сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна СТАТКЕВІЧ, выхавальнік вышэйшай катэгорыі, санаторныя дзіцячыя яслі-сад № 539 Нацыянальнай акадэміі навук, г.Мінск Пралеска Снежань 2011 г.

Зімовыя святы: мы ім рады

Сцэнарыі фальклорных святаў для дзяцей старэйшай групы

У распісным вазочку

Калядоўшчыкі — Мядзведзь, Каза, Дзед, Баба — прыходзяць у кожную групу з песняй «Хадзі, бабка, каля печы».

Усе разам. Добры дзень таму, хто ў гэтым даму!
Баба.
Мы вашага двара не абмінаем!
Са святым Раством велічаем!
Дзед.
Нам не хочацца чакаць,
Пачынаем калядаваць!
А вось і Каза да нас ідзе.
Яна ў нас вясёлая ды жвавая,
Вельмі любіць гуляць з дзецьмі.
Каза.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра!
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
Дзед і Баба. Станавіцеся, дзеткі, у кола. Разам з Казой паскачам.

Карагод «Раскажы, казёленька, пакажы, казёленька».

Дзед. Ой, да нас і Мядзведзь прыйшоў.

Мядзведзь вітаецца з дзецьмі, жадае здароўя, дабрабыту, каб дзеці былі моцнымі і ніколі не хварэлі.

Мядзведзь. Станавіцеся ўсе за мной, пагуляем.

Гульня «Хвосцікі».

Мядзведзь.

Ой, як весела тут гуляць,
Ногі самі хочуць танцаваць!
Баба і Дзед. А чаго адзін скакаць будзеш? Нам таксама хочацца з дзецьмі паскакаць.
Мядзведзь. Запрашаю ўсіх.

Агульны карагод «Качаняты» (фанаграма).

Каза падае.

Баба.
Ой, Каза упала! Каб яна устала,
Трэба, дзеці, даць ёй сала.
Дзед.
А на кожны ражок павесіць піражок
Мядзведзь.
Ды мерку жыта, каб Каза была сыта.
Усе. Частуйце, дзеткі, Козачку.
Дзеці прыносяць свае пачастункі, кладуць у мех.
Каза. Дзякуй за пачастункі А мы пойдзем далей калядаваць, добрых людзей са святам вітаць!

Калядоўшчыкі ідуць у наступную групу, запрашаюць дзяцей груп «Чамучкі II» і «Фантазёры» ў музычную залу для працягу свята. Уваходзяць у залу пад песню «Каляда» (фанаграма, «Песняры»). 3 беларускай хаты выходзяць Цярэшка і Шчодра, пачынаюць смяшыць дзяцей.
Цярэшка даганяе Шчодру.

Цярэшка.
Ой, мая ж ты бабулька,
Я твой дзядулька!
Хоць жа павалюся,
За табой паганюся!
Хоць я ножку зламлю,
А цябе злаўлю!
Шчодра хаваецца.
Шчодра. Ці бачыш ты мяне?
Цярэшка. Не бачу!
Шчодра. Каб жа ты не бачыў за стагамі, за копамі, за вазамі, за снапамі свету!
Цярэшка. А ці не бачыш ты мяне, Шчодра?
Шчодра. Не бачу!
Цярэшка. Каб жа ты не бачыла за гуркамі, за гарбузамі, за капустаю, за буракамі свету!
Шчодра. Каб твае словы ды праўдаю сталі!
Цярэшка. Каб было шчодра на стале і ў агародзе, мая бабка пад абрус раней клала сена або жытнюю салому.

Шчодра расцілае на стол сена ці салому. Нечакана чуецца стук у вакно.
Цярэшка. Шчодра, гэта ж, мусіць, калядоўшчыкі просяцца?
Уваходзяць калядоўшчыкі.
Калядоўшчыкі разам). А ці дома Цярэшка і Шчодра? Спяваць загадайце нам добра!
Калядоўшчыкі выконваюць калядныя і шчадроўскія песні, у канцы просяць пачастунак.
— Добры вечар, гаспадару!
Вынесь жа нам каўбас пару.
Ой, пахадзі каля печы,
Пашукай нам перапечкі.
— Вынесь сала, не скупіся,
Каб ячмень твой урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб сям’я была ўся сыта,
Каб скаціна вадзілася,
Каб пшаніца радзілася!

Шчодра і Цярэшка частуюць прысутных пірагамі з рэшата, усе пачастункі прымае Механоша.

Цярэшка. Чуеце, дзеці, званочкі? Гэта едзе Каляда на маляваным вазочку!
У залу «заязджае» цыганскі размаляваны вазочак, ззаду да яго прывязаны Каза і Мядзведзь.

Цыган. Добры вечар вам! Ці рады вы нам?
Гаспадары. Мы-то рады, ды хто вы такія?
Цыган. Мы люд не просты, з далёкага краю, людцы ўсе сталыя, з-пад самага раю.
Гаспадары. Адкуль ідзяце?
Цыган. Мы ідзем ад пана Года, што носіць бароду шыроку, сіву і калмату. Мы к Лету ідзем, Казу вядзем і радасць нясем. Ці шырокія сцены, каб нам патанцаваці? А ну, Каза, паскачы!
Песня «Го-го, каза» (беларуская народная).

Усе дзеці водзяць карагод каля Казы. Цыган выводзіць Мядзведзя, прапаноўвае пагуляць у беларускую народную гульню.

Гульня «Апанас».

Асноўныя задачы: практыкавацца ў бегу з лоўляй і ўхіленнем, ва ўменні хутка арыентавацца ў наваколлі, выхоўваць любоў да роднай мовы.
Апісанне гульні (правілы і рэкамендацыі па яе правядзенні). Гэтую гульню звычайна наладжвалі, калі збіраліся ў хаце на ігрышча. Перад гульнёй пазначалі круг, за межы якога дзеці не выбягаюць.
Выбіраецца Апанас. Яму завязваюць хустачкай вочы і вядуць да дзвярэй. Ён становіцца на парог і трымаецца за ручку дзвярэй. Дзеці пачынаюць гаворку з Апанасам:

- Апанас, Апанас! На чым ты стаіш?
- На калодзе.
- За што трымаешся?
- За калок.
- На паліцы боршчык.
- Я з’ем.
- На паліцы каша.
- Я з’ем.
- На паліцы Каляда.
- Уцякайце, бо будзе бяда!

Пасля гэтых слоў дзеці прамаўляюць хорам: «Апанас, Апанас, не ўваліся ў квас, не палопай насі Не еш Каляду! Казой забаду!». Апанас пачынае ўсіх лавіць. Каго першага зловіць, таму завязваюць вочы. Мядзведзь у канцы гульні даганяе дзяцей. Той, хто будзе злоўлены, павінен адгадаць загадку.

Загадкі.
Ходзіць тота каля плота, пытае ў жмурко: «Ці дома ляпка?»
(Воўк, кот, сабака.)
На гару бягом, а з гары кувырком.
(Заяц.)
Невялікі, рыжаваты, а хвост доўгі і калматы, на дрэве жыве і шышкі грызе.
(Вавёрка.)
Хоць малы ён, часам з кулак, але ў рукі не возьмеш ніяк.
(Вожык.)
Не рыба, а плавае; не конь, а ходзіць; не пілка, а рэжа.
(Бабёр.)

Калядоўшчыкі запрашаюць дзяцей яшчэ пагуляць.

Гульня «Куш-баба» (беларуская народная).
Асноўныя задачы: развіваць навыкі правільнага маўлення, фарміраваць увагу, вытрымку.
Апісанне гульні. Выбіраецца Куці-баба (дзяўчынка) ці Куці-дзед (хлопчык). 3 дапамогай лічылкі выбіраюцца малыя, якія будуць размаўляць з Куці-бабай (Куці-дзедам). Дзеці ўтвараюць паўмесячык. Куці-баба стаіць на некаторай адлегласці. Адзін з малых уступае ў дыялог з Куці-бабай:
- Баба, баба, на чым стаіш?
- На нагах.
- А што ты будзеш есці?
- У мяне каша ў печы.
- А мне дасі?
- Не.
Потым дзіця асцярожна падыходзіць і дакранаецца да яе. Куці-баба паварочваецца і пачынае яго лавіць. Дзіця імкнецца дабегчы да свайго месца. Калі Куці-баба яго зловіць, тады яно выконвае яе ролю, а калі не — Куці-баба зноў ідзе да дзвярэй, і гульня працягваецца. У яе ўключаецца ўжо другі ўдзельнік і вядзе дыялог:

- А чыя гэта каша ў печы стаіць?
- Мая.
- А я з’ем.
- А я палкаю.
- А я ўцяку.
- А я даганю.
Паўтараецца тое самае, што і ў першы раз. Трэцяе дзіця пытаецца:

- Баба! Баба! Чыё там парасё па двары бегае?
- Маё
- Калі ж ты яго карміць будзеш?
- Заўтра.
- А мне есці дасі?
-Не.
Дзеянні Куці-бабы і малых падобныя на ранейшыя.
Куці-баба можа лавіць удзельніка гульні толькі пасля таго, як ён да яе дакранаецца.

Гаспадары. Нагуляліся, наспяваліся, надышоў час усіх частаваць.

Дзеці частуюць усіх гасцей. Калядоўшчыкі дзякуюць дзецям і гаспадарам, жадаюць ім многія лета, дабрабыту, здароўя, развітваюцца і выходзяць з музычнай залы.

Вячоркі

Музычная зала прыбрана над беларускую хату. На лаўках, упрыгожаных вышыванымі дыванамі, ляжаць вырабы з дрэва, саломы і лазы, у куфэрках — вышываныя сурвэткі і ручнікі, стаяць гліняныя гарлачыкі, міскі з лыжкамі.
Гучыць беларуская народная музыка. Дзед ляжыць на печы, Баба прыбірае хату.

Баба. Васіль, а Васіль, уставай!
Дзед адмахваецца ад Бабы, пераварочваецца на другі бок.
Баба. Вось так заўсёды. Усё на мне: і ў хаце прыбраць, і куранят накарміць, і карову выпасці, і гасцей сустракаць.
Дзед падхопліваецца.
Дзед. Госці — гэта зусім іншая справа.

Над беларускую народную музыку (у запісе) уваходзяць дзеці з драўлянымі музычнымі інструментамі, выстройваюцца ў паўкруг, граюць на інструментах, прытанцоўваюць, з заканчэннем музыкі кладуць інструменты на стол.

Дзеці. Добры дзень у хату! Гасцей чакалі?
Дзед і Баба. Чакалі! Праходзьце, калі ласка!
Дзед. У нас хата незвычайная. Глядзіце, які я майстар! Колькі ў мяне ўсяго зроблена!
Дзед расказвае дзецям пра вырабы з дрэва, лазы, гліны, у якіх можна гатаваць ежу, і паказвае іх. Баба бярэ гарлачык.
Баба. Вось і сёння наварыла смачнай кашы, ешце ды расціце вялікімі і здаровымі.

Гульня «Гарлачык».
Спачатку гуляюць дзеці, потым запрашаюць сваіх бабуляў.
Баба. Колькі кашы смачнай наварылі! Усе пад’елі? Дзякуй вялікі! Ой, да нас яшчэ нехта ідзе. Дзе ж мая любімая кумачка?
Інсцэніроўка -«Кума мая, кумач­ка» (паводле беларускай народнай песні).
Дзед кажа, што наплёў шмат лапаточкаў, запрашае з імі пагуляць.

Гульня «Лапці» (гуляюць дзеці).
Дзед. А ў мяне ёсць сапраўдныя лапці, хто пераможа ў гульні, той іх і абуе.
Дзядулі і бабулі наладжваюць гульню, пераможца абувае сапраўдныя лапці і танцуе з Дзедам і Бабай.
Танец з Дзедам і Бабай.
Баба (дастае з куфэрка сурвэткі і ручнікі). Вось гэтыя сурвэткі я сама вышыла, а ручнікі сама выткала, зараз мы з імі пагуляем.
Гульня «Ручнікі» (з бабулямі і дзядулямі).
Дзед. Ці ёсць сярод вас гарная гаспадыня?
Інсцэніроўка «Гаспадыня гарная» (паводле беларускай народнай песні).
Баба. I спявалі, і скакалі, а ці ведаеце вы прымаўкі і прыказкі?

Прыказкі і прымаўкі аб працы
(Баба пачынае, дзеці працягваюць).
Дзед. А ну, хлопцы, запрашайце дзяўчат на танец!
Танец «Каханачка» (беларускі народны).
Баба. Дзед, а ты на агародзе быў?
Дзед. Не, забыўся.
Баба. Як заўсёды. Але ўжо не трэба, у мяне памочнікі ёсць.
Гульня -«Рэдзька» (беларуская народная).
Баба. Наеўся Янка рэдзькі?
Інсцэніроўка «Пайшла курка да лісачкі» (паводле песні А. Рэмізоўскай).
Дзед. Не будзем сумаваць па курцы, гэта ж жартоўная песня, давайце лепш паскачам.
Дзеці запрашаюць адзін аднаго на танец.
Танец «Кадрыля» (беларускі народны).
Дзеці запрашаюць на танец бабуляў і дзядуляў.
Дзед і Баба. Вялікі дзякуй, што прыехалі да нас, за песні прыгожыя ды жартаўлівыя. Якая праца — такі і пачастунак.

Баба выносіць каравай, спявае песню «Да нас госці прыйшлі» і праносіць каравай перад усімі гасцямі. Разам з Дзедам запрашаюць усіх у групу піць гарбату.



Яшчэ на гэту тэму:

Калядны каляндар