай найславуцейшаму з полацкіх валадароў Усяславу Чарадзею. Нованароджанай далі славянскае імя Прадслава. Дакладная дата яе нараджэння невядомая. Супастаўляючы розныя ўскосныя звесткі, адна частка вучоных лічыць гэтай датай 1101 год, а другая сцвярджае, што Прадслава нарадзіла­ся паміж 1104 — 1106 гг. У адной беларускай энцыклапедыі напісана, што гэтая падзея адбылася недзе каля 1120 года, у другой — каля 1110-га.
Бацькі Прадславы былі перадавымі адукаванымі на той час людзьмі. Яе бацька нейкі час жыў у Візантыі, дзе пазнаёміўся з дасягненнямі візантыйскай культуры. Маці дзяўчынкі — сястра візантыйскага імператара Мануіла І Коміна — таксама была высокаадукаванай. Сваёй дачцэ яны пастараліся даць добрае хатняе выхаванне, якое прадугледжвала і навучанне грамаце, што ў часы Кіеўскай Русі сярод жанчын было надзвычайнай рэдкасцю. "Жыціе...", напісанае ў больш познія часы, распавядае, што ўжо ў раннім дзяцінстве яна была навучаная "кніжнаму пісанню", якое ўключала такія прадметы, як чытанне, пісьмо, лічэнне, спевы, а таксама грэцкая і лацінская мовы. У навучанні Прадслава выявіла вялікія здольнасці.
Вестка пра тое, што ў князя ў Полацку расце прыгожая, мудрая і набожная князёўна, разышлася далёка за межы Полацкай зямлі. 3 усіх канцоў Кіеўскай Русі ў Полацк зачасцілі сваты. Бачачы, што сваты прыносяць любай дачцэ толькі горыч, полацкі князь, праводзячы гасцей, гаварыў з паклонам, што дачка яшчэ маладая і да пары да часу няволіць яе не будзе. Але ўрэшце ён вымушаны быў саступіць...
Даведаўшыся, што яе хочуць заручыць з адным маладым князем, Прадслава таемна ад бацькі, маці і ўсіх дамашніх пайшла з бацькоўскага дому ў манастыр, ігуменняй якога была яе цётка Раманава, каб пастрыгчыся ў манашкі. Цётка, бачачы юны ўзрост сваёй пляменніцы ды баючыся гневу роднага брата*— князя Георгія, спачатку была супраць гэтага. Але, адчуўшы непахісную волю пляменніцы, вырашыла прыняць яе ў манастыр. Пры пострыгу ў манашкі Прадслава атрымала імя Еўфрасіння. У гэты час ёй было крыху больш за дванаццаць гадоў. Юная князёўна пераступіла парог манастыра не толькі дзеля таго, каб праводзіць усё жыццё ў малітвах, пастах, у нялёгкай працы. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што яе прывяло сюды жаданне прысвяціць сябе навуцы і асветніцтву, імкненне дасканала авалодаць тагачаснай кніжнай мудрасцю і перадаць іншым людзям. Да гэтага яна імкнулася з ранняга дзяцінства, а шлях да рэалізацыі падобнай жыццёвай мэты ў той час быў толькі праз манастыр. I яна абрала гэты шлях без ваганняў, цалкам адмовіўшыся ад асабістага жыцця.

Вучань. Пасля пострыгу, як сведчыць "Жыціе Еўфрасінні Полацкай", яна вяла сціплае жыццё ў манастыры. Потым, з блаславення полацкага епіскапа Іллі, жыла ў асобнай келлі-"галубніцы" пры Сафійскім саборы. Адсюль і пачалася яе надзвычайная, самаадданая падзвіжніцкая дзейнасць. Яна перапісвала і перакладала з іншых моваў кнігі і, як лічаць некаторыя гісторыкі, вяла Полацкі летапіс. Праз некалькі гадоў дўхоўнага ўдасканалення Еўфрасіння заснавала ў Полацку жаночы, а пасля і мужчынскі манастыры. Пры іх яна адчыніла скрыпторыі — майстэрні па перапісванні кніг, а таксама школы, у якіх дзеці авалодвалі граматай, вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы, спасцігалі навуку красамоўства. Найбольш здольных хлопчыкаў і дзяўчатак вучылі пісаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца. Яна вучыла дзяцей слухацца мудрых, любіць не саміх сябе, а іншых, паважаць старэйшых, ніколі не хлусіць. Ва ўсіх клопатах Еўфрасінні дапамагалі дзве яе сястры, якія таксама зрабіліся манашкамі. Іх звалі Звеніслава і Гардзіслава, а пасля пастрыжэння — Еўпраксія і Еўдакія.
Асветніца збірала вакол сябе і падтрымлівала таленавітых людзей, і таму яе можна назваць нашай першай мецэнаткай. На яе заказ полацкі дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса, а ювелір Лазар Богша стварыў крыж — бясцэнную святыню беларусаў.
Унучка Усяслава Чарадзея ўздымала свой голас супраць княжацкіх міжусобіц, папярэджвала, што братазабойчыя войны могуць прывесці Бацькаўшчыну да пагібелі. Прыклад асветніцы натхняў яе землякоў і наступнікаў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага...
У канцы жыцця Еўфрасіння выправілася ў падарожжа ў Святую Зямлю. Па дарозе былую полацкую князёўну сустракалі з пашанаю. Пра яе самаахвярнае жыццё ведалі ў розных краінах.
У горадзе Ерусаліме падарожніца захварэла і памерла. Пазней яе астанкі перавезлі на Бацькаўшчыну.
Еўфрасіння Полацкая зрабіла для нашага наро­да столькі добрага, што людзі назвалі яе святой. Пасля смерці Еўфрасінню пачалі маляваць на абразах і прасіць у яе дапамогі.
Нашы продкі верылі, што за вялікія заслугі Бог забраў асветніцу на неба, і адтуль яна спрыяе землякам ва ўсіх добрых справах. У Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве ў Полацку захавалася келля, дзе святая пражыла свае апошнія гады. У гэтай царкве знаходзяцца і мошчы святой Еўфрасінні. Дзень памяці нябеснай заступніцы Беларусі святкуецца 5 чэрвеня.  

2-я старонка

КРУГЛЫ СТОЛ "БЕЛАРУСЬ, ТВАЯ ДАЧКА Я"

Гутарка па аповесці Вольгі Іпатавай "Прадыслава"

У выкананні вучняў гучыць песня "Люблю наш край" (верш К. Буйло* музыка М. Равенскага).

Вучань.
Беларусь, твая дачка я.
Зярнятка я, а ты — мая ралля.
Якой жа мовы ад мяне чакаеш
Ты, узрасціўшая мяне зямля?

Бывае так: Радзіму кіне проста,
Забудзе дотык матчынай рукі,
А перад смерцю хоць вады папросіць
Так, як вучылі некалі бацькі.

Без бацькаўшчыны панясе па свеце,
Нібы з карэннем вырваны асот.
О Беларусь! 3 крыніц празрыстых,чыстых
П'ю простых слоў тваіх гаючы сок.
В. Іпатава. Беларусь, твая дачка я...

Педагог. Гэтыя радкі належаць пяру вядомай беларускай пісьменніцы Вольгі Іпатавай. Васіль Быкаў назваў яе прыроджаным празаікам, але пачынала яна не з прозы, а з вершаў, якія пісала і друкавала яшчэ ў школьныя гады. У кнігах паэзіі былі вынесены на суд чытача творы з гістарычнымі матывамі, дзе ўзнаўляюцца ці толькі згадваюцца ахутаныя рамантычнай аўрай постаці Рагнеды і Усяслава Чарадзея, князя Курбскага і дачкі Дуніна-Марцінкевіча Камілы, Адама Міцкевіча і Максіма Багдановіча, паэтызуюцца нашы архітэктурныя помнікі — полацкая Сафія і гродзенская Каложа. Захапленне гісторыяй, старажытнасцю з цягам часу яшчэ больш умацавалася і дало штуршок да з'яўлення шэрагу празаічных твораў, сярод якіх і аповесць пра нашу славутую асветніцу Еўфрасінню Полацкую. Гэты твор мае назву "Прадыслава". Вобраз палачанкі, намаляваны В. Іпатавай, у цэнтры ўвагі на другой старонцы нашага вуснага часопіса — "Беларусь, твая дачка я". Мы праводзім гэтую сустрэчу ў форме круглага стала. Удзельнікаў нашай гутаркі я прашу ўявіць сябе на час княжацкімі дзецьмі.
(Згадваюцца багатая вопратка, дарагая зброя, прасторны палац, смачная ежа, безліч слуг, частыя прыёмы гасцей, балі, святы...)

Педагог. А цяпер уявіце, што кожнаму з вас трэба добраахвотна адмовіцца ад княжацкага жыцця, каб стань манахам ці манашкай, і ў невялікай келлі днём і ноччу перапісваць кнігі, займацца працай, якая патрабуе вялікай цярплівасці і настойлівасці.
(Вучні лічаць, што такі ўчынак неверагодны.)
Педагог. Вось бачыце, вам цяжка ўявіць, што такое магчыма. Але, як вынікае з матэрыялу папярэдняй старонкі нашага вуснага часопіса і з аповесці Вольгі Іпатавай "Прадыслава", у гісторыі Беларусі быў чалавек, які здзейсніў падобнае, — гэта Еўфрасіння Полацкая. Яна належыць да ліку самых слынных беларускіх постацяў, якімі павінны ганарыцца ўсе ў нашай краіне, бо яна — узор шчырай, ахвярнай любові да Айчыны, да ведаў, да чалавека. Паглядзіце, калі ласка, на фотаздымак фрэскі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, на якім збераглася выява нашай першай асветніцы. Вы бачыце яе праніклівы позірк, скіраваны ўдалячынь, у будучыню, пра якую марыла гэтая жанчына — першая беларуская святая, ствараючы падмурак нацыянальнай культуры. Праз восем стагоддзяў глядзяць на нас вочы Еўфрасінні Полацкай. Яна сёння побач з намі, галоўная гераіня аповесці "Прадыслава". Давайце перанясёмся з вамі ў XII стагоддзе, паразважаем над лёсам Прадыславы, прааналізуем яе ўчынкі.
Як вы думаеце, чаму бацька сярод сваіх дзяцей, якіх любіў аднолькава, вылучаў Прадыславу?
Вучаніца. Бацька паважаў Прадыславу як роўную сабе за яе густ і розум, прагу духоўнасці. У адрозненне ад малодшых сясцёр, якіх цікавілі толькі ўпрыгожанні, Прадыслава захаплялася кнігамі. I хоць кнігі, перапісаныя ад рукі, былі вялікай рэдкасцю, бацька не шкадаваў грошай на іх. Слава пра розум і прыгажосць старэйшай дачкі была гонарам для яго самога. Князь Георгій балюча перажываў, што ніколі не зможа заняць полацкі пасад. Спадзеючыся аддаць дачку замуж за ўдзельнага князя, бацька Прадыславы марыў стаць хоць дзедам удзельнага князя.
Педагог. Прадыслава вельмі любіла і паважала бацьку. Чаму ж яна не апраўдала яго спадзяванняў?
Вучань. Маладая княгіня аказалася мудрэйшай за бацьку. Жыццё годнай Рагнеды пацвярджала, што на княгіню ў тагачасных умовах глядзелі толькі як на сродак у дасягненні мэты: авалодаць яе спадчыннымі землямі. Не захоча сама — прымусяць. Мячом адваююць — і, як Рагнеду, адправяць у далёкія Кіеўскія землі. Бацька ж марыў, што выгаднае замужжа дачкі будзе спрыяць узвышэнню іх роду, таму, хоць вельмі любіў Прадыславу, не надаў бы значэння яе каханню да простага юнака. Стаць жонкай нялюбага, хай сабе і багатага чалавека, яна не магла, таму і прыняла рашэнне пастрыгчыся ў манашкі.
Педагог. Прадыслава пайшла насуперак волі бацькі, але ці можна гаварыць пра тое, што яна не дбала пра родавы гонар, а яе ўчынак быў эгаістычны?
Вучаніца. Не, зусім наадварот. Адмаўленне ад уцех свецкага жыцця сведчыць пра тое, што Прадыслава не думала пра сябе. Менавіта клопатам пра свой народ, шчырым жаданнем паслужыць яму тлумачыцца рашэнне дзяўчыны прыняць пострыг.
Педагог. Чаму жаданне вялікіх спраў подзвігаў вылілася ва ўцёкі ў манастыр, дзе, здавалася б, меншая магчымасць здзейсніць подзвіг? Ці можна лічыць жыццё Еўфрасінні подзвігам? Чаму?
Вучань. Яшчэ дзяўчынкай яна адчула, што чалавек павінен жыць не штодзённымі патрэбамі, а клопатам пра выхаванне душы, пра духоўнасць. Раней ужо адзначалася, што яна вельмі любіла чытаць, бо ў кнігах шукала духоўнага пажытку. Аднак кнігі былі вельмі рэдкія і дарагія. У перапісванні кніг Еўфрасіння бачыла магчымасць далучыць да скарбонкі мудрасці як мага больш сваіх землякоў.
Вучаніца. Неабходна адзначыць, што яе дзейнасць не абмяжоўвалася толькі клопатам аб перапісванні кніг. Яна імкнулася да пашырэння асветы на полацкіх землях, адчыняла школы, бо мела перакананне, што, калі будуць людзі полацкія валодаць граматай так, як мячом, — ніхто іх не пераможа. Праз асвету Еўфрасіння старалася далучыць маладое пакаленне палачан да традыцый сваёй зямлі, якая нарадзіла шмат слынных людзей. Высокая мэта патрабавала ад князёўны вялікіх намаганняў, настойлівасці, штодзённай, часам, здавалася б, няўдзячнай працы.
Вучань. Еўфрасіння Полацкая не шкадавала сілы на перапісванне кніг. Патрабавальная да сябе, яна хацела, каб і іншыя перапісчыкі ўсведамлялі сваю адказнасць. За кожную пляму або памылку, зробленую манашкамі пры перапісванні, строгая ігумення прымушала іх пасціць, бо была перакананая, што псаваць кнігу — самы вялікі грэх. Я лічу, што жыццё Еўфрасінні Полацкай, яе дзейнасць — подзвіг, бо ўсю сябе яна прысвяціла служэнню на­роду.
Педагог. Чаму ігумення Еўфрасіння пры выбары майстра для пабудовы храма аддала перавагу мясцоваму дойліду? Чым падобныя ў перакананнях дачка князя Еўфрасіння і смерд Іаан?
Вучаніца. Калі Іаан дастаў з-за пазухі маленькі, са шчапы зроблены храм, Еўфрасіння адразу адзначыла арыгінальнасць задумы майстра. Царква была не падобная на храм святой Сафіі. На заўвагу ігуменні Іаан адрэагаваў наступным чынам: "Той храм царгародцы будавалі. Ды дзе ты бачыла ў нас барабаны гэтыя ды кубы? У нас вяршыні ўсюды, як шаты, а сама царква, як піраміда, стройная. Увысь цягнецца". На яе пярэчанне, што "да каменя не падыходзіць тое, што добра ў дрэве", дойлід адказаў: "Няўжо мы будзем увесь свой век за чужымі цягнуцца? На зямлі нашай столькі ўмельцаў! Загадай — і камень у іхніх руках заспявае".
Вучань. "Ён, забыўшыся, гаварыў з ёю як з раўнёй. Аднаго баяўся, каб не перадумала Еўфрасіння. А яна, узяўшы асцярожна маленькі храм на сваю тонкую, вузкую далонь, залюбавалася цацкай. Вочы яе ўспыхнулі, і ўся яна нібы вырасла". I хоць было вялікай рызыкай адмовіцца ад візантыйскай традыцыі, якая існавала тады ў будаванні храмаў, ігумення пайшла на гэта, тым самым падкрэсліўшы права свайго народа на ўласную культуру. У Іаане яна адчула духоўна блізкага ёй чалавека. Смерд Іаан і дачка князя Еўфрасіння не былі абыякавымі да
лесу сваёй радзімы. Памкненні абаіх былі накіраваныя на ўзвелічэнне роднай зямлі.
Педагог. Знаёмячыся з жыццяпісам Еўфрасінні Полацкай, нельга не звярнуць увагу на тое, што ў гэтым помніку старажытнай літаратуры аўтар малюе Еўфрасінню як жанчыну, якой не ўласцівыя чалавечыя слабасці, як жанчыну, пазбаўленую права на каханне. Вольга ж Іпатава, расказваючы пра даманастырскае жыццё сваёй гераіні, уводзіць у аповесць старонкі, на якіх апавядае пра чыстае, святое пачуццё князёўны да прасталюдзіна Рамана. Як вы думаеце, з якой мэтай пісьменніца зрабіла гэта?
Вучаніца. Як сцвярджае пісьменніца, яе гераіня "была раўнадушная да лісліва-бойкіх гаворак сватоў, да тых, хто хацеў звязаць з ёй свае жыццё. Не ў сямейным шчасці ўяўляўся лес. Яе павінна было чакаць наперадзе нешта асаблівае, вялікае. I таму хітрыкі сватоў здаваліся пасткай, у якую хочуць яе завабіць. Але сустрэча на пыльнай гарачай дарозе імгненна перайначыла ўсё, падхапіла і панесла па нейкай невядомай, страшнаватай, але прывабнай плыні.
Прадыслава аднойчы бачыла, як пачыналася паводка: нерухомая, скаваная рака аж выгіналася — адтуль, з яе глыбіняў, узнімалася магутная неадольная сіла. Глуха патрэскваў лёд і нечакана са страшэнным грукатам зламаўся, з трэшчыны са свістам вырвалася вада, і тады, выбіўшыся на прастору, гэтая сіла пачала ламаць і крышыць усё навокал. Такое пачуццё было і ў яе, калі абдымалі яе дужыя рукі любага, калі над вухам гучалі яго шчырыя і добрыя словы. Здавалася, цячэ ў яе жылах сок навакольных бяроз. Раптам захацелася стаць адной з іх — лёгкай, светлай. Заплятаць зялёныя косы, глядзецца ў люстраную роўнядзь Дзвіны і шаптаць каханаму ўсё, аб чым спявае душа. I ці не ўсё роўна, у чым ён будзе — у бліскучьім дарагім каптане ці ў саматканай кашулі! Абы былі побач гэтыя вочы — сінія іскрынкі, доўгія цёмныя вейкі і мудрасць яго — спрадвечная, суровая мудрасць замшэлых старых ялін, бяздонных лясных азёр, камяністай пясчанай зямлі. Перад імі слабой і бляклай здавалася тая мудрасць, якой вучылі старыя кнігі".
Вучань. Яна дастала абразок, які заўсёды вісеў на шыі на доўгім залатым ланцужку. Пранікнёныя вочы Багародзіцы глянулі ёй проста ў душу. Пякучы сорам апаліў Прадыславу. Як яна магла забыць усё, чаму вучылі яе? Дзе дзелася моц духу, які пераадольвае ўсе зямныя спакусы для таго, каб узняцца да сапраўднага разумення сутнасці жыцця? Упершыню яна адчула, што не зможа жыць так, як ёй хочацца, што па руках і нагах звязваюць яе зямныя законы... "Мне хацелася калісьці стаць бессмяротнай. Хацелася вялікіх спраў, подзвігаў, — думала яна. — Што ж, хіба гэтае жаданне знікла? Я рыхтавала сябе з малых гадоў да служэння вышэйшаму, што ёсць на зямлі, — Богу. Гэта тое, дзеля чаго я жыву. I калі мне зараз цяжка — значыць, сапраўды нялёгка развітвацца са спакусамі жыцця. Але інакш я ніколі не змагу ўзнесціся духам над шэрай будзённасцю зямных спраў. Тым вышэй будзе мае адрачэнне ад зямнога".
Пасля такіх роздумаў і ваганняў Прадыслава прымае рашэнне ісці ў манастыр. Уводзячы ў сваю аповесць шчымлівыя сцэны кахання, Вольга Іпатава, як мне думаецца, хацела падкрэсліць моц духу князёўны і паказаць, як жаданне служыць народу, прынесці карысць роднай зямлі перамагло ўсе зямныя спакусы.
Педагог. Да ўсяго сказанага застаецца дадаць, што Еўфрасіння Полацкая была кананізаваная праваслаўнай царквой, яе імя адкрывае род беларускіх святых. Слова святы — шматзначнае. Тлумачальны слоўнік падае яго прамое і пераноснае значэнні. Святы ў хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў Богу, а пасля смерці прызнаны заступнікам вернікаў. Святы ў пераносным значэнні — чалавек высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах, высакародны, чысты, узвышаны. А таксама — дарагі, паважаны. Як вы бачыце, характарыстыка жыцця Еўфрасінні Полацкай яднае ў сабе ўсе тры значэнні слова.

3-я старонка

"ТОЛЬКІ ПРЫМРОІЦЦА Ў ПРЫЦЕМКУ СІНІМ ПОЗІРК ЗЯМЛЯЧКІ МАЁЙ, ЕЎФРАСІННІ"

Слоўныя і маляваныя ілюстрацыі вучняў да аповесці В. Іпатавай "Прадыслава"

Гучыць класічная музыка. На яе прыцішаным фоне вучань чытае верш Навума Гальпяровіча:

Веі замружу, і ўбачыцца вечар
— Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя над Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.

А за стагоддзямі ў прыцемку сінім
Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.
Цьмяна бялее на кнізе рука,
Б'ецца аб шыбу агонь матылька.

Полацк драўляны. Малінавы звон...
Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?
Можа, твой майстар на холад муроў
Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк праменны, дыхание надзей,
Каб засталося святло для людзей?
Што ты хацела на роднай зямлі?

Ды цішыня. I стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.
Толькі аблокаў павольных цяжар.
Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім
Позірк зямлячкі маёй, Еўфрасінні.

Педагог. Праз восем стагоддзяў глядзяць на нас гэтыя шчырыя, удумлівыя, праніклівыя вочы. Яе вобраз жыве ў творах пісьменнікаў, на мастацкіх палотнах. Ажыў ён і ў вашым уяўленні, а таксама на малюнках, якія вы зрабілі пад уражаннем аповесці "Прадыслава". Давайце мы зараз перагорнем трэцюю старонку нашага вуснага часопіса і намалюем партрэты Еўфрасінні Полацкай, якія б адпавядалі розным этапам яе жыцця.
Вучаніца. Я ўяўляю такую карціну. На заднім плане — на паўнеба разгарэўся ўсход, над белай ад туману зямлёй выплывае сонца. Спачатку невялікі чырвоны край яго прарэзаўся скрозь вогненныя палосы. Потым яшчэ і яшчэ — і раптоўна нібы хто жменяй сыпануў золата на вершаліны дрэў, на луг, што аж зазіхацеў безліччу каляровых агеньчыкаў.
Прадыслава стаіць на каленях на стромкім беразе Дзвіны і перасохлымі вуснамі шэпча малітву. У яе выспела рашэнне прыняць пострыг і стаць на шлях служэння Богу.
Вучань. Карціну, якую малюе мае ўяўленне, можна назваць "Выбар зроблены". Падаюць на гладкую, вымытую да жаўцізны падлогу доўгія пасмы русых валасоў. Адна пасма мякка абкруцілася вакол рукі ігуменні. Перад вачыма Прадыславы — халоднае вострае лязо. Нізка, ля самых каленяў ігуменні — схіленая галава. Прадыслава глядзіць на дзірку ад сучка, там яшчэ не высахла вада, якой толькі што мылі падлогу. А зверху гучыць затоена-радасны голас:
— Пастрыгаем цябе, сястра, пад імем Еўфрасінні...
Вучаніца. Мае ўяўленне малюе ціхую і змрочную вузкую келлю. На габляваным драўляным стале — кнігі ды чарніліца з гусіным пяром. У куце сіратліва стаіць драўляны тапчан з накінутай на яго шэрай посцілкай. Затое на сцяне блішчыць каштоўнае каменне абраза, побач — цудоўны, з разнаколернымі эмалевымі насечкамі і залатымі пласцінкамі крыж, зроблены Лазарам Богшам. Над двума тоўстымі фаліянтамі, што ляжаць на стале, адзінока сядзіць жанчына. Аднастайна рыпіць у яе руцэ пяро, якім яна нешта піша. Шэрае зімовае святло скупа кладзецца на засяроджаны твар перапісчыцы і яе белыя рукі з доўгімі вузкімі пальцамі.
Педагог. Адчуваецца, што аповесць "Прадыслава" глыбока закранула патаемныя струны вашых душаў і разбудзіла ваша ўяўленне. Слоўныя ілюстрацыі былі цудоўныя. Не менш цудоўныя і тыя, якія намалявалі вы на паперы. Давайце разгледзім іх, апішам і прыдумаем загалоўкі.
Вучань. Гэты малюнак я назваў бы "3 верай у будучыню". Мы бачым тут Еўфрасінню ў келлі. Мне здаецца, што ў яе на душы радасна. Можа, таму, што працуюць яе школы, памнажаецца бібліятэка. А можа, таму, што на дварэ ярка свеціць сонца, зелянее пяшчотны май, па-вясноваму прагна дыхае зямля. Магчыма, радасць гэтая ў Еўфрасінні ад таго, што шмат ёю зроблена для роднай зямлі: ззяе на сонцы пазалочанымі купаламі царква Святога Спаса, радуе вока Крыж, створаны Лазарам Богшам. Гэтыя святыні — самае дарагое, што яна пакіне людзям, калі Усявышні пакліча яе да сябе.
Вучаніца. На маім малюнку адлюстравана маладая прыгожая князёўна Прадыслава на ўлонні прыроды, сярод чароўнай прыгажосці. Яна ў адзіноце думае пра тое, што хвалюе яе душу, — пра жыццё і смерць, пра сэнс быцця. Анёлкі з каронай над яе галавой сімвалізуюць чысціню і святасць, вечнасць спраў, якія Еўфрасінні наканавана зрабіць у недалёкай будучыні. Назваць жа малюнак можна так: "Летуценніца".
Вучань. На гэтым малюнку першая беларуская настаўніца Еўфрасіння Полацкая з далечыні гадоў глядзіць на дзетак, якія авалодваюць граматай, вывучаюць азы навук у сучасных школах. Яна задаволеная, што намаганні васьмісотгадовай даўнасці далі свой плён, надзеі спраўдзіліся: асвета развіваецца; а справы яе сучаснікаў і паслядоўнікаў не забываюцца. Я назвала б свой малюнак "Надзеі спраўдзіліся", бо менавіта пра гэта марыла калісьці наша першая асветніца.

4-я старонка

ЖЫВАТВОРНЫ СІМВАЛ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Гучыць класічная музыка. На яе прыглушаным фоне вучань чытае верш Дануты Бічэль-Загнетавай "Наш Крыж":

Беларусь — Ефрасіння Святая,
памаліўшыся на раздарожжы,
павярні свае вочы да Божых
— Добры Божа цябе прывітае.

Між суседзяў у цесным тунелі,
Іх увагаю Край наш стамлёны.
Мы свой Крыж зберагчы не сумелі,
I збываюцца з Крыжа праклёны.

Крыж быў чысты, як Божая Хвала.
На чужынцаў праклёны складала.
Абярнуліся Матчыны словы
На дзяцей непавінных галовы.

Захварэлі і дзеці і сёстры.
Цэлы Край боль пранізвае востры.
То ж мы Богам абраныя ўсё-ткі,
Божы гнеў, як і ласка, — салодкі.

Педагог. Гэтая наша старонка мае назву "Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны". Гаворачы пра Еўфрасінню Полацкую, нельга не згадаць пра Крыж, зроблены ювелірам Лазарам Богшам.
Вучаніца. Крыж быў зроблены на заказ ігу­менні Еўфрасінні ў 1161 годзе для храма Святога Спаса ў Полацку. Унікальны помнік беларускага мастацтва стварыў майстар-ювелір Лазар Богша. Гэта хрысціянская рэліквія, бо ў ей захоўваюцца кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі крыві Ісуса Хрыста ды іншыя хрысціянскія святыні, прысланыя ў старажытнасці ў Полацк з Канстанцінопаля і Ерусаліма. Паводле задумы Еўфрасінні святыня павінна была вечна "жыватварыць" душы палачан і жыхароў роднай зямлі
Крыж Еўфрасінні — яшчэ і унікальны помнік беларускага пісьменства. Адзін з надпісаў на ім такі: "..І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, і не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святою жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі... I хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі".
Змешчаны на Крыжы заклён, безумоўна, дзейнічаў на сучаснікаў Еўфрасінні, але страх перад Божаю карай быў не ўсёмагутны. Недзе ў канцы XII стагоддзя рэліквію з Полацка вывезлі смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе Смаленск, вялікі князь Васіль III забраў Крыж з кафедральнага Успенскага сабора ў Маскву. У другой палове XVI стагоддзя цар Іван Жахлівы падчас аблогі горада Полацка загадаў пакласці святыню на ранейшае месца. Потым Крыж захоўваўся ў Сафійскім саборы. Калі ў 1812 годзе Полацк на некалькі месяцаў трапіў у рукі да французаў, рэліквія захоўвалася ў сцяне сабора ў замураванай нішы.
Пасля аднаўлення праваслаўнага Спасаўскага сабора з'явілася магчымасць вярнуць святыню туды, дзе ёй пакланялася сама Еўфрасіння. Полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы епархіі, зрабіў з Крыжам падарожжы ў Маскву і Пецярбург. У саборнай царкве Зімовага палаца шэдэўр Лазара Богшы аглядаў Мікалай I. Існавала небяспека, што Крыж застанецца ў імператарскіх зборах, але тым разам надпіс-заклён, відаць, падзейнічаў.
23 траўня (па старым стылі) 1841 года хросны ход урачыста перанёс рэліквію з Сафійскага сабора ў храм Святога Спаса. Крыж паклалі ў келлі, дзе найпадобнейшая Еўфрасіння пражыла свае апошнія гады.
Вучань. У 1921 годзе Крыж Еўфрасінні Полацкай быў рэквізаваны бальшавікамі. Калі напрыканцы XIX стагоддзя рабіўся вопіс Крыжа, то высветлілася, што з дваццаці эмалевых абразкоў на Крыжы няма аднаго, а пяць іншых — пашкоджаныя. У 1929 годзе ўжо тры выявы святых былі выламаныя, а 13 — папсаваныя. Са шматлікіх каштоўных камянёў ацалелі толькі два — аметыст і гранат. На месцы астатніх засталіся пустыя гнёзды або з'явіліся кавалачкі разнаколернага шкла. На верхняй папярэчыне не хапала двух кавалкаў золата і дрэва. Крыж зберагаўся ў Магілёўскім дзяржаўным музеі. Згодна з афіцыйнай версіяй, адтуль у 1941 годзе яго выкралі нямецка-фашысцкія захопнікі. Далейшы лес гэтай святыні невядомы. Адны даследчыкі мяркуюць, што шукаць гэтую рэліквію трэба ў калекцыі амерыканскага мільянера Ракфелера, другія выказваюць гіпотэзу, што Крыж Еўфрасінні — у Расеі.
Думка пра аднаўленне святыні нашага народа, сімвала яго старажытнай дзяржаўнасці не магла не хваляваць розум і пачуцці самых розных людзей, паяднаных клопатам пра адраджэнне духоўнасці і гістарычнай свядомасці беларускага грамадства як зарукі пабудовы суверэннай дзяржавы. На пачатку 90-х гадоў былі актыўна распачатыя пошукі Крыжа Еўфрасінні Полацкай, але належных вынікаў яны не далі. У снежні 1992 года на Першым з'ездзе беларусаў блізкага замежжа было вырашана працягваць пошукі старажытнай рэліквіі, але разам з тым і аднавіць яе матэрыяльны вобраз, "каб людзі маглі бачыць, што яны страцілі, і каб самім прайсці цяжкі шлях стварэння рэліквіі". Адноўленую святыню меркавалася перадаць Беларускай праваслаўнай царкве з тым, каб Крыж захоўваўся ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Ідэю аднаўлення Крыжа падтрымалі прадпрымальнікі бела­рускай дыяспары, якія на сваёй радзе прынялі рашэнне адначасова з фінансаваннем адраджэння Крыжа дапамагчы і ў аднаўленні Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
Пасля кансультацый з гісторыкамі, мастакамі і мастаіітвазнаўцамі кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" вырашыла, што заказ на аднаўленне рэліквіі можна даверыць майстру-ювеліру Міколу Кузьмічу з Брэста, аднаму з вельмі нешматлікіх у Беларусі мастакоў, якія прафесійна займаюцца эмаллю. Было вырашана таксама, што гэты праект немагчыма ажыццявіць без блаславення і апякунства Царквы. Распачатую справу багаславіў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, які ў сакавіку 1993 года асвяціў майстэрню Міколы Кузьміча ў Брэсце, пас­ля чаго Царква ўжо не пакідала майстра без свайго духоўнага кіраўніцтва, а ў 1995 годзе ўзяла на сябе і частковае фінансаванне праекта.
Вучань. Тым часам прадпрымальнік з Сургута Анатоль Сілівончык ахвяраваў Спаса-Еўфрасіннеўскаму манастыру, дзе павінна знаходзіцца святыня, 100 кілаграмаў бісеру, аплаціў некалькім сем'ям гараджан, якія жылі на манастырскай тэрыторыі, першапачатковы ўнёсак на іх новыя кватэры, а таксама выдаткаваў значныя сродкі на набыццё царкоўнага начыння і рэлігійнай літаратуры. У гэтым яго падтрымаў наш суайчыннік з Кліўленда Анатоль Лук'янчык, які перадаў на аднаўленне Крыжа пяць тысяч амерыканскіх долараў. Яшчэ адзін прадпрымальнік з Новасібірска, Мікола Сулкоўскі, ах вяраваў на аднаўленне святыні неабходную колькасць срэбра.
Вельмі цяжкай і карпатлівай была праца сучаснага спадкаемцы старажытных ювеліраў Міколы Кузьміча, якому даводзілася працаваць літаральна наўслеп, навобмацак, шляхам сотняў спроб і памылак, спадзеючыся не толькі на набытыя веды, але і на інтуіцыю, на Божую дапамогу. Мастак сцвярджае, што былі выпадкі, калі знайсці выйсце дапамагалі шчырыя малітвы, пасля чаго, уначы, ён прачынаўся ад голасу, які падказваў элементарнае рашэнне, што ляжала, здавалася, навідавоку. Майстар упэўнены, што менавіта голас з неба навёў яго ў адзін з самых складаных перыядаў пошуку на думку запаволіць рэакцыю эмалі адмысловай прысыпкай. Для лесу адноўленага Крыжа гэтае адкрыццё было ледзь не вырашальным. I 26 верасня 1997 года, напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Узвіжання Крыжа Гасподняга, адноўленая святыня вярнулася на радзіму найпадобнейшай Еўфрасінні — у Полацк, а 6 снежня хросны ход перанёс рэліквію на спрадвечнае месца старажытнай святыні — у збудаваны на заказ полацкай асветніцы Спасаўскі храм.
Педагог. Застаецца дадаць, што праца брэсцкага ювеліра Міколы Кузьміча атрымала высокую ацэнку дзяржавы. Ён быў названы ў Беларусі "Чалавекам года" (1997) і адзначаны прэміяй "За духоўнае адраджэнне", якой ганаруюцца творцы, чые дзейнасць і талент спрыяюць духоўнаму адраджэнню грамадства.
Такім чынам, 6 снежня 1997 года ўзноўленая святыня вярнулася на месца, вызначанае ёй некалі найпадобнейшай ігуменняй. Хочацца верыць, што гэтым разам Крыж застанецца тут назаўсёды — каб умацоўваць нашу веру, каб уваскрашаць памяць народа, дапамагаючы яму будаваць свой духоўна багаты Беларускі Дом.
Няхай будзе так, бо сказана: святыні сыходзяць, калі мы становімся нявартымі іх, і вяртаюцца, калі душы імкнуцца да ачышчэння, святла і волі...

5-я старонка

"ШТО ЗАБЫТА - УСЁ УСПОМНЮ, НЕЖЫВОЕ - УВАСКРАШУ"

Гасцёўня

На прыцішаным фоне класічнай музыкі гучыць верш Вольгі Іпатавай "Полацкай Сафіі".

Чую звон твой, Сафія, чую
Скрозь стагоддзі і скрозь муры
У бяскрайнюю ноч глухую
I падчас світальнай зары!
Паімкне парой на палёгку,
Адарвуся ад роднай зямлі
— Ціха звон ударыць далёкі,
Сэрца водгукам забаліць.
Не ўзбунтуюся — а нашто мне
Працінаць і ўзносіць душу?
Што забыта — усё успомню,
Нежывое — уваскрашу.
Хай баляць мне, баляць,
Сафія, Дзіды тыя ўсе і мячы,
Што прымалі ў грудзі тугія,
Не скараючыся, крывічы!
Чую звон твой, Сафія, чую!
Аднаго прашу — не маўчы,
Дай мне моцы ў поўнач глухую,
Сваёй мудрасці навучы...

Педагог. Радкі з верша Вольгі Іпатавай "Полацкая Сафія", якімі названа пятая старонка нашага вуснага часопіса, можна лічыць творчым крэда пісьменніцы. Яна не толькі ўспамінае і ўваскрашае падзеі нашай далёкай мінуўшчыны, але і па-майстэрску далучае да гісторыі Бацькаўшчыны свайго чытача, прымушае яго задумацца над сэнсам быцця і зразумець, што беларусы — роўныя сярод роўных, адчуць сваю далучанасць да самабытнай, адметнай нацыі, якая мае багатую гістарычную і культурную спадчыну. Я па добраму зайздрошчу гэтай мужнай жанчыне, схіляю галаву перад яе талентам, уменнем уявіць, адчуць дух эпохі, якую яна адлюстроўвае ў сваіх творах, перад майстэрствам пераўвасаблення ў сваіх герояў. Мне вельмі прыемна ўсведамляць, што менавіта Вольга Іпатава з'яўляецца першай пісьменніцай у беларускай літаратуры, якая звярнулася да вобраза нашай асветніцы, святой, нябеснай заступніцы беларусаў— Еўфрасінні Полацкай.
Сустрэча з пісьменніцай В. Іпатавай.

6-я старонка

"ЎСКРЫЛІЛА НАД ЗЯМЛЁЮ ЕЎФРАСІННЯ АСВЕТНІЦАЙ, ПАКУТНІЦАЙ, СВЯТОЙ"

Педагог. Восемсот дваццаць сем гадоў праменнай памяці пакінула суайчыннікам князёўна Прадслава — асветніца, міратворца, святая падзвіжніца Еўфрасіння Полацкая, нябесная заступніца нашай Бацькаўшчыны, яе пуцяводная зорка. Старажытнагрэцкае імя Еўфрасіння, якое было дадзена Прадславе ў дзень манаскага пастрыжэння, у перакладзе азначае — родная. I сапраўды, яшчэ восем стагоддзяў таму вернікі Падзвіння сваю родную ігуменню, свайго летапісца, справядлівага суддзю, духоўнага дарадчыка, натхніцельку на веру і любасць да Айчыны далучылі да ліку святых (афіцыйна яна кананізавана ў 1547 годзе). Сярод чатырнаццаці беларускіх святых да найпадобнейшай Еўфра­сінні пашана асаблівая. Бо яе Слова, як адзначыла наша госця пісьменніца Вольга Іпатава, "узнімала народ, давала яму жыццёвыя арыенціры, вучыла дабрыні, спагадзе і чуласці. А яшчэ — любові да Радзімы".
Жыццё і дзейнасць славутай асветніцы натхняюць беларускіх паэтаў на ўслаўленне самаахвярнага подзвігу ў імя народа, вельмі многія з іх прычыніліся да ўвекавечання вобраза Еўфрасінні. Некаторыя вершы і прагучаць зараз.

Вучаніца. Васіль Зуёнак."Апошняя малітва Ефрасінні Полацкай".

Я крывінка твая — крывічанка,
Я былінка твая — палачанка,
Як над пожняй тужлівая чайка,
Я лячу да цябе, Радзіма,
Са святога Ерусаліма.

Я лячу, ды не маю сілы
Узляцець, бо аслаблі крылы,
А не хочацца ж так у магілу
— На святой хай сабе — ды чужыне:
Смерць, як рай, у сваёй дамавіне...

Мне б тады — і жыццё не віною,
Што не сплачана цяжкай цаною,
I агні б сплывалі Дзвіною,
Як грахі мае, як правіны,
Прад табой, маім сонцам адзіным.

Я крывінка твая — Ефрасіння,
Нада мной неба сіняе-сіняе,
— Ападаюць крылы знясілена...
Забяры мяне, Маці, Сястрыца,
Ці прышлі хоць жменьку зямліцы...

Вучань. Вольга Іпатава."Выгнанне полацкіх князёў у Візантыю. Год 1129".

Над Дзвіной — як чорны покрыў — ранне.
Гора смокча сэрцы, як змяя.
3 Полацка з'язджае на выгнанне
Ўся вялікакняская сям'я.

Усьмавы пантофлік з прошвай сіняй
На назе дзявочае прамок.
Слухае манашка Ефрасіння
Бацькі пасівелага папрок:

"Ты бясплоднае абрала ложа,
Брат твой ад самоты занямог.
Без унукаў я. Хто нам паможа?"
Коратка яна сказала: "Бог".

Уздыхнуў. Ладдзю панесла плынню.
3 далечы усе — як мурашы.
3 ветрам даняслося: "Ефрасіння!
Прадыслава! Полацк беражы!"

Не ўстаюць з каленяў, плачуць людзі...
Шмыгнуў некуды з даносам віж...
Юная ігумення, хто будзе
Несці за цябе і гэты крыж?

Не, твая рашучасць не растае,
Мужнасць не патопіцца ў слязах...
Візантыя! Клетка залатая
Вольным птушкам — полацкім князям!

I гады, і жыцці, як атаву,
Косяць Часу вострыя нажы,
А яна ўсё чуе: "Прадыслава!
Ефрасіння! Полацк зберажы!"

Вучаніца. Валянцін Лукша."Фрэскі святой Ефрасінні".

Гады дазволаў межы абкасілі.
Падумаць пра духоўнасць самы час...
I фрэскі прападобнай Ефрасінні
Зірнулі праз імжу вякоў на нас.

I дабрыню пасеялі наўкола,
Бо колькі можна ў прыцемках гібець!
I людзі пачалі на стольны Полацк,
Як на анёла светлага, глядзець.

I згадваць,
Як да баганоснай славы,
У келлю,
Дзе не выпрастаць крыло,
Прыйшла калісьці юная Прадслава,

Каб несці людзям радасць і святло,
Каб над вірліва-плыткай Палатою,
Як немаце-няведанню дакор,
Узняўся,
Нібы сонца маладое,
Над стромай Свята-Спасаўскі сабор.

I каб душа была заўсёды з Богам,
Каб веры ані кроплі не згубіць,
Залатарукі палачанін Богша
Крыж неацэнны для яе зрабіў.

Вякі,
Нібы туман наддзвінскі сіні,
Сплылі за перакаты на спакой...
Ўскрыліла над зямлёю Ефрасіння
Асветніцай,
Пакутніцай,
Святой.

Саборы з рыпам расчынілі брамы,
Змёў павуцінне ранішні прамень,
I атэіст забранзавелы самы
Малітваю вітае існы дзень.

У сцены манастырскія сышліся
Хто верыць у Хрыстоў свяшчэнны шлях.
Крыжы зазіхацелі ў чыстай высі,
I крыжыкі заззялі на грудзях.

I трэба спадзявацца,
Што ніколі
Пад стайні іх не будуць зачыняць,
I сэрца працінаць нясцерпным болем,
I на крыжы шурпатым распінаць.

Вучань. Люба Тарасюк."Еўфрасіння. XII ст."

Забыць свае імя, дзе корань роду слаўны?..
Няпраўда! Я твая унучка, Усяславе!
Ды годнасці маёй давеку не дакажуць,
Што найслаўнейшы — той, хто мае тытул княжы.

Чакаюць: бацькаў двор і мне паеадам стане.
I кроку не ступіць за пышнымі сватамі.
Гандлюючы сабой з уласнай чэсцю згодна,
Няўжо мне быць рабой для памнажэння роду?..

Жаніліся дасюль, ішлі далека замуж.
А справы іх — каму? а дзе сягоння самі?
I гіне першы той, хто ўзніме меч на брата
Рукою здрады злой, не толькі ў полі ратным.

На іхняй славе — тлен, нарошчаны вякамі.
Імя іх не ўзнясе і надмагільны камень.
Ды кожны задрыжыць сваей душою сподняй
У найапошні міг прад воляю гасподняй...

Для іх дзяцей сляпых, для іх нямых унукаў,
Што зведаюць нябыт і чорны дзень прынукі,
Я знаю, што зраблю перад судом суровым:
Я славу зберагу, я прынясу ім Слова!

Педагог. Вось і перагорнута апошняя старонка нашага вуснага часопіса. А завяршыць нашу сённяшнюю імпрэзу я хачу сваім новым вершам "Маналог Еўфрасінні Полацкай":

Я гляджу на вас з вышыні,
Сінявокай краіны дзеці.
Як бракуе вам дабрыні,
Што ўласцівай была Рагнедзе.
Не стае Рагвалода рукі,
Сілы мудрага Усяслава,
Спраў іх добрых, што на вякі
Беларусі стварылі славу.
Зайздрасць чорным сваім крылом
Ахінула вашыя сэрцы,
Стаў няўтульным вам родны дом,
Зноў гібееце ў паняверцы.
Ці ж для гэтага я ў свой час
У ахвяру прынесла лес мой,
Каб з пакутай глядзець на вас
3 вышыні блакітных нябёсаў?
Ці ж дарма ў цішыні начной
Безупынку пяром рыпела
I выводзіла літар строй
На старонках белай паперы?
Я прашу абачнуцца вас
1 напоўніць надзеяй душы —
Шчыры вы прыміце наказ,
Разганіце мой смутак скрушны.
Я прашу вас, малю з вышыні,
Жыхары Беларусі любай:
Памятайце пра карані,
Беражыце зямлю ад згубы
I ніколі больш у жыцці
Са сваёй не збочвайце сцежкі,
Не гібейце у небыцці,
Скрозь цяпло дарыце, усмешкі.
Хай спагадай і дабрынёй
Зноў напоўняцца вашы сэрцы,
Усталююцца мір і спакой
На радзімай вашай зямельцы.

Літаратура

Літаратура ў 5 класе: Дапаможнік для настаўніка / Пад рэд. В. Ляшук. — Мн., 1997.
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Кры­жа святой Еўфрасінні Полацкай. — Мн., 1998.
Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава. — Мн., 1989.
Бацькаўшчына: Зборнік гістарычнай літаратуры. — Мн., 1997.
Бацькаўшчына: Зборнік гістарычнай літаратуры. — Мн., 1998.
Іпатава В. Прадыслава. — Мн., 1990.

Сімяон ПОЛАЦКІ

ПРИЛОГ К ПРЕПОДОБНОЙ МАТЕРИ ЕФРОСИНИЙ

Ты паки маши, о Ефросиние,
Жителей града всих удобрение,
Яже потщася икону святую
Внести из далны в страну Полотскую.
Из Царяграда, камо из Ефесе
Царь благоверный всечестно принесе.
Твоего ради много прошения,
Российских деля стран украшения.
Припади к стопам небесного царя,
Да не лишай нас толикого дара.
Умоли паки возвращенной быти,
Иконе святей Полотск украсити.
Отчинный град твой, в нем же ты трудися.
Христу жениху ты уневестися.
Ибо толико град наш украшает
Девы образ и везде вславляет,
Елико небо солнцем украшенно,
Светлыми звезды дивно упещренно.
Полотску граду бе утверждение,
Столп, стена, помощ, и ограждение.
Ныне без него како нам прибыти,
Аки без слонца неудобно жити.
Убо, о мати, припади за нами
К господу Богу твоими рабами,
Да возвратит нам икону святую,
Просвети землю белороссийскую.
Моли прилежно и деву Марию,
Да проявит нам милость свою сию,
Да не небрежет отчинна ти града
И не оставит правоверна стада.
Удобно тебе мощно умолити,
Изволи токмо ходатайца быти.
Моли за нами, о святая мати,
Храни ны в твоей выну благодати,
Ея же аще ты ны не лишиши,
Вся на похвалу твою обратиши.
По вся дни тебе будем величати,
Венец похвалы песней соплетати.

Пасля 1663

Алесь ЗВОНАК

ЦЕНЬ ЕФРАСННІ

Па руінах разбураных келляў,
Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякі,
Я спускаўся ў твае падзямеллі,
I спалохана ў пальцах трымцелі
Свечак доўгія языкі...

Пачарнелыя глыбы скляпенняў,
Лабірынты бясконцых хадоў
Праглыналі дрыготкія цені...
Быў як мудрасці сімвал нятленны—
Сцёрты надпіс далёкіх гадоў.

Сустракалі няветліва госця,
Не ўставалі з сатлелых грабніц
Мудрых продкаў пажоўклыя косці...
А жылі ж, пракліналі кагосьці,
Перш чым пасці закутымі ніц.


Пахла воскам у прыцемку сінім.
Iздавалася: з дна тайнікоў
Свецяць вочы Вялікай Княгіні...
Гэта здань твая, Ефрасіння,
Мільганула з глыбінь вякоў!

1927

Ірына БАГДАНОВІЧ

ПОЛАЦКАЙ САФІІ

Ля Полацкай Сафіі прыпынюся,
Сустрэне строгім выглядам яна.
Я Полацкай Сафіі пакланюся —
Прытулку, дзе ўладарыць даўніна.
Калісьці намаганнямі Ўсяслава
Сафія свой зазнала зорны час.
У галубцы выводзіла Прадслава
Па літарцы свяшчэннапісу вязь.
І летапісец дбайна і натхнёна
Тутэйшай мовай, так, як вымаўляў,
Пра недарод, князёў паходы, войны
На аркушах, прывезеных здаля,
Паведамляў і даты занатоўваў
Як сведка слаўных дзён і дзён благіх.
О, колькі б тайнаў нам адкрыла слова,
Знайшоўся б гэты летапіс калі б!
Да неба вежы белыя узняты,
Нібы для ўсіх вымольвае яна
Палёгкі там, дзе дух зламалі страты,
Відушчасці, дзе праўда не відна.
Ля Полацкай Сафіі прыпынюся.
Дзвіна свае колыша берагі.
Я гаварыць і дыхаць тут баюся,
Бо тут гавораць, дыхаюць вякі.
Паслухаць іх — з нас кожнаму спяшацца,
Пакуль сцяжына памяці бяжыць.
Таму я тут, што душам дакранацца,
Маёй і часу,
Трэба — з тым, каб жыць.

1985

Алег БЕМБЕЛЬ

СВЯТЫ ПОКРЫЎ НАД БЕЛАРУССЮ

Птушка белая над Краінай сіняй —
то ахова наша і сіла... гэта дух
Святой Еўфрасінні... гэта слова
Святога Кірылы...

то ахвярнасць Сафіі Слуцкай
і пакутнікаў Вільні даўняй...
то Святыя зямлі Беларускай
да Хрыста ўзышлі пакаянна...

Птушка белая — па-над Краем сінім, —
барані нас ад чорнае былі...
хай асвецяць Божыя сілы нас,
што ў немачы саграшылі...

Людміла ЗАБАЛОЦКАЯ

 ***

Церам-церамок, нібы Сезам.
Ды неўрадасць церамок дзяўчыне.
Ягада на пруткай ядлаўчыне,
Як акамянелая сляза.


Над зямлёй павіс
Манашкі плач,
Над стагоддзямі,
Над церамамі:
"Селянін мяне кахае, мама,
Самы добры ён,
Ты мне прабач...
3 ім шчаслівай буду,
Больш ні з кім!" —
Крык адчайны, як званы ў нягоду.
Манастыр.
Заклёны, як цвікі.
Немы стогн вачэй:
"Што ж не прыходзіш?"


Церам,
Дзе спаткалася дзяўчо
З тым,
Хто для яе даўно загінуў,
Як Сезам без залатых ключоў.
Хто адчыніць?
Пад дажджамі стыне.


Купалы купаюцца даўно
Ва ўспамінах аб былым,
Далёкім.

...Ефрасінні Полацкай акно
Безнадзейным пазірае вокам.

Міхась КАВЫЛЬ

БОЖА НАШ

Божа наш, Твае мы просім ласкі:
Дай нам шчасце, радасць у жыцці,
На зямлі няроднай шлях наш цяжкі
Віфлеемскай зоркай асвяці!

А яшчэ, Усявышні, Цябе просім:
Здзейсніць мары-сны дапамажы,
— Каб у згараванай Беларусі
На святынях ажылі крыжы;

Каб у ціхай вечаровай сіні
Звон вяшчальны калыхаў зару;
Каб з душой Святое Еўфрасінні
Выйшла ў людзі Маці-Беларусь!

Святлана ЛАПІЦКАЯ

РОДНАЕ

Бываюць дні ў маім жыцці,
Што жыць не хочацца, паверце!
Здаецца б, рукі апусціў
І мусіш дачакацца смерці.
Тады я еду у вёску зноў
Гняздо буслінае пабачыць,
А на балоце — груганоў,
А на лясных азёрах — качак.

Дзе мужнасці тваёй мяжа ?
Як сэрца беды не знясіляць ?
Не будзе шчасця без крыжа —
Крыжа Вялікай Ефрасінні.
Але надзею берагу —
Прыгожую, як твар дзяўчыны.
Іначай думаць не магу:
Усё ж нас шчасце не пакіне!

Адкрыю вам журбу маю,
За што нас Бог усіх карае:
Мы і гісторыю сваю,
Iмову матчыну не знаем!
Не трэба шчасця нам чакаць,
Пакуль Радзіму не адновім! ...
Спрабую песні я складаць
Упершыню на роднай мове.

Алег ЛОЙКА

ЕФРАСННЯ ПОЛАЦКАЯ

Сонца над брамай без руху.
Манастырская брама.
Неспатольная скруха,
Безвыходная драма.

Мір табе, Ефрасіння!..
Посах твой не прыстане,
Над Іярданам сінім
Скончыцца выпрабаванне.

"Прэч мірскія спакусы!..
Вечная Богу слава!.."
У раба Ісуса
Волі шукае Прадслава,

Праўды шукае, міру
І жывым,  імагілам,
Шчасця — ніцым, сірым,
Бедным, галодным, хілым.

Над Іярданам сінім
Скончыцца выпрабаванне...
Мір табе, Ефрасіння!
Посах твой не прыстане.

Сонца над брамай без руху.
Манастырская брама.
Неспатольная скруха,
Чалавечая драма.

Алесь РАЗАНАЎ

ПАПЯРЭДЖАННЕ

Час абарваны...
Сню нябыт...
Абрабаваныя пагляды...
Нібы сплывае ў плыні плыт,
срабрыста свеціцца спагада,
і ззяе заход залаты,
і сны расплаўленыя паляць...
Расперазаныя плыты —
сплывае спадчына і памяць.
Iпраступае праз зеніт
крыж зорны ў зорным карагодзе...
А мне і долі — сню нябыт —
крыж Богшы Лазара ўзыходзе.
Рукою творцы і суддзі
да судных дзён, каб, быццам раны,
смылелі словы —
не ўкрадзі
і не аддай! — занатавана.
Iславу —прэч,
І ўцеху — прэч...
У змрочнай пільнасці астралу
цябе дзялілі зман і меч,
а папярэджанне вяртала.
У камянях хаваўся след,
і пераймалі футаралы,
і зацінаўся бранзалет...
А папярэджанне вяртала.
Няўжо не вернешся цяпер ?
Ці ўжо няма куды вярнуцца ?!
І толькі цягнецца няўцерп
час абарваны... —
звёны рвуцца.
Былы і новы парадні,
злучы ў адзіную сцяжыну!
Якая скруха дзень пры дні
цябе праводзіць на чужыну.
Якая бездань — не змагчы,
не памагчы, не ўзяць з палону...
Не лес выносны — а карчы...
Што прызначалася для плёну?
Што лёс паклаў?
А з мітульгі —
у перападах не прыстала —
прадвесце славы і тугі —
глядзіць маўклівая Прадслава.
І той жа зор, і той жа твар...
Я сню нябыт.
Якое  ранне
адзначыў зорны каляндар ?!
Гняце няпамяці цяжар.
Праменна свеціцца вяртанне.

1973


Яшчэ на гэту тэму:

Ефрасіння Полацкая — апякунка і асветніца зямлі беларускай     Спеў аб Еўфрасінні