сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. В. ПЕТУХОВА, настаўніца Белавежскай СШ Камянецкага раёна. Пачатковая школа 2-1998

Перазовы роднага краю

Сцэнарый ранішніка для першакласнікаў

(На свята запрашаюцца бацькі.)
Настаўнік. Добры дзень, шаноўныя бацькі! Гасцям мы заўжды рады. Сёння, дарагія госці, у нас свята “Перазовы роднага краю”. Хочацца, каб вы прыемна адпачылі, парадаваліся за сваіх дзяцей.

(Раздаецца стук у дзверы, заходзіць дзяўчынка старшага класа з некалькімі першакласнікамі. Усе ў беларускіх нацыянальных касцюмах.)

Настаўнік. Добры госць заўсёды ў час! 3 чым прыйшла, цётка Лявоніха?
Лявоніха. Пачула, што ў вас свята, узяла сваіх дзетак ды і прыйшла. А дзеткі мае вельмі разумныя. Паслухайце іх, калі ласка.
1-я дзяўчынка.
Мама Мыш
Купіла кніжку
Для сваёй дачушкі
Мышкі:
— Час табе
Ужо за парту.
На, грызі
Навуку ўпарта.
Мама Мыш
Прыйшла з работы:
— Без мяне рабіла
Што ты?
Адказала маме
Мышка:
— Натамілася
Я з кніжкай.
Гэтулькі было
Мне мукі,
Але згрызла ўсю
I Навуку!
I. Муравейка.

2-я дзяўчынка.
Ой, баліць у мяне луб,
Бо не хоча есці сун.
Хоча мёду,
Хоча грушку,
Хоча цёплую пампушку.
Як дасце ж яшчэ смятаны,
Ураз балець ён перастане.
В. Ладыжац.

Лявоніха. А яшчэ я зайшла вам добрыя парады даць:
гуляй, ды работу знай;
малая пчала, ды і тая працуе;
рана не ўстанеш — многа не зробіш;
чалавек невучоны як тапор нетачоны.

Настаўнік. Дзякуй, цётка Лявоніха, за добрыя парады. А мы табе аддзячым беларускай народнай песняй “Зайграй жа мне, дударочку”.

(Дзеці спяваюць песню.)

Настаўнік. А цяпер загадаем загадкі. Ці адгадае іх цётка Лявоніха?
Дзеці (па чарзе).
Я рухавы звярок,
Заўжды весела мне.
Мая хатка — дупло
На высокай сасне.
(Вавёрка.)

У бары пад хвойкай колкай
Вырас беленькі Рыгорка.
Маша з кошыкам ішла
I Рыгорку знайшла.
(Грыб.)

Б’юць яго рукамі,
Б’юць яго нагамі.
Ён не скардзіцца, не плача,
Моўчкі лётае і скача.
(Мяч.)

Настаўнік. Вось прыйшоў час і пагуляць

(Праводзіцца гульня “Грушка”.)

Лявоніха. Вось як добра, я ўжо даўно так не скакала. Давайце трохі адпачнём, паслухаем, якія вершы вы ведаеце.
(Дзеці чытаюць вершы “Ягорачка”, “Гаспадарка” 3. Бядулі, “Калыханка” Р. Барадуліна, паказваюць сцэнку “Забалела ножка” I. Муравейкі.)

Лявоніха. Шмат вершаў вы ведаеце, а вось песень я пачула мала. Можа, паспяваеце яшчэ?
(Дзеці выконваюць песні “Саўка ды Грышка”, “Мікіта”, “Козанька белая”.)
Настаўнік.
Без музыкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды.
А як музыку пачуюць,
Самі ногі затанцуюць.

(Выконваецца танец “Бульба”.)

Лявоніха. Як добра вы спяваеце і танцуеце!
Настаўнік. Цётка Лявоніха, але гэта не ўсё.
(Дзеці паказваюць інсцэніроўку беларускай народнай казкі “Як курачка пеўніка ратавала”. Лявоніха дзякуе дзецям і прапануе ім вясёлую гульню.)

Лявоніха. Малайцы, дзеці! А зараз час пагуляць.
(Беларуская народная гульня “Гарлачык".)

Настаўнік. Дарагія госці! На памяць аб нашым свяце дзеці падрыхтавалі вам прыгожыя паштоўкі-самаробкі з сухіх раслін.
(Дзеці ўручаюць падарункі, усе прысутныя частуюцца гарбатай з печывам.)

Яшчэ на гэту тэму:

Наша радзіма — беларусь      Беларусь мая сінявокая