сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. В. КУДЗЕЙКА, метадыст МАІПК і ПКРІСА. Пачатковая школа Студзень 2005 г.

Масленка, Масленка, бывай зіма красненька!

Свята тэатралізацыя для дзяцей і дарослых

У залу ўваходзяць валачобнікі.

1-ы валачобнік.
Зіма са снегам, вясна са смехам
Сышлі з дарожкі — бяруцца ў рожкі!

2-і валачобнік.
Усім людзям паглядзеннічка,
Усім людзям пагуляннічка!

3-і валачобнік.
Добрыя людзі, спяшайцеся за намі,
У школе прыбудзе чарга за блінамі!
Да дванаццаці гадзін спячом першы блін,
Да дванаццаці гадзін сабірайся як адзін.

4-ы валачобнік.
Масленка, Масленка,
Бывай, зіма красненька!
Пачастуй блінком,
Напаі чайком!
Як белы сняжочак,
Дай сыру кусочак!

Валачобнікі (разам).
Масленка, Масленка!
Валачобнікі запрашаюць дзяцей у карагод.

Валачобнікі (спяваюць).
А сёння у нас Масленка, Масленка.
Ой, лялю, рана, Масленка, Масленка!
А з-пад куста ластаўка, ластаўка.
Ой, лялю, рана, ластаўка, ластаўка!
Сядзіць яна высока, высока,
Ой, лялю, рана, высока, высока!
Бачыць яна далёка, далёка,
Ой, лялю, рана, далёка, далёка!
А сёння ў нас Масленка, Масленка.
Ой, лялю, рана, Масленка, Масленка!

Валачобнікі працягваюць вадзіць карагод і прыгаворваюць.
5-ы валачобнік.
А мы Масленку дажыдалі,
Усю нядзельку паглядалі.

6-ы валачобнік.
А мы думалі, Масленка сем нядзелек,
Ажно Масленка сем дзянёчкаў.
Нас Масленка абманіла,
На сем нядзелек паста пасадзіла.

Валачобнікі (разам).
Сырна вам!
Маслена вам!
Усе ўдзельнікі свята спяваюць песню "Масленіца", затым займаюць свае месцы. На сцэне застаюцца валачобнікі.

1-ы валачобнік.
Бомы ў свеце звоняць меддзю,
Вецер свішча наўздагон,
Развітацца зіма едзе
У... (назва раёна) раён.

2-і валачобнік.
Сіні лёд дрыжыць,
Сівы конь бяжыць,
На санях зіма
Ў кажусе ляжыць.

3-і валачобнік.
Яна едзе ў даль
На апошні баль,
I за гэта ёй —
Ледзяны медаль.

4-ы валачобнік.
Ля новых варот робіць паварот.
Гэй, дарогу дай, расступіся, народ!
У залу пад лірычную музыку ўваходзіць Зіма.

Зіма.
Шанаванне добрым людзям,
Хай вам радасці прыбудзе.
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты,
Запрашаем вас на свята!

Пра мяне у вас, папраўдзе,
Часта шла гаворка:
Што снег белы вочы крадзе,
Вабяць ноччу зоркі.

Ранак ясны і прыгожы,
Дымы з печы — свечы.
Эй, зіма пацешыць можа
Сэрца чалавеча.

У яе там многа ў штаце
Мастакоў і ткаляў,
Што зімою, як на свяце,
Крочаць снежнай даллю.
Сонца паміж намі —
Дазваляю прычасціцца
Чаем і блінамі.
У залу ўваходзяць карабейнікі і частуюць прысутных чаем і блінамі.

Зіма.
Масленка, бела вутка,
Казала вясна: "Буду, ды няхутка".
Перад тым як уладу вясне перадаць,
Запрашаю ў турнірах зімовых свой спрыт паказаць.

Праводзіцца 2 — З рухавыя гульні.
Зіма. А зараз давайце ўспомнім прыказкі і прымаўкі пра Масленіцу і пра галоўны пачастунак гэтага свята — бліны.

Масленіца — палізуха, сыр і масла палізала.
Масленка з блінамі, а пост з грыбамі.
Блін не клін — бруха не распора.
На мазаны блін і кот па-другому глядзіць.
Блінная яда — да вечара хада.
Сядзі, баба, да вечара — табе бліноў напечана.

Зіма. Апошнюю прымаўку народ склаў нездарма, бо асобая ўвага ў час Масленкі надавалася бабцы — заснавальніцы роду. Яна была госцем усіх святочных застолляў. I нам вельмі прыемна, што да нас на свята прыйшла бабуля аднаго з вучняў нашага класа.
Бабуля выходзіць да Зімы.

Зіма. Я бачу, што бабуля прыйшла не з пустымі рукамі. Яна цэлы тыдзень рыхтавалася: у панядзелак — у млын ездзіла, у аўторак — з млына муку прывезла, у сераду — муку сеяла, у чацвер — дзяжу ўчыняла, а ў нядзельку — з печы выняла. Вось які пірог атрымаўся! А да яго — сыр з маслам. Дзякуй вам, бабуля, за пірог, а вось і вам наш падарунак.
Зіма ўручае бабулі падарунак і частуе пірагом прысутных. Затым у залу ўваходзіць мужчына з аброццю на шыі. Ён цягне дзіцячыя санкі, на якіх ляжыць барана, накрытая кажухом.

Мужчына. Бабка-княгіня, паедзем у карчму, там цябе частаваць будзем!
Два хлопцы выводзяць маладога "жарэбчыка" (на двух старшакласнікаў накідваюць коўдру-"гуньку", апранаюцъ маску — галаву каня). Гаспадар, ўзяушы за аброць, водзіць яго па крузе. Неаб’езджаны жарэбчык" сваволіць, паказвае нораў: танцуе, іржэ, узбрыквае, ірвецца на волю. Гаспадар кліча на дапамогу хлопцаў з дубцамі.

Хлопцы (узмахваюць дубцамі і прыгаворваюць).
Наша Масленка гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешая к нам не ходзіць —
Усе на коніках раз’язджае.
Каб конікі былі вараныя,
Каб слугі былі маладыя.
Улагоджанага жарэбчыка"запрагаюць у санкі. На іх садзіцца бабка, хлопцы стукаюць-грукаюць качалкамі па пустым вядры. 3 шумам, крыкам, смехам бабка ад’язджае.

Бабка (спявае).
Запрагу я шэрага сабаку
Дый паеду ў горад па табаку.
Масленая, шчаслівая,
Расцягніся да Вялікадня! У!

Я думала, Масленкі сем нядзель,
Ажно тае Масленкі — адзін дзень.
Масленая, шчаслівая,
Расцягніся да Вялікадня! У!
Едучы па крузе, бабка сыпле пажаданнямі.

Бабка.
Тым, хто радзіўся, каб весяліўся,
Хто пасварыўся, каб памірыўся,
Хто прачакаўся, каб спадзяваўся,
Хто спрацаваўся, каб мацаваўся.
Каб вам шчасця ды здароўя, і дзяціне, і сябрыне!
Каб добрыя людзі на камені і пад каменем разжываліся,
А ліхія на добрай раллі не раслі.
Каб дзяды не ведалі бяды,
Каб унукі не ведалі мукі!
Каб ніколі рукавок не быў за ручнічок!
Каб вяліся свінні ды авечкі.
I мы жылі, як чалавечкі!

1-ы хлопец.
Каб на тым і стала, што бабка загадала!
Вазок з бабкай ад’язджае, Зіма выходзіць на сярэдзіну залы.

Зіма.
Годзе, сняжыначкі, сыпацца з неба,
Цёплага сонца чакае ўжо глеба.
Мы нагуляліся з вамі уволю,
Баб наляпілі са снегу даволі.

Хутка растопяць нас сонца прамені,
Рэк, ручаёў мы пачуем бурленне,
Удосталь пап’ецца матуля-зямліца
Свежай, сцюдзёнай, вясенняй вадзіцы.
Зіме раптам становіцца дрэнна. Яе выводзяць за дзверы. Затым у залу ўваходзіць жалобная працэсія". Выносяць "труну" (звычайную дошку) з нябожчыцай Зімой (саламянай бабай у старой хустцы і драным андараку). 3а труной ідуць "няўцешныя" родныя, якія "абліваюцца слязамі", да іх далучаюцца ўсе ўдзельнікі свята, госці. У натоўпе чуюцца роспачныя галашэнні.

1-ы голас.
А зімачка-а-а, галубачка-а-а,
А на каго ж ты нас сіроткамі пакінула-а-а?
А як жа ты добра на вуліцы стаяла-а-а!
А марозы пякучыя трымала-а-а!

2-і голас.
А зімачка-а-а, галубачка-а-а,
Хто ж нам, хто хату выхаладзіць?
Хто ж скацінку нашу вымарыць?
Хто ж і жыта наша ў засеках пераесць?

3-і голас.
А зімачка-а-а, галубачка-а-а,
Што ж мы без цябе рабіці будзем?
Хто ж нам шляхі-сцяжынкі
Замяце-зацярушыць?
Хто ж хатачку пад страху снегам засыпле?
Хто ж у студні ваду за ноч заледзяніць?
Ох, бедныя мы, ох, няшчасныя мы!

4-ы голас.
А зімачка-а-а, галубачка-а-а!
Чаго ж ты ад нас адышла?
Прымусіла злезці з цёплай печы,
Пра гаспадарку думаці!

5-ы голас.
Як жа нашы дзеткі без цябе застануцца!
А пі бабу снежную ім зляпіць!
А ні ў снежкі гаротнікам малым пагуляць!
А ні на дарожачцы ледзяной пакоўзацца!
Працэсія выходзіць з залы і набліжаецца да месца на школьным двары, дзе спаляць Зіму. Вучні становяцца ў карагод вакол вогнішча, чучала гарыць.
Гучыць песня "Ой, Масленка-няшчасленка". Затым бацькі разам з дзецьмі ў карагодзе хорам дэкламуюць.


Бацькі і дзеці.
Гары, гары, жарка, прыедзе кухарка.
Кухарка на карове, кухар — на кабыле,
Дзеці на цялятах, слугі на шчанятах.
Калі чучала згарыць, усе вяртаюцца ў залу, становяцца ў карагод і гукаюць вясну.

Бацькі і дзеці.
Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце.
Каб сонейка засвяціла, каб снег белы растапіла.
Каб садзікі расквяціла.
Жавароначкі, прыляціце, зямлю-матухну абудзіце
I дожджыкам напаіце,
Каб травачкі нарасціла, каб волікаў накарміла.
Жавароначкі, прыляціце, цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку забярыце, бо зімачка надаела —
Наш хлебушак пераела.
Усе садзяцца на свае месцы. Зноў выходзяць валачобнікі.

1-ы валачобнік.
Благаславі, божа, вясну красну.
На ціхае лета, на буйное жыта.

2-і валачобнік.
Каб наша жыта ў трубы павілося,
У трубы павілося, на бок схілілася.

3-і валачобнік.
На полі снапамі, а ў гумне тарпамі.
На таку ўмалотна, у арудзе прысыпна.

4-ы валачобнік.
А у млыне прывольна, а ў дзяжы падыходна,
А у пячы пячыста, а на стале краіста.

5-ы валачобнік.
Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна,
К нам у таночак,
Прынясі збожжа, прынясі красак,
Каб звіць вяночак.

6-ы валачобнік.
Прыйдзі, вясна, да нас з радасцю,
3 вялікай да нас міласцю!
Удзельнікі свята хорам клічуць вясну.

Усе.
Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна,
К нам у таночак,
Прынясі збожжа, прынясі красак,
Каб звіць вяночак.
Пад лірычную мелодыю ўваходзіць Вясна, яе суправаджаюць дзяўчаты-вяснянкі.

1-ы валачобнік.
Гэй, вясна-красна, што ты нам прынесла?

Вясна.
Я вам прынесла на зямельку травіцу,
На травіцу расіцу,
На лясочак лісточак,
На дзяўчатак вяночак.
Бачу я, што чакалі вы вясновае абуджэнне прыроды. I да свята добра падрыхтаваліся. А бліноў колькі напяклі! Бліны — галоўны пачастунак на Масленіцу, таму што яны вельмі падобныя на сонца, а значыць, дапамагаюць паскорыць надыход цяпла. Я ўдзячна ўсім, хто прыйшоў на свята з блінамі. I на памяць дару вам свае падарункі. Вясна абсыпае прысутных кветкамі, зробленымі з каляровай паперы.

2-і валачобнік.
Ой, вясна, вясна, ды якая ж ты красна!
Мы для цябе спяваем,
Цябе міла сустракаем.
Спявай жа, браткі, кожны каля сваёй хаткі.
Жаўрук на небе лятае, вясны песеньку спявае.

Выконваецца песня на вясновую тэму. У заключэнне свята Вясна праводзіць вясёлыя гульні.


Яшчэ на гэту тэму:

А ў нас сёння масленіца...     Масленіца