сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя Міхайлаўна МІКЛУШ — настаўніца СШ № 1 п. Дружны Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Роднае слова 9.2000

"Быў. Ёсць. Буду"

Літаратурная вечарына прысвечаная жыццю і творчасці У. Караткавіча

Мэта правядзення вечарыны. Знаёмства вучняў з творчасцю У. Караткевіча, абуджэнне любові да роднага слова і Бацькаўшчыны.

Метадычная мэта. Пошук эфектыўных формаў пазакласнай работы.

Афармленне залы: насценгазета "Быў. Ёсць. Буду"; на сцэне — партрэт У. Караткевіча з подпісам (на выбар):

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца мае распята
За ўсе мільярды двухногіх.
У. Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду.

Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі свае шчасце ўначы,
Я шукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
У. Караткевіч. Паўлюк Багрым.

Дарэчы будзе выстава кніг пісьменніка, а таксама твораў нашых сучаснікаў пра яго.

Ход вечарыны

Гучаць гукі старадаўніх мелодый.

1-я чараўніца. Сёстры, ля калыскі кожнага немаўляці з'яўляюцца вяшчункі і прарочаць ягоны лес.
2-я чараўніца. Ля некаторых не з'яўляюцца.
3-я чараўніца. Ля тых, хто пасля — аж да канца жыцця — пальцам не варухне дзеля брата і сябра. Ля тых, хто толькі для сябе.
1-я чараўніца. Мы заўсёды стаім ля калыскі тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто дапаможа не толькі людзям, а і цэламу народу стаць на ногі. Каля тых — заўжды.
2-я чараўніца.Як і вы судзіце яму лес?
1-я чараўніца. Самы слаўны.
3-я чараўніца. Але і самы цяжкі.
1-я чараўніца. Але і самы вялікі.
3-я чараўніца. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.
1-я чараўніца. I выйдзе на святло.
3-я чараўніца. А імя яму будзе — Уладзімір Караткевіч.

1-ы чытальнік.
Дзіця з вачыма празарліўца,
3 душой, пакрыўджанай на свет,
Зірне — і будзе фраза ліцца,
Нібыта клёкат праз арліцу,
Як несупыннасць праз Тыбет.

Адчай з прарочымі вачыма,
Дзе ўзорацца шляхоў шляхі,
Дзе з небам раіцца Радзіма,
Дзе немагчымае магчыма.
Дзе дзівакуюць дзівакі.

Ахвярца верны неспакою
Над плынню крэўнае ракі.
I мова матчынай рукою
Яго сумленне трапяткое
Благаславіла на вякі.
Р. Барадулін. Да партрэта Уладзіміра Караткевіча.

1-ы вядучы. Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў г. Оршы Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
2-і вядучы. Радавод. Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў з старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы.
3-і вядучы. Ганарыўся паэт і сваімі "прашчурамі па кудзелі" — з боку маці, Надзеі Васілеўны. Сваяк з боку маці (прадзед) камандаваў атрадам у паўстанні 1863 года і быў расстраляны па загадзе Мураўёва.
1-ы вядучы. Ваенныя гады балюча ўвайшлі ў свядомасць падлетка. Пасля ён не раз успамінаў, як галадаў у час эвакуацыі, калі разлучыўся з бацькамі. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт.
2-і вядучы. Кіеўскі перыяд. Уладзімір Караткевіч вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Яго вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў, каб Валодзя паступіў у аспірантуру, нават тэму падабралі — пра паўстанне 1863 года.
3-і вядучы. У Кіеўскім універсітэце беларускі юнак быў душой курса.
1-ы вядучы.У 1962 годзе ў часопісе"Полы­мя" быў надрукаваны раман "Нельга забыць" (асобнай кнігай ён выйшаў толькі праз 20 гадоў). У 1963 г. напісана п'еса-трагедыя "Кастусь Каліноўскі".

Чуюцца мелодыі беларускіх народных песень. На сцэне перад заслонай гарыць агонь. 3 глыбіні залы з'яўляецца жанчына ў чорным. Рухаючыся, яна дэкламуе.

Жанчына.
Я — Беларусь... Я — чорная зямля...
Я — маці ўсіх дзяцей маіх.
I ўсіх гасцей, што прыйдуць з добрым словам
На берагі маіх празрыстых рэк.
Нямнога, пэўна, знойдзецца такіх,
Што злом мяне успомняць. Толькі тыя,
Што смерць прыносілі ў мае палі
I зараз спяць на дне маіх курганаў.
Я — перад вамі... Паглядзіце... Рукі...
Стагодцзі працы — шрамамі на іх.
Я — у чорным. Але быць бы мне ў барвяным
Ад рэк крыві, што працяклі па мне...
Якой была я светлаю дзяўчынай!
У каралах арабін, ва уборы ясным
(садзіцца на край сцэны)
3 зялёнага атласу і ў сапфірах
Маіх азёр бязмежных і крыніц.
I цар прыслаў — мяне ў рабыні сватаць —
Сваіх паноў з мячом, свінцом, агнём...
I вось я скінула свае уборы
I чорны плашч усклала. У соты раз.
Але ў бясконцых, страшных гэтых бедах
Не апусціла я сваіх вачэй...
I уявіце, што сягоння, зараз,
Выходзяць лепшыя сыны змагацца.
I рог гучыць. I раўкаюць гарматы.
І мужыкі, што верылі спачатку
Ў цара, цяпер за лепшымі ідуць.
Узняўшы вілы ў зарыва... I гэта
Зрабіў адзін з сыноў маіх... Кастусь.
Сын той зямлі, што несла крыж пакуты...
Кастусь Каліноўскі.

Інсцэніроўка 11-й карціны трагедыі "Кастусь Каліноўскі"

Уваходзіць Караліна ў футранай шапачцы з вэлюмам.

Караліна. Кастусь.
Кастусь. Нарэшце... Божа мой... У-ух...
Караліна. Вось. Трыццаць два пашпарты для ўцекачоў... У Лібаву іх адразу, на караблі і — шукай іх за мяжой.
Кастусь. Даведаемся. Што яшчэ?
Караліна. Трывожна мне. Ты жывеш тут так доўга... Пакінь Вільню... Прашу.
Кастусь. Вільня — сэрца. Мне нельга ад яго.
Караліна. Вазьмі пашпарт.
Кастусь. Не.
Караліна. Чаму?
Кастусь. У мяне — надзейны. Я вазьму, а ў другога не будзе.
Караліна. Цяжка мне... Як душыць мяне ўсё гэта... Вежкі... Знакі...
Кастусь. Супакойся. Я змяню кватэру, хаця гэта — надзейная. Хочаш зараз? Ты не думай, мне трэба берагчы сябе. Дзесятага сакавіка зноў пачнём.
Караліна. То я — нарамізніка.
Кастусь. Пачакай... Не ідзі... Тут пераклікаліся... Стрэл быў... За гэты час нібы крывёй сэрца сплыло.
Караліна. I ў мяне за цябе.
Кастусь. Жывём, як на вастрыі маланкі. Вось блісне аб скалу...
Караліна. Цемра для цябе.
Кастусь. Што я? Я і жыву толькі таму, што для іншых.
Караліна. Толькі?
Кастусь. А для каго яшчэ?
Караліна. Для Яневіч... мяне...
Кастусь. Было б у мяне сто жыццяў — усе аддаў бы вам. Ты дзяўчынкай хадзіла босая?
Караліна. I цяпер хацела б.
Кастусь. То я іх аддаў бы... каб пылок ад кветак асядаў на твае ногі...
Караліна. Сто? Хаця ад но жыццё сабе пакінь.
Кастусь. Хіба гэта здрада, калі я ведаю на другім канцы горада, што табе дрэнна? Калі я падумаю — і ты побач? I сілы мае так узрастаюць, што я магу ўсё. I ты ж таксама?
Караліна. Але.
Кастусь. I няхай нехта палічыць здрадай... I чорт з імі... Караліна! (Голас яго гучыць так, быццам ён заклінае). Не думай ні аб чым... Кінь усё... Толькі не адштурхні дзеля нейкіх там меркаванняў, бо я ўжо больш — не магу... (I тут ён кінуўся да яе, абняў і споўз да яе ног... абняў іх, прынік галавою. Глыбокі, вызвалены, страшны ўздых вырваўся з яго грудзей.)

Ты мне — дождж яснавокі над полем і борам,
Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу.
Ты мне сонца і зоры,
Ты мне — цёплае мора,
Ты мне ветрык, што з майскай лістотай
гаворыць, Ты мне — зорныя іскры на мурагу.

Караліна. Устань, хлопчык мой. Устань, яркае сонца мае. (Заплюшчыўшы вочы, яна гладзіць яго валасы.) Залатая павуціна. Веі апушчаны... (Глуха.) Слёзы? Ты?!
Кастусь. Стрымаць не магу... Не магу... Я пятнаццаць год не плакаў...
Караліна. Рвуцца, як дождж вясной? Бедны...
Кастусь. Буду з табой вельмі верны, вельмі пяшчотны.
Караліна. Ведаю... Нашто ты так мучыўся?.. Нашто, калі няма нічога на свеце, чаго б я не зрабіла, каб табе было светла жыць? Калі ўся твая пакута — вось яна. Знішчы. Адкінь з дарогі... Застанься... Спі ціха...

Паўза

Нашто, калі ўсё адно ахвяраваць? Учора. Сёння. Заўтра. Заўсёды.

Паўза

(Глуха.) Ты мне скажы, як ты мяне любіш... Скажы нарэшце.
Кастусь. Паўсюль — ты. Спявае жаўрук — і гэта твой смех... Стронг б'е ў патоку — і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе — і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной — як святло нябёс... як радзіма.
Караліна. Кажы.
Кастусь. Я блытаю вашы імёны. Успомню — радзіма — і прад вачыма ты на квітнеючым поплаве, тыспіш у пушчы на сонечнай заечай капусце, ты пад ліпай у мокрай сукенцы, а вакол залатыя завесы дажджу... Ты... ты... ты...
Караліна. Вельмі буду цябе кахаць.
Кастусь. Усё жыццё... як рака, над якой ніколі не бывае сонца. I вось... Мне здаецца, я ўліваюся ў цябе. 3 усіх пустынь, праз якія я працякаў... Нарэшце... Як рака ў акіян... (Прыціснуў яе да сябе.) Няма дарогі.
Караліна. Не хачу...

Заплюшчыўшы вочы, прыпаўшы адно да аднаго, яны стаяць.

2-і вядучы. Аднак вернемся ў першую палову шасцідзесятых. Прыкладна праз два гады была апублікавана гістарычна-дэтэктыўная аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха".
3-і вядучы. У аповесці Уладзімір Караткевіч упершыню паказаў сябе як майстар напружанага, "закручанага" сюжэта.
1-ы вядучы. "Дзікае паляванне..." карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытачоў. Расказвалі пра выпадкі, калі, схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў аповесць за адну ноч, калі за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы.
2-і вядучы. Поспех "Дзікага палявання..." крыху акрыліў Караткевіча, і ён пачаў рыхтаваць да друку раман "Каласы пад сярпом тваім".
3-і вядучы. I вось першая кніга рамана ўбачыла свет. У ёй ідзе гаворка пераважна пра падрыхтоўку паўстання, пра тую рэвалюцыйную сітуацыю, якая ўзнікла ў беларускай вёсцы напярэдадні і пасля адмены прыгоннага права.
1-ы вядучы. Раман "Каласы пад сярпом тваім" — адзін з найлепшых у нас гістарычных раманаў — сведчыць пра творчую сталасць яго аўтара.
2-і вядучы. Раман "Каласы пад сярпом тваім" — вяршыннае (побач з раманам "Хрыстос прызямліўся ў Гародні") дасягненне прозы Уладзіміра Караткевіча.

Інсцэніроўка ўрыўка з рамана "Каласы пад сярпом тваім"
Дзея І
З'ява 1

Дзеянне адбываецца на тэрасе. Майка стаіць ля парэнчаў. Падыходзіць Алесь.

Алесь. Што з табой?
Майка. Так (апускае вейкі).
Алесь. Ты робіш мне балюча. А я помню цябе.
Майка. Хіба?
Алесь (распускае гальштук і бярэ з шыі ланцужок). Вось твой медальён. (Разам з жалезным ланцужком цягнецца і залаты.) Усё, як раней. Высакароднае жалеза, а ў ім пасма тваіх валасоў і" надпіс па-беларуску... Твой... Першы... Ты помніш вярбу?
Майка. Не. (Жорстка.) Не ўсё, як раней. (3 болем.) У цябе яшчэ адзін. Чыстае наша жалеза змяняў на золата. Вядома, хто ж будзе трымацца звычайнага жалеза? Каму яно цяпер патрэбна?
Алесь. Я...
Майка (перабівае). Не трэба мне твайго "я". Барані сваю Авечку, якая першаму-лепшаму дорыць трохсотгадовыя фамільныя медальёны.
Алесь. Міхаліна, калі ты будзеш так...
Майка адыходзіць.

З'ява 2

Майка. Кастусь табе нічога не піша?
Алесь. Прыслаў нядаўна ліст... Ён са мною.
Майка. Кастусьспадабаўся мне, ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.
Алесь. Ну і цябе, канечне. (Засмяяўся.)
Майка. Сакрэтаў у лісце няма?
Алесь. Няма. {Дастае ліст, спісаны роўным дробным почыркам.)
Майка. Прыгожа піша.
Алесь. Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай... «Бачыў, між іншым, нашага "Лабыра". Ехаў па Неўскім... Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі».
Майка (перапыняе). Як гэта ён не баіцца?
Алесь. Ён нічога не баіцца. Дык вось... "Каб вочы маглі спапяляць, — адзін попел ад яго астаўся б... Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год — гэта для мяне зашмат.  Можа,  вызваляць па беднасці. А не — дык буду даваць урокі".
Майка (зноў перапыняе). Ты б прапанаваў яму дапамогу.
Алесь. Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.
(Працягвае чытаць.) "Ты ведаеш, я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. I
таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. А тут прыглядзеўся — лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць... Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. I, вядома, Майцы. Я люблю яе".
Майка (паружавела, варухнула вуснамі). Во гэта кавалер! Не тое, што ты.
Алесь (нібы не слухаючы, чытае). "Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. I таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі".
Майка (пачырванела). Што ты напісаў?
Алесь. Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражэй за ўсё. I калі радзіме маёй дрэнна — мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды.

Майка паглядзела на Алеся з павагай.

Алесь. Бедная мая... Бедная мая зямля!

Гучыць мелодыя песні "Жураўлі на Палессе ляцяць" (верш А. Ставера, муз. I. Лучанка).

3-і вядучы. Існавала трэцяя і чацвёртая Кнігі "Каласоў...". Аднак чарнавік кудысьці знік. Хутчэй за ўсё летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі.
1 -ы вядучы. На нейкі час, відаць, стомлены змаганнем за "Каласы...", пісьменнік адышоў ад прозы, амаль цалкам аддаўся кінематографу.  
2-і вядучы. У шасцідзесятыя гады створаны сцэнары мастацкіх і дакументальных фільмаў “Памяць", "Будзь шчаслівай, рака", "Хрыстос Прызямліўся ў Гародні".
3-і вядучы. Фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" быў забаронены.
1-ы вядучы. Цяжкім перыядам у жыцці Уладзіміра Караткевіча была другая палова шасцідзесятых — пачатак сямідзесятых гадоў, калі ў Кожным яго радку шукалі крамолу.
2-і вядучы. Уладзімір Караткевіч быў палымяным абаронцам роднай мовы, хоць сам дасКанала ведаў украінскую мову, гаварыў па-руску.

2-і чытальнік.
Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую Вежу Адам
I няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, няродную нам.
I мая безвыходна пойдзе ў змрок,
У атрутны, як вечнасць, день,
Трапяткая і сіняя, як васілёк,
Гарачая, як прамень.
I ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сірата па з'едлівай волі багоў,
Гінучы мой карабель,
Хай не будзе світання ў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць цябе.
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне не скажа: "Братка, здароў".
I няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Песня, шчасце, каханне, спакой, —
Усё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ты мой ясны хлеб і каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі,
Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай
На душы. Ў небясі. На зямлі.
Мова.

3-і вядучы. Застаўся задаволены Уладзімір Караткевіч аповесцю "Чазенія".
1-ы вядучы. "Чазенія" — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе.
3-і вядучы. Як пратэст супраць вайны, яе непатрэбных ахвяр успрымаецца сёння аповесць "Лісце каштанаў".
1-ы вядучы. Адначасова з прозай пісаліся і вершы.
2-і вядучы.Часцей за ўсё паэт звяртаецца да роднай Беларусі, уваскрашае светлыя постаці яе герояў.

3-і чытальнік.
Сцюжны час, бязмежна-суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
"Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь".
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
I не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў "за другі",
За мяне, за вас і за ўсіх.
I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся — і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія
— Не загіне давеку народ.
Багдановічу.

Гучыць мелодыя песні "Беларусь" (верш У. Скарынкіна, муз. У. Мулявіна).

4-ы чытальнік.
Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі свае шчасце ўначы,
Я шукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
I над Белаю Русею маёй
Шчасце сонцам заззяе,
I слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой.
Паўлюк Багрым.

5-ы чытальнік.
Беларусь мая, ты адзіная,
Перад кім на каленях стаю:
Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,
Легка — жыць у славу тваю.
Легка з песняй глядзець у вочы,
Цяжка — кроўю расіць чараты...
Ўрэшце, як сабе ты захочаш,
Ўрэшце, як сабе вызначыш ты.
Калі прыйдзе на нівы нашы
Смерць з касою сваей крывой —
Не мінай мяне гэтай вось чашай,
Што барвее заходняй крывёй.
Як магу я не йсці на пакуты
За цябе, за спакойны твой дым,
Я
Ўсяго толькі мошка,
Закутая
У светаносным бурштыне тваім?!.
Маленне аб чашы.

1 -ы вядучы. Неўзабаве, у сакавіку 1978 года, адбылася прэм'ера оперы "Сівая легенда", лібрэта якой напісаў Уладзімір Караткевіч, а музыку — Дзмітрый Смольскі.
2-і вядучы.У 1978 годзе Уладзімір Каратке­віч упершыню сур'ёзна захварэў. Вясной 1979 го­да акрыяў. Ён вырашыў стрымаць слова, дадзенае жонцы.
1-ы вядучы. I стрымаў?
2-і вядучы. Стрымаў!
3-і вядучы. А якое ж слова ён даў?
2-і вядучы. У першы дзень знаёмства Ула­дзімір Караткевіч паабяцаў Валянціне напісаць дэтэктыў.
1-ы вядучы. А ці была яшчэ прычына такога звароту да дэтэктыўнага жанру?
2-і вядучы. Была. Пісьменнік балюча перажываў зніжэнне чытацкай цікавасці да беларускай кніжкі. «Мы ўсе пісалі пра тое, як "Ганна завіхалася ля печы", — казаў ён. — А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было адарвацца ўсю ноч».
3-і вядучы. I Караткевіч дамогся жаданага. Сапраўды, світанне заставала падлеткаў за чытаннем рамана "Чорны замак Альшанскі".
1-ы вядучы. Аднак "Чорны замак Альшанскі" — не толькі дэтэктыў. Гэта яшчэ і раман гістарычны, сацыяльна-філасофскі.
3-і вядучы. У 1984 годзе Уладзімір Каратке­віч накіраваўся ў Кіеў — на трыццацігоддзе свайго універсітэцкага выпуску. У час падарожжа па Прыпяці яму стала дрэнна. Моцная натура яшчэ некалькі дзён змагалася з смерцю. Змагалася адчайна і ўпарта — нібы герой яго аповесці "Ладдзя Роспачы" Гервасій Выліваха.

Інсцэніроўка ўрыўка з аповесці "Ладдзя Роспачы"

Пакой. Смерць і Гервасій Выліваха гуляюць у шахматы.

Смерць. Ты ваюеш не па правілах, Выліваха. Ты аддаў мне гэтага латніка і, значыцца, павінен быў замацавацца вось тут, а замест гэтага...
Выліваха. Каму павінен?
Смерць. Беспамылковасці.
Выліваха. Я павінен вось ім, гэтым людзям. I нікому больш. (Усміхаецца.) Хай косіць твая каса. Што мне ў маіх гожых, але непатрэбных кветках, калі мае карэнні маўчаць, і разрастаюцца ў зямлі, і чакаюць свайго дня?
Смерць. Выліваха, дзе сэнс у тваіх учынках?
Выліваха. А ты што думала, я — абак*?
* Абак — дошка для лічэння. Правобраз сучасных лічыльнікаў.
Чалавек — быдла непаслядоўнае. Таму ён і не быдла. (Знімае каня Смерці.)
Мат!
Смерць (узняла вачніцы). Нечакана. 3 самай той хвіліны, калі я зяўнула ладдзю.
Выліваха. Ты зяўнула яе раней... Яшчэ на моры.
Смерць. Перамог... Што ж, мяне суцяшае тое, што гэта апошняя твая перамога. Што ты — першы, але ты і апошні.
Выліваха. I тое праўда. Хаця?.. Хто ведае... Цяперака пайшлі такія дзеці. I потым — чаго мне шкадаваць, калі я змог немагчымае, калі я знікну — пераможцаю?
Смерць. Развітайся з імі.
Выліваха. Нічога, хлопцы. Сустрэнемся ў казалупа на шастку, як сказаў наш добры кароль маскоўскаму цару.
Бярозка. А я?
Выліваха. Шумі даўжэй. Пастарайся там наконт дзяцей і за мяне... Жыві шчасліва, малая. (Накіраваўся да дзвярэй.)
Бярозка. Гервасій. Я не хачу... на зямлю.
Смерць. То ідзі з ім.
Бярозка. Дзякуй... Дзякуй вам, пані Смерць.
Смерць. Ідзі, дзеўка.
Выліваха ледзь паспеў адштурхнуць дзяўчыну.
Выліваха. Дужа ты ведаеш жыццё, дурніца... Назад!
Бярозка. Я і не ведала яго... Да самай ладцзі. (Глядзіць на Выліваху.) То што мне ў тым няведанні?
Выліваха. Дурная, дурная. Ты й не ведаеш, хто я. Брахун, п'янюга, пудзіла ўсіх добрых людзей.
Бярозка. Усё адно. Толькі... перад тым як пойдзем... пацалуй, калі ласка, мяне.
Палачанін грымнуў шахматнай дошкай аб падлогу.
Палачанін. Ты, гэта ўжо занадта. Або забівай адразу і разам са мной, або адпусці.
Смерць. Не магу. Хіба што... падзяліць між імі жыццё гэтай квактушкі. Замест дваццацёх для яе — кожнаму будзе па дзесяць год... Ты згодная памерці ў дваццаць сем год?
Бярозка. Я згодная была і ў семнаццаць.
Смерць. А ты, Выліваха?
Выліваха. Я хачу, каб яна жыла, колькі ей належыць. *    
Бярозка. Тады я пайду зараз.
Выліваха задумаўся.
Выліваха. Добра. Паспрабуем нанава. Хаця ; ў нас і мала дзён, але, я думаю, помнячы гэта, мы будзем несці адно аднаго асцярожна... як нясуць апошні гляк з гарэлкай на ксціны. (Звяртаецца да людзей.) Ну, што вы там шэпчацеся, як ракі?
Палачанін. Слухай мяне. Мне цяжка пазбавіцца нават аднаго зноў прыдбанага дня. Тым больш цяпер, калі я ведаю, што такое смерць, і не хачу яе, як... смерці. I ўсё ж, вазьміце два мае га­ды. Будзе несправядліва, калі я перажыву вас... на цэлыя дзесяць год, рагачовец.
Выліваха. Мы бяром іх. Галасы. I мае два гады... I мае... I мае.

Смерць лічыць на пальцах. Налічыўшы чарговыя дзесяць, кладзе на стол адну фігурку. Усё больш у яе адвісае сківіца.

Смерць. Што вы робіце?! Вы, якія больш за ўсё баіцёся мяне, вы далі ім яшчэ па сорак год кожнаму. I гэты ерэтык пражыве на зямлі дзевяноста тры гады, а яна — семдзесят сем!.. Пабойцеся Арахны, людзі!!.
Маленькі чалавечак рассунуў натоўп і падышоў да Гервасія.
Маленькі чалавечак. Прабач, я не магу аддаць табе свае два гады. (Вінавата ўсміхаецца.) Разумееш, мой горад паабяцалі выразаць стральцы. Да апошняга чалавека. Я быў забіты раніцай. У мяне толькі адзін дзень жыцця. Адзін дзень я магу трымаць меч, шыбень ці нож. I мяне будзе мучыць думка, што я нібыта кінуў тых, і горад, і сваю зямлю. Мне сорамна, але... Не пагрэбуй... і вазьмі дзве мае хвіліны, брат.

маўчыць.
Выліваха. Дзякуй за самы дарагі дар.
Смерць. Кінь. Што ты зробіш за іх?
Выліваха. Вып'ю з ёю апошні кубак... Каб ты здохла і каб такія, як ён, не звяліся на нашай зямлі... Хадзем, людзі.
Поп.А я?!
Палачанін. А ты заставайся ў сваім эдэме, хлус.
Поп. Не. Не... Не!
Выліваха. Грэх пакінуць тут жывую яшчэ душу.
Поп (абводзіць людзей вачыма). Не пакідайце мяне. Я дам. Я аддам. Бо я аднаго толькі прагну. Забыцця...
Смерць (глядзіць у зямлю). Да скорай сустрэчы. (Ўсміхаецца.)
2-і вядучы. Ладдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая, пераадольваючы змрок забыцця, бяспамяцтва і жахі апраметнай, уваскрасае і адраджаецца.
1 -ы вядучы. 25 ліпеня 1984 года Уладзіміра Караткевіча не стала.
2-і вядучы. Яму не было прысвоена званне народнага пісьменніка. Але жыў ён — як народны. I хавалі яго — як народнага.

6-ы чытальнік.
I што ж гэта сёння народ наш спаткала?
Не знаю, ці верыць, не верыць,
Ды радыёдыктар выразна ж сказала:
Памёр Уладзімір Караткевіч!
I быццам маланкай мяне паласнула,
Душа забалела і цела,
Не помню ўжо, колькі хвілін прамінула,
Пакуль я стаяў так, здранцвелы.
У. Зянько (з неапублікаванага верша).

3-і вядучы. Дык якім жа быў ён, адзін з самых папулярных сёння беларускіх пісьменнікаў?
1 - ы вядучы. Быў розны. Часам задуменны і сумны. Часам — у апошнія гады жыцця — раздражнёны і гнеўны. Але заўсёды сумленны. I высакародны.
2-і вядучы. А яшчэ Уладзімір Караткевіч быў працаўнік і рамантык.
3-і вядучы. Пісьменнікаў можна ўмоўна падзяліць на тры групы: тых, хто апярэджвае час, тых, хто крочыць з ім у нагу, і тых, хто ад яго адстае. Уладзімір Караткевіч належыць да першых.
1-ы вядучы. Ён горда, нібы Юрась Братчык крыж на Галгофу, нёс цяжкую ношу заступніка беларускай гісторыі і беларускай культуры.
2-і вядучы. "Быў. Ёсць. Буду", "Маці урагану", "У снягах драмае вясна" , "Маленькая балерына"... Кнігі, якіх у надрукаваным выглядзе Караткевіч ужо не пабачыў...
3-і вядучы. Зборнік вершаў "Быў. Ёсць. Буду" можа выклікаць і выклікае спрэчкі, часам на­ват непрыманне. Але ён нікога не пакідае раўнадушным. Таму што гэта — споведзь. Таму што гэта — запавет.

На фоне мелодыі паланэза М.К. Агінскага "Развітанне з Радзімай".

7-ы чытальнік.
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца мае распята
За ўсе мільярды двухногіх.

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых, і за тых, што сканалі.


Яшчэ на гэту тэму:

Гульня «Шчаслівы выпадак»     "І не знікаць паэтам вечна"